Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Грот афаліны

Мисько Павел Андреевич

Шрифт:

Высокім брахлівым голасам чыноўнік гаварыў, што часу на роздум у людзей было многа. Цяпер даецца на зборы ўсяго дзве гадзіны. У лагуне пры беразе чакаюць іх катэр і вельботы, амерыканцы ўсіх бясплатна даставяць на Горны.

— Хто галава сям'і, будзеце падыходзіць сюды па дапамогу. Кожнаму будзе ўручаны чэк на прад'яўніка, па чэках можна на Горным ці на Галоўным у канторах банка атрымаць пяцьдзесят долараў.

У адказ чуліся толькі плач-скуголенне, нібы ў людзей ужо і сілы не было, каб заплакаць на ўвесь голас. Не пераставаў стагнаць і Ганеш.

Потым гаварыў афіцэр, а чыноўнік перакладаў. Амерыканцы не будуць нікога вінаваціць, што паранілі іх салдата.

— Адбылося непаразуменне, якога больш, я спадзяюся, астравіцяне не дапусцяць, — голас афіцэра быў ледзь не бацькоўскі.

— А як жа… А як жа тады… — застагнаў, закашляўся кроўю Ганеш. — Ваш салдат двух застрэліў!.. Нашых! І яму нічога за гэта не будзе?!

Чыноўнік хуценька перашаптаў афіцэру, што сказаў стараста.

— Гэтага не можа быць, таму што быць такога не можа! — адказаў афіцэр.

— Такія факты і мне невядомыя, — дадаў ад сябе чыноўнік, перакладаючы. — А вам мы маглі б яшчэ дабавіць за гэты паклёп. Але вы мне трэба жывы… Называйце кожнага галаву сям'і. Складзём спісы, акт на выдаткі.

Паліцэйскія падцягнулі Ганеша да баньяна, пасадзілі пад дрэва, прыхіліўшы спінаю да ствала.

5

Плач і галашэнне луналі над вёскаю, над усім Біргусам.

Людзі не ведалі, што браць, што кідаць. Можа, дзе ў вялікім цывілізаваным свеце, на Галоўным, на Раі, бляшанка з-пад кансерваў, што служыла за конаўку, не варта была выедзенага чарапашынага яйка. А біргусаўцам у іх бядоце ўсё было дорага, усё міла.

Прайшла гадзіна, прайшла другая, а ніхто не быў гатовы пакінуць сваю хаціну. Людзі нешта звязвалі, перавязвалі, кідалі і зноў бралі. А хто і быў гатовы, то не вытыркаўся наперад, аглядваўся на іншых. Раней людзі ішлі за бомам, ішлі за старастам, а цяпер іх не было. І ў разгубленасці шыліся ў цёмныя куткі, у кусты, думалі адседзецца, уратавацца.

Бацька нагрузіў на Янга столькі ўсяго — ішак не панёс бы. Сам узяў на абярэмак свінку, цераз плячо перакінуў звязкі курэй, і яны трапяталіся, спрабавалі ляцець, драпалі кіпцюрамі і дзюбамі за спіну і ногі. У маці быў толькі адзін клуначак з адзеннем і лямпа без шкла і газы (каштоўная рэч, хоць ёю ніколі не карысталіся). Маці немагчыма было выцягнуць з хаты, яна цалавала кожную бамбучыну, кожнае бярвенца. А выйшла, то ўплялася за крывую пальму, што схілілася каля хаціны, і загаласіла на ўвесь голас. Заплакаў за ёю і Янг, хоць дасюль толькі крадком выціраў то адно вока, то другое. Злізваў слязіны з дрыжачых губ бацька, ён усё паддаваў свінцы каленам знізу, каб не спаўзала з рук. Потым бацька апусціў свінку на дол, заціснуў яе нагамі і паклікаў Янга. Пакорпаўся ў яго клунішчу, што гнуў хлопца, як цыклон пальму, дастаў вяроўку, завязаў свінку за пярэднімі нагамі, па грудзях, канец наматаў на кулак.

— Ну — хадзем… Хадзем жа памалу… — гладзіў ен плячо маці свабоднаю рукою, угаворваў. А яна толькі хісталася з боку ў бок, як пад ветрам, спрабавала рваць на сабе валасы.

Тым часам у вёсцы пачало рабіцца штосьці жахлівае. Маторы зараўлі зусім блізка, сярод хацін. Бульдозеры ішлі шчыльна адзін пры адным — пабудовы рассыпаліся і клаліся пад гусеніцы з сухім трэскам і пылам. А пальмы паддаваліся не адразу. То адзін, то другі бульдозер страшна, з натугай роў маторам, пальма, у якую ўпіраўся нож, сутаргава дрыжала. І вось… сакавіты крэкт-трэск, дрэва з шумам гахае, ажно ўздрыгвае зямля. А бульдозер яшчэ і прапаўзе па пальме, нібы хочацца яму ўпляскаць дрэва ў зямлю.

Янгу здалося, што з аднаго бульдозера скаліў зубы Пуол. Прыгледзеўся — ён! Пуол сам трушчыў сваю хаціну!

— Вырадак! Каб ты маленькім здох!.. Праклінаю цябе! Праклінаю навек! — трос кулакамі яго бацька Джыва.

Усплёскі-выбухі плачу ўспыхвалі то там, то тут. У вэрхале, сярод машын і людзей мітусіліся і паліцэйскія, выцягвалі з хацін людзей — як не з-пад самых гусеніц, лупілі палкамі па спінах, па галовах. Некаторыя спрабавалі адбівацца, а жанчыны пускалі ў ход кіпцюры і зубы. І паліцэйскія тады зусім раз'юшваліся.

Бацька ўвесь калаціўся, даваў Янгу канец вяроучыны і не мог пацэліць у хлопцаву далонь. Але аддаў урэшце, каб Янг і свінку-рабуху вёў. А сам яшчэ пакорпаўся ў Янгавым клунку, дастаў партрэцік бога Вішну. За рамку абразка сям-там трымаліся ўсохлыя кветкі ліян і архідэй, папяровыя кветкі. (Янг любіў Вішну на гэтым партрэціку: тры твары ў яго — і ўсе такія светлыя, добрыя; шэсць рук, і ў кожнай што-небудзь трымае; каля бога рахманыя сабакі, прыгожы і сыты буйвал). А бацька тым часам падпаліў сернікам свяшчэнную духмяную палачку для акурвання, пачаў хадзіць з абразом і палачкай вакол хаціны і бліжэйшых пальмаў. Потым стаў каля пальмы, якую ўсё абдымала і цалавала маці, задыміў направа і налева і на іх. А грозныя, страшныя машыны з нажамі-адваламі ўжо зусім блізка, ужо кіруюць у іх бок…

— Эй, марш адсюль, пакуль цэлыя! — надрывалі горла паліцэйскія. Твары ў іх спацела-брудныя, чалмы пазбіваліся на патыліцы, а то і паразвязваліся.

— Не-е-е!!! — закрычала раптам маці немым голасам. Кінула свой клуначак і лямпу, пакарабкалася на пальму. — Не аддам ніко-ому! Не аддам!!!

Хоць і нахіленая была пальма, але ацяжэлай маці лезці было нязручна. І ўсё ж лезла, абдзіраючы ногі, вышай і вышай. Вось ужо засталася толькі тая частка ствала, якая, выпрастаўшыся, імкнула ўгору.

— Марш, марш! Ідзіце па разлік! — крычалі паліцэйскія ўсё бліжай. — Чаго тут стаіце? Прэч! — накінуліся яны на Янга і бацьку. — А ты?! Злазь зараз жа, тоўстая малпа! — затрос кулаком на маці паліцэйскі з вусамі.

— Не злезу! Не адда-ам!!! — крычала зверху маці.— Людзі! Залазьце на дрэвы! Яны не пасмеюць нас…

Але яе ніхто мо не чуў у рове матораў, у трэску, у людскім галашэнні. Страх за маці скаваў Янга, ён не мог скрануцца з месца.

— Імем Яго Вялікасці султана Муту — злаазь!!! — вусаты паліцэйскі, схапіўшы нейкі пакалак, папусціў у маці.— Атрымаеш трыццаць удараў папруцінамі! Злазь!

— Люд-цы!!! — крычала маці сваё. — Не паддавайцеся!

— Ану — падкалупні яе, патрасі трохі! — крыкнуў вусач вадзіцелю бульдозера і яшчэ штосьці дабавіў па-англійску.

Бульдозер раўнуў пагрозліва, крутнуўся на адной гусеніцы, зайшоў збоку: па нахілу і супраць нахілу не вельмі старую пальму патрасеш. Нож-адвал у гэтага бульдозера быў не роўны, а складаўся нібы з двух, пастаўленых пад вуглом адзін да аднаго, утварыўся нібы тупы рог з вострымі кантамі. Бульдозер роў-газаваў, расхістваў нажом пальму. Янг бачыў, як матлялася ўверсе маці, ашчаперыўшы ствол рукамі і нагамі, крычучы што ёсць моцы. Бачыў, як скаліўся ў дурной ухмылцы вадзіцель-бамбіза, высунуўшыся з кабіны, мабыць, забаўка яму падабалася.

— Мамачка, не трэба! Мамачка, зла-азь! — крычаў, голасна плакаў Янг.

— Стойце, душагубы! — зайшоў наперад і з усёй моцы ўпёрся ў адвал бульдозера бацька. — Яна злезе! Яна ўжо злазіць! — і зноў выставіў для абароны абразок Вішну.

Але што было вадзіцелю да іх бога, калі ен, відаць, і свайго не паважаў.

І раптам… жахлівы трэск, пальма зламалася ў тым месцы, дзе ўпіраўся бульдозер. Махрастая верхавіна, апісаўшы вялікую дугу, грымнула вобзем. Бацька ледзь паспеў адхіліцца: канец дрэва, самы яго гузыр таксама вільнуў у паветры, бухнуў на зямлю.

Поделиться с друзьями: