Кастусь Каліноўскі
Шрифт:
Чортаў Бацька. Ветлiвы... Па-нашаму... Здароў, вандроўнiк.
Падарожны сядае побач з iмi.
Хто будзеш?
Падарожны. Павей-вецер, дзядзька. Хаджу, зямлю нагамi штурхаю.
Чортаў Бацька. Я i гляджу, лёгкi ты на хаду. Як ляцiш...
Падарожны. Што, сябры, цi не было тут хлопца, светлавалосага такога, высокага?..
Чортаў Бацька. А табе чаго?
Падарожны. Ды так... Таварыша павiнен быў тут сустрэць.
Гарэлiха (бурчыць). Сустрэнецеся ў ката на дыбе... Носiць тут...
Чортаў Бацька. Змоўч ты, Гарэлiха... Гэта наш чалавек... Мужык.
Падарожны. Дзякуй, добры чалавек... Ну, як тут у вас жыццё?
Чортаў Бацька. Не жыццё, а выццё...
Падарожны. Паўсюль так. Сам бачыў. А мураўёўцаў не чуваць?
Чортаў Бацька. Каго?
Падарожны. Новага намеснiка цар прызначыў. Мураўёва. То яго салдаты.
Чортаў Бацька. Не чуваць. А ў наваколлi паляць-такi вёскi.
Падарожны. А што народ?
Чортаў Бацька. А што народ! Народ паноў б'е...
Падарожны. Якiх паноў?
Чортаў Бацька. I вiнаватых, што паўсталi, i невiнаватых.
Падарожны. Ды нашто?
Чортаў Бацька. Невiнаватых пад шумок. Усё лягчэй мужыку. Тым больш - разбiрацца не будуць. Унь мужыкi сёння пана Зарубу на хутары вырашылi памацаць. А вінаватых, злачынцаў царскiх, тых, што ў лясах са зброяй, - тых цар загадаў.
Падарожны. Як цар?
Чортаў Бацька. Поп казаў у нядзелю, што, маўляў, гэта паны, што прыгон вярнуць хочуць. Цар вызвалiў, дык яны паўставаць. З амбону казаў - не брэша.
Падарожны. Дык гэта ж няпраўда...
Чортаў Бацька. А ты хто такі, што лепей за папа праўду ведаеш?
Падарожны. Поп нават пра дзяцей сваiх усёй праўды не ведае. Пра тую праўду спытай у пападдзi ды ў паповага наймiта.
Чортаў Бацька. Гэ... Наконт нашага папа - як у ваду глядзеў...
П а д а р о ж н ы. То што ўсё ж вашы мужыкi рабiць збiраюцца?
Гарэлiха. Скора ўбачыш.
Падарожны вiдавочна непакоiцца.
Падарожны. Чаго-то вы тут седзiцё? Як прыклееныя, як госцi... "Надвор'е якое цёплае. Каб быў госцем - даўно б дахаты пайшоў".
Чортаў Бацька. Ды тут зараз народу будзе - поўна... О! Спаймалi-такі... Вядуць...
Здалёк чуваць гоман натоўпу.
Падарожны. Хто вядзе? Каго?
Чортаў Бацька. Царскага злачынца. Яўхiм, мужык наш, аблаву на яго збiў... Хто за цара i бога - бi паноў.
З-за дрэў сыпануў на прагалiну вiруючы сялянскi натоўп: бабы, мужыкi, дзяды. У руках цапы, доўбнi, сякеры. Вядзе натоўп Яўхiм Барданос, сталы, страшнаватага выгляду мужык. З iм ягоная жонка з аглаблёй. Пярэднiя мужыкi цягнуць Вастравуха. Яму, вiдаць, давялося паспытаць кухталёў. За iмi другiя цягнуць звязанага Зарубу. Народ кiпiць.
Яўхiм. Цягнi iх, хлопцы! Бi! Сячы галовы!
Яўхiмiха. Бач ты, з iхнiх зажывошчаў нам хаты спаляць. Зброю iм! Прыгон!
З Вастравуха зрываюць перавязь.
Галасы. Злодзей нясыты! Чамарка панская! Давай тапор! На пень яго! На пень!
Падарожны, рассоўваючы людзей, iдзе да пня.
Падарожны (цiха). Вастравух... Бог ты мой, што з табой зрабiлi?!
Вастравух (спакойна). Хрыста таксама распялi людзi, для якiх ён жыў.
Перад iм стае Яўхiмiха.
Яўхiмiха. А ты галодны рот печкi бачыў, Хрыстос?
Вастравух. Баба бедная, гэта ж мы за вас... Супраць бацькоў сваiх... за вас!..
Яўхiмiха. Пан мужыку тлумачыў: “Гэта, мужык, атлас”. А мужык яму: “Ад нас, паночку, ад нас”. (Са страшнай iронiяй.) Ты - пан. Ты “за нас”, як воўк за авечую шкуру.
Маўчанне. Вастравух зразумеў. Стае на каленi перад пнём.
Вастравух. Што ж, вазьмiце жыццё. Яно - ваша.
Яўхiм бярэцца за сякеру. Падарожны працiснуўся да яго. Якраз у гэты момант з'явiлiся на грэблi Арсень Станевiч i Каралiна.
Арсень. Вядзi хутчэй да ваяводы. Тэрмiновыя весткi з Вiльнi, панна Каралiна.
Каралiна. Ды Васт равух якраз тут, ля млына, павiнен быў сустрэцца з кiмсьцi...
Арсень. З iм якраз...
Каралiна (убачыла людзей). Божа!.. Арсень, глядзiце!
Уражаныя, яны застылi. Потым Арсень адштурхнуў Каралiну за дрэвы.
Яўхiм (Вастравуху). Ты хто такі?
Вастравух. Камандзiр атрада паўстанцаў.
Яўхiм. Малiся... Замольвай апошнi грэх.
Падарожны. Якi грэх?