Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Круглянскі мост

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ану, зараз жа абуй боты! Ты што? — са строгасцю накінуўся на Сцёпку Брытвін, пэўна, ужо зусім адчуваючы сябе камандзірам. Гэты быў усё ў тым жа паношаным чырвонаармейскім шынялі без пятліц, расшпіленым на ўсе аплікі, на плячы трымаў сваю СВТ, з якое, мабыць, ні разу не стрэліў. Але Брытвін меў свой інтэрас.

— Ты ж праз гадзіну заплачаш. Тады несці цябе?

— Не бойцеся! Не панесяце. Яго заставіце.

Брытвін, штосьці адчуўшы, падазрона ўгледзеўся ў хлопца, нешта прыкінуў, нібы ўслухаўся ў лесавы шум. Сцёпка падумаў, што справа скончана і зараз, мабыць, пачнецца звыклае ўжо яму і агорклае ўшчуванне, а то і пагрозы. Але Брытвін нібы адумаўся, толькі кальнуў яго напаследак злым позіркам і пайшоў па гушчары.

17

Добра-такі адышоўшыся па хмызняках ад Круглян, яны набрылі на сцяжыну ў мяшаным з альхой старым ельніку. Здаецца, тут недзе павінен быў пачынацца Грыневіцкі лес — знаёмая, бяспечная мясціна, іх партызанская парафія. Стала спакойней, пра даганятых ужо не думалі. У ельніку панаваў моцны, амаль спіртовы настой вогкай вясновай прэласці і смалы, вільготны імшарысты дол туліўся ў стракатай ад сонечных блікаў засені; лапчастае голле ялін, пагойдваючыся, звыкла шумела ўгары.

Ледзьве прыкметная ў імшарыне сцяжынка вывела іх на старую, закінутую дзялянку з колісь нарыхтаваным, ды так і не вывезеным кругляком — акрай шырокай прагаліны прыткнулася некалькі доўгіх штабялёў аброслай мохам рудастойкі. Апрэлая кара разлезлася, у пацямнелых ад часу камлях жаўцелі выдзеўбаныя дзятламі ямкі.

На дзялянцы прыпякала сонца, яны ўсе ўгрэліся, і Брытвін, які нёс перакінуты цераз плячо шынель, рашуча шмякнуў яго пад ногі.

— Прывал!

— Фу, цёпла! — згодна азваўся Даніла і, як быў, таўставаты і нязграбны ў расшпіленай ватоўцы, задам сунуўся ў засень пад штабелем.

Брытвін спярша зняў дзягу, расшпіліў усе гузікі на гімнасцёрцы, потым плюхнуўся на шынель і, сапучы, сцягнуў боты.

Сцёпка, памеркаваўшы, таксама прысеў пад штабель.

— Далёка яшчэ топаць? — запытаў Брытвін.

— Не так каб далёка. Троху пройдзем да Ляхавіна, пасля ляснічаства мінуць, — пачаў прыкідваць Даніла.

— Дык колькі кіламетраў? Пяць, дзесяць?

— Кіламетраў? Каб не салгаць… Не многа засталося.

Брытвін асуджальна пакруціў галавой:

— Ну і арыфметыка ў цябе! Многа, нямнога. Давай сумку ды перакусім.

Даніла з падкрэсленай гатоўнасцю перакінуў цераз голаў скручаную почапку сумкі і найперш выцяг адтуль бутэльку з папяровай затычкай. Засцярожліва ўмацаваў яе на няроўным імшыстым доле між сабой і Брытвіным. Сцёпка стараўся не глядзець туды — рабіў выгляд, што даследуе палец на назе, сапраўды да крыві збіты аб корань. Есці яму перахацелася, болей дакучала смага, і ён думаў, што, адпачыўшы, трэба пашукаць дзе ручай.

— Ну, што ж, тады дзёрнем! — задаволена сказаў Брытвін.

— Зарабілі, — ухмыльнуўся Даніла. — Ёсць за што.

Брытвін варухнуў сумку.

— А там жа і закусь была. Ану, даставай, што нарыхтаваў паліцаеў сынок.

Сцёпка аж скалануўся: так проста і будзённа было сказана гэта, нібы Міця ўсё жыццё быў яму ворагам. Хлопец недаўменна ўскінуў голаў, чакаючы нешта ўбачыць у выразе Брытвіна. Аднак на пругкім, кранутым свежаю шчэццю твары таго было толькі шчырае задавальненне ад прадчування хуткай яды з выпіўкай.

Даніла дастаў самадзельны, змайстраваны з акоска ножык і разгарнуў кужэльную анучку. Тоўстая скіба хлеба, адрэзаная ад сяродку бохана, кавалак мяса і чатыры фарбаваныя велікодныя яйкі прымусілі іх неўпрыцям праглынуць сліну. Яны ўжо не маглі адвесці вачэй ад вялікіх Данілавых рук, калі ён пачаў дзяліць харч: разрэзаў на тры кавалкі хлеб, мяса, расклаў яйкі, два з якіх былі патрушчаныя. Брытвін адной рукою ўзяў бутэльку, другой згроб сваю порцыю закусі.

— Ну, а Тоўкач што — не згаладнеў?

Сцёпка ваўкавата зірнуў на іх двух: словы Брытвіна прагучалі так, што стала зразумела: калі ён адмовіцца, яны бедаваць не будуць. Мусіць, менавіта з тае прычыны ён рашуча ўстаў і, нетаропка падышоўшы бліжэй, узяў астатнюю пайку — другая была ўжо ў руках у Данілы.

Брытвін пажлукціў з бутэлькі, паморшчыўся.

— Атрава! І як яе паліцаі п'юць?

— А п'юць! І нічога. Пальзіцельна, кажуць, — жартоўна азваўся Даніла, пераймаючы бутэльку. Апошнім часам ён стаў гаваркі — не тое што ўчора, і Сцёпка падумаў: ад чаго б гэта? Даніла таксама выпіў. Можа, і не столькі, як Брытвін, але таксама нямала — ледзь не ўсю. Выцяг у руцэ і паглядзеў, ці многа засталося.

— Ну, а табе не трэба. Малы яшчэ, — сказаў ён да Сцёпкі, нібы жартуючы, але і сапраўды бутэльку адставіў убок.

Сцяпан перастаў жаваць.

— Хто малы, а хто стары. Давай сюды!

— Сап'ешся яшчэ. П'яніцам будзеш.

— Не тваё дзела. Дай бутэльку!

— Гэта хай камандзіру, — раптам маслена заўсміхаўся Даніла. — Камандзір — ён галава. Глядзі, як усё ўладзіў!

— Ладна, дай і яму, — махнуў рукой Брытвін.

Даніла яшчэ раз паглядзеў на бутэльку — там было, мусіць, з паўшклянкі — і аддаў. Сцяпан, хоць і не меў да гарэлкі вялікай ахвоты, цяпер амаль са злосцю, зацяўшы дух, выцягнуў усё да кроплі.

— Глядзі ты! — здзівіўся Даніла. — Во моладзь пайшла!

Энергічна жуючы, Брытвін з лёгкім асуджэннем касіў на яго позіркам, а Сцёпка сядзеў да іх бокам і засяроджана еў. Мяса яму дасталося нямнога, ён хутка зжаваў яго. Заставаўся кавалак хлеба і маленькае, нібы галубінае, велікоднае яечка, якія ён пакідаў на пасля. Хлопцу было напляваць, што пра яго гаварылі гэтыя двое, ён не паважаў іх і не адчуваў ніякай удзячнасці за выпіўку. Ён ледзьве стрымліваў у сабе злосць, усё выразней адчуваючы, што ў гэтай даволі ўдалай аперацыі з мостам нешта нячыста. Тое, што ўсю дарогу і цяпер Брытвін упарта абыходзіў у размове Маслакова і Міцю, толькі пацвярджала яго падазрэнне, і гэта не магло не азвацца ў ім ранейшаю непрыязнасцю да ротнага.

— Ні павагі табе, ні ўступкі! Во моладзь! — бурчаў тым часам Даніла. — Раней гэтак не было.

— Што б вы рабілі без гэтай моладзі? — рэзка сказаў Сцяпан, адчуваючы, як гняўлівая задзірыстасць узнімаецца ў ім з катастрафічнай няўхільнасцю. — Блох па хатах пладзілі б?!

Звычайна рахманы Даніла з-пад касмылявых брывей нядобра нацэліў на яго вузенькія шчылінкі вачэй.

— А ты нам не ўказ! Не камандзір, каб указваць.

— Надта ты, бачу, камандзіраў любіш. Каб камандавалі. Нябось без каманды, пэўна, і ў лес не пайшоў? Чакаў, пакуль з печы сцягнуць!

— Маё дзела. Не табе папракаць. Смаркач яшчэ!

— Будзе, не заядайцеся! — абарваў сварку Брытвін. — Тоўкач хоць і злы, а смелы. Маладзец!

Сцёпка ўважліва паглядзеў на Брытвіна, але той на поўным сур'ёзе вытрымаў яго погляд. Хлопец, аднак, зласліва ўсміхнуўся аднымі вуснамі: не ўжо, на такую танную прынаду яго не возьмуць.

— Хваліце? Таксама як і яго хвалілі?

— Гэта каго?

— Міцю, каго!

Брытвін выразна хмыкнуў.

— Ну, знаеш! Трэба было, дык і хваліў.

Поделиться с друзьями: