Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:

Яна падышла да акна i ўбачыла на двары жаўнераў i афiцераў, апранутых у прыгожую ўнiформу. Яшчэ болей здзiвiўшыся, яна хацела была каго-небудзь паклiкаць, бо падумала, што ўсё гэта чараўнiкi ды чарадзеi, але раптам пачула ў сябе за спiнай чыюсьцi хаду. Яна азiрнулася i ўбачыла Чароўнага прынца. Ён быў у раскошным гарнiтуры i глядзеў на дзяўчыну, не хаваючы свайго захаплення. Разалi адразу пазнала прынца са сваiх сноў i мiмаволi ўскрыкнула:

– Чароўны прынц!

– Вы ведаеце мяне?
– здзiвiўся прынц.
– Але, калi мы ўжо бачылiся, то як жа я мог забыцца на вашае прозвiшча i аблiчча?

– Прынц, - чырванеючы адказала яму Разалi, - я вас бачыла ў сваiх снах. I майго прозвiшча вы ведаць не можаце, бо я сама даведалася пра яго толькi ўчора ад свайго бацькi.

– Што ж гэта за прозвiшча, якое ад вас так доўга хавалi?

I тады Разалi распавяла яму ўсё, пра што даведалася ад бацькi. Яна шчыра прызналася ў сваёй злачыннай цiкаўнасцi i расказала пра тое вялiкае няшчасце, якое яна прынесла.

– Можаце ўявiць сабе, прынц, як я пакутавала, калi была вымушаная пакiнуць бацьку, каб уратавацца ад полымя, якое наслала на наш дом нягодная варажбiтка, калi памiрала ад холаду i голаду, i нiхто не хацеў пусцiць мяне на начлег! Але потым мной авалодаў глыбокi сон, i я не ведаю, як апынулася тут, у вашым палацы.

Чароўны прынц расказаў Разалi, як знайшоў яе ў лесе, дзе яна спала, i як пачуў яе словы, якiя яна прамовiла ў сне. I потым дадаў:

– Ваш бацька не сказаў вам яшчэ аднаго, Разалi. Каралева феяў, наша сваячанiца, вырашыла, што пасля таго, як вам споўнiцца пятнаццаць гадоў, вы зробiцеся маёй жонкай. Таму я не сумняваюся, што менавiта яна паслала мне думку паехаць на паляванне з паходнямi, каб я мог знайсцi вас у тым лесе, дзе вы заблудзiлi. I калi ўжо ўсё роўна да вашага дня нараджэння застаецца зусiм нямнога, я прашу вас лiчыць гэты палац вашым i загадваць у iм, як сапраўдная каралева. Хутка ваш бацька зноў будзе з вамi, i мы зможам адсвяткаваць наша вяселле.

Разалi шчыра падзякавала прынцу i пайшла ў свой туалетны пакой, дзе яе чакалi фрэйлiны, трымаючы напагатоў незлiчоныя сукенкi ды сама розныя капялюшыкi. У Разалi зусiм не было звычкi да пышных убранняў, i таму яна надзела першую ж сукенку, якую ёй падалi. Сукенка была з тонкай ружовай тканiны з карункамi, i капялюшык таксама з карункамi, упрыгожаны раскошнымi вялiкiмi ружамi. Фрэйлiны заплялi яе прыгожыя каштанавыя валасы ў касу i ўклалi яе каронай. Калi Разалi была гатовая, прынц прыйшоў запрасiць яе да сняданку.

Разалi ела так, што было адразу вiдаць, што напярэдаднi яна была галодная цэлы дзень. Пасля снедання прынц павёў яе ў сад i паказаў свае цудоўныя шклярнiцы. У адной шклярнiцы, у самае глыбiнi была маленькая альтанка, абвiтая прыгожымi кветкамi, а пасярод альтанкi стаяў вялiкi вазон, у якiм расло, напэўна, нейкае дрэўца, але яго было не вiдаць, бо з усiх бакоў яго закрывала шчыльная тканiна. Скрозь покрыва можна было ўбачыць толькi, як нешта ўсярэдзiне незвычайна блiшчыць.

Глава 4

Дрэўца з альтанкi

Разалi доўга любавалася на розныя кветкi i думала, што зараз прынц здыме покрыва i пакажа ёй таямнiчае дрэўца, але ён пайшоў са шклярнiцы, нават не загаварыўшы пра яго з Разалi.

– Скажыце, прынц, - спыталася тады сама дзяўчына.
– А што гэта за дрэўца там пад покрывам?

– Гэта вясельны падарунак, якi я падрыхтаваў для вас, - вясёла адказаў прынц.
– Але пакуль вам не споўнiцца пятнаццаць гадоў, вы не павiнны яго бачыць.

– А што там такое блiшчыць пад тканiнай?
– зноў спытала Разалi.

– Вы даведаецеся пра гэта праз некалькi дзён. I я спадзяюся, што гэты мой падарунак акажацца для вас нечаканым i зусiм не звычайным.

– А цi не магу я ўбачыць яго раней?

– Не, Разалi. Каралева феяў забаранiла мне паказваць яго вам, iначай здарыцца вялiкае няшчасце. Але я спадзяюся, што вы досыць мяне кахаеце, каб на некалькi дзён утрымаць сваю цiкаўнасць.

Апошнiя словы прымусiлi Разалi ўздрыгануцца. Яна зноў успомнiла пра шэрую Мыш i няшчасцi, якiя пагражалi ёй i яе бацьку, калi яна зноў саступiць спакусам Мярзотнае варажбiткi. Яна болей не згадвала пра таямнiчае дрэва i пайшла з прынцам далей.

Увесь дзень прайшоў вельмi вясёла. Прынц пазнаёмiў Разалi з прыдворнымi панямi i сказаў iм, каб яны паважалi Разалi, як яго жонку, якую абрала яму каралева феяў. Разалi была з усiмi вельмi прыязная, i прыдворныя радавалiся, што хутка ў iх будзе такая добрая каралева. Назаўтра i ў наступныя днi былi наладжаны шумныя балi, паляваннi ды вясёлыя прагулкi, i прынц з Разалi шчаслiва чакалi ўжо блiзкага Разалiнага дня нараджэння, якi адначасова павiнен быў стаць днём iх вяселля. Прынц чакаў яго таму, што вельмi кахаў Разалi, а Разалi - таму, што вельмi кахала прынца, i таму, што хацела хутчэй зноў пабачыцца з бацькам. Але яшчэ i таму, што ёй дужа карцела даведацца, што ж такое расце ў той альтанцы! Думка пра гэта не пакiдала яе нi на хвiлiну, i нават уначы яна бачыла альтанку ў сне. Калi ж удзень яна заставалася адна, ёй каштавала вялiкага намагання стрымлiваць сябе, каб не пайсцi ў шклярнiцу ды не прыўзняць покрыва над загадкавым дрэўцам.

Нарэшце апошнi дзень чакання настаў: назаўтра Разалi павiнна было споўнiцца пятнаццаць гадоў. Прынц быў вельмi заняты падрыхтоўкаю да вяселля, на якое запрасiў усiх чараўнiц з акругi i саму каралеву феяў. Сталася так, што на ўвесь час да абеду Разалi засталася адна. Яна пайшла пагуляць i так, iдучы па дарожцы i думаючы пра свой шчаслiвы заўтрашнi дзень, неўпрыкмет павярнула да таго месца, дзе стаяла альтанка. Усмiхаючыся, у задуменнi яна ўвайшла ў шклярнiцу - i раптам заўважыла, што стаiць якраз перад вялiкiм вазонам, у якiм пад покрывам хаваецца скарб.

– Заўтра нарэшце я даведаюся, што там такое, - сказала яна сабе.
– Дый каб я захацела, я магла б даведацца пра гэта i сёння... бо ў гэтым покрыве такiя дзiркi, што я магу спакойна прасунуць у iх некалькi пальцаў... а калi потым крыху пацягнуць... Нiхто ўсё роўна пра гэта не даведаецца... А пасля я трошкi пагляджу i папраўлю ўсё на месца... Заўтра ж гэта ўсё роўна будзе маё, дык чаму б мне не зiрнуць ужо сёння?..

Яна паглядзела вакол, але нiкога не ўбачыла. I тады, абсалютна пра ўсё забыўшы: i пра добрага прынца, i пра небяспеку, якая яе чакала, - адчуваючы толькi пякучае жаданне задаволiць сваю цiкаўнасць, яна прасунула пальцы ў дзiрку i цiхенька пацягнула. Покрыва раптам разадралася з пачварным трэскам, i здзiўленая Разалi ўбачыла перад сабой цудоўнае дрэва, ствол у якога быў з каралаў, а лiсце са смарагдаў. Яно ўсё было абсыпанае пладамi, i кожны плод быў з суцэльнага каштоўнага каменя: дыяменту, рубiну, перлу, сапфiру, апалу, тапазу...
– i ўсе яны пералiвалiся рознымi колерамi. Такi бляск асляпiў Разалi. Але толькi яна паспела ўбачыць гэта чароўнае дрэва, як пачуўся яшчэ болей жудасны грукат. Разалi ачнулася ад свайго захаплення i адчула, як нейкая неадольная сiла падняла яе над зямлёй i панесла ў поле. Адтуль Разалi ўбачыла, як прынцаў палац абрынуўся, i з-пад абломкаў пачулiся страшныя стогны. Праз iмгненне з руiн выйшаў прынц. Ён быў увесь акрываўлены, у лахманах. Сумна зiрнуўшы на Разалi, ён сказаў:

– Ах, Разалi, няўдзячная Разалi! Бачыш, што ты зрабiла са мной i з маiм палацам. Цяпер, калi ты гэта ўтварыла, я не сумняваюся, што i трэцi раз ты саступiш сваёй цiкаўнасцi i асудзiш на вялiкае гора i мяне, i сябе, i свайго бацьку. Бывай, Разалi, i няхай пакаянне акупiць тваю няўдзячнасць да няшчаснага прынца, якi цябе так кахаў i хацеў табе толькi дабра!

З гэтымi словамi ён пайшоў прэч. А Разалi кiнулася на каленi i, залiваючыся слязьмi, пачала клiкаць, прасiць, але прынц знiк з вачэй, так нi разу i не азiрнуўшыся, каб убачыць Разалiну роспач. Дзяўчына была ўжо гатовая страцiць прытомнасць, калi раптам зусiм побач пачула прарэзлiвы смех шэрае Мышы.

Поделиться с друзьями: