Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лота (на белорусском языке)
Шрифт:

Лота яшчэ раз выцерла пыл з мэблi, каб мама, Марыя i Джонас маглi прасачыць за ёй. Яны згадзiлiся, што Лота добра даглядае свой пакойчык. Калi яна скончыла выцiраць пыл, мама спытала ў яе, цi не збiраецца яна абедаць з Джонасам i Марыяй.

– Не, мiсiс Берг дае мне ежу, - сказала Лота i паказала, як добра працуе сiстэма з кошыкам.

– Дык ты не зусiм дурненькая, - сказаў Джонас, сеў на падлогу i пачаў праглядаць старыя часопiсы, якiя ён знайшоў у кутку.

– Тады да пабачэння, Лота, - сказала мама.
– Калi ты надумаешся вярнуцца дадому да калядаў, мы будзем вельмi рады бачыць цябе.

– А колькi яшчэ часу да калядаў?
– спытала Лота.

– Сем месяцаў, - адказала мама.

– Я, вiдаць, буду тут жыць больш, чым сем месяцаў, - заключыла Лота.

– Гэта ты так мяркуеш, - усмiхнуўся Джонас.

Мацi пайшла, а Лота з Марыяй гулялi з Вiолай Лу. Джонас сядзеў на падлозе i чытаў часопiс.

– Табе падабаецца ў мяне, Марыя?
– спытала Лота.

– Гэта найлепшы лялечны дом, якi я калi-небудзь бачыла.

– А гэта не лялечны дом, - запярэчыла Лота, - гэта мой сапраўдны дом.

Раптам на лесвiцы пачулiся цяжкiя крокi. Гэта быў тата.

– Да мяне дайшлi дрэнныя звесткi, - сказаў ён.
– Людзi ў горадзе гавораць, што ты пакiнула дом, Лота. Гэта праўда?

– Так, - кiўнула Лота.

– Гэта ноч будзе вельмi сумнай для мяне, Лота. Ты толькi падумай, што я буду адчуваць, калi зайду ў дзiцячы пакой, каб сказаць добрай ночы... А там будзе твой пусты ложак. Няма маёй Лоты!

– Нiчым нельга дапамагчы, - адказала Лота ўпэўнена. А пра сябе ўздыхнула: "Бедны тата!" Ёй сапраўды было вельмi шкада яго.

– Так, вiдаць, нельга дапамагчы, - згадзiўся тата.
– Джонас i Марыя, вам лепш пайсцi дадому. Сёння ў нас гамбургеры, смажаныя абрыкосы на вячэру.

– Да пабачэння, дарагая Лота, - развiтаўся тата i пайшоў унiз па лесвiцы.

– Да пабачэння, - адказала Лота.

– Бывай, - заспяшалiся Джонас i Марыя.

– Бывайце, - сказала Лота i падышла да акна, каб памахаць iм адтуль.

АДЗIНОКАЯ ЛОТА

Лота засталася адна. Мiсiс Берг прынесла ёй сёе-тое паесцi, i Лота падняла ўсё наверх у кошыку. Там зноў былi аранжад, дзве саломiнкi i халодны кавалак смажанай свiнiны.

– Так жа добра, як i ў Мартэнсанаў, - сказала Лота i прапанавала Бэмсi трошкi адкусiць.

Калi яна паела, вырашыла зноў выцерцi пыл. Потым яна падышла да акна i назiрала за Мартэнсанамi ў iх двары. Джонас i Марыя гулялi ў кракет з татам. Яблынi былi ў квеценi i выглядалi нiбы вялiкiя букеты кветак. Вiд быў цудоўны.

– Кракет - гэта смешна, - сказала Лота Бэмсi.
– Але ж гэта не так цiкава, як даглядаць за домам.

Пачало цямнець, i тата, Джонас i Марыя пайшлi ў свой цёплы жоўты дом. Лота ўздыхнула. Пакуль яна выглядала з акна ў пакойчыку пад дахам мiсiс Берг, здарылася такое, чаго Лота нiяк не чакала. Стала цёмна. Цемра ўладкавалася ва ўсiх куточках, усё блiжэй падкрадвалася да Лоты i неўзабаве запоўнiла ўвесь пакой. Заставалася толькi адзiная светлая пляма ў тым месцы, дзе было акно.

– Мы лепш пойдзем спаць, Бэмсi. Неўзабаве мы зусiм нiчога не ўбачым, сказала Лота.

Яна хуценька паклала Вiолу Лу ў яе ложак, а Бэмсi ўзяла з сабой. Скруцiўшыся абаранкам, яна нацягнула коўдру на галаву. Яе перапаўнялi думкi: "Гэта не таму, што я баюся цемры, гэта ад таго, што вельмi сумна. Акрамя ўсяго, я хачу спаць". Лота глыбока ўздыхнула. Некалькi разоў яна садзiлася ў ложку i глядзела ў цемру. Потым яна здрыганулася, зноў запаўзла пад коўдру, прыцiскаючы Бэмсi ўсё блiжэй i блiжэй да сябе.

– Джонас i Марыя, напэўна, таксама леглi спаць, - сказала дзяўчынка ў цемру.
– А мама i тата прыйдуць да iх, каб пажадаць iм добрай ночы. Але толькi не мне...
– Яна зноў уздыхнула, i гэта быў адзiны гук у пакоi.

"Нельга, каб было так цiха", - падумала Лота. I яна пачала спяваць сваю песню зноў:

Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,

Ноч маўчыць...

Лота спынiлася. Яе голас дрыжаў. Яна пачала зноў:

Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,

Ноч маўчыць,

I вельмi-вельмi цёмна...

Лота не магла больш спяваць. Яна пачала ўсхлiпваць. У гэты момант да яе вушэй данеслiся нейкiя гукi. Гэта тата падымаўся па лесвiцы i спяваў:

Запалю агеньчык жоўты мой,

Завуркоча кот: "Iдзi дамоў!"

Лота села ў ложку.

– Тата, калi б у мяне быў коцiк!
– усклiкнула яна.

Тата ўзяў Лоту на рукi.

– Ведаеш, Лота, мама такая сумная. Можа, лепш табе вярнуцца да каляд?

– Я хачу вярнуцца зараз жа, - адказала Лота.

Тата ўзяў Лоту i Бэмсi i панёс iх дадому.

– Лота вярнулася дадому!
– крыкнуў тата, калi яны ўвайшлi ў дом.

Мама сядзела перад камiнам у гасцiнай. Яна працягнула рукi да Лоты i ўсмiхнулася:

– Сапраўды? Ты сапраўды вярнулася дадому, Лота?

Лота кiнулася ў матчыны рукi i заплакала так горка, што слёзы пакацiлiся па яе твары.

– Я збiраюся жыць з табой усё жыццё, мама, - усхлiпвала яна.

– Гэта цудоўна!
– сказала мама.

Лота скруцiлася клубочкам у мацi на каленях i доўгi час нiчога не гаварыла.

– Мама, зараз у мяне новы свiтэр. Мiсiс Берг дала яго мне. Гэта добра? праз слёзы спытала яна.

Мама нiчога не адказала. Яна толькi лагодна глядзела на Лоту.

Апусцiўшы вочы, Лота прамармытала:

– Я парэзала свой на кавалачкi. Я хачу сказаць, што прашу прабачэння, але так цяжка зрабiць гэта.

– А што, калi я таксама папрашу прабачэння?
– спытала мама.

– Тады мы можам сказаць, што мы абедзве просiм прабачэння, - адказала Лота.

Дзяўчынка абняла мацi за шыю i прыцiснулася да яе так моцна, як толькi магла.

– Я прашу прабачэння, я прашу прабачэння, я прашу прабачэння, - паўтарала яна.

Потым мама ўзяла Лоту i Бэмсi на рукi i аднесла iх у дзiцячы пакой, паклала ва ўтульны ложак з чыстымi прасцiнамi, ружовай коўдрай. Тата падняўся наверх таксама, i яны з мамай пацалавалi Лоту i пажадалi ёй добрай ночы.

– Якiя яны добрыя, - сказала Лота Бэмсi, калi яны пайшлi ўнiз.

Джонас i Марыя спалi, але Джонас прачнуўся, каб сказаць:

– Я так i ведаў, што ты пабаiшся застацца там усю ноч.

Поделиться с друзьями: