Грот афаліны
Шрифт:
— Мы з Янгам не тут спускаліся… Туды, бліжэй да лагера, — сказаў Амара.
Пасля пераходу, карабкання па камянях усе дыхалі як загнаныя. Грузу пабольшала, давялося несці яшчэ і Янгаў акваланг, яго запасныя балоны.
— Прыйдзем і туды… Правільней, яны падыдуць. Вы патрохі пераносьце і пераносьце рэчы па беразе, — звярнуўся Радж да насільшчыкаў.— А мы — морам.
Пад вадою праплывём, а вы зверху глядзіце, прыбой глядзіце… — і згроб жменяй кроплі з ілба. Хацелі з Амараю сэканоміць час, не скідалі гідракасцюмаў, але, відаць, дарэмна: запарыліся зусім. Струменьчыкі поту казытліва цурчалі па жалабку на спіне, па нагах. Хацелася хутчэй залезці ў марскую прахалоду, але было і небяспечна — у такім стане можна і прастудзіцца.
Памянялі ў аквалангах балоны на запасныя і пакарабкаліся з імі ўніз. А насільшчыкі і Натача з Абдулою злазілі павольней, падавалі адзін аднаму рукі, спускалі рэчы. Пакуль папераносілі ўсё на больш-менш роўны лапік і зрабілі першы прывал, бачылі, як усплывалі Радж і Амара, а потым зніклі пад вадою надоўга.
І тады панеслі рэчы на новае месца, бліжэй да лагера, адкуль ледзь чутна даносілася чахканне рухавіка.
6
Радж і Амара плылі зігзагамі, то забіраючы далей у мора, то паварочваючы да берага. І чым больш набліжаліся да лагера, тым чысцейшым рабіўся бераг, меншала камянёў і тым больш крута дыбіўся на водступе другі, гарысты бераг.
Бераг пад вадою таксама быў круты, падводная сцяна была, як рознакаляровая палітра: на каралах жылі, гарэлі, падрыгвалі шчупальцамі-пялёсткамі тысячы чырвоных і ружовых кветачак — жывых паліпаў, нібы прыцярушаных белай маніёкавай мукой. Дзівосны падводны пейзаж захапляў Амару, ён забываў, чаго знаходзіцца пад вадою, куды плыве. Усё відаць і без ліхтароў, і ён раз-пораз спыняўся, заміраў у дзіцячым здзіўленні: ружовы кусцік з галінкамі аказаўся жывым! Плыве, сам не ведаючы куды… А які агромністы амар сядзіць на сцяне, якія клюшні! А марскія грабеньчыкі, падобныя на двухстворкавыя кашалькі, выяўляецца, могуць рухацца, а не толькі ляжаць! Ледзь набліжаецца да іх марская зорка, пстрыкаюць убок, уздымаючы воблачка муты. І як яны чуюць, гэтыя зоркі?! «Далей! Уперад!» — махае яму Радж, і яны зноў плывуць, аглядаючы дно і асабліва ўважліва ўсе выемкі на дне і ў беразе, зараснікі каралаў.
Амара міжволі ўвесь час забіраў управа, у адкрытае мора, губляў бераг-арыенцір, і Радж памяняўся з ім месцамі, трымаў яго злева і раз-пораз прыціскаў бліжэй да берага. Падводны компас быў толькі ў Раджа. Але хутка і сам Радж павярнуў на глыбейшае, бо ўбачыў жалезны строп, які цягнуўся з дна, мабыць, ад якара, на паверхню. Што гэта такое? І толькі ўсплыўшы, убачылі папераджальны буёк з бочак. Значыць, яны даплылі да забароненай зоны?.. А дзе ж сетка? Ніякай сеткі паміж буйкамі не нацягнута, дэльфінаў тут трымаць не могуць.
«Куды цяпер?» — прыціснуўся Амара шклом маскі да Раджавай, спытаў вачыма. Радж паказаў рукою: «Бліжэй да берага!» Ён і не думаў мінаць забароненую зону.
Трымаліся каля самага берагавога абрыву. Глыбіня ўсё большала, абрысы дна ўнізе растушоўваліся ў фіялетавым змроку. Сцяна пайшла вельмі няроўная, з вырвінамі і расколінамі, кожны сантыметр яе зарос каляровымі караламі, губкамі, актыніямі, вустрыцамі. З нары выглянула доўгая і тоўстая, у плямках мурэна. Усунулася назад у нару, загарадзіла ўваход, разявіўшы зубасты рот. Амара не вытрываў, даў ёй шток, каб цапнула, але тая спалохалася, адступіла глыбей. Радж паказаў яму кулак, і Амара пусціўся даганяць яго.
Даплыў і бачыць: Радж штосьці ўважліва разглядае ў чорных зарасніках мадрапораў на сцяне. «Глядзі…» — паказвае. Зверху, з паверхні цягнуліся ўніз тры правады, два таўсцейшыя, у чорнай гуме, трэці танчэйшы, звіты ў дзве столкі. Радж пачапаў іх штокам — нацягнуты туга. Паказаў Амары ўніз і першы кульнуўся туды галавою, баўтануў ластамі.
Апускаліся, а насустрач усплывалі, а мо толькі так здавалася, паралізаваныя рыбы — каторая бокам, сутаргава кратаючы хвастом, каторая дагары брушкам. Пад берагам чамусьці не цямнела, а святлела, і гэта інтрыгавала, насцярожвала. Вось ужо тое, што святлелася, набыло абрысы няроўна прыплясканай аркі, уваходу ў грот.
Нейкая няўтульнасць, трывога завалодала хлопцамі. Захацелася азірацца ва ўсе бакі. Мазгі нібы прасвідроўваюцца гэтай трывогай, у галовах забіў пульсуючы, распіраючы боль. У вушах зазвінела і закалола. Кожны думаў, што гэта яму толькі баліць, нічога не гаварыў другому. І вось убачылі заслону, сатканую з безліч зіхоткіх паветраных пухіркоў. Нібы сотні кулямётаў, пастаўленых на дне ў рад, няспынна страчылі ўгору ззяючымі круглымі кулямі. На лінію агню, пад чэргі трасірак трапіў вялікі аглушаны акунь — і ў момант разваліўся на кавалкі. Гэтыя кавалкі варушыліся, тузаліся ўгору-ўніз, траплялі пад новыя кулі і распадаліся на больш дробныя.
«Назад!» — затузаў Амара за плячо Раджа. Але той упарта закруціў галавою, падкурчыў нагу, каб выхапіць з ножнаў крыс. І тады Амара рвануў яго за плячо мацней, ажно развярнуў да сябе тварам, падзёўбаў Раджу пальцам па цемю: «Звар'яцеў?!» Паказаў на свае вушы, схапіўся за галаву і пакіраваў на выхад. Радж крыху праплыў за ім, а потым адстаў, вылавіў леваю рукою правады. Паплыў угору, прапускаючы правады праз кулак. Шток замінаў, і Радж засунуў яго за пояс, а крыс усё-такі выняў, трымаў у правай руцэ, збіраўся рэзнуць па правадах. Амара, азірнуўшыся, замахаў яму рукамі крыж-накрыж — «Барані божа!». Радж неахвотна выпусціў правады, неахвотна схаваў крыс. Але раптам рухі яго зрабіліся таропкімі. Ён выперадзіў Амару, на хаду паказваючы, нібы прасоўвае нітку ў іголку і вядзе пальцамі па нітцы. Амара зразумеў: хутчэй плысці да таго буйка на жалезным стропе.
І, здаецца, выплылі ўжо на лінію таго буйка, а папакруціліся, пакуль угледзелі. Вынырнулі, ухапіліся за ржавы прэнцік, адзін з двух прэнцікаў, якімі былі злучаны па тарцах бочкі. Разам сарвалі маскі, разам выпхнулі з рота загубнікі…
— Усё зразумеў? — Радж паплюхаў у твар вадою, правёў па ім, змахваючы кроплі.
— Не ўсё…
— Пячора ў іх там, пад берагам! — ледзь не крыкнуў ён.
— Ціха… І прыдумалі загародку — пухіркі. Не простыя пухіркі… Бачыў, як акунь разваліўся? У мяне галава аж расколваецца і чую дрэнна.
— І ў мяне з вушамі штосьці… Бліжэй сунься, каб не крычаць. Цяпер зразумела, чаму паліцыя дэльфінаў не знайшла. Яны ў пячоры, за пухірковай заслонай! Іх у пячоры хочуць і скарыстаць… Судзір абучаў іх ныраць з каўшамі, чэрпаць і выносіць пясок.
— Тыя, з лагера, думаюць, што ў пячоры на дне золата ёсць.
— Ух, гэта золата!.. Каб мог, сабраў бы яго — усё! З усяго свету! — і затапіў бы ў самым глыбокім месцы акіяна.
— І на гэтым, думаеш, зло знікне? — іранічна ўсміхнуўся Амара.
— Калі не ўсё, то на тры чвэрці — абавязкова.
— Той сцёк з возера трапляе ў пячору, не іначай. То няўжо і цела Янгава там?
— Я яшчэ пад вадою пра гэта падумаў, хацеў шарахнуць крысом па правадах — і туды…
— Ну але! Яны ж пад токам. Чуеш — тахкае рухавік?
— Чую, здаецца… — Радж пакруціў пальцамі ў вушах. — А мяне токам не стукнула б. Праверана: тронак — ізалятар.
— Ну і што, калі б не стукнула? А ты ведаеш, што пасля магло адбыцца? Тыя, з лагера, адразу кінуліся б шукаць пашкоджанне і застукалі б нас.