Клубок гадзюк (на белорусском языке)
Шрифт:
У адказ - нi слова спагады, суцяшэння, удзячнасцi, якiя ў такiх выпадках гавораць нават чужыя людзi. Не думаю, каб ён быў такi жорсткi, - проста ён быў зусiм нявыхаваны.
– Ну, калi так, - сказаў ён, - можна паспрабаваць...
Падумаў трохi i дадаў:
– Трэба будзе хоць зрэдку наведвацца ў банк, пакуль вы жывыя. Няхай прывыкаюць да майго твару. Я буду хадзiць туды па грошы вам.
– Паслухай, Рабэр, - сказаў я, - ёсць у мяне яшчэ некалькi сейфаў за гранiцай. I калi ты хочаш, калi ты думаеш, што больш надзейнае...
– Што вы?! Пакiнуць Парыж? Не, нiколi!
Я растлумачыў, што ён мог бы жыць у Парыжы i толькi час ад часу выязджаць за гранiцу. Тады ён спытаўся, у якiм выглядзе маё багацце - у грашах цi ў працэнтных паперах, i дадаў:
– А ўсё ж такi добра было б, каб вы мне напiсалi пiсьмо... Ну, нешта такое, што вы пры ясным розуме i поўнай свядомасцi завяшчаеце мне без нiякага прымусу сваю маёмасць... Гэта можа мне вельмi спатрэбiцца... Хто ведае... Дый на душы ў мяне было б лягчэй... А то, ведаеце, раптам усё раскрыецца - мяне ж вашыя дзецi ў крадзяжы абвiнавацяць...
Ён змоўк, купiў сабе кiтайскiх арэхаў i накiнуўся на iх так, нiбы цэлы тыдзень нiчога не еў. I раптам спытаўся:
– Вось цiкава мне, а што яны вам зрабiлi?
– Бяры, пакуль даюць, i не задавай больш пытанняў, - суха адказаў я.
Яго мяккiя шчокi пачырванелi. На твары з'явiлася пакрыўджаная нацягнутая ўсмешка, якой, мусiць, ён адказвае на папрокi свайго гаспадара, - i тады блiснулi яго здаровыя белыя вострыя зубы - адзiнае, што ўпрыгожвае гэтага няўклюду.
Ён зноў змоўк i ўзяўся за арэхi. Не скажу, каб ён выглядаў надта шчаслiвым. Вiдаць, фантазiя ўжо малявала яму ўсялякiя непаразуменнi з палiцыяй, з маiмi дзецьмi... I трэба ж было мне трапiць на такога! Усюды бачыць толькi небяспеку... Мне захацелася трохi развесялiць яго.
– У цябе ёсць сяброўка?
– у лоб спытаўся я.
– Можаш цяпер ажанiцца, будзеш жыць з ёю, як багаты буржуа.
Ён зрабiў нейкi няпэўны жэст i заклапочана пакiваў галавой. А я спакушаў далей:
– Ды цяпер ты можаш ажанiцца з кiм захочаш. I калi ёсць у цябе на прыкмеце жанчына i здаецца табе непрыступнай...
Рабэр навастрыў вушы, i ўпершыню я ўбачыў, як загарэўся ў яго вачах агеньчык маладой страсцi.
– Няўжо я змагу ажанiцца з мадмуазэль Бружэр?
– А хто яна, гэтая мадмуазэль Бружэр?
– Ды не... Я пажартаваў. Гэта старшая прыказчыца ў нашай краме. Такая жанчына! Але што я для яе... Пустое месца... Яна i ў мой бок не глядзiць...
Я запэўнiў яго, што нават з дваццатай часткай таго багацця, якое я даю яму, ён зможа ўзяць замуж самую лепшую "старшую прыказчыцу" ў Парыжы.
– Ах, мадмуазэль Бружэр!
– паўтарыў ён.
– Не, куды там!..
Боль у сэрцы не праходзiў. Я паклiкаў афiцыянта i хацеў разлiчыцца, але Рабэр апярэдзiў мяне:
– Не, не. Што вы! Я сам.
Я з задавальненнем паклаў свае грошы назад у кiшэню. Мы ўсталi. Музыканты ўжо складалi свае iнструменты. Патухлi гiрлянды электрычных лямпачак. Рабэру не трэба было асцерагацца, што яго ўбачаць разам са мной.
– Я правяду вас, - сказаў ён.
Сэрца ныла. Я папрасiў Рабэра не iсцi так хутка i сказаў яму, што мне спадабалася, што ён не спяшаецца дарвацца да грошай.
– Толькi вось калi сёння ноччу я памру, - дадаў я, - ты страцiш вялiкае багацце.
Ён пацiснуў плячыма i даволi абыякава аднёсся да такой бяды. Хоць у цэлым я, вядома, парушыў спакой гэтага маладога чалавека. Ростам ён быў ужо роўны са мной. А цi набудзе ён калi-небудзь арыстакратычныя замашкi? Вельмi ўжо нiкчэмны выгляд меў гэты прыказчык, мой сын, мой спадчыннiк... Я паспрабаваў надаць нашай размове душэўны характар, пачаў гаварыць яму, што страшэнна каюся, перажываю, пакутую, што пакiнуў без дапамогi яго з мацi. Ён, мусiць, здзiвiўся: ён лiчыў, што я абышоўся з iмi "па-людску". Як-нiяк хоць грошы пасылаў... Ёсць такiя, хто й гэтага не зрабiў бы. I дадаў страшныя словы: "Тым больш што не вы першы ў яе былi..."
Сынок, вiдаць, не меў нiякай спагады i лiтасцi да сваёй мацi... Падышлi да майго дома, i ён нечакана сказаў:
– Можа, мне памяняць прафесiю... Заняцца чым-небудзь такiм, каб бываць на бiржы... Тады прасцей было б растлумачыць, адкуль у мяне такiя грошы.
– I не думай, Рабэр! Ты што?! Звяжашся з бiржай - загiнеш!
Ён заклапочана глядзеў на тратуар.
– Я ўсё пра гэтыя падаткi думаю. А раптам iнспектар пачне дапытвацца...
– Зразумей жа ты нарэшце, што твае грошы будуць ляжаць у сейфе, i нiхто на свеце, акрамя цябе, не мае права адмыкаць сейф...
– Яно-то так. Але, ведаеце...
Я не вытрымаў i ляснуў дзвярыма перад яго носам.
XV
Калез.
У акно б'ецца муха. Перада мной бязлюдныя палеткi. Завывае вецер. Гонiць цяжкiя хмары. Iх цень плыве па раўнiне. Нечакана ўсё сцiхла. Мёртвая цiшыня... Так заўсёды бывае перад навальнiцай. "Тата, i вiнаграднiкi грому баяцца..." вось у такi самы дзень гадоў трыццаць таму назад так сказала наша Мары.
I зноў я ўзяў у рукi свой сшытак. Прыглядаюся да свайго почырку. Вось ён якi цяпер стаў... Я ўсё ж такi давяду да канца мой расказ. Цяпер я ведаю, каму прызначана гэтая споведзь. Давядзецца толькi знiшчыць тыя старонкi, ад якiх iм стане страшна. Я i сам сёе-тое не магу тут спакойна чытаць. Спыняюся на кожным радку, думаю, успамiнаю. Вось такi я чалавек, чалавек сярод людзей, такi я... Вас, можа, нудзiць ад такiх, як я, - а я тым не менш ёсць, я iсную...
У ноч з трынаццатага на чатырнаццатага лiпеня, калi я развiтаўся з Рабэрам, я ледзьве даплёўся да свайго пакоя i лёг у пасцель. Страшэнны груз душыў мяне. Я задыхаўся, а памiраць не памiраў... Акно было адчыненае. Калi б пакой мой быў на пятым паверсе!.. А так, з другога паверха, i не заб'ешся, толькi гэтая думка мяне i спыняе. Дрыготкай рукой ледзьве дацягнуўся да таблетак, якiя звычайна мне дапамагаюць.
Пад ранiцу нарэшце пачулi мой званок. Паклiкалi доктара, ён даў мне ўкол. Дыхаць стала лягчэй. Мне загадалi некалькi дзён не ўставаць з пасцелi. Моцны боль робiць нас вельмi паслухмянымi, i я баяўся нават пальцам паварушыць. Брыдкiя шпалеры ў маiм пакоi, смурод, дабiтая мэбля, святочны шум i гул у дзень Чатырнаццатага лiпеня - нiчога мяне не гняло: боль сцiх, а большага я i не хацеў. Неяк вечарам заходзiў Рабэр. Пасядзеў трохi i больш не паказваецца. А мацi яго прыходзiць кожны дзень. Дапамагае мне, робiць сякiя-такiя паслугi, прыносiць пошту (пiсьмы мне дасылалi да запатрабавання, - з дому, праўда, нiводнага радка).
Я не скардзiўся, трымаўся спакойна, лагодна i прымаў усе лякарствы, якiя мне прыносiлi. Пра наш сумесны план мацi гаварыць не хацела. "А куды спяшацца?" - i адразу пераводзiла гаворку на што-небудзь iншае. "Як куды спяшацца?" - уздыхаў я i паказваў на свае грудзi.
– Мая мама дажыла да васьмiдзесяцi гадоў, а прыступы ў яе былi цяжэйшыя, чым у вас, - супакойвала яна мяне...
Аднойчы ранiцай мне стала намнога лягчэй. Такiм бадзёрым я даўно сябе не адчуваў. Я прагаладаўся, але ўсё, што давалi ў гэтым доме, немагчыма было есцi. У мяне з'явiлася спакуслiвая думка схадзiць паабедаць у невялiкi рэстаранчык на бульвары Сэн-Жэрмэн. Кухня там была адмысловая. Дый каштавала ўсё нядорага. А то зойдзеш, бывала, у якi невядомы рэстаран i дрыжы, бойся, што зараз як налiчаць!..
На таксi даехаў да вулiцы Рэн. Прайшоўся трохi, каб паспрабаваць свае сiлы. Што ж, здаецца, здароўе маё пайшло на лад. Час быў яшчэ раннi - гадзiн дванаццаць, - i я вырашыў зайсцi ў кавярню "Дэ Маго" выпiць шклянку мiнеральнай вады. Сеў у мяккае крэсла i рассеяна глядзеў на бульвар...
Раптам мне кальнула ў сэрца. У акне на тэрасе кавярнi я ўбачыў знаёмыя вузкiя плечы, лысiну, сiваватую патылiцу, адтапыраныя вушы... Хюбэр... Ён унурыўся ў газету i з-за сваёй блiзарукасцi амаль носам вадзiў па радках. Наўрад цi ён мяне бачыў. Сэрца маё памалу супакойвалася. Мяне нават ахапiла нейкая радасць: я за табой сачу, а ты, дурань, i не падазраеш...