Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Становішча сапраўды нясцерпнае, — сказаў Алесь. — Ён мае рацыю. Як думаеш, будзе рэформа падманам?

— Яна нічым іншым быць не можа, Алеська. Лаялі Растоўцава, а як здох, то выяўляецца, ён яшчэ нічога быў. Гэта ў нас заўсёды так: "Явился Бирюков, за ним вослед Красовский. Ну, право, их умней покойный был Тимковский". Чуеш, што Панін на пасадзе Растоўцава выкідвае? Конікі якія?

— Ну вось. Тады і пачнем, калі зразумеюць падман. Раней мужыка на бунт не ўзняць. А без яго мы пералёты, на корані адсохлыя.

Ішлі моўчкі.

— А ў цябе што? — заўважыў Кастусь.

Загорскі моўчкі працягнуў яму кнігу. Кастусь зірнуў. На хвіліну ў яго задрыжалі вусны.

— Першая наша ластаўка, — сказаў Алесь. — Бедная.

— Не, — сказаў Каліноўскі. — Не бедная.

Ён асцярожна, азірнуўшыся, выцягнуў газету і, расхінуўшы кнігу, паклаў танюткія аркушы ў сярэдзіну тома. Загарнуў.

— Хай ляжыць. Тут ёй і месца.

— А што, — сказаў Алесь. — Ад першага славянскага водціску і аж да гэтага. Братка ты мой, які доўгі шлях!

— Пэўна, яшчэ не канец яму, — Кастусь засунуў кнігу за пазуху Загорскаму. — Пэўна ж, не канец.

Яны ішлі якраз паўз Камергерскі завулак. I тут Алесь, узяўшы сябра за руку, моцна завярнуў яго.

— Давай, братка, на хвiлiну сюды.

Кастусь ускінуў вочы.

— Невядома, калi сустрэнемся.

Над дзвярыма была шыльда:

Дагератыпная майстэрня
М. М. ГРЫНЧЫКА

…У вялікім пакоі іх пасадзілі ў крэслы на фоне ўяўнага туманнага пейзажу. Заціскачкамі прымацавалі рукі да падлакотнікаў, нябачным клямрам паставілі галовы так, што імі нельга было варухнуць.

— Вось так нас катаваць будуць, — сказаў шэптам Кастусь.

— Цьфу на цябе… Цьфу, — засмяяўся Загорскi.

Грынчык, вельмі падобны на сумнага жорава, пасварыўся пальцам:

— Маладыя людзі, гэта не ёсць жарт. Не ва ўсіх хапае духу, нават не смеючыся, праседзець перад камерай абскурай пяць хвілін. Вам адзін здымак?

— Два.

— То дзесяць хвiлiн, — з выглядам абыякавага iнквiзiтара сказаў сумны жораў. — I не варушыцца, калi не хочаце атрымаць замест аблiччаў фату-маргану.

— А калi не будзем — яна не атрымаецца? — спытаў Алесь.

— Я маю парыжскi медаль. Я прывёз дзiвосную навiну сюды. Крыўд на мяне няма. Я раблю выключна на срэбры. Не тое што некаторыя "наватары" — на медных пласцiнках. Яны б яшчэ паперу прыдумалi цi палатнiну, як мастакi. Гэта ж дзiка! Чалавек робiць добры дагератып раз, многа — два ў жыццi. Ён павiнен быць вечны, дагератып. I для ўнукаў, якiх у вас, вiдаць, пакуль няма.

Іх замацавалі так, што варухнуцца было нельга. Грынчык паклаў Біблію на Алесевы калені.

— Вось так. Вы цікавіцеся старой кнігай, паны студэнты. Вы нібы задумаліся на хвіліну. Меланхоліі ў вочы. Уявіце сабе: вы задумаліся над лёсам гэтай кнігі. Вас ён цікавіць.

— Уявiце сабе — ён нас сапраўды цiкавiць, — сказаў Кастусь.

— Тым лепш. Не мiргайце.

Засычэў калiльны лiхтар. Срэбная сетачка пачала лiць проста ў вочы нясцерпнае святло.

…Калі яны, урэшце, выйшлі на вуліцу, рэзала ў вачах. Расціраючы здранцвелыя мускулы шыі, Кастусь зарагатаў.

— Як, ты скажы, з шыбеніцы знялі. Вось, пэўна, боўдзілы атрымаюцца? Жах! Вочы спыніліся, твары ненатуральныя.

— Нічога, "для ўнукаў" сойдзе. Мяркую, аднак, нічога атрымаецца. Бачыў я дагератыпы. Даволі натуральна. Вядома, не партрэт, але нам будзе нічога. Памяць.

Клікнулі рамізніка. "Ванька" паспрачаўся за цану і павёз.

— Як Віктар? — спытаў Алесь.

— Зноў пагоршала. Вельмі хоча ўбачыцца з табою.

— Хай бярэ ў мяне грошы і едзе, — злосна ад няёмкасці сказаў Алесь. — Ці на Мадэйру, ці ў Італію.

— Бадай, твая праўда.

— Грошы заўтра ж пашлем.

Алесь засмуціўся і не хацеў, каб гэта заўважылі. Перавёў размову на другое.

— Людвік Звяждоўскі дзе?

— У Вільні. Распачаў работу там.

— Трэба яму звязацца з маім Вацлавам. У яго шмат сяброў сярод моладзі.

"Ванька" цікнуў быў на іх, пачуўшы незнаёмую мову, і зноў звяў, нібы заснуў на козлах.

— А Валеры?

— Інспектар егерскага вучылішча ў Саколцы.

— Гэта што, назнарок Гродзеншчына?

— Трэба і там камусьці быць.

— Дамброўскі як?

— Па-ранейшаму, у Акадэміі. Ён жа малодшы.

…Праз акно былі відаць голыя дрэвы, рэдкія домікі далёкай ускраіны, люстра двух невялікіх авальных ставоў. За сталамі сядзелі хлопцы з маскоўскага зямляцтва. Чацвёра. Ні з кім з іх Каліноўскі Алеся не пазнаёміў, і па адным гэтым было відаць, якая сур'ёзная пачыналася справа…

Нехта сціснуў далонямі Алесевы скроні, не даючы павярнуць галавы. Загорскі ўсё ж выкруціўся:

— Сашка, Сашка, дружа!

Сашка Волгін стаяў за ягоным крэслам і ўсміхаўся на поўны рот.

— Ну, брат, суцешыў!

— Даўно гэта пачалося? — шэптам спытаў Сашка.

— Даўно. Цяпер мяркуюць аб метадах.

— Метады звычайныя, — сказаў Сашка. — Узяць гэтых vieilles ganaches [52] за гардзёлку ды аб брук галавой. Дакіраваліся. Горшыя ўладары, чым паўcюль на свеце. Паскудзяць рускае імя.

52

Старых тупіц (франц.).

Алесь ціха засмяяўся:

— Гэ, брат, наконт нас з вамі ў майго дзеда добрая прыказка-байка.

Яны гаварылі шэптам, баяліся перашкодзіць іншым.

— Бог дзяліў між народамі землі. Адным тое, другім — тое. Прыйшлі беларусы… Вельмі ж пану богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: "Рэкі вам даю поўныя, пушчы — нямераныя, азёры — нялічаныя. Спёкі ў вас ніколі не будзе, але і холаду — пагатоў. Зажэрціся на багатай зямлі не дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, працавітыя, але і голаду ў вас ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да вас прыходзіць. Не ўродзіць хлеб, то ўродзіць бульба. А яшчэ звяры і дзічына ў пушчах чародамі, рыбы ў рэках касякамі, пчолы ў борцэх мільёнамі. А трaвы — як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці — дужыя, сады — багатыя, грыбоў ды ягад — заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы — здатныя. На дойлідства — таксама. I будзеце вы жыць ды жыць, ну як…" Тут яго Мікола ў бок штурхае: "Пане божа, да вы падумайце. Гэта ж вы ім рай аддаяцё! Гэта ж вы бо-жа мой!.. Ды яны пры іхняй языкатасці туды з сапраўднага раю ўсіх перавабяць! Яны ж языком менцяць — дай бог нам за вамі". Бог падумаў, крэкнуў, але назад адбіраць не будзеш. Сапраўды, ёсць ужо яна, зямля. Лані бягуць — лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выціскае. Дрэвы — да сонца. "Добра, — кажа, — зямля будзе — рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся — дам я вам найгоршае ўва ўсім свеце начальства. Яно вам таго раю трохі збавіць дый пыхі трохі-трохі вам саб'е. Гэта вам для раўнавагі". Вось яно як!

Сашка Волгін нявесела засмяяўся:

— Горш за ўсё, што гэта праўда, Алесь.

— Вось так і жывём.

— Нічога, брат, нядоўга.

— Ты што робіш?

— У мяне, браце, рускі сектар. Найболей афіцэры. Ёсць і студэнты.

— Многа?

— Пакуль што нямнога. Пяцьдзесят два чалавекі [53] . Будзе больш.

— Гэта, брат, яшчэ большая радасць… Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды, суцешыў, брат. Гэта ж хаўрусам і ў пекле добра.

— Стаіць адно пытанне, — сказаў Кастусь. — Што будзем рабіць далей? Колькі можна чакаць! Вось вы, з Магілёўшчыны, якое ў вас становішча з сялянскай справай?

53

Восенню наступнага года з разрозненых груп і асоб у Пецярбургу ўзнікла арганізацыя "Зямля і воля", якая дзейнічала ў паўстанні побач з беларусамі, літоўцамі і палякамі. Хоць яна была нешматлікая, але мела вялікае значэнне як пачатак дэмакратычнага руху.

Поделиться с друзьями: