Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:

Каток-Вуркаток з Добраю Козачкай павялi Бландзiну паказваць, дзе яна будзе жыць. Сцены ў Бландзiнiнай спальнi былi абабiтыя ружовым ядвабам, гафтаваным золатам, а мэбля - белым аксамiтам, на якiм блiскучымi рознакаляровымi нiткамi былi вышытыя сама розныя жывёлы, птушкi, матылькi ды жучкi. Побач быў кабiнет, у якiм Бландзiна магла вучыцца. Сцены ў кабiнеце былi зацягнутыя нябесна-лазуркавым адамашкам, расшытым дробнымi перлiнкамi, а мэбля пакрыта срэбна-муараваю тканiнай, падбiтай цвiчкамi з буйнымi бiрузовымi галоўкамi. На адной сцяне вiселi дзве цудоўныя карцiны, на якiх былi намаляваныя нейкая маладая, вельмi прыгожая жанчына i чароўны юнак. Мяркуючы па iх вопратцы, яны належалi да каралеўскага роду.

– Чые гэта партрэты, панi?
– спыталася Бландзiна ў Добрай Козачкi.

– Мне забаронена адказваць на гэта пытанне, - сказала Козачка.
– Ты даведаешся пра гэта пазней. А цяпер хадзем абедаць. Ты ж, Бландзiна, напэўна, прагаладалася?

Бландзiне сапраўды вельмi хацелася есцi. Яна пайшла за Добраю Козачкай i неўзабаве апынулася ў прасторнай зале, дзе быў даволi дзiўна накрыты стол: з аднаго боку ад яго ляжаў белы сацiнавы матрац для Добрае Козачкi, а перад матрацам быў пакладзены ахапак свежай, сакавiтай травы i стаяла залатое карытца з празрыстай крынiчнай вадою. З другога боку стаяў высокi зэдлiк для Катка-Вуркатка, i перад iм у залатой мiсе ляжала смажаная рыба, запечаныя бакасiкi i стаяла вялiкая конаўка з горнага крышталю з цёплым яшчэ сырадоем.

Памiж Катком-Вуркатком i Добраю Козачкай было падрыхтаванае месца i для Бландзiны: ёй паставiлi невялiкi фатэль, зроблены з разной слановае косткi i абцягнуты пунсовым аксамiтам, якi па беражках быў замацаваны цвiчкамi з дыяментавымi галоўкамi; на стале стаяла прыгожая залатая талерка з вельмi смачным рагу з рабчыкаў i лясных жаўрукоў, а побач з талеркай ляжалi залатыя вiдэлец з лыжкай i стаялi шклянка з графiнам (таксама, як у Катка-Вуркатка, з горнага крышталю). Не забылiся пакласцi Бландзiне i сурвэтку - з такога тонкага бацiсту, што раней Бландзiна такога не бачыла. Слугавалi за абедам вельмi спрытныя i прыгожыя газэлi: яны прыносiлi i выносiлi стравы, угадваючы ўсе жаданнi Бландзiны, Добрай Козачкi i Катка-Вуркатка.

Абед быў вельмi багаты: iм падавалi сама розную птушку, сама рэдкую дзiчыну, сама далiкатную рыбу i сама духмяныя пiрагi i ласункi. Бландзiна была галодная i таму пакаштавала кожную страву - i ўсе яны падалiся ёй незвычайна смачнымi.

Пасля абеда Каток-Вуркаток з Добраю Козачкай павялi Бландзiну ў сад i гулялi там па чароўных прысадах, у якiх раслi раскошныя дрэвы са спелымi сакавiтымi пладамi. Набегаўшыся ды нагуляўшыся, Бландзiна нарэшце стамiлася i пайшла са сваiмi новымi сябрамi назад у палац. Там Добрая Козачка прапанавала ёй пайсцi спаць, i Бландзiна з радасцю пагадзiлася.

У спальнi яе ўжо чакалi дзве газэлi, якiя павiнны былi ёй прыслугоўваць. Яны спрытна дапамаглi ёй распрануцца, паклалi ў ложак i засталiся побач сачыць, каб нiшто не патрывожыла яе сну. У ложку Бландзiна прыгадала пра бацьку i трошкi паплакала, шкадуючы, што яго няма побач. Але неўзабаве яна моцна заснула.

Глава 6

Бландзiна прачынаецца другi раз

Бландзiна доўга спала глыбокiм сном, а калi прачнулася, ёй падалося, што яна зусiм не такая, якая была, калi засынала: яна вельмi вырасла, i думкi ў яе зрабiлiся болей дарослыя. У яе было такое ўражанне, быццам яна вельмi паразумнела. Ёй здавалася, што ў сне яна прачытала шмат розных кнiжак, шмат пiсала, малявала, спявала, грала на арфе i пiянiна.

Але пакой быў той самы, у якi яшчэ ўчора яе прывяла Добрая Козачка i ў якiм яна лягла спаць.

З хваляваннем Бландзiна ўстала з ложка i, падбегшы да люстра, сапраўды ўбачыла, што зрабiлася намнога вышэйшая i, што таксама трэба прызнаць, сто разоў прыгажэйшая, чым раней, калi засынала. Яе прыгожыя бялявыя валасы спадалi да самай падлогi, у яе быў чароўны бялюткi твар, вялiкiя блакiтныя вочы, маленькi роўненькi носiк, пунсовыя губкi, ружовыя шчочкi i вельмi стройны i зграбны стан з тонкаю талiяй. Усё гэта рабiла яе такою прыгожай, што другой такое красунi ёй нiколi яшчэ не даводзiлася бачыць.

Усхваляваная амаль да спалоху тымi зменамi, якiя ў ёй адбылiся, Бландзiна хуценька апранулася i пабегла да Добрае Козачкi, якую знайшла ў тым самым пакоi, дзе ўбачыла першы раз.

– Добрая Козачка! Добрая Козачка!
– закрычала яна.
– Калi ласка, растлумачце мне, як магла са мной здарыцца такая дзiўная перамена? Учора ўвечары, кладучыся спаць, я была маленькай дзяўчынкаю, а сёння ранiцай прачнулася ўжо амаль дарослай! Можа, мне гэта толькi здаецца? Цi я сапраўды так вырасла за адну ноч?

– Усё сапраўды так i ёсць, дарагая Бландзiна, - адказала ёй Добрая Козачка.
– Цяпер табе ўжо чатырнаццаць гадоў, бо ты спала сем год. Мы з Катком-Вуркатком вырашылi аберагчы цябе ад першых i сама цяжкiх крокаў у вучобе (бо калi ты прыйшла да нас, ты нiчога не ўмела, нават чытаць). Таму я ўсыпiла цябе на сем год, i ўвесь гэты час мы з Катком-Вуркатком вучылi цябе i выхоўвалi ў сне. Як вiдаць па тваiх вачах, ты ўжо адчуваеш, што шмат чаго ведаеш. Хадзем жа ў твой кабiнет, i ты сама пераканаешся, што многаму навучылася.

Бландзiна пайшла за Добраю Козачкай у свой кабiнет, падбегла да пiянiна i, як толькi пачала граць, пачула, што з-пад пальцаў у яе лiецца чароўная музыка. Яна ўзяла арфу i таксама ўпэўнiлася, што грае на ёй цудоўна. Заспяваўшы, яна заўважыла ў сябе дзiвосны голас; узяўшы ў рукi алоўкi i пэндзлi, пачала маляваць, ды так добра, што ў яе малюнках адчуваўся сапраўдны талент; яна пiсала зусiм без памылак i вельмi прыгожым почыркам; а зiрнуўшы на назвы кнiг, якiя стаялi на палiцах, прыгадала, што многiя з iх ужо чытала. Здзiўленая i вельмi радая, яна кiнулася на шыю Добрае Козачцы, ласкава пацалавала Катка-Вуркатка i сказала:

– О, мае добрыя, дарагiя, мае сапраўдныя сябры! Як я вам удзячна за тое, што вы пра мяне так паклапацiлiся, шмат чаму навучылi й так добра выхавалi! Я адчуваю, што зрабiлася цяпер нашмат лепшая, i ў гэтым я абавязаная вам.

Добрая Козачка прытулiла да сабе Бландзiну, а Каток-Вуркаток ласкава лiзнуў ёй руку. Калi першая радасць прайшла, Бландзiна апусцiла вочы i сцiпла спытала:

– Мiлыя мае, добрыя сябры, вы не палiчыце мяне няўдзячнаю, калi я папрашу вас зрабiць мне яшчэ адну паслугу? Скажыце, што з маiм бацькам? Цi ён дагэтуль смуткуе без мяне? Цi быў ён хоць трошкi шчаслiвы з таго дня, калi я згубiлася ў лесе?

– Твая просьба вельмi зразумелая, дарагая Бландзiна, i мы выканаем яе, адказала Добрая Козачка.
– Зiрнi ў гэтае люстра, i ў iм ты адразу ўбачыш усё, што адбылося з тваiм бацькам пасля твайго знiкнення i што з iм цяпер.

Бландзiна падняла вочы i ўбачыла ў люстры бацькаў пакой. Кароль хадзiў па iм вельмi ўсхваляваны. Здавалася, ён некага чакае. Потым да яго зайшла каралева Фур'ета i пачала расказваць, што Бландзiна, нягледзячы на ўсе ўгаворы Гурмандзiнэ, захацела сама пакiраваць страўсамi, але тыя не падпарадкавалiся ёй i пабеглi да Бэзавага лесу; там брычка перакулiлася, i Бландзiна, пераляцеўшы цераз агароджу, апынулася ў лесе; ад адчаю i жаху, Гурмандзiнэ ледзь не страцiў розум, i таму каралева адправiла яго да сваiх бацькоў. Пачуўшы гэтую навiну, кароль быў у роспачы, ён кiнуўся да Бэзавага лесу шукаць Бландзiну, i яго толькi сiлай удалося ад гэтага ўтрымаць. Яго прывялi назад у палац, i ён яшчэ доўга пакутаваў ад скрухi, увесь час клiчучы сваю мiлую дачурку. Але нарэшце ён заснуў i ў сне ўбачыў Бландзiну ў палацы ў Добрае Козачкi i Катка-Вуркатка. Добрая Козачка супакоiла яго i сказала, што Бландзiна ў яе жыве добра i шчаслiва i аднойчы настане дзень, калi яна вернецца да свайго бацькi.

Поделиться с друзьями: