ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Па сёмусе прыйшоў русальны тыдзень.

Азярышчанскія дзеўкі звівалі вянкі і вешалі іх на бярозах. А хлопцы неслі на зялёных насілках у бярозвавы гай абраную ўсімі русалку: самую ладную дзяўчынку, якая знайшлася ў Азярышчы, трынаццацігадовую Яньку Кагут.

У белым рубку [16] да лытак, з доўгімі, ледзь не да каленяў, распушчанымі валасамі, яна пагойдвалася ў сінім небе, вышэй за ўсіх. І свежы, пяшчотны тварык дзяўчыны ўсміхнуўся сонцу, нівам і зялёным гаям.

16

Рубок — тонкае жаночае адзенне накшталт доўгай сарочкі.

А за ёю ішла ў вянках яе прыгожая світа.

…Палілі агні. Кідалі ў іх вянкі. Дзяўчаты ўцякалі ад Янькі, а яна лавіла іх і казытала. Дзеўкі ў парах гулялі з хлопцамі.

Не абышлося i без бойкi. Сутыкнулiся за Галiнку Янук Лапата i Кагутовы блiзнюкi. Медзведзяваты Аўтух заступiўся за брата i пачаў валяць Кандрата з Андрэем. У бойку ўлез Алесь i, на агульнае здзiўленне, даў Аўтуху такога дыхту, што той нават кiнуўся ўцякаць. Уцячы Алесь яму не даў.

Урэшце іх памірылі, хоць Янук і глядзеў ваўком… Пілі піва і скакалі ля вогнішчаў.

І ўсё гэта было весела, але весялосць была афарбавана лёгкім адценнем журбы. Магчыма, таму, што набліжаўся Ян Купала, і хоць лета было яшчэ ледзь не ў самым пачатку — усім было ясна: сонца вось-вось пойдзе на сход.

Спаляць сабраныя з двароў старыя бароны, разбітыя сані, аглоблі. Кожны дасць трохі цеплыні са свайго двара, але ўсё адно не падтрымае гэтым сонца. І, як сонца, скоціцца з высокай гары ахопленае агнём кола. Будзе каціцца ніжэй і ніжэй, а потым кане ў Дняпро і згасне.

Журба, амаль непрыкметная, жыла ва ўсім, і перш за ўсё ў травах, якія ведалі, што пасля Янавага дня ім не хаваць у сваіх нетрах Янавых ліхтарыкаў, што прыйшоў іхні час і іх пасцінаюць звонкай касой.

Утрапёнасць квітнення, песень і пацалункаў скончылася. На яе месца прыйшло задумлівае чаканне плёну.

І таму на кветках, на вярбовых косах, на дарогах, што заблудзіліся ў палях, панаваў спакой і лёгкі сум.

Усё было аддадзена. Усё было споўнена на зямлі.

Яны стаялі ля храма бога вод. Сонечныя, зеленаватыя плямы святла беглі па іхніх абліччах, а проста ад ног ішоў у імшаную, як мядзведзь, цёмна-зялёную цемру доўгі адхон, што ўвесь тачыўся вадой.

Ад густой зеляніны жывое срэбра струменьчыкаў здавалася зеленаватым. Журлівым звонкім халадком патыхала ў яры.

Родная зямля — гэта крыніцы. І тут было адно з незлічоных месцаў іх нараджэння.

Выйсце крыніц. Воды. Воды. Струменьчыкі, ручаіны, рака, мора. Зялёны звон пад нагамі.

— Чаму ты ўнікаеш мяне, Гелена? — спытаў Алесь.

— Я не ўнікаю.

Вочы глядзлi ўбок, вышэй Нептуна, дзе зеленаваты ад ценю струменьчык выбiваўся з зямлi.

У яе сапраўды было змарнелае і светлае аблічча. Новае, нічым не падобнае на ўсе яе іншыя абліччы.

— Сядзь, — ён пасадзіў яе на каменную лаву. — Ты… не трэба так… Ты ведаеш, я шкадую цябе, як нікога. І я не хачу быць ні з кім, акрамя цябе.

Яна адмоўна паківала галавой. Струменьчыкі звонка скакалі ў яр.

— У мяне будзе дзіця, Алесь.

Ён маўчаў, так раптам упала сэрца ад нечаканасці і дзіўнага прадчування, падобнага да прадчування бяды. Гэтага не магло быць. Ён — і дзіця.

— Я думала спачатку, што гэта памылка. І вось пераканалася. Будзе.

Бледны ад разгубленасці, ён глядзеў на яе. Гэтыя вочы, і іскрыстыя валасы, і тонкая постаць — гэта цяпер не проста яна. Гэта ўжо і ён, і тое, аб чым яшчэ ніхто нічога не ведае. Трое ў адной.

— Праўда?

Зусім неспадзявана нарадзілася недзе глыбока пад сэрцам, пачала расці, расці, узрастаць, затапіла ўрэшце ўсё на свеце, усю існасць і ўсё, што вакол, несамавітая, дурная, шалёная радасць.

У яго перахапіла дыханне. Адчуванне шчасця і ўласнай значнасці было такое вялікае, што ён тросся, захлынаючыся паветрам.

— Не можа быць… Гелена, праўда? Гелена, мілая… мілая…

Голасам, што быў поўны бязмернай пяшчоты, яна спатала:

— Ты праўда ўзрадаваны?

— Я не ведаю. Гэта — падобна… Не, гэта не радасць, — ён вінавата ўсміхнуўся. — Я ж яшчэ не ведаю, як… І яшчэ, я кахаю цябе… Як ваду і неба… Як жыццё.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Калі яны выходзілі з парку, Алесь, трохі ўжо супакоены, але па-ранейшаму нібы прасвятлелы тварам, з той самай дурной усмешкай на вуснах, раптам затрос галавою.

— Не веру.

— Тумаш няверны.

Ён вёў яе так асцярожна, нібы да радзін заставаліся лічаныя дні.

— Вось і ўсё, — сказаў ён. — Зараз пойдзем да дзеда, скажам аб усім. Потым да бацькоў. Вяселле ў першы дазволены дзень. І паедзем. Кудысьці далёка-далёка. Каб мора. Вельмі буду шкадаваць цябе.

— Алесь, — раптам сказала яна, — а ты задумаўся на хвіліну аб тым, што ты не сказаў "кахаю" мне, а сказаў яму.

Загорскі, пратэстуючы, узняў рукі. Але яна спыніла гатовыя вырвацца словы. Сказала з пяшчотай:

— І добра. Вельмі добра. Значыць, тут ты бацька, абаронца. Так і трэба.

Адчуўшы раптам, што да жаданага канца, які адсек бы мінулае, яшчэ далёка, ён сказаў:

— Вянчаемся ў Загоршчыне.

І ўбачыў, як яна, нібы з сілаю адрываючы нешта ад сябе, паківала галавою.

— Не, Алесь, на гэта я ніколі не пайду!

— Чаму? — упарта спытаў ён.

— Ды зразумейце ж вы, — нібы чужому, сказала яна, — усё добра як ёсць.

— Каму добра? — голас гучаў жорстка.

— Вам.

— Мне дрэнна. Без цябе і без яго. Удвая.

Яна спляснула далонямі.

— Мілы, мілы вы мой! Паверце мне, вы сабе хлусіце. Вы не бачыце, а я добра бачу, як вы загналі сваё пачуццё ў каменны мяшок, замкнулі. Вы не адчуваеце гэтага, вам здаецца, што вы спакойны, але вы ўвесь час слухаеце, як яно рвецца на волю, калоціцца ў дзверы.

— Не!

— Так, — сказала яна. — І ў гэтым для мяне няма крыўды. Вы думаеце, я не ведала з самага пачатку? Ведала.

Ніколі яшчэ ён не бачыў яе такой прыгожай. І чужой. Ліхаманкавыя, пяшчотныя вочы, на вуснах горкая і цёплая ўсмешка.

— Толькі вы не забывайце часам убачыць яго. Добра?

— Ты страшны чалавек, — сказаў ён. — Пазбаўляеш яго — бацькі, мяне — радасці. Мне ніхто не патрэбен, — ён змагаўся, і голас ягоны быў глухі.

— Мана, — сказала жанчына.

Ён падумаў аб тым, што сам ён, і ўсе, хто вакол, і Майка, усе яны — нявартая дробязь у параўнанні з гэтай жанчынай. Было ў ёй нешта вышэйшае за іх, звычайных. І Алесь падумаў, што яна адчувае гэтую несумяшчальнасць самой сябе і яго, Алеся.

Поделиться с друзьями: