I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)
Шрифт:
Усё iдзе, як мае быць. Толькi ня йдзе яно як мае быць са мною. Дусю я не магу ўвесьцi ў сваю хату, як належылася-б. Не магу, бо ня сёньня дык заўтра пакiнеш яе, сваю хату. Хата ўжо як не свая. Мне ўжо позна шукаць магчымасьцяў, якiя-б дазволiлi мне заставацца тут. Я не магу парайначваць сябе. Я апынуўся зноў на фатальнай дарозе. Быў час, калi мне давалi магчымасьць падумаць. Але я не хацеў думаць. Я жыву ў бяздум'i, аддаюся яму. Я спазнаў найвышэйшую асалоду ў бяздум'i i не хачу выходзiць з яго. Я знайшоў яго ў поўнай аддачы сябе некаму другому. Той другi пайшоў насустрач мне i абодвы мы, праглынутыя тым бяздум'ем, правалiлiся ў iм. Што - я прыходжу цяпер да разуму? Не, мой позьнi розум ужо не дапаможа мне. Мяне вядзе маё бяздумнае я. Мяне ўжо мо й забылi каму я патрэбны?
– але я ўсё хаваюся ад iх. Я баязьлiвец? Ня мужчына? Не салдат? Ня патрыёт? Нездарма-ж я прызнаваўся сваiм сябрам, што я - Мечык з Фадзееўскага "Разгрому", якi, ухiляючыся ад бою, хаваўся ў кустох, каб не загiнуць. Мой сьледчы дакараў мяне гэтым, разглядаў гэта як здраду радзiме. I сапраўды, я хаваюся ў кустох. Я не для бою. Я для нечага iншага. Я схаваўся пад крылом жанчыны. Я ў палоне жаночага. У мяне яно было прапушчана, i цяпер я не магу адарвацца ад яго.
Я не начую ў хаце. Лета ўва ўсёй свае красе, i я начую ў полi, як некалi, калi я быў малым i вадзiў у начное коняй. Надыходзiць вечар, i я, адпаведна апрануўшыся, iду ў ноч. Яна поўны мой уладар i ахоўца. Я спасьцiг ейную мову цiшынi, ейны таемны ход i я не баюся начы. Я з ёю заадно. Я болей углядаюся ў начное неба, як сплю. Над маёй галавой асыпаецца зорны пыл. Я любуюся i замiраю, глядзячы, як каторая з iх, сарваўшыся, падае ў бездань, пакiдаючы за сабой агнiсты сьлед.
Ранiцою я вяртаюся дахаты i калi бачу сястру, выйшаўшую на наш агарод, значыць - усё ў парадку, магу заходзiць у хату. Нiхто мяне не падпiльноўвае. Днём я працую ў полi на вiдавоку - калi-б ехалi адкуль партызаны, можна схавацца. У полi яны не бяруць людзей. Ня тое, што ў хаце, дзе цябе яны могуць заўсёды зашчучыць. Але часьцей за ўсё ранiцою я чакаю на Дусю. Заходжу на iхную сенажаць, што за выганам. Адсюль я бачу нават iхную хату. Сонца, ўзьняўшыся, добра ўжо сьвецiць, пад iм заблiшчэла, замiгцела блакiтным вогнiвам раса. Абрасяненыя, выпаўзаюць на кветкi пчолы. Спакой. Нiдзе навокал нiкога. Толькi дзесьцi ў жыце манiць сваiх дзяцей перапёлка. Узьняўшыся, я гляджу на выган, цi ня йдзе Дуся. Iхная хата насупраць выгану i калi яна ўвойдзе ў яго, я буду бачыць яе. Вось, бачу - iдзе: трымае - неяк высока - на руках Васiлька, сьпяшаецца. Махаю ёй рукой, каб бачыла, дзе я. Васiлёк ужо вялiкi - можа сядзець. Дуся заўсёды прыносiць усё патрэбнае для яго. Васiлёк пазнае мяне - усьмiхаецца, трэпае ручкамi. Мы содзiм яго, падклаўшы нешта, на траву, мiж красак, даём цацку i ён бразгае ёю, глядзiць, забаўляецца. Дуся ў лёгкай сукенцы, уся правеўная, лёгкая, даступная, садзiцца побач мяне на маё начное ўбраньне. Мы хочам адзiн аднога i доўга ляжым, забыўшыся на Васiлька, нам сьцiшна i ўтульна, ляжiм аж пакуль закрычыць Васiлёк. Узьнiмаемся. Суцяшаем яго, бавiмся самi з iм. Адчуваньне, што мы адны, што мы ў полi, сярод такога прыгаства, i што чуем недзе перапёлку з яе парапялятамi, заварожвае нас i мы аддаёмся гэтаму адчуваньню, свабодныя i радыя. I мы ня думаем, што ёсьць недзе iншае жыцьцё, суровае i страшнае, якога трэба баяцца, ад якога трэба хавацца, берагчыся. У нас сваё жыцьцё. Ёсьць Васiлёк, ёсьць мы, а тое, што трэба нам сустракацца ў полi - нас нiколькi ня дзiвiць. Мы жывём як-бы на асобнай, сваёй пляцоўцы жыцьця, адгароджанай ад iншых. Дусi падабаецца быць у полi. Яна кажа, што яна як-бы вярнулася да сваiх гусiных часоў. З замiлаваньнем i нейкiм шкадаваньнем прыгадвае тое месца, дзе мы калiсьцi сядзелi з ёю ў траве, прыгадвае божую кароўку, што перапаўзала з мае травiнкi ёй на палец. Тое адчуваньне казытлiвасьцi адзываецца ў яе i цяпер. Ня раз мы хадзiлi на тое месца. Але цяпер яно выглядае iнакш, таго, што было тады, нямаш.
Дуся прыносiць з сабой i яду, i мы тады застаемся ў полi даўжэй. Да паўдня сходзiм яго ўсё. Гэта-ж тое самае поле, якiм я бег, уцякаючы ад партызана, што страляў па мне. Дуся дакладна вызначае мой сьлед, той сьлед, iдучы якiм, яна знайшла мяне з Дар'яй у Вiроўцы. Гэтай вясной, калi сагнала сьнег, яна змагла сабраць усе гiльзы ад тых куль, што былi выпушчаны па мне. Яны клалiся радком i Дуся лёгка знаходзiла iх. З падваконьнiку ў нашай хаце, дзе яны цяпер ляжаць, iх нiхто ня прыймае. Калi сястра, выцiраючы пыл, закране iх, яны скрануцца i пакоцяцца, каб потым зноў супакоiцца.
Я люблю глядзець, як Дуся, седзячы ў траве, кормiць Васiлька. Вынiмiць, вызвалiць свае цыцы i дае яму, ён рупна бярэцца за сваё i, задаволiўшыся, засынае ў яе на руках. Калi яна кормiць яго, яна сьцiшаецца, як-бы прыслухоўваецца, замiрае, аддаецца яму ўся i чуе, як Васiлёк яе цягне. Гэты цяг ёй дужа падабаецца. Гаворыць: "Няхай цягне, набiраецца сiлы, дужэе, расьце".
Дзень пачаўся нязвычайным зьявiшчам. Густа ўкрылася самалётамi неба над Мокрым. Нiзка лятуць i садзяцца дзесьцi недалёка, за лесам. А адтуль, з-за лесу, узьнiмаюцца iншыя, iдуць насустрач. Разьмiнаюцца. Як адны, гэтак i другiя - нямецкiя самалёты. Плаўна iдуць над вёскай, пакалыхваюцца пузам, аглушаюць навакольле. На тых, што ўзьнiмаюцца з-за лесу - чырвоныя крыжы: вязуць параненых. Што йдуць туды - на тых падмацаваньне. Усiх iх гэтулькi, што ад iх цёмна ў небе. Ценi ад iх пнуцца па зямлi. Праляцiць адна хваля, а за ёю - другая. Хоць яны йдуць над Мокрым няхутка - усё роўна як плывуць - але яны лятуць у сьпешцы, быццам ад таго, як яны справяцца, залежыць быць iм цi ня быць. Там, куды яны лятуць, iдзе гарачае жнiва - крывавы бой, у разьзяўленае жэрла якога кiдаюцца ўсё новыя i новыя ахвяры, i самалёты з чырвонымi крыжамi, здаецца, не спраўляюцца вывозiць iх адтуль. Тыя, што йдуць туды, зьнiжаючыся над лесам, здаецца, спаўзаюць па ягоных верхавiнах унiз. А адтуль выныраюць iншыя. Узьняўшыся настолькi, каб не зачапiцца за дрэвы, яны пралятаюць над хатамi гэтак нiзка, што здаецца гатовы ўсмактаць iх. Яшчэ людзi не пасьпелi выгнаць статак на поле, i ён з перапуду шалее ў хлявох. Людзi, што дасюль ня бачылi вайны, мiрна сядзелi ў сваiм забалоцьцi, напалоханыя гэтым насланьнём, ня ведаюць цяпер, што дзеецца. Але вось, як па якой камандзе, лёт перапынiўся. Нi туды, нi адтуль - нiводнага самалёту. Людзi высыпалi на вулiцу, зьдзiўленыя i напалоханыя. Пытаюцца адзiн у ваднога - што гэта будзе? Iнвалiд Першай сусьветнай вайны, Вусаты Якаў, акружаны бабамi, тлумачыць: нашы здорава дзяруцца, душна немцу, дык i ратуюцца во. Гэта ясна. Праз дзень-два - пабачыце - нашыя будуць тут. Немец не ўратуецца. Бачаце, як яго калоцiць лiхарадка.
Але па абедзе самалёты хлынулi зноў гэтак-жа нечакана, як i ранiцою. Толькi самалёты ўжо iншыя - чорныя, цяжкiя, раўма равуць, рэжуць неба, магутныя. З-за лесу, як-бы з-пад зямлi, крута ўзьляцела ў неба некалькi малых самалётаў. Яны разьвярнулiся ў небе, iмклiва i рашуча, у вадно iмгненьне, шчапiлiся ў бiтве i адзiн з iх, з хвастом дыму i скогатам упаў на лес. Бiтва iшла высока ў небе. Мiж кiм яна йшла - людзi з Мокрага ня ведалi. Толькi бачна было, што з малымi самалётамi шчапiлiся iншыя, такiя-ж малыя самалёты. I было страшна глядзець, як яны рэзалiся, узьляталi, падалi, зноў узьляталi. У ваднаго з iх адарвалася крыло, i самалёт тарчма ўпаў у Махавое балота. Бой трываў нядоўга, адна з старон - чыя яна?
– вiдаць было, не ўстаяла i змылася з неба гэтак-жа хутка, як i наляцела.
Надзвычайнае вiдовiшча, пра якое я толькi што гаварыў, застала мяне з Дусяй i Васiльком у полi. Дуся прыйшла рана, калi было яшчэ ўсё спакойна. Я быў зьдзiўлены, калi заўважыў яе з Васiльком яшчэ ў выгане i ў страху падумаў, што нешта здарылася нядобрае. Ужо па тым, як яна iшла, па ейнай паходцы, зразумеў - ня з добрымi весьцямi. Пабег ёй насустрач i Дуся ў сьлязах: "Бугроў!" Бяру ў яе Васiлька. Выцiраючы сьлёзы, яна: "...прыставаў, пагражаў. Я кармiла якраз Васiлька - праснуўся ўначы i не хацеў спаць. Колькi ня люляла, не хацеў ляжаць у люльцы - прасiўся на рукi. Чую - нехта пачаў тармасiць дзьверы. Бацька зьлез з печы - адчыняе: наставiўшы на бацьку лiхтарык, улазiць Бугроў i з iм яшчэ нейкiх двое. Я як трымала на руках Васiлька, так i засталася сядзець з iм на ложку. Адразу да мяне - ад яго тхнула гарэлка "Пазнаеш гэтага рабёнка"? Уталопiўся ў Васiлька: "Так табе гэта ня пройдзе!" I сунецца да мяне. Я ў крык i, прыцiскаючы Васiлька да грудзей, адсоўваюся задам да сьцяны. Бацька як стаяў сярод хаты, схапiў у парозе таўкач i, замахнуўшыся, гатовы быў выцяць яго ззаду, ды тыя двое, што стаялi таксама з лiхтарыкамi, схапiлi бацьку i навотмаш кiнулi на падлогу. Мацi кiнулася да мяне. Засланяе мяне. Крычыць на ўвесь голас: "Людзi добрыя, ратуйце! Памажэце, людзi добрыя!" Бугроў аголтаўся. Адступiў. Бацька, устаўшы, падыйшоў да яго: "Што табе трэба ў нас? Выйдзi, прашу цябе па добраму!" Калоцiцца ўвесь. Не можа стрымацца. Двое тыя кiўнулi Бугрову галавой - адыходзiць! Ён-жа не йдзе. Абазваў мяне абiднымi словамi. I ў парозе ўсё яшчэ крычаў: "Пазнаеш па чым хунт табаку!" Выходзячы, тыя двое паказалi бацьку на таўкач: "Глядзi, каб ён не пахадзiў па тваёй галаве." I выйшлi".
Дуся абыймае мяне i ў плачы просiць: "Юзiк, калi ты любiш мяне, калi табе дораг Васiлёк, пойдзем адсюль. Пойдзем, куды хочаш, абы ня быць тут. Мы ня можам заставацца тут. Ён азьвярэў, седзячы ў лесе. Ён уходаець i мяне, i Васiлька, i цябе. Яму трэба людзкая кроў. Куды нам дзецца, Юзiк? Шукай для нас мейсца. Чаго-ж мы тут дачакаемся?"
Плача... З Васiльком на руцэ прыцiскаю Дусю да сябе. Яна ўхапiлася за нас, абаiх, а тут - самалёты. Адкуль нi ўзялiся, наплываюць. Сунуцца. Адзiн па адным. Хвалямi. Пакрываюць неба. Гудуць. Нiзка. Над самай галавой. Дуся ў бяспамцьстве - што i адкуль? Хапаецца за Васiлька. У сполаху глядзiць на мяне. Гавару ёй: "Ня бойся. Нас не зачэпяць. Пралятуць".
Толькi, калi ачысьцiлася неба ад самалётаў, сьцiх iхны гул, мы пакiнулi поле. Прыйшлi да Дусi ў хату. Пiлiп i Хiма былi ў засмучэньнi i, вiдаць, ня надта задаволеныя мною. Хiма зноў пачала зьвяртацца да мяне: "Масеевiч".
– Масеевiч, трэба-ж нешта думаць. Не пакiдаць-жа Дусю з дзiцем на страд.
Яго бачылi, як ён iшоў па вулiцы - адкрыта, не хаваючыся, спаважна. Ён iшоў так, каб яго прыкмецiлi, каб яго пазналi, хто ён такi. Iшоў, нiкога i нiчога не баючыся - сярод белага дня. Не аглядаўся па бакох - iшоў проста па вулiцы, акамянелы i суровы. Iшоў не пазiраючы ў вокны, але з выглядам, што ён усё бачыць, ведае, чым хто дыша, каго хто чакаў, на што спадзяваўся. Апаясаны патранташам i з наганам пры боку, ён дэманстраваў свой паварот, паказваў, што ён ня згiнуў, прыйшоў во i будзе тут, як i быў. Уся ягоная постаць гаварыла, што скончыўся час у тых, хто яго ўжо не чакаў. Прайшоўшы вулiцу з канца ў канец, ён вярнуўся, каб прайсьцi яе яшчэ раз. Дайшоў да будынку сельсавету, узыйшоў на ганак i, як гаспадар, азiрнуўся навокал - глядзiце, як стаяў я тут, так i стаю. Сыйшоўшы з ганку, агледзеў звонку колiшнюю сваю рэзыдэнцыю - вокны з пустымi праёмамi i ўзломаным франтонам. Глядзеў, упэўнены, што яго бачаць i што ягоная прысутнасьць робiць адпаведнае ўражаньне. Пастаяў перад апусьцелым i разгромленым Сельпо. Пайшоў на мост, каб прайсьцiся i па вулiцы Мокрага Другога. З мосту яшчэ зiрнуў на школу, што паказалася яму вызваленымi ад бляхi страпiламi. Уступiў у вулiцу. Коўратаў, якiмi яна зачынялася, няма. Направа i налева - першыя, знаёмыя яму хаты. Ён не аднойчы быў у iх. Выпiваў. Абмяркоўваў важныя пытаньнi з людзьмi, блiзкiмi яму. Наступная хата зьлева... Ён ня можа ўстрымацца, каб ня кiнуць вокам на яе. Кiнуў - а там, у вакне, матнулася нечая постаць. Убачылi яго? Яшчэ пабачаць! Пайшоў далей, у самы канец вулiцы.
Лявонавiч думаў, што ён будзе вяртацца назад - вулiца-ж канчаецца абрывам - але, колькi ён нi стаяў перад вакном, яго болей ня вiдно было. Паказаўся i зьнiк. Навёў страху i пайшоў, пакiнуўшы загадку пра сябе. Але тут ня было нiякай загадкi. Бронь пачала вылазiць з лесу, адкрыта паказвацца на вачох. Чуваць ужо дыханьне фронту, пахне крывёю, сасьмяглым жалезам i порахам. Глуха ўздыхае зямля. Туды i назад шнуруюць самалёты. У Касьцюковiчы прыбываюць няспыннай чарадою амбулянсы з параненымi, акрываўленымi немцамi. Партызаны паралiзавалi чыгунку. Iм трэба чым-небудзь апраўдаць сваё доўгае сядзеньне ў лясох. Прыйдуць свае i ў iх запытаюцца, што яны рабiлi, якiя iх баявыя дзеяньнi, змагалiся яны цi хавалiся пад спаднiцамi, каго яны болей зьнiшчылi немцаў цi сваiх. Яны зашавалiлiся, рыскаюць па ўсiх дарогах, ловяць, затрымлiваюць, дапытваюць. Яны думаюць - пра iх даносяць ворагу. Яны надта пiльныя. У тыле ворага яны стварылi спрыяльныя перадумовы для пасьпяховага наступу Чырвонай армii. Ачысьцiлi тыл ад здраднiцкiх элемэнтаў. Ведаюць усё, дзе якая небясьпека i як яе папярэдзiць. Яны падрыхтавалi насельнiцтва для сустрэчы пераможнага шэсьця Чырвонай армii. Яны няздарма пралiвалi кроў - сваю i чужую, пакутвалi, мёрзьлi, гэтымi iхнымi пакутамi забясьпечана перамога.
Мокрае Першае i Другое жылi дасюль няпрыкметным жыцьцём. Яно iшло на глыбiнi, недаступнай пабочнаму воку, было прыглушаным i цiхiм. Вёскi жылi ў няведаньнi, у чаканьнi свайго лёсу. I вось яны дачакалiся: спакутваныя воiны iдуць да iх, нясуць iм вызваленьне, хоць iх i няма ад чаго вызваляць. Яны былi тут забытыя, пакiнутыя на самiх сябе. Ды радасьць, а з ёй разам i трывога разварушылi збалелыя душы: "Нашыя йдуць. Слава Богу, вяртаюцца. Iдуць да матак сваiх i сясьцёр, да жонак i нявестаў сваiх. Iдуць сасьмяглыя, зьнясiленыя, спакутваныя. Няма слоў радасьцi i гору нашаму. А цi-ж вернецца мой? А цi-ж вернуцца мае? А цi-ж вернуцца ўсе, што пайшлi адсюль? Ой, ня ўсе вернуцца! Ой, ня ўсе прыйдуць! Густа ляглi яны. Усю зямлю ўкрылi".
Вайна далёка была - боль тупейшы быў. А наблiзiлася, кроўю, потам запахла - сэрца разрываецца: цi пабачу свайго? Цi ўгледжу? Я-ж сьнiла яго жывым i цэлым. Бачыла такiм, якiм ён пайшоў. А мо прыйдзе i пойдзе далей, не пабачыўшыся са мною? Яшчэ далёкая дарога ў яго.
Лявонавiч нiкога не чакаў - у яго ня было такой радасьцi. У яго было засмучэньне. Нехта прыйдзе, вернецца сюды, на сваё селiшча, а ён мусiць пакiдаць сваё. Ён ня хоча глядзець у вочы тым, хто прыйдзе. Ён спадзяваўся на iншае, а яно не наступiла. Ён ня хоча, каб над iм насьмiхалiся. Ён лепей пойдзе адсюль у сьвет, захавае свой боль пры сабе. Няхай ведаюць, што я нескароны. Мо скажуць - i я быў-бы ўсьцешаны тым - пакiнуў усё сваё, а даказаў. Такi быў ён, гэты пакутлiвы i абыйдзены шчасьцем чалавек. Нат шкада яго.