Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Каханы горад (на белорусском языке)
Шрифт:

"Значыцца, кажны з нас у iхным сполаху ў дзесяць вырас", - невясёла думалася Юрку. Зрэшты, ён, Юрка, - ня толькi за дзесяць - за сто, за тысячу нарабiў адзiн, бо - такое-ж, зусiм непапраўнае... За тысячу "гадаў", "свалачуноў"...

"Качка" маўчаў, а за часiну станоўка заявiў:

– Ну, пайду, бывай здароў. Як адыйдзеш ад гэтага, заходзься як падвечар, пагаворым. Ведаеш-жа, дзе - там, дзе й жыў, - i "Качка" паказаў яшчэ рукой у тым кiрунку. Але Юрку здалося цяпер найстрашнейшым застацца зноў самому аднаму. Ён узяў Юшкаву руку, пададзеную на разьвiтаньне, i затрымаў яе. У яго зьявiлася раптам думка пашукаць хоць якога, на часiнку, адхланьня.

– Цi няма тут, каб дзе выпiць?

– Уга, чаму не, гэтага цяпер у нас усюды, - ажывiўся тут i "Качка". Вось, якраз недалёка, за рогам кнайпа.

Iзноў было незразумелае слова, але лёгка можна было здагадацца - пэўна-ж, карчма.

– Дык можа пайшлi-б разам? Адзначым нашае спатканьне i твой "законны" цi незаконны, ня ведаю, як там у вас, - запрапанаваў Юрка, спрабуючы жартаваць сваiм звычаем, ды цяпер навет у голасе была адна нацягнутасьць i штучнасьць..

– I за Верачкiнае душачкi вечны супакой... Дый сьвята якраз - шмат прычынаў складаецца, дык хiба - можна!
– згадзiўся Юшка. Ён зусiм не спасьцярог дурное нетактоўнасьцi таго свайго ўспамiнаньня пра Веру, а Юрку гэта адразу абурыла так, што ён ледзь не размахнуўся ўжо, каб згарачага "качануць" гэтую, плюгавую яму раптам, "Качку". Якое ён мае права кпiць iз гэтага так, якое меў i мае права наагул да Яе - да Веры - кранацца сваiм дурным, "каччыным" тупаслоўем? Але-ж сам ён, Юрка, цi ня меншае яшчэ права мае цяпер? Забойца... I, ня ўзьняўшыся, мусiла апусьцiцца рука, хоць жаданьне даць усё-ж "у мызу" гэтаму iдыёту, проста так, залегла нейдзе ў глыбi.

Як праходзiлi паўз могiлкi, Юшка зноў загаманiў.

– А на могiлкi колькi ўсадзiлi - i чаго? Нябожчыкам ужо быту не даюць, ня тое, каб жывым. I ведаеш, якая здарылася праява? Памятаеш-жа, атруцiўся калiсьцi наш хэмiк, а мы злажылiся й паставiлi яму на магiлцы помнiк iз чырвонаю зоркаю? Дык бомба якраз акуратненька адбiла да лiха гэную зорку. Значыцца, вось якi знак! Праява, цуд, Божы цуд!

"Цаляў у крыжык, а лучыў у савецкую зорку - таксама знак?" - I Юрку прыкра прыгадалася ягонае ўчарайшае дарэмнае паляваньне на "крыжык", i як нядобра зрабiлася раптам тады...

– А ты што, верыш у цуды?
– спытаўся ён, успомнiўшы, што ў школе-ж гэты "Качка" быў "упаўнаважаным" "Бязбожнiка". Праўда, што ўся ягоная "работа" палягала вылучна бадай на зьбiраньнi сяброўскiх складак...

– А як-жа, што ты, увяраю. Мае бацькi заўсёды былi "рэгiлiёзныя"...

"Скончыў дзесяцiгодку, а й такога слова правiльна ня вымавiць", мiльганула ў Юркi.

– ...i мяне, хоць крыючыся, а так гадавалi. Дый, падумаўшы-ткi, нешта ёсьць...

"Нешта ёсьць", - прыгадалася зноў учарайшае Юрку.

– Нешта й тут знойдзем, ня можа быць, - ня даў далей думаць "Качка", адчыняючы дзьверы ў нейкi цёмны калiдорчык.
– Форзыхт, прыступкi! Налева!

Яны ўвайшлi ў поўную людзей, дыму, чаду й п'яное гаманы "кнайпу".

XI

Юрка адразу выпiў адным духам поўную шклянку нейкае, мусiць, самагонкi, даволi-ткi гадкае на смак. "Качка", хоць i дужа хвалiў яе перад гэтым i, вiдаць, вельмi хацеў дараўнавацца ў выпiвацкiм гэройсьцьве Юрку, адужаў усяго ледзь палавiну. Закусiлi кiслай капустай, ужо, праўда, вельмi смачной, як умеюць яе квасiць хiба што толькi ў нас у Беларусi.

Гарэлка анi не ўзяла Юрку, i ён моўчкi, панура разглядаўся па "кнайпе" i ейных гасьцёх, хоць за густым, ядучым дымам разнастайнага тытуну ваеннае прадукцыi й цяжка было каго цi што разгледзець. Паўтарылi яшчэ. "Качка", падплятаючы ўжо крыху языком, пачаў "раскрываць сваю душу" перад Юркам. Цяпер ён канчальна стаецца вынаходнiкам - ягонае, яшчэ школьнае лятуценьне, хоць якраз фiзыка давалася яму ў школе туга, i як сьлед "вынаходнiк", пэўна, i цяпер яе ня ведаў ды ня мог-бы даць рады з прасьценькiм разьлiкам. Ды дармо у яго ўжо разьлiчаны й зусiм распрацаваны такi вынахад, такi вынахад... Поўны пераварот у сьвеце, а найперш - у гэтай вайне. Борздая перамога новай Эўропы над бальшавiзмам, над плютакратамi, а адкуль? Зь Беларусi, якая тым самым заваюе сабе першае месца ў гэтай новай Эўропе. А патэнт у каго? У Беларусi, у Юшкi Кiпця ў руках. "У кiпцях", - панура мiльганула ў Юркi, баржджэй ад прывычкi да гульнi словаў, i ён таксама паглядзеў на "Качкавы" кiпцi з густой чорна-сiняй "жалобай" пад iмi... Але-ж, жалоба - гэта ў яго, у Юркi, запраўдная жалоба, чорна-чорная...

А "вынаходнiк" хвалiўся далей, што пачаў ужо будаваць мадэль свайго нязвычайнага вынахаду. Праўда, тугавата з гэтым - вайна, правiнцыя, няма патрэбных частак, матар'ялаў, майстроў... Юрка слухаў яго зусiм бязуважна, горка думаючы пра тую сваю жалобу, i "Качка" мусiў нагнуцца да яго блiзенька, узяць за штрыфлi марынаркi й адкрыць яму ўжо сакрэт, калi таму так ужо цiкава, хоць цiкавасьць гэтая анiчым яшчэ ня выявiлася, а баржджэй наадварот, пачынала паказвацца абрыджонасьць. I Юрка моўчкi, але станоўка, адчапiў Юшкавы пальцы-кiпцi ад сваiх штрыфляў. Ну, калi Юрка ўжо так хоча, дык яму скажацца: гэта мае быць - груба кажучы, толькi груба, як ляiку - вялiзарны магнэс, якi мамэнтальна прыцягвае да сябе, ськiдае далоў на зямлю самалёты. Га, што за штучка? Адразу перамога на тым баку, якi будзе мець гэткую машыну: ворагавая авiяцыя спаралiжаваная, свая дзеiць бесьперашкодна, i ўсё ў шапцы. А тады Юшка возьмецца за другi, яшчэ большы вынахад, якi ў iдэi ў яго зусiм гатовы й прынясе шчасьце ўжо цэламу, чалавецтву, ды зноў-жа - з рук Беларусi, зь ягоных, Юшкавых рук... Гэта няпраўда, што вечны рухавiк - "пэрпэтуй мабiль", сказаў "Качка" - немагчымы. Ён давёў адваротнае, усё выходзiць... А тады ого, тады! Тады Юшку даецца ўся ўлада ў рукi - ну, значыцца, пiшацца паперка, што ўся ўлада - Юшку, i ён уладжвае ўсё пасвойму. Трэба мець толькi ўладу, ну, паперку, i ўся маса пойдзе за табою. Калi адразу й ня надта захоча йсьцi можна крышку й падашукаць, як бальшавiкi ў сямнаццатым годзе...

Юрка ўсёроўна ня слухаў, i "Качка" крыху перасьцiх. Але неўзабаве, выснаваўшы, мабыць, iз свайго разумаваньня над прычынаю Юркавае бязуважнасьцi да такiх цiкавых пытаньняў, ён выпалiў:

– Начхнi ты на гэтую Верку, браце. I яна зусiм спэцкалася была апошнiм часам, iз палiцыянтамi круцiць пачала, i гэта не з адным, а з двума адразу...

– Вера?
– пракруцiў ацяжэлым, яму здавалася - толькi цяпер, языком Юрка. У яго зноў уздымалася аднекуль iз глыбi залеглае там яшчэ раней жаданьне таксама цяжка аплявушыць гэтага болбатня.

– Ну але. Вунь, адзiн зь iх цi не сядзiць у тэй кумпанii, - "Качка" паказаў галавой у кут. Юрка зiрнуў туды. Там сядзелi й гаманiлi ўсе адразу, мусiць, добра ўжо пацягнуўшы, нейкiя маладыя хлапцы ў чорнай, вайсковага тыпу ўнiформе. "Дык гэта такiя ў iх палiцыянты, - падумалася Юрку, - добра ведаць!" - хоць ён i ня мог-бы вытлумачыць, чаму гэта яму "добра ведаць". I раптам Юрка прыцягнуў ужо "Качку" за штрыфлi, як той Юрку перад тым, толькi мацней, i пачаў, i сам ня ведаючы наперад, што скажа й што так - i перад кiм? прагаворыцца:

– А ты... ведаеш, адкуль я й чаго?

– Ну-у?
– аж спалохаўся i, так i застаўшыся разьзяўленым, працягнуў "Качка". Ён успомнiў, што праўда, пытаўся аб гэтым Юрку, але цi не дачакаўся адказу, цi забыўся...

I Юрка, ня зусiм гладка ўжо i зь перапынкамi, зь пераскокамi, проста ў Юшкаву разьзяўленую губу - як-бы той мусiў слухаць i чуць ёй, а ня вушыма, вылажыў усю праўду аб сваiх учарайшых i сяньняшнiх прыгодах.

– Iдзi ты!
– толькi працягнуў, усё яшчэ ня верачы, "Качка".

– То-ж бо й то, што няма цяпер, зусiм няма куды йсьцi, - працадзiў Юрка й змоўк. Абодва нейкi час маўчалi. "Качка", вiдаць, стараўся ператравiць такую неспадзяваную й адразу неверагодную, а разам iз тым - чаму не праўдападобную?
– Юркаву гiсторыю.

– Дык кажаш, iз парашутам - дальбог?
– працягнуў ён нарэшце. Юрка толькi моўчкi i ўжо зусiм пап'яному целяпнуў галавой. Iзноў маўчалi. Тады "Качка" раптам пачаў ёрзаць на сваiм месцы, а далей устаў i ўзяўся за капяляюш.

– Дык я... тут зараз... нешта капуста пушыць. Ты пачакай гэтта, - ён панёс капялюш да галавы, але, не данёсшы - вiдаць, раздумаўшыся, апусьцiў i паклаў на свой услон.
– Хай гэта тут... будзе занята, як хто - скажаш: "Бэзэц!" Я вомiрг!
– Юрка зноў целяпнуў галавой, i "Качка", з павялiчанай яшчэ больш цяпер амплiтудай свае валюхатае хады, паплыў да выйсьця, манэўруючы мiж п'янымi й яшчэ цьвярозымi.

Поделиться с друзьями: