Крыж Аняліна (пачатак аповесці)
Шрифт:
– Харошая яна... А ты... Словам, брыдкая была гісторыя.
– Страшэнная гісторыя... Паршывая... Страшная... Сам, думаеш, не бачу, не вінюся... Але нават тады, калі шчаслівы быў, - ну цягне, ну цісне нешта па сэрцы. Як перад пажарам у хаце. Як нібыта злачынства нейкага продка, даўно забытага, падсвядома адчуваеш... Ну і вось. Як рассекла нешта, як адрэзала. І нічога няма. І, здаецца нават, не магло быць.
Збочваем з дарогіна неруш. Ружова бяжыць шалянец, мяккі, як лапкі кацяняці.
– Ведаеш, - кажа Альгерд сваім глухаватым, вельмі акцэнтаваным голасам, які не зблытаеш з ніводным, - я вось казаў, што зямля нібыта не збыла штосьці... беражэ ў сэрцы, нявыкупленае. І вось мне прыйшло да галавы, што ёсць мясціны, нешчаслівыя для некаторых. Не для ўсіх. Жывуць тут людзі, смяюцца, кахаюцца, і ўсё ў іх добра аж да апошняга крыжа. А іншым ну вось непамысна на душы, і ўсё. Таму, што не толькі зямля, а нібыта і сэрца чыёсьці тут чагосьці не збыло. І хто настроіцца, як яно, - для таго тут шчасця не бывае, Славамір.
"Славамір" - гэта я. І гэты Славамір дужа здзіўлены. Сябар мой - гэта чалавек, які хаця й дужа тонка адчувае ўсе нюансы прыгажосці, усе звівіны думкі, - да містыкі аніяк не здатны. Дакладны, адразу хапае сэнс любой праблемы, валодае выключнай інтуіцыяй, можа любую з'яву прасачыць да кораня, але, мабыць, усё ж устрымаецца перад самым прывабным яе вырашэннем, калі яно пашкодзіць крыху сухаватай ісціне... Гэта ўжо хутчэй я... Кепска ж я яго ведаў... А можа, хоча суцешыць мяне за ўсё тое, што здарылася? Ды не, гэты не з тых.
І аднак, чым больш я думаў над яго словамі, тым больш я адчуваў, няхай сабе і крыху ўпрыгожаную, верагоднасць, нават праўдзівасць гэтай думкі.
– Ведаеш, можа, і рацыя. Спынішся вось у нейкім месцы, і так табе беспрычынна радасна, нібы цябе ласкочуць. А пасля выявіцца, што ўся вёска там святкуе, што столькі хлопцаў з дзеўкамі на той бераг прыходзіла. А часам - ну так летуценна, так журботна, што ніякай дзяўчыны табе там не трэба. Вось сядзеў бы, маліўся чортведама каму, думаў бы... Не заўсёды. Часам ты вясёлы, а сябры - нікуды, часам і наадварот. Гэта ўжо якая душа. Ад настрою.
Памаўчаў.
– Нібы сама зямля ведае, што тут адбывалася. Нібы яна нечым дыхае. Памятаю, ніколі такой тугі не адчуваў, як аднойчы пад Любчай... Табе не абрыдла?
– Абрыдне - скажу.
– Паехалі з дзядзькам у лес прывезці бярвенні. Хаця нейкая карысць з мяне. І вось... ну, зарэз. Урочышча Калюгі. Думаў, можа, бярвенні цягаць не ж-жадаю так. А пасля дзядзька паказвае: "шведскія курганы". А "Калюгі", бо калоліся. Багнэтамі. Пасля вычытаў: загінулі дзве шведскія кавалерыйскія сотні. Маладыя гады, гожыя. Ясна, пра што думалі перад гэтай касталомкай. Дзядзьку нічога. А мне - ну вось нібы дагэтуль яно ўсё вісіць у паветры.
Мякка струменілася ўзгоркамі зямля. Залаты лубін аж шалеў між счарна-сініх лясных грыў.
– Ты пад Мілавідамі быў?
– пытаю я.
– Не. Гэта там, дзе ў маі шэсцьдзесят трэцяга?
– Ну так. паўстанцкае войска ўрадаваму наклала. Правільна зрабіла. Але вось... Падабралі забітых. Адных - па адзін бок дарогі, другіх - па другі. Шаша пралягла. Стаяць твар у твар два крыжы. Машыны шыкоўныя едуць. Хлопцы ў іх, дзяўчаты даўгалыгія. Транзістары лупяць. І ведаю я, што - якая ім справа? Іхняя справа - жыццё! Але ж і мая гэта справа! Я да сярэдзіны веку чалавечага не дайшоў. А як падумаю, як гэты... Дым цераз дарогу... Адзін у аднаго. Як крычалі, як рыкалі ў запале, як маму клікалі. А мясцовыя ж, пэўна, і з другога боку былі, сярод карнікаў.
Адхон спускаецца да рачулкі. Стаяць над ёй ненатуральна высокія, цяністыя і зялёныя дрэвы. Але і над імі - нібыта цень таго крыжа, што непадалёк адсюль, думае над старым шляхам.
Альгерд, як заўсёды, куды разумнейшы і танчэйшы за мяне. Ён сядае на густую, такую сакавітую, што аж страшна мяць, траву, ляпае далонню побач.
– Кінь, Мірак. Не нудзьгай, не тужы. Не журыся. Тут зубы трэба сціскаць, што столькі яшчэ крыжоў на зямлі. Ад праўды - яно нічога, яно - трэба, каб памяць стаяла. Ад няпраўды - вось што поскудзь...
Мір і спакой. Пад адхонам, у засені дрэў, весела бяжыць маленькая Расалоўка, каб упасці - зусім блізка адсюль - у абдымкі Лошы.
Птушкі спяваюць так, нібы заўтра ім забароняць гэта на вякі вечныя. І стане цішыня...
Спяшаецца, спявае Расалоўка. Раздзіраецца нябачны жаўрук у блакітна-шэрых і ўсё ж яскравых вышынях. Роў ці, можа, глыбокая канава перасякае дарогу, бяжыць налева і направа, за далягляд.
– Во, браце, былая мяжа мужыцкіх і панскіх земляў, - кажа Альгерд.
– Што за спіною - усё чыста сялянскае, што наперадзе - панам належала. А гэта - крэс.
Крэс зелянее больш вільготна, калі можна зелянець больш вільготна за гэтыя палі. Рэдкі россып кураслепу тлуста жаўцее на ім. А мо не зелянейшы, а проста трава тут гусцейшая: каровы не любяць травы, у якой расце кураслеп.
Вырастала наперадзе і крыху ўлева сцяна лесу - за палявой дарогай, што вяла на чорны шлях, у куце, што ўтварала Расалоўка, зліваючыся са светлай Лошай.
– Бачыш, там, дзе Расалоўка прасёлак перасякае, на тым беразе два камяні?
– Ну. Там, дзе яшчэ здаровы куст татарніку.
– Там яшчэ на памяці людзей карчма стаяла, - кажа Альгерд.
– Невялікая. Тая яшчэ й зараз стаіць. На скрыжаванні гэтай дарогі з Чорным шляхам. Гэтая куды меншая была. Так, стайня стойлаў на пяць, агульны пакой, два малых ды карчмарова бакоўка. Кажуць, ужо тады дуж-жа старая была, аж зялёная ад часу.
– То якая ж карчмару выгода. Тут жа да вялікай мо менш чым вярста. А там жа і зручней і на людзях святлей.
– А чорт таго карчмара ведае. Ну, можа, не трапіць нехта ў вялікую, то сюды заедзе. Крошкі падбіраў. Ды потым, кажуць, гэтага карчмара астравецкія яўрэі звалі "крадла". Лясы вакол. Унь проста цераз прасёлак лес. Руднік называецца. Між Расалоўкай і Лошай. А унь за нашымі спінамі, наводдаль, яшчэ адзін цямнее. Козы вадзіліся. Ну й назва лесу Козы. Самае разбойніцкае месца. То, можа, яму якраз выгода была ў гэтым глухім кутку. Перахаваць, рабаванае скупіць. Ну й потым цёмным людзям таксама выпіць хочацца. Не на шлях жа ім ісці...
А ўсё ж аж гэтай пусткі, хто б тут ні жыў, добры чалавек ці дрэнны, павявае сумам закінутага. Як ад сліў, здзічэлых на котлішчы хутара. Як ад вёскі, што так і не ўстала. Вялікае ці малое, гора - яно адно.
Успомнілася мне адно такое гора, далёка адсюль, ля маіх родных мясцін. Але было такое і тут. Магло быць і па ўсёй беларускай зямлі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
А было гэта вельмі проста. У вайну. Падчас блакады на Віцебшчыне, калі немцы вялікімі, аж да мінамётаў і артылерыі, сіламі абклалі ў Зафейскіх лясах некалькі нашых атрадаў.