Камiзэлька (на белорусском языке)
Шрифт:
Зноў абое схiлялiся i рабiлi кожны сваё. I зноў праз нейкi час яна гаварыла:
– Лажыся!.. Лажыся!..
Часамi на словы яе адказваў мой гадзiннiк, б'ючы першую гадзiну.
Людзi гэта былi маладыя, нi прыгожыя, нi брыдкiя, наогул спакойныя. Наколькi я памятаю, яна была значна шчуплейшая за мужа, якi быў добра такi таўставаты. Сказаў бы я, што нават затоўсты, як на малога чыноўнiка.
У кожную нядзелю, каля паўдня, яны выходзiлi на шпацыр, трымаючыся пад ручку, i дадому вярталiся познiм вечарам. Абедалi, вiдаць, у горадзе. Аднойчы я сустрэў iх каля брамы, што аддзяляе Батанiчны сад ад парку Лазенкi. Яны купiлi два куфлi выдатнага лiманаду i два вялiкiя пернiкi; прычым выразы твару былi ў iх спакойныя, як у мяшчан, якiя прывыклi за чаем есцi гарачую шынку з хрэнам.
Наогул бедным людзям трэба няшмат для падтрымання душэўнай раўнавагi. Трохi яды, шмат работы i шмат здароўя. Астатняе неяк прыходзiць само па сабе.
Маiм суседзям, здаецца мне, яды хапала, тым больш работы. Горш было са здароўем.
Неяк у лiпенi ён прастудзiўся, зрэшты, не надта. Але пры гэтым чамусьцi пачаўся яшчэ i кровацёк, ажно да страты прытомнасцi.
Было гэта ноччу. Жонка, захутаўшы яго ў пасцелi, прывяла дворнiчыху, а сама пабегла па доктара. Абышла пяцярых, а ледзь знайшла аднаго, i то выпадкова, на вулiцы.
Доктар, зiрнуўшы на жанчыну пры мiгатлiвым святле лiхтара, палiчыў патрэбным перш за ўсё супакоiць яе. А таму, што яна пахiствалася, вiдаць, ад стомы, а рамiзнiка на вулiцы не было, ён узяў яе пад руку i, на хаду, растлумачваў, што кровацёк яшчэ анiякi не доказ.
– Кровацёк можа быць гарлавы, страўнiкавы, насавы, рэдка калi з лёгкiх. Зрэшты, калi чалавек заўсёды быў здаровы, нiколi не кашляў...
– О, толькi сяды-тады!
– шапнула яна, спынiўшыся, каб перадыхнуць.
– Сяды-тады? Ну, гэта нiчога. У яго, магчыма, лёгкi бранхiт.
– Ага... Гэта бранхiт!
– паўтарыла яна, ужо ўголас.
– Запалення лёгкiх нiколi не было?
– Было, - адказала яна, зноў спынiўшыся.
Ногi яе крыху хiсталiся.
– Але ж, вiдаць, ужо даўно?
– падхапiў доктар.
– О, вельмi... вельмi даўно!
– пацвердзiла яна паспешлiва.
– Яшчэ ў тую зiму.
– Паўтара года таму назад.
– Не... Але яшчэ перад Новым годам... О, ужо даўно!
– Ага!.. Якая цёмная тут вулiца, а неба да таго ж захмарана...
– гаварыў доктар.
Яны ўвайшлi ў наш двор. Суседка з трывогай спыталася ў дворнiка, што чуваць, i даведалася, што нiчога. У кватэры дворнiчыха таксама сказала ёй, што нiчога не чуваць, а хворы драмаў.
Доктар асцярожна разбудзiў яго, агледзеў i таксама сказаў, што нiчога.
– Я ж адразу сказаў, што нiчога, - азваўся хворы.
– О, нiчога!
– паўтарыла яна, сцiскаючы яго спацелыя далонi.
– Я ж ведаю, што кровацёк можа быць страўнiкавы або насавы. У цябе, вiдаць, насавы... Ты такi мажны, трэба больш рухацца, а ты ўсё сядзiш... Праўда, пан доктар, што трэба рухацца?..
– Праўда, праўда!.. Рух наогул патрэбны, але муж панi павiнен некалькi дзён паляжаць. Цi нельга выехаць у вёску?
– Нельга...
– сумна шапнула яна.
– Што ж... Гэта нiчога. Калi так, застанецца ў Варшаве. Я буду наведваць яго, а пакуль што - няхай паляжыць, адпачыне... Калi ж кровацёк паўторыцца...
– Дык што, пане доктар?
– спыталася, палатнеючы, жонка.
– Анiчога. Муж адпачыне, а там зарубцуецца...
– Гэта... у носе?
– спыталася яна, склаўшы перад доктарам рукi.
– У носе... разумеецца! Супакойцеся, калi ласка, а на ўсё iншае - божая воля. Добрай ночы!
Словы доктара так супакоiлi жанчыну, што пасля некалькiх гадзiн трывогi ёй стала весела.
– I нiчога тут такога значнага!
– сказала яна, цi то са смехам, цi то з прыплачам.
Укленчыла каля ложка хворага i пачала цалаваць яго рукi.
– Нiчога значнага!
– паўтарыў ён цiха i ўсмiхнуўся.
– На вайне з чалавека не столькi крывi выплывае, а потым ён усё-такi здароў!..
– Ты толькi нiчога не гавары, - папрасiла яна.
На дварэ пачало свiтаць. Улетку, як вядома, ночы вельмi кароткiя.
Хвароба цягнулася значна даўжэй, чым яны спадзявалiся. Муж ужо не хадзiў у кантору, ды з гэтым лiшняга клопату не было, бо ён працаваў пазаштатна i адпачынку не трэба было браць, а вярнуцца на працу ён мог, калi спадабаецца, абы толькi месца было. Седзячы дома, ён адчуваў сябе лепш, i таму яна знайшла яшчэ некалькi ўрокаў на тыдзень, што дало ёй магчымасць сяк-так спраўляцца з выдаткамi.
У горад яна звычайна выходзiла ў восем гадзiн. Каля першай гадзiны на колькi вярталася дахаты, каб зварыць мужу абед на прымусе, а потым зноў выбягала на нейкi час.
Затое вечары яны праводзiлi разам. I яна, каб сядзець не так сабе, брала трохi больш шытва.
Неяк у канцы жнiўня жанчына спаткалася з доктарам на вулiцы. Доўга хадзiлi разам. Нарэшце яна схапiла доктара за руку i ўмольным голасам папрасiла:
– Але ж усё-такi заходзьце да нас. Можа, бог дасць!.. Кожны ваш вiзiт так яго супакойвае...
Доктар абяцаў, а яна вярталася дадому нiбы заплаканая. Муж, у вынiку вымушанага сядзення дома, таксама стаў раздражнёны i падазроны. Пачаў выгаворваць жонцы, што яна ўжо занадта клапоцiцца пра яго, але ён усё роўна памрэ, а потым спытаўся:
– Доктар не казаў табе, што я i некалькi месяцаў не пражыву?
Жонка здранцвела.
– Што ты гаворыш?
– спыталася яна.
– Адкуль у цябе такiя думкi?
Хворы ўзлаваўся.
– Ану, iдзi ты да мяне, iдзi!
– крычаў ён, хапаючы яе за рукi.
– Глядзi мне проста ў вочы i гавары: казаў табе доктар?
Як у гарачцы, ён утаропiўся ў яе. Здавалася, што ад такога позiрку нават каменная сцяна прызналася б, калi было б у чым прызнавацца.
На твары жанчыны з'явiўся дзiўны спакой. У адказ на той дзiкi позiрк яна ўсмiхалася лагодна. Толькi вочы былi як зашклёныя.
– Доктар сказаў, што нiчога, - адказала яна, - толькi трэба табе трохi адпачыць...
Муж раптоўна пусцiў яе, пачаў дрыжаць i смяяцца, а потым, махаючы рукой, сказаў:
– Ну, бачыш, якi я нервовы!.. Конча трэба падумаць, што доктар не спадзяецца... Аднак... ты мяне пераканала... Я ўжо спакойны!..