Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
Урублеўскі ўсміхнуўся.
— I потым, чаму здзіўляцца? Я ж паляк. Як паўстанне — куды я заўсёды бягу? "До лясу". Іншай дарогі мне бог не даў. То што мне, дазваляць секчы сук, на якім сяджу?
— Ты можаш з ім і па-польску гаварыць, калі табе зручней, — сказаў Віктар. — Ён трохі ведае.
— Чаму? — сказаў Валеры. — Я па-беларуску таксама ведаю.
I скончыў па-беларуску:
— Гаварыць будзем, як выпадзе. Як будзе зручней. Праўда?
— Праўда, — сказаў Алесь.
Поціск рукі Валерыя быў прыемны і моцны.
— Ану я, — сказаў наступны, моцны хлопец са строгімі вачыма. — Дайце я гэтага дружбістага сябрука-земляка за бакі патрымаю… Здароў, малец!
Хлопец гаварыў, як гавораць беларусы з некаторых мясцін Гродзеншчыны. Не націскаючы на "а", вымаўляючы яго як нешта сярэдняе між "а" і "о" — "гэто-го". I, аднак, ён не быў падобны на "грака". Можа, з віцебскай глушыні?
"Урэшце, чорт з ім. Сімпатычны хлопец".
— Во, малец, зваліўся ты ў гэты мярлог. — Голас у хлопца быў спеўны. — Нічога, тут хлопцы добрыя. Буршаваць [23] будзем… Зваць мяне Эдмунд, як, ты скажы, нейкага там рыцара Этэльрэда. Віктар лічыць, што я памылкова з такім імем нарадзіўся ў дзевятнаццатым, што трэба было мне семсот год назад нарадзіцца. I правільна: прынамсі, не бачыў бы яго… а прозвішча маё — Вярыга…
23
Старажытны, яшчэ з XVI стагоддзя, беларускі шкалярскі выраз барбарыстычнага паходжання: сябраваць, бавіць разам час, не вельмі звяртаць увагу на вучобу, але швэндацца заўсёды разам, не даючы сябра ў крыўду.
Апошні з хлопцаў, той самы высакаваты шатэн, што паблажліва ўсміхаўся, падаў Алесю цвёрдую, але безжыццёвую руку.
— Юзаф Ямант, — сказаў ён па-польску. — Вельмі мне прыемна.
— Таксама мне прыемна, — адказаў па-польску Алесь. — Ты з дняпроўскіх Ямантаў, таварыш?
— Не.
— А адкуль? Дзе зямля таварыша?
Юзаф трохі сумеўся:
— Мой бацька павераны і аконам князя Вітгенштэйна. Маёнтак Самуэлава.
Алесь трохі здзівіўся. Выгляд у Юзафа быў такі, нібы ён сам князь Вітгенштэйн. I, аднак, Загорскі не паказаў свайго здзіўлення.
— Нешта мне знаёма тваё аблічча, Юзаф. Дзе вучыўся?
— Скончыў Віленскі шляхецкі інстытут.
— Ну от. Значыць, пэўна бачыліся. Я скончыў гімназію ля святога Яна.
— Чаму так? Вы ж князь?
— Бацькі палічылі, што лепей, калі я буду вучыцца сярод больш-менш простых і харошых хлопцаў. Каставасць і фанабэрыя — усяго гэтага і так замнога сярод дваран.
Валеры выставіў ніжнюю губу. Эдмунд Вярыга падміргнуў Алесю.
Загорскі ўбачыў, як прыпухлыя павекі хворых вачэй Яманта часта заморгалі. Юзаф змяніў тэму гаворкі.
— Пан цалкам прыстойна гаворыць па-польску. Нават з тым акцэнтам, што ўласцівы…
— Выкладчык быў з наваколля Радама, — сказаў падкрэслена Алесь. — З маёнтка Пёнкі.
— Мне вельмі прыемна, што пан вывучыў мову, на якой гаварылі яго продкі.
— Ямант-мамант, — буркнуў Вiктар Калiноўскi.
Алесь паціснуў плячыма. I тут умяшаўся ў размову Валеры.
— Зноў? — спытаў ён у Яманта. — Ану кінь! Мала табе непаразуменняў?
— Што ж мы, хлопцы, будзем з усім гэтым рабіць? — выпраўляў становішча Віктар. — Хіба Эдмунда паслаць, каб купіў у кілбаснай абрэзкаў. Там немачка маладая аж дужа яго вокам адзначыла. А як жа! У паўночным духу мужчына. Вікінг! Апалон, злеплены з тварагу!
Эдмунд смяяўся:
— А што? Хіба дрэнны?
— Для яе, відаць, не дрэнны. Ружавее, як півоня. Кніксен за кніксенам: "О, гер Вя-ры-га! Жартаўніч-ка! Што вы?!" Вось ажэнішся — мы да цябе ў госці прыйдзем, а ты сядзіш, кнасцер курыш. Дзяцей вакол — плойма. А пад галавой падушачка, і на ёй вышыта: "Morgenstunde hat Gold im Munde" — у ранняй, значыцца, гадзіне золата ў вуснах.
— А ён усё роўна да паўдня дрыхне, — падтрымаў Віктара Валеры.
— Я і кажу. I вось ён нас частуе. Адно яблыка парэзана на скрылёчкі і па ўсёй вазачцы раскладзена, каб больш было.
Вярыга не пакрыўдзіўся. Пацягнуўся і гулка ўдарыў сябе ў грудзі.
— Чэзлая ў вас, хлопцы, фантазiя. I гумар такi самы. Iмпатэнцкi. А жыццё ж багацейшае. Паўнакроўнае яно, рагоча, кпiць, жарэ. Не з вашымi мазгамi вышэй за яго ўстаць. Заходжу я туды i паважна так кажу: "Фунт кiлбасных абрэзкаў для майго сабакi". А яна мне: "Вам загарнуць цi тут будзеце есцi?.." Во як! А вы лезеце з посным рылам…
Хлопцы зарагаталі.
— Вось што, хлопцы, — сказаў Алесь. — Пакіньце вы гэты паўрубель на сняданне.
— У мяне прынцып, — сказаў Вярыга. — Нічога не адкладвай на заўтра, акрамя работы.
— Не, сур'ёзна. Хадзем да мяне. Павячэраем, пасядзім, пагамонім.
— Нязручна, — сказаў Кастусь. — Толькі прыехалі — нa табе хеўра.
— А не жэрці зручна?
— Усе збянтэжыліся.
— Ну, кіньце вы, сапраўды. — Алесь пачырванеў: пачыналася. — На апошняй станцыі яшчэ Кірдун купіў жывых ракаў. "Дзіва, кума, а не ракі. Адным ракам поўная торба… і клюшня вон тырчыць".
Вярыга абвёў усіх вачыма і падкрэслена аблізнуўся.
— Ён да цябе цяпер заўсёды хадзіць будзе, — сказаў Віктар. — Зойдзе і па-руску: "Есть есть?" А ты яму: "Есть нет".
— Калі ласка, — перасек жарт Алесь. — Заўсёды буду чакаць.
Хлопцы муляліся, але пачыналі здавацца.
— Дык, кажаш, і ракі? — спытаў Вярыга.
— I ракі.
— А да ракаў?
— Як належыць. Белае віно.
— Белае?
— Белае.
— Хлопцы, — прастагнаў Вярыга. — Хлопцы, трымайце мяне. Трымайце мяне, бо я, здаецца, не вы-тры-ма-ю.
— Вось і добра, — сказаў Алесь. — Хадзем хутчэй.
Яны ішлі Неўскай узбярэжнай. Недзе далёка за спіной гучалі галасы астатняй кампаніі. Хлопцы назнарок адсталі, каб пакінуць сяброў удвох.
— Вось і ўсё, што я магу табе сказаць, — скончыў Алесь. — Такія, як Кроер, каб менш зямлі мужык атрымаў бясплатна, шкодзяць бацькаваму праекту. Загадзя адбіраюць у хлопа палову надзела, ды яму ж, за грошы, здаюць "у арэнду". Страты ніякай. А пасля вызвалення скажуць: "Трымай, мужык, палову надзела ды не вякай…" А бацьку: "Маршалак, прабачце, але апошнія гады яны гэтай паловай не ўладалі. У арэнду бралі". Дзед на такіх сяк-так цісне, але цяжка.
— Нічога, — сказаў Кастусь. — Больш людзей косы возьме, як прыйдзе бунт.
Звонка гучалі крокі. Імкнулася да мора магутная рака. Над горадам ляжала светла-сіняя, амаль празрыстая ноч.
— У Мсціслава маці памерла, — сказаў Алесь. — Хварэла даўно. Вечна па водах. Астаўся ён васемнаццацігадовым гаспадаром. Але зрабіць пакуль нічога не можа. Трохі не хапае да паўналецця.
— А што ён павінен зрабіць?
— Тое, што і я, як гаспадар стану. Адпусціць людзей.
— Думаеш, дадуць?