ЖАНРЫ

I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)
Шрифт:

...Мы ў сене. Дуся, як у забыцьцi, шэпча мне: "Юзiк..." Цалуе: "Юзiк... табе добра са мною, Юзiк? Ляжы. Я цябе не адпушчу, Юзiк".

Мы, як-бы ў глыбокiм сьне. Але толькi на адзiн момант. Зноў абуджаемся. Месяц, падняўшыся вышэй, проста сьвецiць на нас. Дуся накрывае мне сьпiну сенам: "Каб нас нiхто ня бачыў, Юзiк. Толькi месяц. Ён глядзiць, што мы робiм. Ты ня бачыш яго сваёю сьпiною. А я бачу ўсё неба. Яно сьхiляецца над намi. Пасыпае нас зоркамi. А Бог з неба кiвае на нас пальцам. Я трошкi баюся, Юзiк. Але - не. З табою я нiчога не баюся, Юзiк".

Дуся сьцiшылася. Заснула на маёй руцэ. А я не магу заснуць. Нi разу не варухнуўся, каб не пабудзiць яе. Мне прыемна адчуваць яе вобак.

Месяц ужо за стогам. Па другi бок. Збляк. З паўзмроку - бачу - праступае мажара: ранiца. Дуся пракiдваецца: "А ты спаў, Юзiк?" "Спаў". Цалую яе. Пешчу. А яна: "Ты ўжо будзеш цяпер маiм Юзiкам... Я перахрысцiла цябе на Юзiка".

Мне падабаецца ейнае "Юзiк". Гэта яна вымавiла ў забыцьцi, у стане нейкай асаблiвай пяшчоты i любасьцi. "Юзiк" у яе атрымалася як нешта падзiцячаму лагоднае i далiкатнае. Гэта нагадвала мне Дусю ейных "гусiных" часоў.

Нам час разьвiтацца, пакiдаць сваю духмяную пасьцель. Гавару Дусi: "Iдзi. Трошкi здрымнi ў клецi. Яшчэ рана. А я пабягу дахаты". Дуся й пытаецца: "А дзе цяпер твая хата, Юзiк?" Сьмяючыся адказваю: "У цябе".

Бягу ўнiз праз рэчку дахаты. А ў хаце - засмучэньне. I мацi, i бацька, i сястра былi ўжо падняўшыся. Сядзелi. Нiчога не рабiлi, як-бы некага чакалi. Пэўна, майго прыходу. Адразу-ж паведамiлi мне: "Можа якую гадзiну назад партызаны павялi з двара нашу жаробку". Мацi ў сльязах: "Заб'юць на мяса. Не на работу-ж. З гаршка кармiла. Паiла. Гадавала i выгадавала злыдням". "Ня чуваць, каб у каго яшчэ бралi што. Толькi ў нас, - дадае бацька.
– За калгас, за зямлю, за турму нам помста. Як-бы пайшоў да iх у лес i з iмi разам рабаваў - не чапалi-б. А як-жа табе йсьцi ў лес? Гэта-ж такая абiда, што сьцерпiць нельга. Пасадзiлi. Адпакутваў. Выратаваўся, а цяпер - давай хадзi! Каб прыдушыць дзе".

Я супакойваю бацькоў, як магу. Бацьком шкада жаробкi. Яна была ў нас, як дзiцё. Сядзем, бывала, дзе на полi падчас працы есьцi - i яна ўжо каля нас. Пакiдае мацi сваю - кабылу. Просiць есьцi. Язык так ня скажа, як яе вочы. Гнедзенькая. Прыгожанькая. Толькi яшчэ ад матчынай цыцкi. Сысунец яшчэ. Бывала, калi бацька быў на начлезе з коньмi, прыбяжыць да агню. Ляжа сьпiною да бацькавай сьпiны. Грэецца, баiцца начы цi з удзячнасьцi да гаспадара. I вось цяпер няма. Як-бы чалавека забралi ад нас. Асаблiва заходзiцца мацi па ёй. Яна болей за ўсiх хадзiла за ёй, i цяпер яна не магла ўявiць сабе што яе зьядуць.

Бацька бачыў у вакно, як партызаны, не заходячы ў хату, iшлi на двор. "Чаго-б гэта, думаў ён.
– Што ў мяне на двары? Адна кляча. Дык iм-жа яна нi да чога". Ня выходзiў з хаты. Чакаў, што будзе далей. Аж бачыць - вядуць жаробку. Бацька з хаты. Просiць пакiнуць яму жаробку: "Навошта яна вам такая маладая?" Партызаны - усё невядомыя людзi - i слухаць ня хочуць. Вядуць. Бацька ўсё ўпрашвае. А адзiн з iх: "Iдзi, стары, спаць, а то й цябе павядзём". Яшчэ й дадаў: "На вяровачцы". "Бачыш, сын, - зьвярнуўся да мяне бацька, - нам помсьцяць. Ты ў турме сядзеў - ужо ты чалавек для iх ня свой, а я "зажыўся". Маё дабро колiць iм вочы. А таго ня хочуць знаць, што тое маё дабро з мазаля майго, з майго поту, з майго нядосыпу. Дык вось цяпер i йдуць за тым маiм дабром. Ета-ж, канешне, свае падказалi. Наслалi на нас. Але гора - горам. Горам не пракормiшся. Жывому - жывое. Паедзем у Супырыцу закладваць стог. Пагода будзе харошая. Iдзi запрагай кабылу. Бяры жэрдзь, вiлы, граблi, вазавую вяроўку, пiлу, тапор. Мацi з Дар'яй прыйдуць пазьней. А мы тым часам зробiм стажарышча".

З працы да хаты прыехалi поцемкамi. Селi за стол, а ў хату - як нейкi прывiд - Вяркееў. Прывiтаўся i сьмела да стала. Згроб мяне ў свае лапы, тармозiць за плечы, глядзiць у вочы: "Пазнаю. Пазнаю. Той самы. Выздаравiў? Цi не? Ну, ня злуйся. Вiтаю з паваротам. Рады бачыць цябе, Мiкола. Рады, што цэл i неўрядзiм".

Прывiтваецца з бацькам, з мацi, з сястрой. "Даўно ня бачылiся, Лявонавiч, а? Я ўжо не гавару пра Мiколу. З iм гадкоў з пяць. Цi ня так? Але паглядзеце, Лявонавiч, ён цяпер рыхтык сiбiрскi чалавек. Падужэў целам". I да мяне: "Спадзяюся i - духам. Я ў пiльнай справе да цябе, Мiкола".

Тымчасам мы ўсадзiлi Вяркеева за стол, i я пабачыў знаёмага мне чалавека энэргiчнага ў рухах, жывога, рашучага, можа трохi пастарэлага i агрубелага аблiччам. Ня ведаючы яшчэ, як мне паставiцца да яго, стараюся быць стрыманым, але не магу - нешта мяне трывожыць, я рады i ня рады яго прыходу, ведаю, што не дзеля нашай нейкай дружбы завiтаў ён да нас, да мяне.

– Ня шкодзiла-б i выпiць за Мiколу, ды няма болей каперацiву ў Мокрым.

Бацька вылазiць з-за стала. Iдзе ў сенцы. Вяртаецца адтуль з пляшкай гарэлкi.

– Узнаю Лявонавiча!

Вяркееў загарэўся. Пацiрае рукi.

– Але аднэй гарэлкай, Лявонавiч, Мiкола сёньня ў мяне не адкупiцца.

I як-бы спахвацiўшыся:

– Няма чым зацемнiць вокны. А то яшчэ якi палiцай нарвецца. Хоць з Мiколам мне ня страшна - гэта-ж яго цяпер улада, - засьмяяўся.

Уквелены, я адказваю яму:

– У мяне ня было i няма нiякай улады. Улада твая.

– Ну чаго ты ўсьпятушыўся - жартую.

Бацька разьлiў у шклянкi гарэлку.

– Ну дык за што вып'ем?
– узьняўшы шклянку, пытаецца Вяркееў.
– Я ўсё-ткi за Мiколу. За ягоныя пакуты.

– Ды так-жа, - адказаў бацька.

Выпiлi за "мае пакуты". Бацька й пытаецца:

– А дзе-ж вы сiчас, Сямёнавiч?

– Я не хаваюся, Лявонавiч - у лесе, у партызанах, у партызанскiм штабе. Напужаў?

– Ды не. Чаго-ж? Ета ўсё харашо, а вот атбiраць, Сямёнавiч, у людзей што-б там нi было - нi гадзiцца.

– Мы не адбiраем, Лявонавiч. У вас мы ўзялi што-небудзь?

– Узялi. Сёньня-ж.

– Што ў вас узялi?

– Кабыла нядаўна ажарабiлася, дык дзяцёнка ад яе атнялi. На мяса! Нашто-ж болей? Прагаладалiся?

Бацька сказаў гэта зьядлiва i Вяркееў ня ўзьлюбiў:

– Так, мы церпiм i голад, Лявонавiч. Не сакрэт. I калi нам нехта не спагадае, ня хоча дапамагчы нам, мы i - адбiраем. Скажу вам больш - i забiваем. Бо забiваюць нас. Пашчады нiкому, хто стаў на бок ворага.
– Зiрнуў на мяне: - Ты ня вораг! Да ворага я ня прыйшоў-бы i ня сеў-бы за стол. Ня прыняў-бы пачастунку.

– А вот-жа ўпяклi чалавека ў турму. За што? Вораг? I цяпер, калi чалавек прыйшоў, дык зноў пагражаюць. Спакою нiма. Чалавек не начуе ўжо ў хаце. Мусiць хавацца.

– Хто пагражае?

– Вашы-ж.

Вяркееў перапынiў гаворку з бацькам. Зьвярнуўся да мяне:

– Бачу, тут нейкае непаразуменьне, Мiкола. Хачу пагаварыць з табою сам-на сам. Лявонавiч, выбачайце. Мы выйдзем з Мiколам. Пагаворым. Прагуляемся.

Мацi й сястра трывожна пераглянулiся мiжсобку, а бацька:

– Iдзеце сабе. Вы свой чалавек i можа што парадзiце нам.

Мы выйшлi на двор.

– Ты ня бойся мяне. Я цябе не здраджаў. Спадзяюся i ты ня здрадзiш мяне. Куды пойдзем? Куды-небудзь на бок. Дык хто табе пагражае?

Поделиться с друзьями: