ЖАНРЫ

Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Добрая вера, — сказаў мурза. — Зручная для моцнага вера.

— Ты што ж, не кранеш тады зямлі? — спытаў Грынь Балвановіч.

— Нашто «зямлі»? Вашай зямлі не крану.

Сінкліт думаў.

«Прасяшчаму ў цябе — дай», — ціха сказаў Лотр.

— Па вазе дай, — сказаў крымчак.

Жаба ціха забубніў:

— Няверныя вагі, сказаў Саламон, брыда перад Панам Богам, але правільная вага жаданая яму.

— І жанчын дайце нам. Бо нам патрэбны жанчыны. Нараджаць моцных ваякаў… дзеля нашай веры.

Кардынал і мніх пераглянуліся. Зразумеў іх таксама біскуп.

— Хіба што… некалькі манастыроў, — узняў ён грозныя бровы. — Усё адно з манашак талковага, як з кошкі воўны.

Мніх ціха сказаў:

— Машкаўскі… Ігуменні сказаць, каб каго ўжо каго, а тую выдала басурманам, — і ўсміхнуўся. — Нічога, яны там з іхнім вопытам не адну, а тры арды адразу знутры раскладуць.

Татарын глядзеў на тых, што шапталіся, чакаў.

— Дамо, — сказаў Лотр. — Толькі каб зберагчы мір.

— Будзе мір, — падступна ўсміхнуўся крымчак.

Карніла зашаптаў Лотру на вуха:

— А як падмануць? Грошыкі ж на рамонт мура ля Лідскай брамы вечна нехта ў кішэнь?…

— Ну-ну.

— А мур там такі, што я кожны раз з жахам гляджу, калі да яго сабакі падыходзяць ды падмываюць. Грошай не даяце.

— Рада хай плоціць, — сказаў кардынал.

— Вы аднойчы ўжо магістрацкія грошы цю-у, — сказаў, дачуўшыся, Юстын. — А гарадская рада заўсёды была бедная, як царкоўны… прабачце, як магістрацкі пацук.

— Тым больш адкупіцца трэба, — бязгучна сказаў Лотр і ўголас дадаў: — Мы пакажам табе, дзе вы будзеце мець права браць жанчын, мурза. Першым можаце Машкаўскі кляштар…

У гэты момант моцна аддаўся пад гатычнымі скляпеннямі гук смачнага пляўка.

Плюнуў малады чалавек год дваццаці пяці, які стаяў сярод варты. Худы, але цыбаты і моцны, у цяжкіх латах ад шыі да ног (шлем ён пачціва трымаў у руцэ, і доўгія попельныя валасы ягоныя ляжалі на сталёвых наплечніках), ён цяпер выціраў тыльным бокам вузкай і моцнай далоні вялікі і цвёрды рот, рот утрапёнага.

Шэрыя, прыгожай формы вочы глядзелі з абурэннем, саркастычнай усмешкай і амаль з фанатычным гневам. Просты нос нібы акасцянеў.

— Тфу!

— Гэй, ты гэта што, у храме?… — спытаў Карніла.

— Кар-чма гэта, а не храм, — кінуў чалавек. — Таргі! Хто са мною? Мы ім…

Некалькі чалавек рушылі за ім.

— Будуць ваяваць? — занепакоена спытаў мурза.

— Адступнікі, — сказаў Лотр. — Сказана — «не забі». Тысячнік, загадай, калі скончым, замкнуць браму і не выпускаць з горада мяшчан.

Так завяршыўся самы ганебны торг з басурманамі, які калі-небудзь ведала Зямля Белай Русі. З тым, хто плюнуў, з правадыром асуджанага заслону, паспела выйсці, дзеля ўратавання сумлення і гонару, не больш як за трыста — чатырыста чалавек, пераважна без коней. Выйшлі на верную смерць.

У гонар гародзенцаў варта сказаць і тое, што пасля таго, як тысячнік зачыніў брамы, нешта чалавек каля пяцідзесяці ўмудрылася спусціцца з муроў і ўсё ж уцячы за раццю.

Раздзел XXX. Саранча

…але ў людзях рыцарскіх, каторых там мноства пагінула, вялікую шкоду карона падняла.

«Кроніка Белай Русі»
Слова ад летапісца

«І ўторгнуліся, і ўварваліся татараве крымскія ў нашы краі, і здарылася так, што не было ім, папушчэннем Божым, заслоны, і рассыпаліся яны там і там. О войска вялікае, шмат тысячаў ездных! О гора вялікае! Не спадзяваліся на тое, заўжды з пакораю Бога вялікага аб міры і спакою просячы, пры міры жывучы.

І зямля гарэла, і хаты, і людзей у палон вялі, і клейны на лоб ставілі, як быдлу.

І рассыпаліся татараве па зямлі нашай, як саранча, аб якой у адкравенні святога Яна Багаслова, Апакаліпсісе тож, прарочана. Усё, бы ў яго, спраўдзілася. Па абліччу нават: «Па выгляду свайму саранча была падобная коням, падрыхтаваным на вайну; і на галовах яе як бы вянцы, падобныя на залатыя, твары ж яе — як твары чалавечыя. На ёй былі броні, як бы броні зялезныя, а шум ад крылаў яе — як грукат ад калясніц, калі мноства коней бяжыць на вайну». І спраўдзілася тое, што: «У тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе; пажадаюць памерці, але смерць уцячэ ад іх».

Але яшчэ страшней было за Апакаліпсіс. Бо ішлі яны, ляцелі яны, а разам з імі ляцеў звер з бязодні, рачоны слонь. Лаціньцы кажуць — лефант, а нашое — слонь. Тая слонь таўстамясая, упоперак сябе таўсцейшая, у вышыню сябе даўжэйшая, ногі — нібы дрэвы і тоўстыя, як кадзь, бязпоўстая, страхавыглядная, вялікагаловая, гарбаспінная, з азадкам віслым, бы ў мядзведзя (без поўсці толькі), і хадою, як мядзведзь, і замест носа як нібы хвост і два зубы, як у дзіка, гэтак і сяк і ўгору, і вушы, нібы колдры, а ў носе — хвасце — чэп пабіваючая.

Дужа зверападобная і жаху падобная слонь!

Змялі яны са слонню людзей, і ляцелі, і палілі. І ўцякалі ад іх бедныя і багатыя, і царкоўныя людзі кідалі ўсё і ўцякалі.

З усіх расафорных — здзіўленне! — адзін дыякан Нясвізкай драўлянай Сафіі, што зачыняе пяцідзённы Нясвізкі славуты кірмаш, царквы драўлянай не па беднасці, а па смірэнню свайму, выявіўся чалавекам. Катавалі. Пэцкалі мёдам і садзілі на сонца, дзе мухі і восы. Душылі між дошкамі. Палілі. Трэскі забівалі пад кіпці. Але ён, пакуту смяротную прыняўшы ад паганых, ні тайніка скарбнага, ані ўвахода ў хады падземныя і пячоры, дзе хаваліся людзі, не паказаў. І тады прывязалі яго да дзікіх коней і пусцілі ў поле.

А людзей у пячорах сядзела, можа, тысяча. А імя дыякана было Аўтроп».

Палалі вёскі, палалі гарады. Бурыліся ў агні драўляныя вежы крэпасцяў. З гіканнем, пад гул бубнаў імчалі коннікі. Луналі бунчукі. Жудасным, страшэнным воблакам стаяў пыл. Рыдалі вярблюды і аслы.

Гналі на арканах напаўголых людзей, жанчын з сінякамі на грудзях. Забаранялі здымаць з палонных толькі крыжы. Таму што адзін, калі здзёрлі з яго, сцягнуў крымчака з сядла і ўдарыў кайданамі па галаве, і тады Марлора — хан — успомніў завет і забараніў. А таму, хто ўдарыў, увагналі ў жывот стралу і кінулі.

І ўсіх мецілі. Падносілі клейну да лоба, стукалі па ёй, і заставаўся на лбе крывавы татарскі знак.

Лупілі, луп цягнулі. Лямантуючы, імчалі орды. А паперадзе іх, матляючы ланцугом, бег баявы слон.

Пажары… Пажары… Пажары… Цягнуліся гарбы і фуры з данінай, цягнуліся рабы.

А ў горадзе гарадоў цягнуліся набажэнствы, цягнуліся малебны. У Дамініканскім касцёле… У касцёле францысканаў… у простай, белай знутры, Каложы.

Поделиться с друзьями: