ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

У Юрася нешта клекатала ў горле.

– Братка... – захлынаючыся, сказаў ён. – Братка, ты не думай. Мы пачнем не так. Калі мы пачнем – зямля пад імі ўсімі закурэе. Пачакай да таго часу, братка.

– Калі пачнецца сапраўднае – першы пайду з табою, – сказаў Андрэй.

– Мы з-пад іх зямлю рванем, – усё паўтараў Юрась. – Гэта ўжо скора. Вер мне, я людзей ведаю. Кандрат зноў ірвануўся з-пад іх.

Ён глядзеў, як сычэлі і сычэлі ў снезе згасаючыя паходні, як меншала і меншала – на вачах, агнёў. Сутарга раптам прабегла па Кандратавым целе, і ён, ірвучыся, закрычаў нема і страшна.

Панеслі, – сказаў Юрась.

Андрэй ускінуў на плячо братава цела, і Кагуты рушылі зарасцямі вішняку, а потым узлобкам далей ад Гарыпяцічаў. Кандрат пагойдваўся на плячах, нерухома-цяжкі, як мёртвы.

На ўзгорку, перад тым як спусціцца ў яр, Юрась і Андрэй спыніліся. Агні ўсё яшчэ згасалі ў лагчыне, але сычэння не было чуваць: далёка.

– Нічога, мы ім гэта ўспомнім, – сказаў Андрэй.

Брат не сказаў нічога, але Андрэю стала страшна, калі ён убачыў сціснутыя Юрасёвы кулакі.

“Давялі, – падумаў ён. – Ваўкоў з людзей парабілі. I дзіва што...”

Натоўп радзеў. Засталіся толькі Корчакавы людзі і ўзброеныя мужыкі з вёсак Хаданскага, ды яшчэ гарыпяціцкія, якім не было куды ўцякаць.

Але Мусатаў усё адно адчуваў дзіўную слабасць.

...Натоўп тым часам усё яшчэ стаяў у нерашучасці. I салдаты стаялі перад ім таксама нерухома. I на тварах салдат, якія трымалі Брону, Марту і Паківача, была нерашучасць.

Часам у натоўпе выбухаў крык:

– Пусціце іх!

– Сыраядцы! Супраць царовай волі! Вось ён вам...

– Апускаліся багнеты, і нібы разам з імі на натоўп апускалася цішыня.

Брона глядзеў-глядзеў на гэта, ды і плюнуў:

– Мужыкі-і...

Корчак спрабаваў узняць сваіх – дарэмна.

...Яшчэ не пачынала днець, але на ўсходзе загарэлася ўжо янтарна-жоўтая, халодная стужка заранкі. Людзі пераступалі з нагі на нагу, рыпеў пад поршнямі снег.

Мужыкі ведалі: пакуль на іхнім баку ноч і паходні, іхні табар робіць уражанне больш страшнага і вя-лікага, чым на самай справе. Дзень, які вось-вось павінен быў разгарэцца над вёскай, нібы распране іх, пакажа салдатам звычайных змерзлых людзей, вельмі стомленых і галодных.

...I раптам над натоўпам, над салдатамі прагучаў шалёны, дрыготкі ад захаплення крык Марты. Яна білася ў руках у салдат, выгіналася, паказвала рукою некуды на крутаяр. Вочы жанчыны гарэлі раз’юшанасцю і ўтрапеннем.

– Глядзіце! Гля-дзі-і-це!

На крутаяры, на верхнім ягоным зрэзе, на жоўтым фоне заранкі рухаўся сілуэт.

– Коннік! Коннік! Коннік!

Конь нібы рассцілаўся ў паветры, з усходу набліжаючыся да вёскі. Салдаты не бачылі яго за сцяною ліп. Але ўсім, хто ў нерашучасці стаяў на вясковай вуліцы, ён быў відзён добра.

I кожны, нават той, хто не верыў у казкі, з радасцю падумаў: вось яно. Вось яна, тая адзіная прычына, якая можа прагнаць здранцвенне. I трэба скарыстаць яе, іначай дзень – і яшчэ дзве роты, якія ідуць недзе дарогаю, і расправа, і катарга. Толькі адагнаць іх, хоць бы на хвіліну, каб потым здабыць сапраўдную волю, і ведаць, ці праўда гэта, і разысціся, каб расказаць усім і каб потым паўсталі ўсе, а не толькі дзве вёскі.

Крык Марты нібы разбіў маўчанне. Жанчына вырвалася з салдацкіх рук, зрабіла некалькі крокаў і павалілася на калені ў снег, цягнучы рукі да светлай праявы.

Бязладны шалёны крык нібы ўскінуў кожнага. Гэта было ўратаванне, магчыма, сапраўдная воля.

I, наліваючыся крывёй, Корчак крыкнуў:

– Ён з намі, хлопцы! Хлопцы, ён з’явіуся! Рушай!

Крык п’яніў. Узняліся ўгору доўбні і вілы, косы і доўгія сякеры вязыніцкіх. Поршні пачалі таптаць снег.

Коннік ужо знікаў, правальваючыся ў яр, але цяпер мужыкам у ім не было патрэбы.

Разяўленыя рыкам раты, вусы, расхінутыя на грудзях сарочкі, белыя світкі, бляск сталі, агонь паходняў, крык – усё злілося ў адно, у лаву, якая кацілася на салдат.

Паківач вырваўся ад салдат, кінуўся да Марты, падымаючы яе. Потым узняў угору рукі:

Хлопцы! Бі іх!

Лава набліжалася да схопленых і салдат з неверагоднай імклівай хуткасцю.

Якраз у гэты момант ірвануў паветра бязладны рэдкі залп. Паківач хіснуўся і, нібы пераламаўшыся, упаў дагары ў снег. Упаў яшчэ нехта, яшчэ, яшчэ.

Але было позна. Раты, доўбні, вострыя джалы кос, рэдкія хлапякі мужычых стрэлаў, світкі, сталь, хадакі, жоўтыя, як мёд і лён, распатланыя валасы – уся страшная лава насунулася, змяла, пагнала салдацкі ланцуг.

Яна была жахлівая. I не хапала ўжо часу перазарадзіць стрэльбы, і аставалася толькі адно: ратавацца, скакаць цераз агарожу, бегчы цвінтаром, хаваючыся за царкоўныя муры, адчуваць спіною гарачае дыханне натоўпу і храбусценне кос, калі яны улазілі ў жывую плоць, кідаць стрэльбы, бегчы да рачулкі, правальвацца на сінім лёдзе, плысці, знікаць у пушчы.

Алесь стаяў на апусцелым полі бою. Ён азіраўся: ага... унь чалавечы твар у дзвярах... і яшчэ... і яшчэ адзін.

– Хадзіце сюды, – уладна сказаў ён.

Божкаючы, наблізіўся стары:

Божа! Божа! Што гэта цяпер будзе?

– Нічога не будзе. Кліч людзей. Якая тут самая чыстая хата?

– Не ведаю, – схітрыў дзед.

– Баішся? – сумна сказаў Алесь. – Нічога. Ану, хадзіце сюды.

Падышло яшчэ некалькі чалавек гарыпяціцкіх.

– Вось што, – сказаў Алесь. – Нікому нічога не будзе. Толькі дапамажыце мне. Падбярыце ўсіх па-раненых: і салдат на могілках, і мужыкоў на вуліцы. Нясіце іх у тую хату... Не хітруй, дзед, твая хата.

Толькі тут ён зразумеў, якім глупствам было скакаць сюды. Ён так нічога і не прыдумаў за дарогу. Спадзяваўся, што на месцы ўсё вырашыцца.

Вырашылася, на жаль, без яго. Разумней за ўсё было б яму кінуць гэтую вёску і непазнаным паехаць назад. Людзі не затрымаюцца тут, ён ведаў. Але Загорскі напісаў Ісленьеву. Ён ведаў, што недзе тут Кагуты, што зараз ён, Алесь, астаецца адзінай абаронай гэтых людзей ад раз’юшанай салдатні, бо пры ім пасаромеюцца катаваць і не пакінуць усяго без судовага разбору. I яшчэ: параненыя стагналі вакол на снезе, і гэта было жахліва, і тут ніхто, акрамя знахарак, не мог ім дапамагчы.

Поделиться с друзьями: