ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Коні ступалі па падсыхаючай зямлі. Жаўрук, як на гумцы, торгаўся між небам і зямлёй.

— Тут матуля памерла. З'ездзіў сюды, абсадзіў магілку. Пуста, тужліва. І паловы водпуску не адбыў — назад… Тут трапіў я на лінію, па крэпасцях. Чачня. Дзевяць год на лініі. Быў я ўжо капітан… Трыццаць год мне было, і чатырнаццаць год я служыў, калі стаў над Дагестанам і Чачнёю Шаміль. Па-нашаму ці то цар, ці то мітрапаліт, па-іхняму — імам. "Імаць" нашых, значыцца, пастаўлены… Ну і тут пачалося… Бож-жа мой! Б'юцца людзі, паляць, рэжуць.

Сінія вочы Яроцкага пацямнелі. Хрыплаваты бас прыглухнуў.

— З генералам Галафеевым у Чачню хадзіў. Лік сутычкам згубіў. Крывішча лілася… У сорак дзевятым годзе было мне сорак пяць, а праслужыў я дваццаць дзевяць год; зранены ўвесь, як стары воўк — пайшоў я ўчыстую, з пенсіяй ды з чынам маёра. Хутка жылі людзі, хутка зношваліся. Дый я вырашыў: хопіць, трэба і пажыць… Выслужыць многа я больш не мог. Служылі з нашых адзінкі, сувязяў няма. Ведаў асаблівых таксама няма. Далей служыць не было сэнсу. А такіх армейцаў было там трыста беркаўцаў ды яшчэ напарстак.

— А смеласць?

— Не быў я смелы. Ніколі не быў. А нават каб і быў, то сярод нас, кіслай шэрсці, смялейшых за мяне было б — як да Тыфліса з Эрывані ракам ставіць… Ды я і ўзрадаваўся чыстай. Шчыра кажучы, непамысна мне на душы стала.

Дзядзька зноў закурыў.

— Залілі мы гэтыя сінія горы чалавечай крывёй… Горш за іх дзікуны ды свалота беспардонная. Воінаў што, джыгітаў што паклалі за гэтыя дваццаць дзевяць год! Дык яшчэ ж пасля мяне дзесяць год мінула, а ўсё ваюем, маленькіх не можам адолець. А шкада людзей. Дзікія яны і галаварэзы, але справядлівыя. І сябры верныя. Гляджу, лепей мне з імі ляпёшкі есці, чым… А, ды што там!

Піпчыў.

— Сорамна-с. "Азарство адно", як мой дзяншчык казаў. Мала таго што спаляць гэтыя іхнія саклі, дык яшчэ неадменна знойдзецца задніца ды ў вадаём іхні… А яны людзі грэблівыя, чыстыя людзі. Яны нават там абыходзяцца са збанам вады. Рукі і твар мыюць пяць разоў на дзень, не раўнуючы як мы. А я табе скажу, такіх чыстаплотных, як мы, — гэта яшчэ пашукаць. Немец не такі. Ангелец не такі… Ну вось і гэтыя такія. Я з імі мірыўся, яны мяне нават паважалі, мірныя. Кажу ім: "Баранаў адганіце, войска пойдзе". Ведаю, з імі па-добраму, каб не галелі, то і яны нямірным не скажуць. А ў мяне і сярод іх былі сябры. Ды якія! Сам граза Мехмет-хаджа. Чачэнец быў. Мамакай — абрэк… Муса — інгуш. Ахмед-бек.

Дзядзька ціхутка зацягнуў гартанную песню.

— Гэта па-іхняму… Азначае: "Мы нарадзіліся ў ноч, калі ваўчыха прывяла шчанюкоў. Мы атрымалі імя, калі рыкаў на ўсходзе сонца барс. А смелыя мы сталі ў гарах, дзе лавіны вісяць над галавою, як смерць… Праклён гэтым князям, яны калматыя і бурыя сабакі… Як дажывем да вясны — крывёю іх прымусім…"

Развёў рукамі:

— Ну вось… І скажы ты, нашто?! Скалы гэтыя бедныя спатрэбіліся. Сваёй зямлі мала?

У гэтых чысценькіх белых пакоях разам з Алесем жылі спакой і мір. Жылі ўжо восьмы дзень.

Абкружаныя садам дзесяць пакояў пад зялёнай ад моху гонтавай страхой. Нізенькія вокны, абведзеныя сінім, вясёлкавыя ад старасці кафлі напаленых грубак, печка на кухні, размаляваная паяском: дзяўчаты з каромысламі і коннікі. Дзверы не толькі прамавугольныя, але сям-там, для прыгажосці і разнастайнасці, з паўкруглым верхнім вушаком: не паленаваліся парыць і гнуць тоўстую дубровую плаху.

Дваровыя будыніны трохі наводдаль. Сад шуміць уначы. Кніг амаль няма, акрамя ўсюдыіснага "Завальні", пары паляўнічых кніг, "Дудара беларускага" ды яшчэ календароў з восемсот сорак дзевятага года.

На падлозе, вылізанай да жаўцізны, дзе — густа — ваўчыныя шкуры, а дзе і самаробныя хаднікі. На сценках — прывезеныя дываны. Адзінае багацце вісела на іх — зброя. Дзіўнай прыгажосці каўказскія шашкі, пісталеты, фіцільныя і крамянёвыя, аздобленыя срэбрам стрэльбы.

Дзядзька пасяліў яго ва ўласнай вялікай "халасцяцкай". Тыя ж дываны, тая ж зброя. Ніякіх ложкаў, толькі дзве ляжанкі ля сцен, а на іх кілімы. Накрывацца футрам, каб было цяплей.

Вялізны медны рукамыйнік, арап на гадзінніку варочае маціцовымі вачыма. Ды яшчэ столік, ды на ім віно і закуска, калі ўначы зойдзецца жывот з голаду.

І дзіўна, нягледзячы на тое што ў Загоршчыне і Вежы такога не было, што елі ў дзядзькі — пад завязку, ён і сапраўды цяпер адчуваў кожную ноч голад.

— Кожны вечар лазня, брат. А лазня ў мяне адмысловая.

Лазня была сапраўды адмысловая. Адзіны новы будынак фальварка — наводдаль, за плотам. Старая згарэла тры гады назад. Не тое каб агнём, а проста — так ужо напалілі, такі быў у ёй мятны ды густы дух з парай, што яна ціха сабе сатлела за ноч, не вытрывала. Прыйшлі раніцай, а лазні няма.

— І я па суседству з табою. Ты, калі хочаш, дзвярэй на ноч не зачыняй. Унь табе з ляжанкі печка з калідора відаць. На світанні яе запаляць. Не ведаю, як ты, а я люблю раніцай, яшчэ ў цемры, прачнуцца ды пакачацца пад футрам. Гледзячы на агонь ды слухаючы, як гудзе.

Алесь прачынаўся ў цемры пад гул і ззянне полымя. Ляжаў. Думаў.

Снедалі. Дзядзька ішоў па справах, Алесь — у пушчу, дзе ўжо сінелі пралескі, або да Дняпра, што спачатку з гарматным гулам крышыў лёд, потым імчаў яго, грувасцячы і зноў бурачы зaмкі з крыг, а потым шырока разліваўся, нібы хацеў захапіць у сваё ўлонне як найбольш неба.

У пушчы, па котлішчах, асцярожна, каб, крый божа, не набраць пяску, зразаў у кошык смарчкі. Гэта было ціхмянае, добрае паляванне.

Вяртаўся позна, у прыцемак. Прытомлены сабака бег наперадзе, і, калі азіраўся, вочы яго, за пятнаццаць сажняў, свяціліся чырванаватым святлом.

Дзядзька ўжо чакаў. Дастаў з гарлачоў яблыкі, не салёныя і не мочаныя, а — сакрэт кухаркі — як быццам свежыя і толькі залітыя адной халоднай вадой і таму асабліва сакавітыя ад яе. Аднак гэта была не проста вада і не расол, а нешта зусім іншае. Нібы ў ваду налілі яблычнага соку: кіславата-саладкаватая, з пахам свежага яблыка. На пахмелле — за вушы не адцягнеш.

Перад сном, калі Алесь ужо ляжаў, людзі прыносілі тры-чатыры велізарныя ахапкі саломы і клалі на падлогу пры ляжанцы. Прыходзіў дзядзька пагаманіць з гадзіну перад сном. Набіваў ляжанку саломай, пакідаючы доўгую павесму, што злучала салому ў печцы з саломай на падлозе.

Закурваў куртатую люлечку, падпальваў салому ў ляжанцы і, седзячы на зэдліку перад агнём, здаецца, павольна, але спрытна, нідзе не абрываючы, цягнуў і цягнуў салому са стажка ў агонь. Нібы нітку з кужалю на ручной прасніцы. Толькі замест вярацяна круціўся ля ягонай правай рукі неўтаймаваны жоўты агонь.

Поделиться с друзьями: