Шрифт:
Аркадзь Чарнышэвiч
Калiнiшын зяць
I
Раман Хмыль прачнуўся за поўнач у бацькавай хаце. Прыснiлася нешта страшнае, незразумелае. Трызненне нейкае. Раман адчуў, што лоб яго аблiўся халодным потам, а сэрца гатова выскачыць з грудзей. Што гэта было? Раман напружыў памяць. Ага! Ён апынуўся на нейкай скале, высачэзнай i гладкай. Памкнуўся злезцi, але калi зiрнуў унiз, то ўбачыў бездань. Ад жаху Раман заплюшчыў вочы, i ў гэты момант нехта штурхнуў яго ў плечы. Ён азiрнуўся i ўбачыў невялiчкую дзяўчынку з кiрпатым носiкам i блiскучымi вочкамi. Ён пазнаў яе. Яна стаяла i смяялася.
Калi гэты сон паўстаў у памяцi, Рамана зноў ахапiў жах. Ён паспрабаваў крануцца i ледзь не паляцеў з ложка: малодшы брат сапхнуў яго на самы край. Раман сеў i ўспомнiў усё, што адбылося ўчора вечарам памiж iм, жонкай i цешчай.
Раман ажанiўся з Надзяй некалькi месяцаў назад. Надзя была стройная i прыгожая дзяўчына. Ён тады толькi што прыйшоў з армii. Убачыў яе i адразу закахаўся. Неўзабаве справiлi вяселле. Думаў тады Раман, што злавiў шчасце, што яму пашанцавала ў жыццi. Надзя скончыла школу, а далей вучыцца не паступiла. А каб паступiла, то хiба выйшла б яна за яго замуж! Не ведаў Раман, што Надзя i не думала куды-небудзь паступаць. У яе i яе мацi былi зусiм iншыя меркаваннi.
I вось ён зноў у бацькавай хаце. Нi халасцяк, нi жанаты. I ўспомнiлася ўсё да самых драбнiц.
II
Надзiну мацi Марылю ў наваколлi звалi Калiнiхай. Па мужу. Ён, праўда, зваўся не Калiна, а Болесь. Да трыццаць дзевятага года служыў панскiм леснiком i ганарыўся сваiм шляхецтвам i каталiцтвам. Калiнай яго дражнiлi за тое, што ён злавiў у лесе вясковага пастушка, якi зразаў на пугаўё калiну. "Паночак, дык ён жа калiну зрэзаў, - скардзiўся Болесь пану.
– Цэлае дрэва зглумiў, гад". Пастушка аштрафавалi, хоць тое "дрэва" было таўшчынёю ў палец.
Загiнуў Калiна ў часе Айчыннай вайны ад партызанскай кулi. Тады Надзi iшоў пяты год. Калiнiха сама выгадавала дзвюх дачок. Хутар яе быў добры. Пры фашысцкiх акупантах трымала парабкаў i карысталася немалымi льготамi як удава палiцая. Парабкаў выбiрала маладых, дужых, каб не толькi днём, але i ноччу нечага былi варты, аднак трымала iх у руках, i нi адзiн не стаў яе мужам. Дзiвiлiся людзi: дробная, непрыгожая, няўдалая жанчына, пстрычкай забiць можна, а ў жыццi - люты драпежнiк. Калi ўчэпiцца ў што-небудзь, то не толькi рукамi, але i зубамi ўвап'ецца, як клешч, не адарвеш.
Так жыла Калiнiха i гора не ведала, пакуль не прыйшоў канец фашысцкай акупацыi. Мiнулася панства. Аднак яна не здалася. Абiвала парогi ўстаноў, плакала, галасiла, скардзiлася на сваё горкае ўдоўства, на мужа-нягоднiка, якi не ўмеў быць чалавекам. Здзекаваўся з яе, пакуль быў жывы, i праз што, праз якое яна павiнна пакутаваць. А ў яе ж малыя дзецi. Яна так уелася ў косцi раённаму начальству, што яе нарэшце пакiнулi ў спакоi, толькi хутар значна абрэзалi.
Калi арганiзаваўся калгас, яна ўступiла ў яго апошняй. Ад хутара засталася толькi хата з добрым садам. На работу яна выходзiла кожны дзень i нiколi не вярталася дамоў з пустымi рукамi. Былi ў яе i iншыя заробкi. Начныя. Вакол хутара калгасныя палi: збажына, бульба, канюшына. Калiнiха не грэбавала нiчым. Брала не памногу. Навучыла i дачок. I трэба сказаць, што яны так налаўчылiся ў гэтай справе, што не мiналi нiчога, што трапляла пад рукi. Асаблiва малодшая, Надзя. Гэта было такое пранырлiвае дзяўчо, што магло з-пад курыцы яйкi ўкрасцi. I рабiла гэта так хораша i лоўка, што нiхто не мог i падумаць пра яе дрэннага. Прыгожая, сцiплая, з мiлымi вочкамi, якiя заўсёды глядзелi пад ногi, яна нагадвала ляльку. "Не, гэта не Калiнiшына дачка", - думаў кожны, хто яе бачыў.
Такiм чынам, у Калiнiхi хапала i хлеба i да хлеба. Але гэтага ёй было мала. Калiнiха любiла грошы i гандаль. Крадзеным збожжам выкормлiвала ў год некалькi парсюкоў i прадавала iх там, дзе было больш выгадна. Ёй былi вядомы ўсе рынкi ў Менску i Вiльне. Цяжка было адной, i яна знайшла памочнiкаў: мясцовага п'янiцу Мiкiту Бычка, якi пад чаркай прадаў бы не толькi парсюка, але i родную мацi, каб яна была жывая, i леснiка Стася Парахню - сябра нябожчыка Калiны.
Самагонку Калiнiха гнала даўно, толькi не памногу. Калi падраслi дочкi, яна стала гнаць болей. Да выпiўкi, вядома, патрэбна i закуска, а яе ў Калiнiхi хапала. Такiм чынам на Калiнiшыным хутары адчынiлася карчма, толькi нелегальная. Тут збiралiся п'янiцы, гультаi i зладзеi - усе тыя, каму грошы дастаюцца лёгка i несумленна.
Усё гэта ведаў Раман яшчэ да армii. Перад самым яго адыходам на службу Калiнiха аддала замуж старэйшую дачку. Надзя тады яшчэ хадзiла ў школу.
III
Калi Раман сказаў бацьку, што хоча ажанiцца з Надзяй, той доўга маўчаў.
– З Калiнiшынай дачкой?..
– спытаў ён нарэшце.
– А пры чым тут Надзя?
– узарваўся Раман, адразу зразумеўшы, што бацька не адабрае яго выбару.
– Яна не такая!
– А ты добра прыгледзься.
– Я прыгледзеўся ўжо! Два месяцы з ёй хаджу, калi хочаце ведаць.
– Ведаю! Два месяцы мала.
– Я ў хаце ў iх бываю.
– Ну i што?
– Што? Добрая сям'я, вось што. Людзi языкамi прывыклi малоць: Калiнiха сякая, Калiнiха такая... А яна таксама нямала перажыла.
Бацька ўсмiхнуўся:
– Перажыла, кажаш?
– Так... I калi хочаце ведаць, я кахаю Надзю, i мне лепшай жонкi не трэба.
– Мабыць, i чаркай частавалi, - сказаў нiбы мiж iншым бацька, i гэта апякло Рамана. Апякло таму, што i сапраўды частавалi, i не адзiн раз. Ён так прывык да гэтага, што iшоў да Надзi i заўсёды спадзяваўся, што там вып'е.
– Што ж, можа, i сапраўды яна не такая, - прамовiў бацька.
– Бывае.
Цяжэй было ўгаварыць мацi.
– Да Калiнiхi ў прымакi iдзеш, сынок?
– з жалем запытала яна.
– Чаму ў прымакi? Я Надзю да сябе бяру.
– А я чула, што Калiнiха да Надзi прымака хоча ўзяць, каб з дачкой i зяцем да смерцi дажыць...
– Языкамi людзi мелюць.
– Я не ад людзей, а ад яе самой чула, яшчэ калi ты ў армii быў.
Гэта крыху ўразiла Рамана. Тады ж Надзя ў школе вучылася. Няўжо Калiнiха ў той час думала пра Надзiна замужжа? А сама Надзя? Яна ж хацела вучыцца далей. Глупства ўсё гэта. Раман так i адказаў мацi.
– Глупства. Калiнiха пажартавала.
– Не ведаю, сынок... Але наўрад цi ўжывёмся мы з ёю...
– Вось як! А хто не ўжывецца, вы цi яна?
– Я ёй, мабыць, не дагаджу.
– Ёй не трэба дагаджаць!
Доўга цягнулiся такiя размовы, нарэшце адгулялi вяселле, i Надзя перайшла да Рамана.
IV
Той нядоўгi час, калi Надзя жыла ў Раманавых бацькоў, пакiнуў у яго душы такi горкi i балючы асадак, што пра яго не хацелася ўспамiнаць. Першыя днi маладая была ласкавая i прыветная. Не Раманавы бацькi дагаджалi ёй, а яна iм. А потым Надзю нiбы падмянiлi. То яна цэлыя днi нi з кiм не гаварыла, то адмаўлялася есцi, то плакала без прычыны. "Што з ёй?" - думаў Раман. Адказаць яму магла б толькi мацi, але яна маўчала. Справа ў тым, што Калiнiха вельмi часта наведвала дачку. Яны iшлi ў другi пакой i там падоўгу шапталiся. Мужчыны былi на рабоце i нiчога не ведалi. Мацi хацела сказаць пра гэта бацьку, але не адважвалася. Раман можа пакрыўдзiцца. Навошта падымаць лiшнi вэрхал у хаце? Што за бяда, калi мацi прыйдзе да дачкi? Аднак сэрца чула, што робiцца нешта нячыстае, нядобрае.
Маладая ўжо наседзелася дома, i ёй пара было выходзiць на работу. Аднойчы ў нядзелю, калi яны засталiся адны дома, Раман хацеў пагутарыць аб гэтым з Надзяй. Але яна апярэдзiла яго.
– Раман, - сказала яна, - ты ўсё жыццё будзеш працаваць у калгасе?
– А чаму не?
– здзiвiўся Раман.
– Я хацеў сказаць, галубка, што i табе пара iсцi на работу.
– У калгас?
– А куды ж больш?
Надзя пазелянела. Такою яе Раман нiколi не бачыў. Дзе падзелiся Надзiны ласкавасць, мiлы позiрк? Вочы яе затуманiлiся, здавалася, што яна нiчога не бачыць i не разумее.