Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
— То ты, Кандратка, слухай. Пабажыся, што ўсё забудзеш, калі ачуняю.
— У імя бога, — неахвотна сказаў Кандрат.
— Калі ачуняю — я дарую ім, — сказаў Стафан. — Бацька ў яе будзе, а гэта галоўнае. Мы — хрысціяне.
Малая тупала па падлозе. Поршні на ножках былі як вясёлка.
— Але як памру — няма ім майго даравання.
Рахманыя вочы Стафана сталі раптам такія, што Кандрат спалохаўся.
— Таму што дзе ж праўда? Я нікога не зачапіў. Я ніколі не шчаміўся ў іхнія справы, трымаўся звычаю, а звычай забараняе забіваць упяцёх аднаго. І атрымалася так, што для мяне адзін звычай, а для іх — другі. І яны забілі мяне, хоць я нікуды не лез і ведаў, што мы людзі маленькія і павінны араць зямлю, і ў нас дзеці… Дык вось, калі памру — забі.
— Хто? — спакойна спытаў Кандрат.
— Таркайла Тодар, — сказаў Стафан.
— Скуль ведаеш?
— Голас быў падобны. І Юллян сказаў: "Тарка…ла". А потым стрэлы.
— Добра, — буркнуў Кандрат. — Зраблю. Яшчэ хто?
— Мне здалося, што я пазнаў вочы другога. Але гэта проста каб ведаў і сцярогся. Абяцай, што не будзеш забіваць, пакуль не ўпэўнішся.
— У імя бога… Хто?
— Здаецца, Кроер Канстанцін…
— Чаму Алесю не сказаў?
— Кінь, браце. І так у яго ворагаў многа.
— Я ўсё зраблю, браце, — сказаў Кандрат.
— А цяпер забудзь, — Стафан заплюшчыў вочы.
Няшчасці пачалі сыпацца як з мяха. За некалькі месяцаў бацька, маці, сварка з Ярашам, ліст ад Кастуся, што ў Віктара рэзка пагоршылася здароўе, дзейнасць "Ку-гі", смерць Юлляна Лапаты і зверскае збіццё Стафана.
І, урэшце, як апошняе — новае здарэнне ў Раўбічах: папрок Іллі Хаданскага, што пан Яраш не трымае слова.
Разгневаны Раўбіч паклікаў дачку. Міхаліна сказала, што хоча вярнуць Хаданскаму слова.
— Не будзе гэтага, — сказаў пан Яраш. — Ніколі. Нізашто.
— Я кахаю Загорскага, — сказала Майка.
— Ён вораг.
— Вам — магчыма. Ды і тое не вам, а дурному гонару. Ён сябра вам, каханы — мне, брат — Франсу. Ён ніколі не думаў шкодзіць вам, нягледзячы на незлічоныя абразы. Бо ён чалавек, а вы… вы… вы — дваране, і не больш. Даю слова: ніколі не буду нічыёй жонкай, акрамя як яго. Усё аддам за яго. Ніколі не буду з ім жорсткая. Хай пакора, хай нават рабства, абы пакарацца яму. І ўсё. І на гэтым маё апошняе слова…
Кароткая шыя пана Яраша набрыняла крывёю.
— Убачым, — ціха сказаў ён. — Сілком пад вянец павяду. Гэта і маё апошняе слова…
— Вы можаце, вядома, зрабіць са мною ўсё. Але і я з сабою магу зрабіць усё. Я ведаю, поп згодзіцца вянчаць, нават калі вы прывядзеце мяне ў ланцугах. Ён усім абавязаны вам. Усім, і нават тым, што дваццаць год не служыць па новаму абраду, прыкрываючыся словам "хвароба". Ён ведае, каму ён павінен дзякаваць за тое, што за ім сто разоў не прыйшлі і ён не здох у Салаўках на саломе. Ён "не зрабіў граху", а вы "не паддаліся, не паступіліся гонарам". І таму ён абвянчае. А сведкі, якія будуць бажыцца, што я ішла па сваёй ахвоце, таксама знойдуцца.
Голас яе зазвінеў:
— Я не буду ганьбіць вас і крычаць у храме. І гэта будзе апошняя падзяка за тое, што вы мяне нарадзілі
і з гэтай прычыны цяпер забіваеце… Апошняя. Таму што адразу пасля вяселля я заб'ю гэтага вылюдка. Сына вылюдка і шалёнай сцервы. А потым заб'ю сябе…
— Як хочаш, — сказаў пан Яраш.
Адразу пасля размовы ён загадаў прыставiць да пакояў Мiхалiны верных людзей i сказаў Iллi Хаданскаму, што вяселле будзе праз два месяцы, у канцы кастрычнiка, каб асталося тыднi тры да пiлiпаўкi. Да таго часу ён просiць графа Хаданскага не з'яўляцца.
Пан Яраш усё ж шкадаваў дачку, хоць яна сама была вінавата, даўшы слова. Ён спадзяваўся, што за два месяцы яе возьме одум, і разумеў, што прысутнасць Іллі прымусіць Міхаліну ўпарціцца. Дый новы член сям'і раздражняў Раўбіча сваёй самаўпэўненай мордай.
…Запіску аб усім гэтым перадаў Алесю пляменнік нянькі Тэклі. Яны часам сустракаліся ў тым самым бярозавым гаі.
Беды, крыўда і гнеў, несправядлівасць лёсу літаральна шматавалі яго.
Вечар быў цёплы. Вогнішчы гарэлі за ракою, а ў рацэ адбівалася вячэрняя заранка, куды больш яркая і барвяная, чым на небе. Ля вогнішчаў — там, відаць, начавалі жнеі — гучаў ціхі смех. Потым даляцела ціхая сумная песня.
За рэчанькай за быстраю ў цымбалы б'юць, А там маю каханую за ручкі вядуць, Адзін вядзе за ручачку, другі за рукаў, Трэці стаіць — сэрца баліць: кахаў ды не ўзяў.І гэтая заранка, і безназдейная глыбіня ракі, і, галоўнае, словы песні раптоўна ўразілі яго вострай адпаведнасцю з тым, што рабілася ў ягоным сэрцы.
Алесь ведаў цяпер, што яму рабіць. Дарэмна ён дараваў. Заўтра ж ён пойдзе да Хаданскага і дасць яму поўху. Потым у зборні трэба дачакацца, пакуль пан Яраш і Франс будуць паасобку, і зрабіць тое самае з імі. На адзін дзень прызначыць усе тры двабоі. Будзе вельмі добра, калі Ілля загіне, а Франс зваліць яго. Тады Майка атрымае вызваленне, а крыўды ў яе на Алеся не будзе. І, магчыма, Раўбіч пашкадуе.
Нашто ж мы кахаліся, нашто сады цвілі, Нашто ж нашы пуціначкі травой зараслі? Другі з табой вянчаецца ў царкве залатой, А мне адно вянчанейка — з сырою зямлёй…Раніцай, аднак, здарылася незразумелае і неверагоднае. Ён толькі на золку заснуў на якую гадзіну цяжкім кашмарным сном. Потым прачнуўся, успомніў учарашнія думкі, хацеў устаць і адчуў, што не можа. Гэта не была баязлівасць. Гэта было горшае: абыякавасць.
Успомніў Раўбіча і падумаў: усё роўна… Франса: усё роўна… Паспрабаваў уявіць гуллівыя, нібы ў кацяняці, вочы і рудаватыя валасы Іллі і адчуў: і гэта — усё роўна.
Твар Майкі ўсплыў перад вачыма. Краёчак вуснаў, ясныя, як марская вада, вочы. Зноў не адчуў нічога, акрамя абыякавасці.
Добра ведаў, што ён у спальні. Бачыў нават калоны і завесу, што калыхалася ад ветрыку. Але здавалася, што ён зноў бачыць гэта ў сне, дрэмлючы на нагах.
… Ён стаяў між узброеных людзей. Хто ў латах, кранутых іржою ад шматдзённай крыві, хто ў кальчугах, ад якіх тапырылася шырокая, тканая кветкамі і лістамі чартапалоху вопратка. Шугаў агонь. Фарбы былі такія яркія, якія яны ніколі не бываюць у жыцці: чырвань плашчоў аж гарыць, жаўцізна шчытоў — як золата і сонца.
Алесь і ўсе, хто побач з ім, бачылі вілы, доўбні і баявыя цапы натоўпу, што абкружаў іх. Зблытаныя валасы, магутныя, нецяперашнія сківіцы, жоўтыя, як мёд, і белыя, значна святлейшыя, чым цяпер, валасы, люты агонь у сініх вачах.
Замак палаў перад ім зыркім шалёным агнём. Ляцелі іскры.
А ён, Алесь, — а можа, і не ён, а нехта іншы, — драмаў, стоячы на нагах, бо чатыры дні ён і ўсе гэтыя людзі не спалі і чатырох хвілін.
Яму было бадай што ўсё адно, што з ім і іншымі зробіць натоўп.