Лёс (на белорусском языке)
Шрифт:
Перабраўшыся цераз мост, я крыху супакоiўся, але тут яшчэ адзiн клопат. Куды мне дзець гэтую маладую жанчыну? Пакiнуць яе на вулiцы? Яна iзноў пабяжыць тапiцца. Завесцi ў мой гатэль? Гэта немагчыма. Правiлы ў амерыканскiх лепшых гатэлях былi тады вельмi строгiя, i лiфцёр не прапусцiў бы мяне з ёю наверх. Была ў яе кватэра? Сям'я? Я паспрабаваў распытаць. Але з яе нельга было выцягнуць нiчога талковага. Яна толькi дрыжала i ўсхлiпвала.
Нарэшце я спытаў:
– Вось што... Я не магу вас кiнуць у такiм становiшчы... Куды вас праводзiць? Ёсць у вас дом? Бацькi?
Яна маўчала, i я зразумеў, што няма.
– Пакой?
Яна адмоўна кiўнула.
У гэты момант мы праходзiлi паўз ярка асветленыя дзверы з шыльдай "Гатэль Берагавы. Нумары ад аднаго даляра i вышэй". Гэты гатэль не быў падобны на раскошныя гатэлi Паркавага авеню, аднак паказаўся мне прыстойным, чыстым, i чаму б не перабыць тут некалькi гадзiн?
– Слухайце, у вашым становiшчы вы не можаце нiчога растлумачыць. Мне таксама пара дадому. Перш за ўсё, вам трэба адпачыць, сагрэцца i выспацца. Вазьмiце нумар у гэтым гатэлi. Я заплачу наперад i вас часова пакiну. Адпачывайце, заснiце, а заўтра я прыйду вас праведаць. У Ню-Ёрку ў мяне многа сяброў у розных колах грамадства, i я амаль упэўнены, што, ведаючы вашу бяду, змагу вам дапамагчы... Пры ўсiх вашых пакутах вы ж можаце адкласцi рашэнне на адну ноч. I хто ведае? Можа, тое, што ў гэтым тумане i змроку здавалася вам жахлiвым тупiком, заўтра ранiцай будзе выглядаць зусiм iначай... Вы згодны?.. Вы абяцаеце, калi я вас уладкую ў гатэлi, адгэтуль нiкуды не выходзiць i чакаць мяне?
Яна згадзiлася, моўчкi кiўнуўшы галавой.
– У вас ёсць грошы?
– нясмела запытаў я.
Яна сцiснулася, як пабiты сабака.
– Няма... Ну, гэта не мае значэння. На жаль, у мяне самога на гэты раз мала, усяго адзiн даляр. Але гэтага нам якраз хопiць. Вы бачыце: "Ад аднаго даляра i вышэй". Я заплачу за нумар, а заўтра ранiцай прыйду i ўладжу ўсё астатняе... Так што, калi хочаце есцi альбо яшчэ чаго, не саромейцеся, заказвайце. Я потым разлiчуся. Вы згодны? Так i быць.
Я пазванiў у гатэль. Нiхто не адазваўся. Я пазванiў яшчэ раз i яшчэ раз. Нарэшце пачулiся крокi, заляпалi шлапакi, бразнула засаўка, i паказаўся калiдорны - рослы, кучаравы дзядзька, якi працiраў кулакамi заспаныя вочы. Ён дрэнна гаварыў па-ангельску i зусiм не размаўляў на вядомых мне мовах (па-французску i па-iталiйску), так што мне было вельмi цяжка ўбiць яму што-небудзь у галаву.
– Гэта дзяўчына, - тлумачыў я, - толькi пераначуе. Багажу пры ёй няма. Заўтра ранiцай я вярнуся; усе яе выдаткi я аплачу... Магу вам пакiнуць у заклад гадзiннiк цi яшчэ што... але, думаю, абыдзецца i так... Падазронага тут абсалютна нiчога няма, вы самi бачыце... Я ж з ёю не застаюся. Зараз я толькi прашу даць ёй нумар на адну ноч, i вось вам даляр. Вы мяне зразумелi? Мы дамовiлiся? Усё ў парадку?..
Я пачаў ужо злавацца на гэтага без'языкага тупiцу. Трэба было паўтараць па некалькi разоў адно i тое ж... Нарэшце ён узяў даляр i адышоў убок, каб прапусцiць дзяўчыну. Я не ведаў, чым яе ўцешыць на развiтанне. Пад "заслону" трэба было сказаць нешта цёплае, ласкавае, але слоў такiх я не знаходзiў.
– Ну, дык да заўтра... I пастарайцеся заснуць, - прамовiў я паспешлiва i працягнуў руку.
Яна схапiла яе i, ажывiўшыся, упершыню загаварыла:
– Вы харошы чалавек.
I хоць, апроч гэтых трох слоў, я ад яе нiчога не чуў, у маiх вушах i цяпер яшчэ гучыць яе нiзкi пявучы голас. Застаўшыся адзiн, я тут жа ўспомнiў, што, аддаўшы незнаёмай свой апошнi даляр, не маю за што паехаць нi на таксi, нi нават на аўтобусе i да свайго гатэля павiнен дабiрацца пеша. Дзе ж я быў? 60-я вулiца? 62-я? А папасцi мне трэба было ў Нiжнi горад, гэта больш за гадзiну хады ў слоту i непагадзь. Але я быў так задаволены сваiм мужным учынкам, што рушыў у дарогу ў вясёлым настроi, насвiстваючы на бязлюдных вулiцах старадаўнiя салдацкiя мелодыi. Мабыць, упершыню Мэдзiсан-авеню слухала ў гэтую ноч "Бравага артылерыста".
На другi дзень ранiцай, калi я прачнуўся, спачатку ў мяне было ўражанне, што ўчарашняя дзiўная прыгода мне проста прыснiлася. Пасля некаторай развагi, я прыпомнiў усе дэталi начнога здарэння i вырашыў, перш чым адправiцца на работу, заехаць у "Гатэль Берагавы", завезцi крыху грошай гэтай таямнiчай дзяўчыне i, калi яна шчыра пра ўсё раскажа, заняцца яе справай. Сярод палiтычных дзеячаў Ню-Ёрка ў мяне было нямала сяброў... I хто яго ведае? Пачуццё ўдзячнасцi...
Гатэль я адшукаў лёгка, каля самага моста. Дзённае святло пазбавiла яго ранейшага крыху падазронага выгляду, як мне тады здалося. За сталом сядзела жанчына, абкладзеная ключамi.
– Выбачайце, - звярнуўся я да яе, - хацеў бы даведацца, як тая маладая асоба, якую я прывёў сюды мiнулай ноччу...
Яна зiрнула на мяне са здзiўленнем:
– Маладая асоба?
Я растлумачыў i расказаў пра сваю прыгоду. Вiдаць было, што факты гэтыя для яе навiна.
– Прыблiзна гадзiны ў дзве ночы... Вы ж ёй далi нумар... Зусiм маладзенькая дзяўчына, без багажу...
– Але ж нiякай адзнакi ў кнiгах...
– Як жа так, нарэшце! У вас тут дзяжурыў калiдорны, ён нават па-ангельску не ўмее, чарнавалосы, кучаравы.
– А, Стэпан... Ну i што?
– Ён нас прымаў. Паклiчце яго.
Яна нацiснула кнопку, i праз некалькi хвiлiн з'явiўся калiдорны. Убачыўшы мяне, ён вытрашчыў вочы.
– Вы мяне пазналi?
– запытаў я.
– Пазнаў, - буркнуў ён злосна.
– Гэтай ноччу я прыходзiў сюды разам з маладой дзяўчынай. Дзе яна?
– Пайшла, - вызверыўся калiдорны.
– Я яе выгнаў.
– Што?
– ускiпеў я.
– Вы яе выгналi? Як вы пасмелi! Я заплацiў... Вы не мелi права...
Ён выцягнуў з кiшэнi паперку i, шпурнуўшы яе мне ў твар, замармытаў:
– А гэта? Маеце права?.. Фальшывы даляр даваць?
– Фальшывы даляр?!.
Я падняў паперку i аслупянеў. Гэта нават не была фальшыўка. Гэта быў адзiн з тых бiлецiкаў, дзе на адным баку намаляваны даляр, а на другiм - пералiк тавараў - рэклама, якую некаторыя крамы раздаюць прахожым на вулiцы. Напэўна, я не разгледзеў яго мiнулай ноччу, тым больш, што сагнуты папалам, ён вельмi нагадваў даляр, i ў мяне не было прычыны сумнявацца. А можа, гэты нягоднiк яго падмянiў? Але пайсцi на такое дробнае жульнiцтва было б занадта подла, а гнеў калiдорнага быў натуральны... Не... Значыць, работа Мiрыям i яе сяброў. Пажартавалi, называецца!.. I гэта няшчасная...
– Куды яна пайшла?
– закрычаў я.
– Яе трэба абавязкова знайсцi. Разумееце, мадам, чалавек гiне!.. Трэба ратаваць жыццё...
Я паўтарыў свой расказ аб начным здарэннi, але на гэты раз касiрка мне, вiдаць, не паверыла.
– Нарэшце не цяжка ўявiць, мадам, што гэта - памылка, жахлiвае непаразуменне... Што яна падумае? Яна была ў вялiкiм адчаi, калi я яе сустрэў... I вось прывёў яе сюды, пакiнуў з гэтым фальшывым бiлетам, i ваш калiдорны яе выгнаў, вытурыў... Ах! Разбiла ёй сэрца людская лютасць! У тым стане, у якiм яна была, усё магчыма... нават самагубства...
Дарэмныя спрэчкi. Трэба было дзейнiчаць. Я памчаўся ў Цэнтральны палiцэйскi ўчастак, дзе ў мяне быў знаёмы адзiн высокапастаўлены кiраўнiк Мелвенэй. Ён выслухаў маё паведамленне з раўнадушнасцю чыноўнiка, якi ўсё ведае i да ўсяго прывык, але мiгам падняў па трывозе палiцэйскiя машыны ў квартале блiзкiм да моста. Вы ведаеце - у Ню-Ёрку безлiч радыёфiкаваных аўтамабiляў з узброенымi дэтэктывамi, якiя трымаюць сталую сувязь з цэнтрам. Адказы паступалi адмоўныя. Гэтай жанчыны нiхто не бачыў.