Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:
— Выпі. Табе цяпер во гэтак і трэба лупянуць. Зап'еш тут ад такога жыцця. Выпі. Плюнь, сынок. Ну, што ты з імі зробіш, калі яны там на зямлі дурні, чакушы ашалелыя. Маладыя яны яшчэ, людзі. Дурныя, пакуль тое.
— Дык што ж, і за такіх гінуць?
— Выпі… Выпіў?… І за такіх, сынок… І за такіх, якія яны будуць.
— Якія?
— Глядзі.
І Саваоф шырока расчыніў акно.
У разрывах аблокаў усё часцей і часцей відаць было зямлю. І вось уся яна адкрылася вачам. У аквамарыне акіянаў, дзе плавалі добрыя рыбы, у зелені пушч, дзе, нечапаныя, непалоханыя, хадзілі алені і мірныя зубры.
У золаце ніў і плаціне паўночных рэк, у срэбнай белі бясконцых садоў.
Буслы луналі над багатымі вёскамі, і кожная вёска была, як пахучы букет. Зямля, уся прыбраная, чыстая да таго, што на ёй немагчыма было знайсці аніводнай сувалакі пырніку, дагледжаная да таго, што яе можна было абысці босаму, нідзе не парэзаўшы ног, гэтая зямля дымела ад сытасці і задаволення, на вачах гонячы ўгору злакі і дрэвы. Залатыя пчолы жундзелі ў шатах ліп. Паўсюль былі дастатак і заможнасць, паўсюль — сляды бясконца прыкладзеных да справы чалавечых рук.
І вось з'явілася перад вачыма Братчыка тая зямля, па якой ён хадзіў і з якой прыйшоў. Ён пазнаў некаторыя старыя будынкі, старанна дагледжаныя, непарушна захаваныя людзьмі. І зямля гэтая была прыўкрасная, як і тады, але замест хат, падобных на хлявы, узніклі будыніны са смалістай сасны і каменя, і новае паўсюль віравала жыццё. Яна была прыгажэй за ўсё, што ён бачыў праз аблокі. Вялізныя каровы, якіх ніхто не забіваў, мірна жавалі жвачку і пахнулі малаком. Коні, якіх ніхто не біў, хадзілі па густа-зялёных паплавах і глядзелі на свет чалавечымі вачыма, людзі, якіх ніхто не падманваў, не рабаваў і не крыўдзіў, працавалі на палях і спявалі.
Гарады былі — дзіва дасканаласці, і нават сярод палёў сям-там стаялі блакітныя, дзіўнай прыгажосці палацы і вежы.
Абдзёртая і няшчасная пры ім, абрабаваная ваяводамі і войтамі і драпежнымі набегамі чужынцаў, яна зараз распасціралася перад ім у нятленным ззянні вечнай красы. Мудрая, працавітая, багатая, улюбёная. Радзіма!
І гучалі на ёй песні, і даляталі з яе галасы. Гучала, як музыка, пяшчотная і цвёрдая, прыўкрасная, вечная, неў-міручая беларуская мова.
І мужыцкі Хрыстос заплакаў. І слёзы пакаціліся па ягоных шчаках. А над ім легкаважна, з разлёту круцячыся цераз галаву, званілі, меладычна смяяліся, лікавалі званы.
Проста над галавою чалавека, які спаў і плакаў у сне, прагучаў дзікі ўдар у бок лянівага і непарушнага замкавага звона. Звярыны рык, роў дэмана, якога катуюць. Здрыганулася зямля.
Яшчэ ўдар… Яшчэ… Яшчэ…
РАЗДЗЕЛ LVІІІ «РАСПНІ ЯГО!»
Слухаючы гэта, яны рваліся сэрцамі сваімі і скрыгаталі на яго зубамі.
Дзеянні, гл. 7, ст. 54
Забіты ляжыць сярод поля
Правадыр гэтай раці — Хрыстос.
Генры Лангфэла
Раўлі званы. На вуліцах густа варушыўся народ. Неба было сіняе і надзвычай спякотнае для верасня, з навальнічнымі хмарамі на даляглядзе. Здавалася, што на кароткі час вярнуўся ліпень. Над Нёманам, над Замкавай гарой, над Зітхальным гарбом, над усёй Гародняй плылі і плылі срэбныя павуціны.
Камедыю добра арганізавалі і толькі што не адрэпеціравалі. Кашпар Бекеш, які толькі два дні як прыехаў з вёскі і не бачыў усяго, што адбывалася ў Гародні, распытаўшы аб падзеях і паназіраўшы за падрыхтоўкаю, толькі і сказаў:
— Стараюцца. Са скуры вон лезуць. Гэта ж ганьба, калі атрымаецца горш, чым у Ерусаліме калісьці. Дык там дзікуны былі, а тут… проста мярзотнікі.
Святая служба сапраўды лезла са скуры. Яшчэ раніцай Юрася прывезлі з радавай турмы на Падол, на бераг Нёмана. Менавіта адсюль ён павінен быў падымацца Ўзвозам да замка, на Ўздыхальню. Па ўсёй гэтай дарозе двума ланцугамі стаяла закутая ў сталь варта. Людзей у лахманах паўсюль адцяснілі далей, да сцен дамоў, у двары і нішы. За спінамі латнікаў стаялі людзі, апранутыя ў аксаміт і дарагі фалендыш, буркацель і парчу. Зіхацела багатая зброя, вясёлкавыя паясы, пальчаткі тонкай скуры, саф'ян абутку.
І гэта было добра. Трэба было паказаць усім такі выбух народнага гневу, каб зрабілася ясна: паўтарэння Хрыстовай гісторыі ў Гародні не будзе.
Дзеля Хрыста збілі вялізны сасновы крыж, які ён меўся зацягнуць на Зітхальню. Ён павінен быў ісці першым, і з ім толькі два вартаўнікі з кордамі пры боку, з бізунамі ў руках. Астатнія ўдзельнікі працэсіі павінны былі ісці сажнях у пяцідзесяці за імі, нібы даючы зразумець, што на больш блізкай адлегласці нават дыханне асуджанага можа апаганіць.
Першымі ў гэтай працэсіі ішлі дзеці нявіннага ўзросту, апранутыя анёламі; белыя, напаўпразрыстыя адзенні, наплоеныя валасы, крылы з вясёлкавай матэрыі і васковыя свечкі ў руках. За імі — пяцьдзесят дзяўчат з багатых сем'яў, таксама ў белым і таксама са свечкамі. Яны павінны былі ўсю дарогу спяваць адпраўныя малітвы. За дзяўчатамі ішлі манахі, апранутыя ў чорныя і белыя саваны з дзіркамі, прарэзанымі на месцы вачэй, а за імі крочылі латнікі.
Вышэйшае духавенства павінна было выйсці працэсіяй насустрач ужо каля самой Уздыхальні.
Крануліся з месца гадзін у дзевяць раніцы, але было ўжо нясцерпна горача. Увесь папярэдні дзень і ўсю ноч выспявала, відаць, ды так і не выспела навальніца. Пыл курэў пад нагамі, нябачныя былі ў святле сонца агеньчыкі над воскам свечак, блішчэла сталь і медзь, калыхаліся крыжы ў руках манахаў, анёльскімі галасамі спявалі адпраўныя малітвы цнатліўкі.
Прачыталі ад імя суда прысуд, у якім гаварылася пра здзек з царквы і замах рачонага Хрыста на сапраўдную веру, пра тое, што рачонага Хрыста магістрат, якому царква таго Хрыста аддала, прысудзіў (пры адным праціўніку, бурмістру Юстыну) пакараць, з хлуслівым сваім крыжам, літасціва і без праліцця крыві.
Латнік шліхтануў Юрася бізуном, каб лепей запомніў.
— Ясна, — сказаў той, ускідваючы на плячо цяжкі крыж. — Чаго б яны яшчэ пралілі? Кроў яны выпілі даўно, і з мяне, і з людзей.
І пайшоў па Ўзвозе ўгору. Вельмі-вельмі павольна. Цяжка было, дый спяшацца не было прычыны.
Лотр яшчэ гадзіну таму даслаў да Жабы ганца. Ля Ўздыхальні ўжо два дні назад быў падрыхтаваны касцёр дроў і слуп, і паводзіны войта, які адмовіўся змацаваць скарыстанне вогнішча сваім подпісам, выглядалі, па меншай меры, дзіўна. Трэба было даведацца, што гэта азначае, і, калі войт падпісваў канфірмацыю п'яны, дабіцца, каб закрэсліў свой подпіс і вярнуўся да старой сваёй прапановы, да кары агнём.