Людзі на балоце
Шрифт:
І што ім з таго прымірэння? Пасля змовін! І развітанне — што ім? Развіталіся ўжо, можна лічыць. Чужыя!..
Ён пастаяў моўчкі — мусіць, усё ж не пабачыў. Як прывід, паплёўся назад…
У той вечар, калі ў Чарнушкаў былі змовіны, у хаце Дзятлаў было ціха і журботна, нібы пасля пахавання нябожчыка.
— Сынку, сынку, як жа цяпер? — не вытрывала, сказала маці з другога канца стала, за якім Васіль вячэраў.
— Як було, тым часам, так і будзе, — разважліва адгукнуўся дзед Дзяніс.
У хаце гусцеў змрок. Дзеда, які сядзеў на палацях каля печы, ужо амаль не было відаць, матчын твар таксама ледзь шарэў — каб і хацеў, Васіль не змог бы ўбачыць на ім нічога — і ўсё ж, па тым, як перагаворваліся яны, як раз-пораз маці ўздыхала, чуў, што і іх вельмі гняце яго бяда.
Але ад іх спачування не толькі не было палёгкі, а яшчэ горш паліла жальба. Хоць нарабіўся, згаладаўся, — не чуў ні стомы, ні смаку ў вячэры. Хацелася адно хутчэй перабыць абавязак і выйсці…
— Багацей, тым часам, ведамо… — прамовіў дзед Дзяніс у цішыні.
— Нагаварылі на яе ўсё тое, што дамогся Яўхім!.. — як бы падумала маці. — Казала я: не такая яна, штоб дапусціць!.. Не було нічога! Бо кеб дамогся, не пайшоў бы кланяцца, у сваты. Да бяднячкі…
Васіль стараўся не слухаць: не хацеў нічога чуць пра Ганну. Кожнае слова пра яе кранала, вярэдзіла штосьці вельмі чулае ў ім, вельмі балючае. Ледзь стрымліваўся: і ахвота ж гаварыць пра яе, — калі ўсё ні да чаго! Не дапусціла, не дамогся! Як бы і сам ён не знае!..
— Такая нявестка була б! — уздыхнула маці. — Лепшай, здаецца, кеб цэлы свет абгледзеў, не знайшоў бы!..
— Ну, хопіць! Ну, чаго тут!.. — Васіль кінуў лыжку, ускочыў. — От бо, не хапало шчэ!..
— І праўда, Алена! Хлопцу і так маркота!..
Васіль не даслухаў дзедавых слоў, выбег на ганак. Але стаяць на ганку, на двары, дзе сама цішыня вечара, змрок напаміналі Ганну, цяпло спатканняў, было яшчэ горш. Каб не сумаваць, адагнаць палючую жальбу, ён стаў тупаць па двары, выдумляць справы. Зайшоў у хлеў, у якім без каня, што яшчэ пасвіўся на ўзболатку, было нудна і пуста, кінуў у куток сена, падаўся ў павець, перавесіў з кручка на кручок дугу, стаў корпацца з калёсамі. Рабіў, аднак, усё як у сне, усё было нецікавае. У галаву неадчэпна лезлі, пяклі душу згадкі, думкі, развагі — усё пра адно, пра Ганну, пра змовіны.
"Багацей, ведамо!.." — успаміналіся яму словы дзеда пра Яўхіма. І думкі крыўдна згаджаліся, дадавалі: — Дзеўкі кажная на багацце хіліцца! Думае, што дзе багацце, там лёгко будзе жыць!.. Думае, як Корч багаты, дак і ўсё, прыпяваючы, думае, жыць будзе! Аге! — спрачаўся Васіль у думках так, нібы Ганна была перад ім. — Вельмі надзейся! Дужа ты ў Карчоў разжывешся!.. Пажывеш з імі, пабачыш, што за Карчы такія! Якое шчасце сабе выбрала! Смяяцца весела ўмела, плакаць навучышся! Паплачаш горко, як нагаруешся! А што нагаруешся, дак нагаруешся, ето загадзя сказаць можно! Дабра не чакай! Усе Карчы такія!.."
Але як ні чарніў Карчоў, не першы раз ужо расла, гарэла ў ім пераплеценая са злосцю важкая зайздрасць: усюды першыя, усё лепшае ім!.. Багацеі!..
"Ну, і няхай з Карчом яна!.. Няхай карчоўская будзе!.. — стараўся супакоіцца Васіль. — Усё адно яна мне не пара!.. Толькі і дабра таго, што як прытулішся, бувало, сэрца соладко ные і гатоў на ўсё забыцца!.. А хіба ж, будучы сам-насам, цвярозы, не думаў я, што не пара яна, што толку з яе мало? Хіба ж не думаў, што лепей бы да багацейшай якой! Толькі сілы, кеб адарвацца, не було. Як прываражыла, як бы зеллем апаіла якім!.. А цяпер от — само павярнулася як трэба. Нібы Бог памагці захацеў… Само зрабілася як трэба, дзякуваць Богу!.."
Усё, чым ён жыў у гэты вечар, было поўна супярэчнасці. Думкі перабівалі адна адну, спрачаліся, жаданні таксама змяняліся непаслядоўна, супярэчліва, учынкі не хацелі слухацца разваг. У той самы час, калі ён ужо амаль пераканаў сябе, што шкадаваць аб Ганне няма чаго, што трэба толькі дзякаваць Богу за тое, што так разумна зрабілася, Васіль, сам не ведаючы, чаму і як, забрыў к Чарнушкаваму селішчу, к таму плоту, дзе столькі вечароў і начэй стаяў, мілаваўся з Ганнай. Як ні гнаў, не адыходзіла неадольная заваблівая надзея: а можа, яна там, чакае?..
Але яе не было. Ля знаёмага плота, здалося, было так пуста і так сумна, што крыўда і гора ўмомант затапілі ўсе развагі. Ён аж разгубіўся ад наплыву гэтых бязлітасных, пякучых, бясконцых і бязмерных крыўды і гора.
Іх ён і панёс з сабою ад плота, той сцежкаю, якой столькі разоў насіў радасць. Ніколі яшчэ не чуў ён сябе такім няшчасным — ні тады, калі раўнаваў Ганну да Яўхіма, ні тады, калі паверыў у плётку пра яе. Тады ён мог ненавідзець яе, пагарджаць ёю, — цяпер было яму толькі шкадаваць!
Цяпер яго пякла не плётка. У яго не было нават надзеі, што ўсё гэта няпраўда. Змовіны былі. Яна — чужая. Усё кончана!..
Калі наплыў гора апаў, прыціх, ён, як бы шукаючы прасветліны, стараючыся стаць мацней на зямлі, пачаў думаць аб дарагім, запаветным. Не, не ўсё яшчэ кончана! Усё яшчэ будзе!.. Пачакайце, прыйдзе час — пабачыце, хто такі ён, Дзяцел Васіль! Пабачыце, усе пабачыце! Будзе гэта! Будзе яго пара!.. Ён узнімецца, пабачыце!.. Гумно снапамі наб'е! Кароў завядзе! Не адну — тры, пяць! Стаенніка завядзе! Такога, што Корч пазелянее ад злосці!.. Толькі б перадзел зрабілі! Каб зямлі, каторая ля цагельні!.. Тады — усе пабачаць Васіля! І яна, Ганна, пабачыць!
Але добры строй гэтых думак зноў і зноў ірваўся, раўнівая памяць калола, пякла: "Карчова нявеста!.. Змовіны адгулялі!.. Вяселле скора!.."
Ці хадзіў, ці стаяў каля ганка, ці ляжаў у хаце, злыя думкі, не зважаючы ні на што, лезлі ў душу, тачылі: "Жонка будзе!.. Карчова жонка!.."
Частка трэцяя
Раздзел першы
1
Калі паснедалі, мачыха не загадала Ганне, як звычайна, прыбраць са стала, не ўсхапілася і сама. Сядзела заклапочаная, нават нібы больш, як заўсёды, важная, чагосьці чакала. Але бацька маўчаў, глядзеў на край стала, не бачачы ні стала, ні мачыхі, нікога. Бацька заклапочана думаў.
Заклапочанасць і нейкая асаблівая сур'ёзнасць, важнасць была на тварах усіх дарослых Чарнушкаў. Яна кінулася ў вочы нават Хведзьку, які вылез з-за стала надзіва ціха, знік з хаты так, што яго ніхто і не заўважыў.
— Уюноў сушаных нізак дзесяць будзе… — падумаў нарэшце ўголас бацька.
— Хунты тры ці набярэцца… — сказала мачыха.
— Усё-такі грошы… — Чарнушка пашкадаваў: — Грыбы сушаныя еты год, кажуць, не ў цане…
— Чарніц можно. Прося гаварыла, той раз іх вельмі куплялі. Два нейкія купцы з самога Мозыра прыязджалі…