ЖАНРЫ

Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Ваўкі Божыя! — у экстазе, з пенаю на вуснах крычаў шэры. — Ірвіце! Шматайце!

— Лотр? — усё яшчэ хістаючыся, перапытаў Хрыстос.

— Гляньце на лепшы мой час! — напінаўся фанатык. — На пакуту маю! Гляньце, вось ірвуць мяне, але ўражаны сын Беліяла!

Усе глядзелі на яго і на зямлю. На ёй ртутным, трохі скрыўленым языком ляжаў страшны зарукаўны ікол — паменшаная копія мяча для бою ў цеснаце. Паменшаная і, вядома, разлічаная на ўдар адной рукою.

— Чаго ж ты не падаеш?! — хрыпеў схоплены. — Падай! Падай! Душа твая ўжо ў дарозе.

— Майстра, — нават з некаторай павагаю сказаў Хрыстос. — А падаць мне — чаго ж?

Народ ахнуў толькі тут.

— Бессмяротны? — фанатык абвіснуў.

— Не дзейнічае, — загулі галасы. — Вядома, не дзейнічае. Ведаў бы, на каго руку ўздымаць.

І зноў маўчанне. І зноў людзі пачулі, як дыякан на верхніх нотах, амаль зрываючы голас, узглашае:

«Ан-на-фем-ма-а-а-ы».

— Хлопцы! — залямантаваў раптам малады. — Дык гэта што ж?! Яго гнаць будуць, праклінаць, а мы маўчым? Ён заступаецца, а мы маўчым? На яго нож імем царквы заносяць, а мы маўчым? Ды калі яны Бога клянуць, калі нож на яго заносяць — што дамы іхнія, як не гнёзды д'яблавы?!

— Раскідаць! — падхапілі галасы.

— Па бервяну разнесці!

— Гані іх з пацучынага занорка!

Натоўп рынуў да царквы.

Праз некаторы час уся яна, ад падмурка да званіцы, зырка палала: на сцены вылілі некалькі вядзёрных бутыляў з алеем. Астатнія глуха бухалі ў падклецці. Полымя, знайшоўшы цягу ў званічнай трубе, пачынала лізаць званы. У трубе круцілася і раўло, бы ў пекле, і тромб паветра, увесь час мацнеючы, пачынаў гайдаць званы. Часам яны глуха ўздыхалі.

Шэры глядзеў на агонь ненавідзячымі, нібы сляпымі, вачыма.

— А з гэтым што? — спытаў малады.

— Кінуць! — крычалі адусюль. — У агонь!

Дзесяткі рук схапілі яго і панеслі да пажарышча, узнялі, пачалі разгойдваць.

— Стой, — сказаў Хрыстос.

Дзіўна, яго пачулі адразу.

— А што, кепская з яго будзе смажаніна, хлопцы? — усміхаючыся, сказаў ён.

— Д-ды нельга сказаць, каб самы смак… — вусы сівавусага варушыліся.

— То хай ён трохі яшчэ лою нагуляе, смаркуль, — сказаў Хрыстос. — Будзе ведаць, як са сваімі цацкамі ў сур'ёзную гамонку лезці.

Людзі вызвалена зарагаталі.

— Хай паплачацца ў тых, хто даслаў, дурань няшчасны. Можа, яму цыцу дадуць.

— Няма ў іх.

— А чорт яго ведае. Там у іх адзін Лотраў прычотнік ёсць, рымлянін, то, дальбог, не разбярэш, хто ў іх там мужык, а хто баба.

— Забі, — хрыпеў кінуты. — Забі, сатана.

— Ідзі, — сказаў Хрыстос, — ідзі, пакуль не перадумаў. Бач, з ножыкам яму абысціся, бы ў свайку згуляць. Гэта ж падумаць, руку на чалавека!

Кінуты ляжаў, як мех з анучамі. Усе глядзелі. Пасля ён узняўся і павольна, не сваімі нагамі, пайшоў прэч ад агню, у цямноцце.

— Іосія, — сказаў Хрыстос, — ану, пройдзем.

Яны спусціліся па адхону да самага крайняга вогнішча, над самай ручаінай. Людзі засталіся каля царквы глядзець на агонь.

— Няма, брат, на свеце лепшага відовішча за пажар, — з павагай да іх сказаў Хрыстос. — Калі, вядома, гарыць не твая хата.

Падумаў і дадаў:

— Калі гарыць не чалавечая хата.

І сеў, скідаючы хітон.

— Паглядзі, што гэта ў мяне на спіне.

Іуда ахнуў. Хітон густа набракнуў крывёю. Сарочка была хоць выцісні.

Абмываючы цела, іудзей сказаў:

— Адно я здзіўляюся, як цярпеў? Другое я здзіўляюся, як гэта ўсё так абышлося? Проста глыбокі парэз.

— Нельга паказваць крыві, разумееш. — Шкаляр заскрыгатаў зубамі, калі сушаная трава-крываўка лягла на рану. — А наконт другога, то правільна здзіўляешся. Вялікі майстра наносіў удар. Надвае распаласаваў бы, каб не пашэнціла.

— Добрае шанцаванне. Далі былі па шыі, але пашэнціла, паспеў унікнуць. Крутануўся, і ўсяго толькі і выбілі, што восем зубоў.

— Пашэнціла. Зажыве, як на сабаку. Пашэнціла, што ікол узяў. Смертаносная брыда, не ўратуешся. Але скрыўленая. Што да рукі, што і да цела прылягае… О-ох! Калі сустрэне перашкоду — слізгане, і ўсё. А я ў сукню там дваццаць залатых шчыльна нашыў. Ты, конаўка, заўсёды ніц не ўтаропаеш, раздасі, а раптам варту падкупіць давядзецца або коней дастаць, калі смерць на плячах вісець будзе? То ж бо! А яшчэ кажуць, што грошы — ад д'ябла.

Калі яны вярнуліся да пажарышча, натоўп неяк дзіўна маўчаў.

Усе глядзелі на іх.

— Ну, пагаварылі? — спытаў сівавусы. — Цяпер што?

— Не ведаю.

— Павінен ведаць, раз Бог, — аблічча маладога было страшнае.

— А калі я шкаляр?

— Усе мы шкаляры ў Бацькі Нябеснага, — непахісна сказаў сівавусы.

Страшная сіла была ў ягоных словах і пільным позірку.

— Я чалавек.

— І сын Божы быў чалавек, — вочы ў сівавусага былі як жар, можа, ад зарыва.

— Ды я…

— Кінь, ты і тады баяўся, як упершыню прыходзіў. Гэта нічога. Мы цябе ў крыўду не дамо.

— Не ведаю, аб чым кажаш ты. — Хрыстос адчуваў, што яго зацягвае, што дарогі назад няма.

— Брэшаш, ведаеш, — прарвала раптам сівавусага. — Павінен быць Бог, раз нам гэтак кепска, раз нам — смерць. — Горла ягонае раздзімалася. — Не смей ношай грэбаваць.

— Скінеш яе з плеч — канец нам, — горача зашаптаў малады.

Фама раптам крэкнуў і ўстаў:

— Вось што, хлопчыкі. Я мяркую, гэта ў вас дух Божы ўсяліўся. Чаго пытаць, раз усе вы пра адно зараз падумалі. А раз усе пра адно — ад каго гэта, як не ад Яго? Ну і дзейнічайце сабе, чаго да Бога па дробязях прысталі? Усё адно, як старая баба: «Божачка мой, зрабі, светленькі, каб мой певень курэй маіх удала таптаў, каб не было больш баўтуноў, каб піскляткі крапіўку хораша дзяўблі». А Богу толькі і справы да таго пеўня і да таго, што баба, дурная, новага не купіць. Хоць ты самому тых курэй тапчы.

Рогат.

— Думаеце аб адным, што хлеба няма — і ён пра гэта думае. Што ўвесь хлеб у пэўным месцы і яго трэба ўзяць — і гэта думка ад яго. Што трэба нам, пакуль нас шмат, не па хатах ісці, а туды, бо раней сяўбы ўзяць трэба хлеб, каб было чым сеяць. Ды заадно і вінаватых у голадзе за гардзёлку патрэсці.

Радасны, агульны крык узвіўся над пажарам.

— Дзякуй, Тумаш, — ціха сказаў Юрась. — І ім і мне трэба туды. Толькі сам, без цябе, без гэтага крыку, я б іх туды не наважыўся клікаць. Сорам. Нібы дзеля сябе на смерць вяду.

Поделиться с друзьями: