Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
І таму ва ўсіх трохі сціснула дыханне, як перад першым адчайдушным крокам у ледзяную ваду Дняпра.
— Мяркую, паны не змянілі сваёй думкі аб тым, што галавой падспуднай рады і ваяводам прызначаны я? — спытаў Раўбіч.
— Не змянілі.
— Тады слухайце. Грунтам для майго плана было ваша паходжанне, панове, — сказаў Раўбіч. — Тыя мясціны, у якіх вы пачалі збіраць свае групы. Свае будучыя загоны. Веданне мясцовасці і людзей — вось ваша неацэнная перавага. Таму я і схіліўся да дыспазіцыі, якую прапаную вашай увазе. Адхіленні ад прынцыпу паходжання — невялікія, і тыя людзі будуць кіраваць унутранымі атрадамі, наводзіць парадак, прыходзіць на дапамогу тым, каму будзе цяжка. Трымаць асявую лінію Дняпра ад Лоева да Дуброўны, сто семдзесят — сто восемдзесят вёрст па птушыным лёце. Калі ж улічыць усе лукавіны Дняпра, то ўдвая больш. Сачыць пільна, каб не праляцеў пясчанік-кулік. Трымаць моцна, як трымаюць уласнае дзіця.
Паны слухалі ўважліва і змрочна.
— Дык вось, — сказаў Раўбіч. — Сухадол — гэта фарпост. Гэта вузел. Адсюль пачынаецца асявая лінія Сухадол — Загоршчына — Вежа — Дошчыца. Яе трэба трымаць, калі прарвуцца з-за захаду ці ўсходу. Пакідаць за сабою — любою цаной. Калі яна падзе — гэта клін, гэта меч у цела паўстання. А Сухадол — рукаяць гэтага мяча. І таму я пакідаю яго за сабой. Другое, што нам трэба адразу зрабіць, — гэта адбіцца ад магчымых сікурсаў, ад падмацаванняў, якія абавязкова пойдуць на дапамогу ўрадавым войскам… у той мех, які я, з вашай дапамогай, мяркую ўчыніць ім.
— Як? — спытаў Мнішак.
— Глядзіце. Пан Біскуповіч з наваколляў Елянца. Паўдзённы край майго ўчастка даходзіць да вас. Я трымаю гэтую лінію, і частку асявой лініі Дняпра, і ўчастак па Друці. Вы бачыце?
— Бачу, — сказаў Біскуповіч.
— Пан Вірскі з Даўгалесся. Вы трымаеце Дняпро на дваццаць вёрст на паўночны захад, дзе мост па гасцінцы Гомель — Глінная Слабада (вельмі важна), і на паўднёвы ўсход, прыблізна да Холмечы і Старадубкі.
— Помню, — сказаў Вірскі.
— Пан Якуб Ваневіч.
— Слухаю вас, — грузлы крамяны Ваневіч паклаў руку на кут між Дняпром і Сожам.
— У вас другі па важнасці вузел. Трэць усёй справы залежыць ад вас. Авалодаць сваім рогам, трымаць яго жалезнай рукой — на што атрымаеце ледзь не найбольшую дапамогу людзьмі і зброяй — і не дапускаць сікурсаў з поўдня.
Раўбіч вёў лінію паўздоўж ракі…
— Прашу паноў улічыць: вы ўсе седзіцё на левым, пераважна нізкім беразе Днепра. Таму ўсім нам давядзецца загадзя авалодаць усімі ключавымі вышынямі гэтага берага. Я павінен паклапаціцца аб умацаваннях Доўгай Кручы, Гарадзішча, Чырвонай Гары, Спароўскіх вышынь, Луцкіх гарбоў і гэтак далей. Вы, Біскуповіч, авалодаеце Выбаўскімі і Смыцкімі. Ад Рэчыцы да Лоева асабліва цяжка, бо там пяцідзесяцісажнёвы абрыў грады падыходзіць з варожага боку амаль да ракі, а ў нас мясцовасць нізкая і забалочаная. Дадатковая цяжкасць для вас, Ваневіч, але вы былы афіцэр, ды яшчэ са здольных. На першы раз вам паможа забалочаная мясцовасць і нетры. Паколькі пачнем вясной, а разліў там часам дасягае шасці вёрстаў ушыркі — гэта дасць вам неабходны спакой на той час, пакуль мы будзем наводзіць парадак. Падбайце толькі аб тым, каб звесці пад сваю руку, на ўсе высоты, якія ў той час будуць астравамі, усе магчымыя плыўныя сродкі. Каб вы мелі поўную свабоду для манеўравання, а вораг яе не меў… Я разумею, не ўсё на вайне выходзіць так, як на паперы. Але ж, ва ўсякім разе, павінен быць план і наша вялікае імкненне зрабіць усё, што ад нас залежыць і што ў нашых сілах, каб наблізіць яго да рэчаіснасці.
— Разумею, — сказаў Ваневіч.
— Ваш левы фланг, Ваневіч, змыкаецца з правым флангам суседа ля самага Гомля. Там якраз край шасцідзесяцісажнёвага плато падыходзіць да самай ракі. Там скрыжаванне дарог, якое трэба трымаць нават коштам жыцця… Пан Яноўскі з-пад Радугі.
Яноўскі, які нервова і горача абводзіў усіх густа-сінімі вачыма, ледзь не ўскочыў з месца, пачуўшы сваё прозвішча. Ён быў самы малады з усіх. Яму было дваццаць год.
— Ведаю, — заспяшаўся ён. — Гэта лягчэй. Высокі край плато. І цяжэй. Скрыжаванне шляхоў на сцюдзёную Гуту — Ярылавічы — Чарнігаў, на Улукаўе — Карму над Харапуццю, на Вузу — Караблішча і на Баршчоўку Рэчыцу — Перасвятае.
— На апошнім шляху вам памо жа Вірскі. На Сцюдзёнагуцкім — Ваневіч, на Караблішчанскім шляху — толькі мінімум перасцярогі. Ён будзе ляжаць цалкам у нашай зоне… Але вам і без таго будзе цяжка.
— Ведаю, — сказаў Яноўскі. — Памром, а не адступім.
І густа заліўся чырванню. Пашкадаваў, што кінуў апошнія словы.
— Пан Вітахмовіч, вы трымаеце ўчастак Чачэрск — Карма — Гайшын — Прапойск. Ён зручны вышынямі, але нязручны лясамі.
— Спалім, — спакойна сказаў Вітахмовіч. — Папярэднім летам, у засуш, пусцім пал.
Паны глядзелі на мапу і пачыналі разумець Раўбічавы меркаванні.
Раўбіч называў і называў участкі і прозвішчы, і ўрэшце пятля замкнулася. Акрэслены чырвоным алоўкам, шырэйшы зверху і вузейшы знізу, ляжаў на мапе кавалак зямлі: няроўны крамянёвы нож, накіраваны вастрыём на поўдзень.
Усе моўчкі глядзелі на з'езджаны, па сто раз бачаны, але цяпер такі незвычайны кавалак зямлі. У сініх стужках рэк, у зялёных плямах пушчаў, у кропках вёсак і гарадоў. Родны край.
Цяжкая, ахопленая жалезным бранзалетам, Раўбічава рука лягла на Сухадол і наваколле.
— Тут — цэнтр. Тут пачатак. Пан Мнішак — гэта сувязь і ўзаемаадносіны між атрадамі, — Раўбіч усміхнуўся. — Галава кур'ераў, дымавой сувязі і агнявых віцаў… Па Дняпры ўжо створаны ядры будучых атрадаў, групы Турскага, Севярына Юдэніча, Вітахмовіча-Драгавінскага і Ракутовіча.
Людзі маўчалі, засцяроджана пускаючы дым.
— Мы прыдбаем стрэльбы самі. Скажам, малёўскія склады зброі нам не па зубах. Астаюцца два арсеналы, узяўшы якія мы ўзброім сябе і абяззброім ворага. На самай поўначы і на поўдні. Горкі і Сухадол. На Сухадол нападу я і загоны Турскага і Вітахмовіча-Драгавінскага. Івіцкі-Лаўр разам з Севярынам Юдэнічам наваляцца на Горкі.
— А магілёўскія палкі? — спытаў разважлівы Эсьмон.
— Не думаю, каб яны рызыкнулі кінуць горад. Пажар успыхне ў розных месцах. Адначасова з нападам на арсеналы нашы людзі зробяць падманны выпад у бок Магілёва…
— Каго вы хочаце высунуць на гэта? — прабасіў Сіпайла.
— Хто павінен дзейнічаць з захаду ад вас, Раткевіч? — спытаў Яраш.
— Браты стрыечныя, Грынкевічы. Усяслаў і Тумаш.
— Як мысліце іх?
— Цi не занадта якабiнцы. Спяць i бачаць разню.
— Нічога. Рэзаццца на Дняпры давядзецца найбольш… Вось яны і будуць рабіць той выпад. Колькі ў іх зараз людзей?
— Згадзілася падтрымаць нешта каля пяцісот чалавек.
— Будзе больш. Раён прыдатны. Доўгі Мох, балоты ля Трылесіны. На поўдні іхняй зоны Свержанскія лясы. Ім і палохаць дзядзьку губернатара. На Горкі ён, маючы іх у тыле, не пойдзе. А рушыць на поўдзень — яны сустрэнуць яго першыя і не дадуць падаць дапамогу Сухадолу. А потым — усе на Магілёў.
Раўбіч уздыхнуў.
— Ну вось. У дэталях потым. Памятайце толькі: на той тэрыторыі, што мы збіраемся падняць, жыве нешта каля дзевяцісот тысяч чававек. Ніводзін з гэтых людзей не павінен зазнаць крыўды. Калі мешчанін пачне зводзіць рахункі з ваенным, раскольнік — з католікам, а паляк — з пратэстантам, — скончыцца ўсё гэта загібеллю. Таму я прапаную радзё сёння ж дамовіцца аб тым, каб ні ў якім разе не дапусціць несправядлівасці. Усе людзі, колькі іх ні ёсць, дзеці Адама. Я патрабую ў рады аднаго: строгага пакарання за ўсобіцы. Мы не павінны наследаваць імперыі. Мне здаецца, гэта зямля павінна стаць зямлёй справядлівасці для ўсіх. Вось што я хацеў сказаць.
Людзі маўчалі. Прыдняпроўе ляжала перад імі на стале, а над ім плыў густы дым…
…Алесь сам не разумеў, як яны маглі заблудзіцца. Але ноч ужо даўно спусцілася на пушчу, а яны ўсё яшчэ кружлялі патаемнымі сцежкамі сярод вялікіх, здавалася, да самага неба, дрэў.
Па зорах зведаць дарогу было нельга. Неба густа аблажыла чорнымі хмарамі. Так густа і глуха, што ў пушчы стала цёпла, як пад коўдрай.
Сіняя маланка палахнула зусім нізка над дрэвамі. Збіралася навальніца. Урга і Касюнька мякка ступалі па гліцы. Майка сядзела на мышастай кабылцы стомленая, амаль безуважная. Ёй хацелася спаць.