Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:

Пілат адсопваўся, надзімаў тоўстыя шчокі:

— Абтрасём прах гэтага горада… вух-х… ад ног нашых… Хамы… Гэта яны так… беларускага двараніна… Хай я не буду Багдан Роскаш… хай я… не ад Усяслава паходжу, а ад свінні, ад гіены, ад малпы… калі я ім гэтага не папомню.

Акіла-Хрыстос сядзеў над ручаінай, мацаў сіняк пад вокам, паліваў яго вадою:

— Гэна… Б'юцца як… Хай яно…

І яму тураваў, таксама мацаючы сінякі, Жарнакрут:

— Сцеражыцеся ж людзей: бо яны будуць аддаваць вас у судзілішчы і ў сінагогах сваіх будуць біць вас.

Адчэпленыя крылы адпачывалі побач з Братчыкам.

— Не так вы гэта, — раптам з сумнай усмешкай сказаў ён.

— А як? — гнеўна спытаў лысы Жарнакрут. — Гэта я ліцадзей. Я ведаю, як яно граць трэба. А вы тут усе — набрадзь. Вљчыце тут мяне, а правал — з-за вас. З-за вас мне ўсё паламалі. А гэта ўсё грошай каштуе.

— Што ім у тваіх містэрыях? Яны людзі цёмныя. Гэта не тое, што прывычныя шкаляры. У нас, бывала…

Жарнакрут раптам устаў:

— Слухай, Юрась Братчык… Ведаем мы, што ты за шкаляр. Кажы, што гэта там крычалі пра агнявога змія? На кім гэта ты прызямліўся?

— Крычалі таму, што бедныя, цёмныя людзі, — непарушна сказаў Братчык. — Я шкаляр з Міра.

Мірон Жарнакрут выбухнуў:

— А білі… Білі нас з-за каго?

— Білі нас за тое, што мы кепска гралі. І яшчэ таму, што яны ніколі не бачылі такога. Што ім у тваіх містэрыях? Тут трэба, як у казцы пра асіну і распяцце. Цвікі не палезлі ў рукі, а асінавыя калкі палезлі (яны, мужыкі, ведаюць, бо асінавы цвік і ў бервяно палезе). І тады распяты затросся і закляў асіну: «Каб жа ж ты ўсё жыццё так трэслася, як я зараз трасуся». Т а к о е яны ведаюць. Т а к о м у яны павераць.

— А што, — сказаў Роскаш. — Праўда.

— Праўда! Праўда! — перадражніў Жарнакрут. — Мне лепей ведаць. Я — гаспадар.

— А як гэта ты, гаспадар, адзін апынуўся на дарозе з фургонам цэлага пазорышча, у якім чалавек пятнаццаць было? Знайшоў дзе?

Жарнакрут плямкнуў вуснамі, быццам скрыню зачыніў.

— Вось што, — сказаў «анёл». — Махлярыць дык махлярыць. Што нам у гэтых бедных мястэчках? Хадзем адразу ў вялікі горад, у Гародню. І зусім без розных там вяшчальнікаў пераапранёмся за мурамі ды ў горад. І — тавар лепшым бокам.

— У Гародні людзей больш, — сказаў, мацаючы сінякі, Акіла.

— То што?

— Ты Хрыста ў Гародні сам іграй, — сказаў Юрасю Акіла. — Я цяжкі на бягу. Для мяне гэта работа дужа шкодная.

РАЗДЗЕЛ V АНАФЕМА

Я сказаў яму, што няма чаго запасіць, саліць, сушыць лаянку там, дзе яе і так досыць. Нашто гэтая справа, калі і так свет трымаецца толькі на ёй і лаюцца ўсе, ад папы і да таго, хто ходзіць з чарпаком. І чым больш лаюцца, тым больш лаянка — гарох у сценку… І потым, пры чым тут рыжы кот?

Фарс аб анафеме рыжаму кату

Гаршком назаві, ды ў печку не стаў.

Беларуская прымаўка

У той год Рым анафемстваваў Лютара і ўсіх, хто з ім, успамінаў праклёнам Арыя, Вальдэнса*, чарнакніжніка Агрыпу, Гуса і Героніма Пражскага і іншых ерэсіярхаў. У той год Масква ўспамінала анафемай Святаполка Акаяннага і ноўгарадскіх «жыдоўствуючых», якія адмаўлялі манастыры і царкоўнае землеўладанне і казалі, што Хрыстос і без біскупа ёсць Хрыстос, а біскуп без Хрыста — тфу, і нашто ён тады ўвогуле?

* Вальдэнсы — рэлегійная секта, якая ўзнікла на поўдні Францыі ў канцы ХІІ ст. Заснавальнік — П'ер Вальд, ліонскі купец (рэд.).

У той год Гародня анафемствавала мышэй.

Ніхто не кінуў горада: ні цяжарныя, ні легкаважная моладзь. Нават калі і былі гэткія богабаязныя, то было іх так мала, што іхнія ўцёкі практычна не змянілі колькасці мышынага статка.

…Над Гародняй білі званы. Глуха бухаў дамініканскі касцёл, пагражаў бернардынскі, надрываліся званы Каложы і манастыра Барыса і Глеба, трывожна гудзелі святая Ганна і набрамная Зафея, стагналі званы францысканцаў.

І пагрозна раўлі — нібы адна адну праглынуць жадалі — барадатыя, праваслаўныя, і босыя, каталіцкія, пашчы дыяканаў.

— І ў тэрмін належны не пайшлі… Закон Божы пераступіўшы…

— І nunc, anima anceps…*

* Дык ідзі ж, грэшная душа…

— І за тое хай будзе ім Іудзіна ўдушэнне, Лазарава гніенне…

— De ventre inferi…*

* З глыбіні пекла…

— Гіезіева пракажэнне…

— Анафема!

— …валхва імгненная смерць…

— А-на-а-фе-ма-а!

— Анафема, маранафа!

— Анафема!…

— А-на-а-фе-ма-а-а!!!

Гуд званоў быў жахлівы. Рыканне бязмежных, як пячора, глотак яшчэ страшнейшае.

А між тым мала хто звяртаў увагу на анафемстваванне.

Напярэдадні, пасля вялікай бойкі на Старым рынку, людзі разышліся, але горад нібы застыў у чаканні нечага. Штосьці віравала пад вонкавым спакоем, мяшчане-рамеснікі шапталіся і глядзелі на варту з удаваным спакоем і патаемнай злараднасцю. Усю ноч з дома ў дом мільгалі нейкія цёмныя цені.

І ледзь толькі загулі званы, увесь горад (і ў адно імгненне) устаў. Відаць, дамовіліся загадзя, што пачнуць з пачаткам анафемы. У вокамгненне высыпалі з двароў узброеныя хто чым людзі, хапалі самотных вартаўнікоў, цяклі завулкамі, зліваліся.

Места валіла да Старога рынку. Разбіваць хлебныя склады. Хай сабе там і мала чаго ёсць — потым можна пайсці на склады замкавыя. Немагчыма больш было цярпець.

Над вуліцай стаяў такі крык, што яго пачулі нават ліцадзеі за мурамі. Яны якраз апраналіся ў грубы кужэль і перапаясваліся вервіем, калі места пачало рыкаць.

— Што гэта там? — з трывогаю спытаў тонкі Ладысь Гарнец.

Юрась ускладаў на галаву цярновы, з тупымі шыпамі, вянец:

— А чорт яго ведае! Горад… Відаць, нічога страшнага. Бачыш, варта нават брамы не зачыняе.

— Што рабіць будзем? — спытаў Жарнакрут.

Братчык спакойна ўскінуў сабе на плечы вялізны лёгкі крыж. Паправіў яго.

— Хадзем.

І спакойна пайшоў да брамы.

Дванаццаць чалавек у радне рушылі за ім. Следам пацягнуўся прадзёрты, брынклівы фургон.

Поделиться с друзьями: