Міколка-паравоз
Шрифт:
Для гэтых салдат не існуе больш ён, суровы і грозны генерал. Цяпер ён нішто. Дый ці можа ён быць цяпер чым-небудзь, калі даводзіцца выпрошваць у гэтых людзей вагоны для афіцэраў, каб ехаць у Германію. Рабочыя і партызаны жартуюць:
— Вы б, ваша правасхадзіцельства, можа б, пехатой як-небудзь. Салдат-то мы давязём…
Але ўмешваецца ў гутарку дзед Астап. Той не любіць лішніх жартаў.
— Даць ім вагоны, няхай хутчэй адсюль вымятаюцца…
А дзесяткі цягнікоў, сотні і тысячы вагонаў з хлебам, з жывёлай, з награбленым дабром стаяць на станцыі, загрузіўшы ўсе пуці і тупікі. Не бачыць іх болей генералу, як не ўбачыць яму свайго генеральскага носа.
Не выйшлі генеральскія планы!
І як праў быў Міколкаў бацька, калі казаў яму на паравозе:
— Мы не можам не перамагчы!
Перамаглі!
Не можа іначай рабіць Міколкава слаўнае племя.
1936