Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лірыка з элемэнтамі радзімы і паганства

Захарэвіч Зьміцер

Шрифт:

Ён варожыць ці лішка ці цот?

Золкай раньняй парой красавіцкаю

Зь ім цікую на новы дзень –

Які скутак з блізкае прыйшласьці?

Што з сабою яна прынясе?

Ці дасьць парасткі слова жывое?

Ці ўзбуяе па часе здранцьвелым? –

Бо бязь ліку зярнят-залатовак

У няўважлівых душах змарнела.

Іх рассыпваў нявартай драбніцай

Узмахам лёгкім шчодрай рукі,

Гэтак з морам растаючыся

Мы шпурляем на дно медзякі.

У надзеі вярнуцца хоць раз яшчэ

На распаленыя берагі,

Але вымываюць нарэшце

Хвалі нашых свавольстваў сьляды.

Нетаропка іду паркам сьцішаным –

Скрозь у сілу ўбіраецца дзень,

Сонца паміж цотам і лішкаю –

Прыйшласьць што з сабой прынясе?

* * *

Бесстароньне па сьвеце дзень кожны

Восень пошту разносіць сваю.

І, як на апусьцелую пожню,

Ліст, нібы разьвітальны – апошні,

Лёг зьнячэўку на даланю.

У лісьце тым ні сьлёз, ні праклёнаў,

Толькі сум абляцелай вярбы.

Спраўджваньнем разьвітаньня закону

Лістапад апускае заслону

Па завершанай кветнай пары.

Адпусьціўшы на бестэрміновы

Адпачынак ва ўзгадках маіх,

І з разрэджанае прасторы

Пасьміхаецца захад барвова,

Пакідаючы небасхіл.

Але ўсьмешкай ня цешыць зьнікомай –

Ранак іншага не прынясе.

Заўтра, каб не настала ніколі,

З кожнай кропляй атрутнай патолі

Перакрэсьліваю пакрысе.

ЗАГІНУЛЫМ У 1831 г. і 1863-64 гг.

Прымглёны туманом сьвітанак.

Бывай, стары бацькоўскі дом!

У засень паркаў ды альтанак

Ці вернемся мы са шчытом?

І разьвітальны пацалунак

На ганку вусны апячэ.

Мной падагнаны ўжо рыштунак –

Мы вернемся не на шчыце!

За шаблі, штуцары і косы

Узяцца вымушае годнасьць,

У бой ісьці сьвяты і жорсткі

За Нашую і Вашу Вольнасьць!

Апоўначы атакай дзёрзкай

Прарваны карнікаў заслон –

Благаславеньнем у нябёсах

Штандар з Пагоняй і Арлом.

Не адыйсьці нам у пасьцелях

І на чужыне не змарнець –

Мы гінем пад агнём прыцэльным –

Альбо свабода, альбо сьмерць!

Жывыя кветкі на магілах,

Дзе сьпяць героі вечным сном,

Хай сьведчаць Бацькаўшчыне мілай –

Вяртаемся мы са шчытом!

* * *

Ад прысадаў, што смугою запарушаныя,

У раскутую вятрамі вышыню

Растрывожанай начною птушкаю

Ледзь заўважны мкліва шугану.

Пакідаючы правіны незамоленымі

І мітрэнжных зданяў насланьнё,

Воляй прагна дыхаю напоўніцу,

Між сузор’яў станаўлюся на крыло.

Паглыбляюся ў сівы прадон з узмахамі,

Скрозь асьвенчаны маладзіком.

Адсюль долу не завабіць прахнае

Спадзяваньняў здрадлівых сілом.

І спагадлівасьць дазволаў непатрэбная,

Каб нябёсы навылёт прашыць

Над засьнежанымі пушчаў нетрамі

Ды санліваю зіхоткасьцю сталіц.

Будзе час надвор’е пераменіцца –

Кветны травень прыйдзе назаўжды.

Верагодна мы яшчэ сустрэнемся,

Толькі ці пазнаю вас тады?

Бо на золку студзеньскім, запозьненым,

Перароджаны растану ў цішыні,

Разьвітаўшыся засьветным позіркам

З тымі, хто застаўся на зямлі.

СЬНЕГАПАД

Ноч мінула ў дрымоце мітрэнжнай:

Сны – ня сны, нэўратычны каляж.

Усьлед сьвінцовая непазьбежна

Прыйшла раніца спакваля.

Пераймаючы ў ночы чароднасьць

Не суняла апрыкры бязлад.

Толькі неба раптам апоўдні

Сьнегам засьціла далягляд.

Навакольле страціла голас –

Пляцы й вуліцы ў згодзе маўчаць.

Нават чутна цяпер, як на горад

Парушынкі з аблокаў ляцяць.

Поўнілі абязьлюдныя паркі –

Белы вальс, белы верш, белы сьвет –

Ахіналі таполі бязважкім

Вэлюмам беззаганным нявест.

Спавівалі плечы абдоймамі

Безнадзейна ўспомненых рук,

Мяккім пошаптам супакойвалі

І плылі безыменныя ўкруг.

Нетаропкія ды незьлічоныя

Пазбаўлялі ад мітусьні

І, лятарні ўбраўшы кучомкамі,

Шлях свой сканчвалі на зямлі.

ROMANTIC GOTHIC

Ценем самотным у чоўне

У фасфарычным мігценьні сьвятла

Між аблокаў начное роўнядзі

Нетаропка яна плыла.

Немата над дзявочаю постацьцю –

Сьпяць барочныя вежы званіц,

Нават сьціхлі літаньні воўчыя

У разьверзнутай вышыні.

У тумане, бы ўбраная ў вэлюм,

Разразала ракі абсяг.

Зь берагоў вербаў лісьце трымценьнем

Ейны суправаджала шлях.

Усьміхаўся ветла ёй ветах

І лашчыў смоль валасоў,

Наслаўшы на выпадковых сьведкаў

Амарокі глыбокі сон.

А калі зоры першыя згасьлі,

Каб пагалоска ў нябыт адыйшла,

Растала бяз сьледу на захадзе,

Але ўночы ізноў паплыла.

* * *

Праўдзівых хочацца радасьцяў –

Тварыць, змагацца, кахаць,

Пакуль далёка разважлівасьць старасьці

Поделиться с друзьями: