Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

A старая ўжо скардзілася бацьку:

— Што гэта за час пайшоў? Што ўжо за долечка такая ліхая, апошняя? Гасцінец каменем забрукавалі ірады гэтыя дурныя. Грукоча і грукоча пад коламі. Раней дык як добра было! Пыл мякенькі, як той дзьмухавец, рысораў табе гэтых ніякіх. A цяпер! I брук, і рысоры. Быццам каменнямі мяне ўсю дарогу білі, як першапакутніка Стафана, бог яму няхай за ўсё адплаціць дабром… Рысораў напрыдумвалі… Гэта ўжо горш за карабель, на якім да мужа на Каўказ ехала, — так закалыхвала. Пасля іх гэта ўжо апошнія часіны нашы настаюць. Апошняя гадзіначка наша. Мудруюць людзі!

Ядзя прыціснулася лялечным тварыкам да яе рукі, і яшчэ больш пяшчотнай і свежай здавалася скура на шчоках дзяўчынкі ў параўнанні з цёмнымі пальцамі старой.

— Глядзі, — шапнуў Алесю Мсціслаў. — Гэта яшчэ што?

У карэце яшчэ нешта заварушылася, a потым з яе вылез нехта такі дзіўны, што Алесь уздыхнуў. У гэтага дзесяцігадовага чалавека зусім не відаць было носа. Скура чорная, як вакса, і таму нос нельга было адразу заўважыць. Чорны, як сажа, стаяў ля карэты хлопец y блакітным курціку, і толькі вільготна блішчалі яго белыя зубы.

— Гэта мой мурын, — з некаторым гонарам растлумачыла старая пані. — Саслужывец мужа-нябожчыка прывёз падарунак. Вымяняў аж y Турэччыне, калі хлот туды хадзіў…

Мсціслаў падштурхнуў Алеся:

— Пра гэтага і я чуў. Таркайлаў брат плётку пусціў, што гэта яна звычайнага хлапчука сажай вымазала… для пыхі. Дык яна яго набіла. Проста так і набіла старэчым сваім кіем. Каб не плявузгаў.

— A нашы і не ведалі…

— Вашы мала з кім сустракаюцца. Шляхта кажа: грэбуюць, заганарыліся… Ды і я толькі што чуў пра яго. Але ж які чорны! Я і не думаў, што можна быць такім чорным.

Старая з дзяўчынкай і пан Юры ішлі ўжо да сходаў.

— Ды нашто ён вам? — спытаў пан Юры.

— A я i сама не ведаю нашто. Але ж павагу аказаў чалавек, нельга не ўзяць.

Старая ўсміхнулася:

— Мурын… Розныя дзiвы бываюць… ой, розныя!

I занепакоена спытала ў бацькі:

— Быў жа, здаецца, святы з мурынаў? Ці, можа, не?

— Быў, — сказаў бацька. — Здаецца, Хведар-мурын.

— Ну вось, — уздыхнула з палёгкаю Клейна. — A я ж і спрачалася, што быў. Таксама, значыць, божыя душы. З сабак, скажам, a ці то з малпаў святых не бывае, не папусціць бог.

— A людзі папусцяць?

— Людзі, брат, за грошы ўсё што хочаш папусцяць. Люцыпару псалмы складаць будуць, бацькаўшчынай гандляваць, ды яшчэ і ў Бібліі адпаведнае месца адшукаюць, што бог, маўляў, і гэта ім дазволіў.

— Святых жа, здаецца, на ўсяленскіх саборах зацвярджалі? — блюзнерыў бацька.

— A там што, не людзі? Таксама, брат, людзі. Не серафімскімі ж крыламі яны ў Нікеі Арыя завушалі. Звычайнымі кулакамі… Біліся, як мой Марка ў карчме.

— Які гэта Марка?

— Быццам і не ведаеш? Таго, што на аброку? A божа ж мой, Марку майго ён не ведае! Ды той самы, што ў Сухадоле па вулках хлеб без скарынкі возіць…

Бацька пырснуў. Бабуля падазрона паглядзела на яго.

— A ты не блазнуй. Бог усё бачыць. I твае смяшкі, і Марку, і прагнасць людскую, і нікейскія "серафімскія крылы".

Усміхнулася:

— Бываюць, значыць, з мурынаў святыя. Я ж казала, божыя душы. Значыць, заўтра ж ахрышчу, цябе вазьму хросным бацькам…

— Ды які я яму хросны? — зарагатаў бацька.

— A ты маўчы. Гэта і мне і табе залічыцца, за многія твае грахі. Дамо яму імя ў памяць пакутніка Яна… A там я падумаю-падумаю ды і ў прыёмышы яго вазьму.

— Прыгоннага.

— Ды які ён прыгонны? Ён жа чорны, як бот. Такія ў прыгоннікі не прыдатныя. Бог іх, відаць, за нешта колерам адзначыў.

I раптам Надзея Клейна засмяялася так, што затрэслася ўсё яе рошчыністае цела.

— A потым дам за ім пару хутароў. Чаму ж не? Раней y многіх калмычкі выхоўваліся. Гадавалі іх, пасаг давалі, выдавалі замуж. I нічога, многія жаніліся. Нават пікантным лічылася. Дык вось я і Янку ажаню. A чаму не?

— Дык хто пойдзе?

— Уce пойдуць, — сказала старая. — Паглядзела б я, якая засцянковая паненка за яго не пайшла б. Гэта каб супраць майго жадання, ды калі я сваццяй буду?! О-го, паглядзела б… A што ж такога? Хлопчык ён добры, сардэчны, галоўкай лашчыцца. Шанаваць жонку будзе, цаніць і шчасце і дабрабыт. Не тое што гэтыя п'янюгі ды сабакары, — прабач, бацюхна.

Памаўчала, падціснуўшы вусны.

— A i тая нейкая пойдзе. Добрыя ды багатыя мужы для бедных дваранак на дарозе не валяюцца. Няхай сабе і цёмны. Не папэцкае, пэўна. Гэта ў яго ад прыроды.

I ціха, адзін пан Юры чуў, спытала ў яго на вуха:

— Цікава толькі, якія ж гэта ў іх дзеці будуць? Крый божа, калі як шахматная дошка… квадратамі… Га?

— Такія не будуць.

— Ну то тады і добра… Будзе мне занятак на старасці год.

Яны набліжаліся да падлеткаў, якія стаялі асобна. Клейна падышла бліжэй за ўсіх і ўтаропіла ў хлопцаў пільны позірк.

— Гэты, — пасля імгненнага роздуму паказала яна кійком на Алеся. — Вочы матчыны, a позірк твой. Толькі, прабач, без тваёй цяперашняй спакайнаты. Хлопец будзе. Будзе хлопец, кажу табе. Не прывучай толькі сабакаром быць.

Зрабіла рэзкі рух.

— I адпусці. Адпусці адсюль. Асалоды ў гэтым мала, ляжаць на вачах усіх, як мухі ў місцы… Антаніда, віншую цябе. Будзе хлопец. Позірк просты, шчыры, не тое што ў гэтых малімончыкаў яго ўзросту… Ну, давай пацалуемся, Антаніда… A вы, дзеці, марш гуляць… I Яначку з сабой вазьміце. Ды не крыўдзіце яго там. Ён сірата.

Дзяцей і прасіць не трэба было: як чародка вераб'ёў, сыпанулі па сходах.

— Karo яшчэ няма, Georges? — спытала матухна.

— Раўбічаў няма. Кроера няма. Старога Вежы няма.

— Добра. Хай ідуць дзеці, — уздыхнула Загорская.

Алесь бег наперадзе ўсіх. Дзеці абагнулі палац, горку, на якой распараджаўся гарматамі Кірдун, карцінны павільён і спынілісяу гушчары парку, дзе была дзярновая лаўка.

Усе селі. Зялёная сетка святла ляжала на тварах дзяцей.

— Дык як жа вы жывяцё, Ядзвінька? — спытаў Алесь.

Лялечны тварык схіліўся ўніз. Вочы, такія нявінныя і сінія, засаромлена глядзелі на Алеся.

— Я з маці жыву. I з Янкам. У мяне тры старэйшыя браты… Былі тры браты… Два загінулі на вайне… Адзін — хто яго ведае дзе, мне не кажуць. Я апошняя. Ніхто ўжо не чакаў мяне, a я ўзяла ды і нарадзілася. Усе за мяне таму вельмі баяцца. Толькі я не баюся. Я люблю, каб цёпла. Люблю, калі спяваюць. Люблю, каб мне не перашкаджалі. A баюся толькі, калі хлопчыкі злыя… I сабак.

Алесь слухаў гэта з памяркоўнай усмешкай.

Поделиться с друзьями: