Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:

Маўчанне вісела над галовамі. Усе невыразна адчувалі нейкую няёмкасць.

— Гм, — сказаў Лотр. — Ну, а ты адкуль, іудзей? Ты хто?

Іудзей паспрабаваў выпрастацца, але яму гэта дрэнна ўдалося. Развёў вузкімі далонямі. Насцярожана і сурова глядзеў на людзей за сталом. Пацягнуўся быў пальцам да скроні, але ўраніў руку.

— Ну, што вам казаць? Ну, мяне выгналі-ткі са Слонімскага кагалу. Я Іосія бен Раввуні. І бацька ў мяне быў бен Раввуні. І дзед. Д'ябал… прабачце, лёс прыгнаў прадзеда майго дзеда сюды. Спачатку з Іспаніі пайшлі маўры… Потым яму давялося ўцякаць і з Мальоркі. Каму ахвота быць чуэтам?* Потым быў Ціроль і была разня… Потым разня ўжо была паўсюль. І адусюль беглі сюды, бо тут быў прыстанак. Хто ведае, ці доўгі ён будзе?

* Чуэты — нашчадкі хрышчоных яўрэяў у Іспаніі.

Дамініканец усміхнуўся. Братчык заўважыў гэта і перавёў позірк з яго на іудзея, незнаёмую аповесць якога ён слухаў з жахам, спагадаю і агідай.

— Я быў у Іспаніі, — сказаў Басяцкі.

Раввуні глядзеў на яго і адчуваў, як жах бяжыць у яго ад лапатак да самага таго месца, дзе, як сцвярджаў папа Сікст, ва ўсіх ягоных супляменнікаў знаходзіцца хвост. Ніхто лепей за Раввуні не ведаў, як мала грунту пад гэтай гіпотэзай. Але неўгрунтаванасць і няслушнасць у гэтым выпадку можна было б пераканаць, толькі ўсё жыццё ходзячы без портак. І не аднаму яму.

А гэтага не дазволіў бы ніводны цывілізаваны ўрад, ніводная рада.

І таму ён халадзеў. Яму не раз ужо даводзілася бачыць такія вочы. Няхай нават не самому. Няхай памяццю прашчура. Вось яны з'явіліся і тут. Наколькі лягчэй было жыць між напалову паганскага народа.

Але ён быў выносны і ўчэпісты, як дзяржы-дрэва на скале. І таму ён не закрычаў, а, упершыню за ўвесь час, усміхнуўся. І тут адкрыліся зубы такой сляпучай белі, што бурмістр Юстын усміхнуўся ў адказ.

— Прыемна чуць, што вы пабывалі ў такім падарожжы, — сказаў езуіту Раввуні. — Колькі вы ехалі адтуль?

— Два месяцы.

— Ну вось. А мне на гэта спатрэбілася амаль два вякі. Можаце-ткі мне паверыць.

— У мяне ў Іспаніі быў адзін друг, — усміхнуўся Басяцкі.

— Толькі адзін? — нечакана для сябе самога спытаў Багдан Роскаш.

— Ён адзін быў варты тысяч, — і мніх зноў усміхнуўся, бо ўспомніў парады гэтага друга наконт народа беларускай зямлі, які ўграз у язычастве, дагэтуль трымае ідалаў і слова і больш, чым у Хрыста, верыць у Маці Божую* (хаця ўсім вядома, што яе адзіная заслуга была нарадзіць Богачалавека), які ўвесь засмечаны ерассю. Успомніў ён і другія парады вялікага друга. Наконт г э т ы х, якім па недахопу рэўнасці Божай і дбання аб ягонай велічы далі тут прытулак. Успомніў ён і парады аб ведзьмах і ведзьмарах.

* Культ Маці Божай прывіўся асабліва лёгка, бо яна атаясамлівалася з багіняй плоднасці, «вялікай бабай» Ціоцяй.

І таму, што ўсяму гэтаму заставалася жыць нядоўга, і таму, што вось гэтых ужо заўтра ўзвядуць на вогнішча, каплану стала лягчэй, і ён усміхнуўся яшчэ. На гэты раз іудзею, Роскашу і Юрасю.

— Гэты друг казаў мне, што калі ерэтыкі, накшталт гэтага шкаляра, пусцілі такіх, як ты, сюды — над галовамі прыхадняў віліся совы.

Раввуні таксама разумеў, што заўтрашняга полымя не абмінуць.

— Наўрад ці. Ніхто не разводзіць соваў. Мы — таксама.

— Гэта няпраўда, мніх, — сказаў Братчык. — Я ведаю. Чалавек, які быў пры гэтым, усё запісаў. Я чытаў яго запісы. Гэта праўдзівая кніга. Кніга жыцця. Больш ніхто не запісаў бы так.

Іудзей зноў усміхнуўся белазубаю ўсмешкай. Лыцар Езуса паглядзеў на яго і раптам спытаў:

— Гэта праўда, што вы ўзялі ад старажытных ібераў* агідны і брыдкі Богу звычай паласкаць свае зубы мачою і таму — вось хаця б у цябе — яны такія белыя?

* Іберы — кельтскае племя, што насяляла ў рымскія часы Іспанію.

— У мяне яны таксама белыя, — сказаў Братчык. — І ў многіх тут, хто здаровы.

Але яго ніхто не слухаў.

— Ну? — спытаў дамініканец.

— Адкуль гэта вядома? — спытаў Іосія.

— Катул, хаця быў паганец і кнігі яго паляць, данёс да нас гэтую звестку: «Чым хвалішся, трусінае адроддзе, ты, кельцібер брыдкі, мо выскалам зубоў, што ты мачой мыеш?» І яшчэ: «І хто з тых кельцібераў белазубейшы, той, значыць, і мачу хлябтаў руплівей за ўсіх».

— Гэта брыдка, — раптам сказаў Юстын.

— Вядома, брыдка, — згадзіўся Жаба.

— Гэта абрыдліва, — сказаў Юстын.

— Ну? — спытаў Фларыян.

— Магчыма, — сказаў Раввуні. — Я вось увесь час гляджу на вас. У вас зубы яшчэ бялейшыя за мае… І вы былі ў Іспаніі.

Па зале пракаціўся кароткі рогат. І змоўк. І толькі тут усе заўважылі, што ў мніха сапраўды белыя, але вострыя, як у сабакі, зубы. Ніхто неяк раней не заўважаў, таму што ён вечна ўсміхаўся, але толькі аднымі вуснамі.

— Гэта мярзотна, урэшце, — узвысіў голас Юстын. — Я забараняю гэта. Няхай агонь, абы не пляваць на вогнішча. Звер ірве ворага на кавалкі, але не паплюжыць яго. І чаго варты воін, які займаецца тым, што ганьбуе і бэсціць праціўніка? Што б вы сказалі аб бітве, дзе абодва бакі замест таго, каб біцца, узводзяць паклёпы адзін на другога?

— Вы што? — шчыра здзівіўся мніх.

— Мне абрыдла. Я хрысціянін і, як хрысціянін, дбаю аб веры і таксама не люблю людзей, якія распялі майго Бога. Але тое, што вы кажаце — паклёп. Гэты ваш пісака, па-першае, не бачыў ніводнага іудзея. Ён проста няславіў шчаслівага суперніка ў каханні. Не ведаю, ці хлябталі кельціберы мачу, — хай гэта будзе на ягоным сумленні. Калі гэта не так — ён проста брахун, як усе пісакі. А вы — горшы за яго. Вы — паклёпнік. У той час ва ўсёй Іберыі не было ніводнага іудзея. Ніхто не патрабуе, каб дзве арміі паклёпнічалі адна на адну. Іхняя справа — біцца… Кажы далей, іудзей.

Суровы, нягледзячы на разбэшчанасць, пасечаны шнарамі, адзначаны ўсімі распустамі Юстынаў твар быў у гэты момант страшны. З-пад падстрыжаных у скобку валасоў вуголлямі гарэлі вочы. І раптам з яго нібы нехта выпусціў паветра. Ён сеў і безнадзейна махнуў рукою:

— А-а, што там. Усё адно.

З гэтай хвіліны бурмістр нібы звяў і да самага канца ўжо не праяўляў ніякай цікавасці да таго, што адбывалася ў зале.

Басяцкі непаразумела зірнуў на Лотра. Той паціснуў плячыма, — нічога, маўляў, глупства, бывае — і пакруціў пальцам ля лба.

— То за што цябе выгналі? — спытаў Лотр.

— Дзіўнае пытанне. За што выганяюць людзей? За тое ж, за што і яго, Братчыка.

— Раскажы падрабязней.

АПАВЯДАННЕ ІОСІІ БЕН РАВВУНІ

— Гм, мая справа пачалася два гады таму, на яўрэйскае свята Рабігул Ахір. Менавіта тады я пачаў хаця трохі разумець усе кнігі. І якраз тады ў абшчыне з'явіўся адкупшчык Шамоэл. Бачылі б вы ягоныя вочы. Гэта быў… Ну… Мне не хапае слоў… Ну, воўк… Ну, Алаферн… Ну, Сенахірым… Ён быў для іудзеяў горшы за ўсіх самых страшных ворагаў. І не было волі Божай, каб ён здох, як… асірыянін… Пачалося пекла… Абшчынны збор вырас так, што нам не было як жыць, і ўвесь ён трапіў у гэтыя рукі… Бачылі б вы гэтыя рукі! Тлустыя, у поўсці, усе ў бранзалетах… І з ім была трэць абшчыны, а астатнія не мелі кавалка салонай рыбы. Ён разарыў і ўсё наваколле, нячысты пёс. Ён і астатнія ягоныя людзі багацелі. І калі раней я думаў, праходзячы паўз могілкі, што тут ляжаць самыя лепшыя гоі, то цяпер я зразумеў, што вораг — ён, бо ён точыць… знутры… Бо ён філісцімлянін… Бо ён вораг іудзею і ўвогуле чалавеку. Як вы. Мне варта было б маўчаць, але дурны Іосія не маўчаў, і вось яго выгналі, і ён быў па-за законам для сваіх і чужым, падазроным для іншых… Мне варта было б маўчаць. Але я ўстаў і стаў крычаць на яго, і бэсціць… і выкрываць яго, як Іерамія… Гора мне! Першы раз я крычаў на яго ў мінулым ліпені, на пост руйнавання храма. Я крычаў, што такіх, як ён, не павінна насіць зямля, што ён — паківанне галавою для іншых. А ён і ягоныя блюдалізы смяяліся. А наш рабін дакараў мяне.

Поделиться с друзьями: