Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Маленькая балерына

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Картэж рушыў. Вузкая чорная машына, у якой сядзелі "маленькая" і Ён, вылецела з брамы Баравіцкай вежы і памчала па Валхонцы, мякка зашалахцела шынамі па асфальце.

У чырвоных успышках люлькі яна бачыла яго жарсткаваты профіль, ссунутыя бровы, халодны выраз вачэй. Потым ён паглядзеў на яе, і гэты выраз адразу змяніўся, стаў нейкі асабліва мяккі, амаль кранаючы.

Больш ніколі не танцуйце лебедзя, глуха сказаў ён, вам нельга.

Чаму?

Вам нельга гінуць. Нават на сцэне. Вы поўная жыцця, сонца, вы шчырая да гэтага неба і гэтых людзей. І я не ведаю, ці прыходзяць калі-небудзь дрэнныя думкі ў вашу галоўку.

Часам прыходзяць.

Не веру, сказаў ён.

Яны ехалі па Вялікай Пірагоўскай. Цьмяна чырванелі ў цемры муры Навадзевічага манастыра і важка бялеў сілуэт сабора.

Калісьці вы будзеце вялікай, маленькая балерына. Але я не думаю, што нават тады вы будзеце няшчырай… Мне лёгка з вамі… як з нямногімі… Старому добра быць сярод такіх, як вы.

А старэйшыя? — спытала яна.

Сусед спахмурнеў:

Ім мала каму можна верыць, Ніна. Чалавеку нельга верыць пасля дваццаці пяці. Але вы не такая. Але вы не будзеце такой. І я вельмі шкадую, што ў мяне няма яшчэ адной дачкі. Такой, як вы.

Чаму шкадуеце?

Таму што вы абуджаеце ў кожным веру ў людзей.

Вакол ужо мільгалі пералескі, свяціліся ў цемры, як свечкі, ствалы бяроз. Пругкі вецер, насычаны добрымі пахамі ночы, біў у твар.

Добра, сказаў ён.

Вы ведаеце, сказала "маленькая", пазаўчора я прачнулася ўначы і думала пра вас. За вокнамі былі дрэвы і ноч, і мне стала шкада, што вы не бачыце гэтага, седзячы ў гэтых старых мурах. І мне так чамусьці стала шкада вас, што я нават трошкі паплакала.

Чалавек апусціў цяжкія бровы, быццам імкнучыся прыкрыць імі вочы.

Машына звярнула ў дачны пасёлак, хутка прамчала спячай вуліцай, прамінула бярозавы гай на адхоне і спынілася ля форткі.

Тут было толькі пяць дачак, наводшыбе, і кожная трохі наўздалёк ад другой. Дача бацькоў Ніны была ўглыбіні, за садам; па сцяжынцы да яе было метраў трыста.

На яе дзіва, спадарожнік таксама вылез з машыны.

Я праводжу вас да ганка.

Што вы?! — спужалася яна. — Не трэба. Вы і так былі такі добры і ўважлівы.

А калі вас тут хтосьці пакрыўдзіць на гэтай сцежцы?

Што вы, тут і бярозы свае.

А я ўсё ж пайду.

Ён ішоў поруч з ёю, і яна баялася так, што падала сэрца, баялася за яго. Ці мала засталося тых, не дадушаных калючай рукавіцай? А раптам што-небудзь здарыцца? Тады яна не даруе сабе.

Але чалавек, здавалася, нічога не заўважаў, ішоў і з насалодай дыхаў цёплым начным паветрам, настоеным на ласкавым паху бяроз.

Які мір, сказаў ён. — А стома ўсё мацней, дзяўчынка.

Вам трэба мора, многа паветра, добрых людзей вакол.

Людзей? Магчыма… Каб гэтыя людзі ўсе былі як вы.

Ён памаўчаў крыху і раптам спытаў:

Ёсць у вас жаніх?

Ёсць, раптоўна сказала яна.

Яму пашанцавала. Хто ён?

Той хлопец, што тады танцаваў "Балеро".

Прыгожы хлопец… Харошы?

Харошы. І вельмі дурны. Наіўны, з пяшчотай адказала яна.

Гэта добра. Наіўныя не носяць у сэрцы зла… Будзьце шчаслівая з ім. Я дапамагу, каб вы былі разам… І, калі запросіце, прыйду на вяселле.

Абавязкова… абавязкова, сказала яна, я нават не ведаю, за што, за што вы такі добры да мяне.

Пакіньце, сказаў ён, ніякі я не добры.

Яны спыніліся перад дачай. Вокны ўжо ўсе былі цёмныя. Над садам, над дахам будынка панавала ціша.

Ну, давайце развітаемся, сказаў ён. — Я не буду заходзіць. Не трэба турбаваць людзей.

"Маленькая" ўжо зусім была пайшла, але раптам павярнулася да яго.

Я вас прашу, я вас вельмі прашу, усхвалявана сказала яна, не думайце, што людзям нельга верыць… Вы не думаеце гэтага шчыра, вы не можаце так думаць!

Чалавек стаяў і глядзеў на яе з прытоенай усмешкай.

Дык можна? — спытаў ён нарэшце.

Можна, упэўнена выдыхнула яна. — Яны добрыя.

Добра, сумна сказаў чалавек, бывай, дачка, спі спакойна… І не плач па начах за старых людзей.

Ён павярнуўся і пайшоў да форткі. "Маленькая" глядзела на яго, і шкадаванне аб гэтым чалавеку, які ішоў у ноч, зноў сціснула ёй сэрца.

А чалавек выйшаў з форткі і сутыкнуўся са Сторавым. Той стаяў, сціснуўшы вузкі, як шчыліна, рот.

Раён даволі падазроны, сказаў Стораў.

Што, не нажэрліся? — даволі дабрадушна сказаў чалавек.

Стораў паглядзеў на яго з адданай пачцівасцю і суха — гэты тон, як ён лічыў, найбольш адпавядаў яго місіі вернага ахоўніка — сказаў:

Справа, вядома, не аб арышце. Справа аб ахове. Вы ведаеце, яны заўжды рады ўчыніць зло тым….

Тады чалавек таксама звузіў вочы і насцярожана абвёў позіркам суседнія будынкі.

Так, сказаў ён і даказаў за Сторава, тым, да каго я добра стаўлюся… Рабі, як лічыш патрэбным, прыглядзіся… І каб з гэтай галоўкі ніводнага воласа ад чыёйсьці рукі. Зразумеў?

Машыны рушылі. Ён сядзеў на заднім сядзенні і цяжка думаў. Потым думкі перайшлі на ўспаміны. Успомнілася Грузія, якой яна была пяцьдзесят год таму, калі ён, дзесяцігадовы, упершыню па-сапраўднаму адчуў вясну. Яна была прыўкраснай. Яна была такой і потым, калі ён быў юнаком. Успомніліся Горы, плынь Ліяхвы, буйнае квіценне ткемалі на схілах гор.

Свеціцхавелі ўстаў перад яго вачыма, ясны, узнесены да нябёс у месячным сяйве. Сэрца ляцела насустрач яму… Так, тады таксама была вясна. А зараз яна для іншых, для гэтай дзяўчынкі і для яе хлопца.

На хвіліну ён падумаў, што аддаў бы ўсю ўладу за некалькі год маладосці. Улада не прыносіла шчасця. Нават любоў людзей была ад няведання… А гэтая, як сланечнік, уся для жыцця, якога ў яго скора не будзе. Дзяўчо павінна жыць і быць шчаслівым, і тады, магчыма, яшчэ адзін з нешматлікіх успомніць яго дабром.

Чалавек ехаў начнымі пералескамі, потым ускраінамі, чалавек, якога ўлада ўзвяла да неверагодных вышыняў, улада, якую ён змяняў бы ў гэтую хвіліну на сціплую хату ў бярозавым гаі і на такую вось дачку. Ён ведаў, што ён хоча гэтага толькі ў гэта імгненне, але яму не хацелася думаць, што гэта так.

Поделиться с друзьями: