Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:

…Цяпер пра гэта можна было думаць. І Юрась думаў, разглядаючы клейну, якую трымаў у руках. Вось гэта абяцаў яму на лоб Марлора. Замест гэтага сам атрымаў стралу ў лоб.

Між броваў у Юрася была доўгая зморшчына. Учора яе яшчэ не было. Ён быў той самы, але большасць апосталаў і Магдаліна відавочна пачыналі яго пабойвацца.

Пад вечар праз натоўп прывялі на аркане Сяліма. Ён не паспеў прарвацца далёка.

Але яшчэ да таго, як Хрыстос пачаў гаварыць з ім, перад Юрасем сталі выбраныя ад мужычай раці і папрасілі адпусціць іх. Лета хілілася на восень, хаты былі спаленыя, нівы выбітыя, ворагаў не было. Трэба было паспець падабраць хаця тое, што не вытапталі, ды паспець выкапаць сякія-такія зямлянкі.

— З азімінаю, думаю, не спазніліся… Сеяць трэба. Мужыкі мы.

— А дадуць вам гэта зрабіць? — спытаў Хрыстос.

— Павінны б… Але ўсё адно… Зямля кліча… Патрабуе: «Сеяць!»

— Пойдзеце, — сказаў Хрыстос, — а нас тут, безабаронных, заколюць.

— Цябе? — над усім натоўпам выбухнуў рогат.

Юрась убачыў, як нейкі мужык, падабраўшы ятаган (а ён, выгнуты, сячэ, як вядома, унутраным бокам, нібы серп), разглядае сталь, мацае яе пальцам.

Урэшце мужык радасна ўхмыльнуўся, схіліўся і пачаў спрытна рэзаць ятаганам траву: здагадаўся, да чаго ён прыдатны.

І тады Хрыстос зразумеў — утрымаць не ўдасца. Значыць, як бы цяпер ні шукалі, як бы ні ганяліся (а цяпер будуць ганяцца ўтрапёна, як за зверам, таму што пасля падвойнага разгрому ён страшны ім) — давядзецца ўцякаць, хавацца недзе ў леснічоўках або нават імчаць нагамі за мяжу.

— Добра, — сказаў ён. — Ідзіце, людзі. Чаго ўжо.

Сялім глядзеў на яго поўным трыумфу позіркам. І, нягледзячы на тое, што твар яго быў у зямлі і куродыме, здавалася, што пераможца — ён, а не чалавек, які стаяў на схіле і працягнутымі рукамі (з'явіўся ў яго з нядаўняга часу такі жэст: распасцёртыя да людзей рукі), з раптоўнай чыгуннай стомай і абыякавасцю развітваўся з натоўпамі, якія плылі з поля ў розныя бакі. Яны крычалі да яго радасна, але ішлі хутка. Упэўненыя былі, што з ім нічога не здарыцца, а вось неаплодненая зямля можа адпомсціць.

Сілуэт ягоны на вячэрнім небе быў нібы паніклы. Як быццам стрыжань вынялі з яго.

Урэшце разышліся амаль усе. Пад узгоркам стаялі яшчэ толькі два атрады: адзін — спыненая днямі варта з Міра, уцекачы, усе ў жалезе і з добрай зброяй, хаця і нешматлікія колькасцю, і даволі вялікі мужычы натоўп.

— Ваўкавыскія мужыкі, — сказаў Тумаш.

А Іуда дадаў:

— Адпусціў — дарэмна.

— Чаму? — спытаў Братчык.

— Думку аб сяўбе кінулі шаптуны. І, здаецца, ці не з таго-ткі мірскага загона. І хай мне не дажыць да наступнага кавалка хлеба са шмальцам, калі я не здагадваюся, чыя гэта рука.

— Думаеш, сочаць? — спытаў шляхціц.

— Мала таго. Ведаюць, што зямля кліча.

— Кінь, — сказаў Братчык. — Зараз усё адно.

Сядала халаднаватае сонца. Трохі зызнулі без агнёў і чакалі чагосьці людзі пад узгоркам.

— Дурань ты, — сказаў Фама. — Асёл, раменныя вушы. А што, калі пастка?

— До, — паказаў на натоўп Юрась. — Хопіць крыві. Калі ўжо яна іх нічаму не навучыла.

І тут зарагатаў мурза:

— Вось! Вось табе і канец дарогі тваёй, Бог. Успомні Джанібека, што прайшоў ужо лязом райскага моста, што цяпер ляжыць сярод гурый! Магло ў нас быць такое, каб, перамогшы, адразу думаць, ці не давядзецца аддаваць Алаху душы свае? — Ён захлынаўся. — Ых-ых-ых!… Дзівам выдзер перамогу, чарадзействам, а не мужнасцю. Алаху пажадалася.

Хрыстос не вытрымаў. Зноў нібы прыдбала хрыбет, выпрасталася спіна.

— Нешта ў цябе, мурза, памяць каціная. Часта ж ён вам здраджвае, Алах. Часта ж мы чарадзействам вас пабівалі. Забылі, як вы, Кіеў узяўшы, на нас, беларусцаў, ішлі?! Як тады пад Крычавам просты мужык Іванко Мядоўнік з раццю сваёй вас гнаў?! І як мы вам яшчэ пад Крутагор'ем наклалі?! Памятай цяпер. Але ты на нас больш не пойдзеш.

— Заб'еш? — нахабна спытаў Сялім. — Ну-ну. Мы смерці не баімся.

Юрась усё яшчэ трымаў у руках слупок клейны.

— Нашто? Проста клеймаваны ганьбаю — не хан. Яго не палацы сустракаюць. Ты помні Крычаў! Помні Крутагор'е! Памятай Волхава балота! Памятай гэтае поле! А вось табе і метка, на памяць.

І ён з сілаю ўдарыў клейнаю ў лоб мурзе.

— Ідзі цяпер да сябе. Сядзі з жанчынамі на іхняй палове. Падбірай за конямі гной. Каб ведаў, як жывуць разбоем.

— Забі, — асэнсаваўшы ўсё, з надзеяй сказаў мурза.

— Ідзі. Дайце яму каня.

Мурза пабрыў да ўзгорка. Сеў у сядло. Рушыў каня абы-куды.

…І тут устрывожыліся крумкачы над лесам. Устрывожыліся мужыкі пад узгоркам. Страпянуліся мірскія коннікі.

Ад пушчы цягнулася кавалькада: некалькі дзесяткаў коннікаў на чале з грузным чалавекам у латах. Побач з ім ехаў нехта ў плашчы з капюшонам.

— Карніла, — сказаў Тумаш. — І каплан Басяцкі з ім.

— Нешта яны пасля імшы, — сказаў тупаваты Піліп. — Гэна, як татарам на галовы дубы пускалі, то яны… А слабыя ўсё ж татары. Падумаеш, дрэва. Мне дык унь стогадовы…

— Змоўч, — сказаў Хрыстос. — Ідзі, Марыя, стрэнь іх.

Басяцкі заўважыў яе здалёк. Шапянуў Карнілу:

— А мужыкі стаяць. Не зусім зработала спакушэнне.

— Ды няшмат і засталося іх. Можна і сілай…

— Паглядзім. Шуму не хочацца. Паспрабуем іначай.

Магдаліна спынілася перад храпамі коней.

— Сядай, — сказаў Карніла, паказваючы на вольнага каня.

— Адвыкнула, — незалежна сказала яна. — Не хачу.

Яны павольна ехалі за ёй да ўзгоркаў.

— Ты ведаеш, дзеўка, што ён страшны, што нельга ўжо яго выкарыстаць дзеля перамогі над курыяй?

— А мне гэта хоць бы што.

— Здрадзіла, — сказаў сябра Лайёлы. — Забыла, хто цябе з гною ўзняў, забыла, як іх правялебнасць цябе цаніў, як паважаў раней біскуп Камар.

— Не з гною, у гной вы мяне затаўклі. Самі сюды шпурнулі — то чаго вам ад мяне чакаць.

Басяцкі аж трохі спалохаўся, такой пагардай камянеў смертаносна прыгожы твар жанчыны.

— А між тым ён хацеў бы, каб ты вярнулася, ён па-ранейшаму дасылае табе сваю любоў.

— Нічога, — з усмешкай сказала жанчына. — Ён хутка суцешыцца. Хіба мала блудніц вакол? Ці ўвогуле жанчын? А каб і яны ўсе раптам зрабіліся строгія ці вымерлі, што вам? Думаеш, не памятаю, як вы пацяшаліся над адным законам? Маўляў, «забараніць манахам браць на выхаванне малпаў, а таксама адасабляцца ў келлях з навічкамі пад маркай навучэння іх малітвам». Хіба вам не ўсё адно?

Яна абражала разлічана і жорстка. Ведала, што адзін канец, і плаціла за ўсе гады.

Карніла пацягнуў меч.

— Кінь, — сказаў каплан. І прызнаў: — Так, звод законаў абата Пятра з Клюні. Але гэта было даўно. Цяпер царква не тая.

— Што, у мяне не было вачэй? — з'едліва спытала яна. — Усё мяняецца, не мяняецеся толькі вы ды ўладары.

— Ты ведаеш, што цябе чакае?

— Ведаю. Шчасце ваша, што спазніліся. Тут бы мне крыкнуць толькі — на дзіды б вас узнялі.

— А калі мы скажам, што ты — шлюха, падасланая да яго?

Поделиться с друзьями: