Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
На адлегласці ў дваццаць крокаў адзін ад аднаго ляжалі кінутыя чорныя плашчы, нібы гэта двое з тых чорных ужо ляжалі забітыя, адмячаючы бар'ер смерці. Сапраўды, як два трупы ў чорным. I якраз на тых самых месцах. Ля аднаго з іх праз некалькі хвілін ляжа таварыш.
Секунданты падышлі.
— Чые пісталеты? — нахабна ўсміхнуўся Мішка.
— Мяркую, жэрабя, — раптам раззлаваўся Мсціслаў.
Ён падумаў, што калі людзі вяжуцца да ўсякага выпадку, дык усё адно знойдуць магчымасць прычапіцца. Прапануеш свае — "ага, даражэйшыя, нашымі грэбуеце". Прапануеш іхнія — "за свае, парыжскія, баіцёся". Ён ведаў, што ён несправядлівы, і злаваў на гэта.
— Чаму ж, давайце мае, — проста сказаў Алесь.
— Згода, — паспешліва сказаў Франс.
— Пойдзем да бар'ераў,— з уздыхам сказаў Адам Выбіцкі.
Усе сталі блізка ля Алеся.
— Жэрабя? — з нецярплівасцю кінуў Ілля.
— Давайце, — сказаў, скалячы зубы, Якубовіч. — Каб не было спрэчак, хто арол…
— Кінь паяснічаць, — сказаў, сцяўшы вусны, Франс. — На вось табе.
Ён выцягнуў з кішэні жаўтаваты кубік.
— Выбірайце, хто ніжэй трох.
Алесь адчуваў, як усё ў ім звініць.
"Божа, зрабі так, каб першы стрэл быў мой. Я не хачу ў яго страляць. I як дрэнна будзе яму, калі ён, дурны, цёмны чалавек, заб'е мяне, а потым даведаецца".
Ён адразу ж зразумеў, што просіць не аб тым, і каб хто прачытаў ягоныя думкі, пагарда таго чалавека да яго была б невычэрпная. I Алесь змоўк, то бок перастаў думаць.
Мсціслаў знайшоў у двух кроках вымачынку з голым, як бубен, дном. Усе паселі туды, звесіўшы ногі. Здалёк здавалася, што людзі выпіваюць.
Кубік пакаціўся з Якубовічавай рукі. Усе схіліліся.
— Тры, — сказаў Мішка.
— Дай я, — нецярпліва ўзяў косць Мсціслаў.
Ён паматляў рукою і рэзка кінуў. Алесь глядзеў не на косць, а на яго і ўбачыў, як друг збялеў.
— Пяць, — сказаў Хаданскі.
Цяпер збялеў Франс. Хацеў быў нешта сказаць і змоўк.
Яны спыніліся ля Алесевага бар'ера.
— Ідзі, — сказаў Ілля Франсу.
Франс пайшоў на свой бар'ер. Гусар і Хаданскі дамаўляліся яшчэ аб нечым з Выбіцкім. Мсціслаў стаў ля Алеся.
— Даруй, братка, — сказаў ён. — О, чорт, даруй!
— Нічога, — усміхнуўся Алесь.
Алесь не глядзеў у бок Франса. Ён глядзеў вакол.
Перад ім ляжаў дымна-шэры поплаў, а за ім вясёлкавыя радасныя дрэвы. Нізкае сонца стаяла з боку за Алесевай спіной. Ад секундантаў і ад яго, Алеся, ляжалі доўгія цені на роснай траве.
— Падрыхтавацца, — сказаў Мішка. — Смялей, князь.
Загорскі стаў глядзець на Франса. Раўбіч у дзіўным павароце стаяў супраць яго.
Вясёлкавыя дрэвы ззялі за ім. Загорскі ўзняў галаву і стаў глядзець угору, але не вытрымаў і зноў апусціў вочы: "Ну, хутчэй страляй!"
У руцэ ў Якубовіча плесканулася белае… Ударыў пярун.
Алесь пахіснуўся. Потым убачыў, што на левым плячы злёгку дымее сарочка: маленькі карычневы след, бы прыпалілі.
I тады, разумеючы, што Франс прамахнуўся, Алесь уздыхнуў.
Ён убачыў, што твар Хаданскага скрывіўся, нібы Ілля кляў Франса. У выніку яны цяпер не сумняваліся.
Нехта сунуў Алесю ў руку пісталет. Той непаразумела зірнуў на яго, потым на Раўбіча, які стаяў вельмі проста, усімі грудзьмі да яго, і вельмі бледны.
— Глядзі цяпер, — сказаў Выбіцкі.
Мсціслаў глядзеў на Алеся з трывогай, нібы разумеў.
— Нічога, брат, — сказаў Франсу Якубовіч. — Ты… смялей. Гэта нястрашна.
Яны адышлі. Франс скасіў быў вочы, не разумеючы, чаму гэта яны пакідаюць яго на самоце. Потым уздыхнуў і стаў глядзець на Алеся.
Нясцерпна было доўжыць яго страшнае чаканне. I Алесь, не чакаючы ўзмаху хусткі, узняў угору цяжкі пісталет, дачакаўся, пакуль хлапячок дыму паплыве над яго галавой, і адкінуў зброю ўбок. I ўбачыў аблічча Франса. Божа мой, гэтаму абліччу, здавалася, падарылі сонца!
Гусар і Хаданскі, якія не чакалі стрэлу і глядзелі на Мсціслава, кінулі вачыма на Франса і падумалі, што Загорскі ў сваю чаргу прамахнуўся.
— Наш! — закрычаў Ілля. — Наш стрэл!
Кінуўся да Раўбіча з другім пісталетам.
Франс, яшчэ не разумеючы, стаў уздымаць руку.
Мсціслаў крэкнуў з прыкрасці. Выбіцкі з жахам глянуў на Алеся. Усё гэта Загорскі заўважыў у долю секунды… Франс цэліў яму проста ў лоб.
"Ну, вось і ўсё, — падумаў Алесь. — Ён не здаволіўся".
I раптам нешта здарылася. Твар Франса здрыгануўся і ўвесь нібы закалаціўся.
Франс… кінуў пісталет вобзем.
"Пэўна, курок зломіць", — яшчэ нічога не разумеючы, падумаў Алесь.
Раўбіч зрабіў некалькі крокаў ад месца сутычкі — цень ягоны загайдаўся на роснай шэрай траве, — а потым кінуўся да Алеся, яшчэ на бягу працягваючы рукі.
— Алесь… Даруй мне… Даруй…
Якубовіч паглядзеў на дзве постаці, што зліліся ля аднаго з плашчоў, і суха сказаў Іллі:
— Мяркую, наша прысутнасць тут больш непатрэбна. Дзіцячыя гульні.
Яны пайшлі да коней. Ніхто не звярнуў увагі, як яны рушылі краем дубовага гаю.
…Калі праз некалькі хвілін з боку сцежкі на Раўбічы даляцеў шалёны пошчак капытоў, Франс адарваўся ад Алеся. Вусны ягоныя трэсліся. Шчокі былі заліты слязымі.
— Братка, — сказаў ён, — адпусці яе са мною. Я клянуся табе, я ўгавару бацьку… Да канца, да самага канца можаш разлічваць на мяне.
XIII
Пецярбург прачынаўся. У лютаўскім гнілым тумане куранты хрыпата, нібы з прастуды, нібы праз піўны кашаль, зайгралі "Коль славен наш господь в Сионе".
Абрыдліва, увесь у слаце і мокрым снезе, уставаў над зямлёй світанак. Аблупленыя будынкі, шэрыя ад вільгаці палацы, цьмяныя агні ў вокнах, мокры, але моцны яшчэ лёд на Няве.
Мужчына, які выйшаў з глухога, як труна, пад'езда, паглядзеў вакол і сцепануўся, хутаючыся ў футра: так непамысна было вакол.
Фурман Варфаламей падвёў вараных і карэту да самага ганка, і ўсё ж той, што выйшаў, ледзь не чарпануў слаты вышэй галёшаў. Фурманава рука падтрымлівала апушчаную падножку.
— Добрай раніцы, Варфаламей, — з завучанай абыякавай ветлівасцю сказаў чалавек.