Меч князя Вячкі
Шрифт:
Яны дагналі Мірошку, і сінявокі рыжавалосы вой спытаўся:
— Адкуль ты, хлопчык?
Ён глядзеў на Мірошку са спагаднай усмешкай. Паверх кальчугі ў яго быў накінуты прыгожы бабровы кажух. Ззяла пад зімовым сонцам кап'ё.
Мірошка маўчаў. Як і ўсе жыхары Гарэлай Весі, ён не вельмі рады быў сустрэчы з узброенымі людзьмі. Але верхавы па-свойму зразумеў ягонае маўчанне.
— Ганарысты, — сказаў верхавы. — Носа крукам не дастанеш. Кату па пяту, а горды.
— Ды спалохаўся ён, Халадок, — умяшаўся ў гаворку ягоны спадарожнік, маладзенькі, бялявы.
— Маўчы, Грыкша, калі кажа старэйшы, — перапыніў яго Халадок. Ён саскочыў з каня, падышоў да Мірошкі.
— Не бойся нас, малы.
— Я не малы, — адным духам выпаліў Мірошка і смела глянуў у вочы Халадку.
— Ого! — засмяяўся Халадок. — Дык, можа, ты тутэйшы князь? Можа, ты Рагвалод Свіслацкі? Тады мы да цябе і да тваёй дачкі — красуні князёўны Дабранегі. Бяросту 29 вязем ад князя Вячкі.
Мірошка адразу ж упадабаў Халадка. Добрых людзей, хто б яны ні былі, заўсёды няцяжка ўбачыць. Добрыя людзі не хітруюць, не спяваюць салоўкамі, не шыпяць гадзюкамі. Яны заўсёды такія, якія ёсць на самой справе.
29
Бяроста — ліст, пасланне.
— Значыцца, ты не князь? — абсіверанымі пальцамі круціў на Мірошкавай світцы драўляны гузік-бірульку Халадок. — Дык, можа, ты вялікі баярын? Або князеў цівун?
— Я Мірошка, — раптоўна засаромеўшыся, апусціў вочы і ціха адказаў Мірошка.
— Мірошка? А я — Халадок. Скажы нам, Мірошка, дзе вашага князя знайсці, дзе сядзіба ягоная?
— У Княжым сяльцы, — шмыгнуў скалелым носам Мірошка.
— А дзе гэтае Княжае сяльцо?
— Няўжо ты не ведаеш? — здзівіўся Мірошка. — За Грымучым борам. Я й то ведаю. Я туды з татам самоў, якіх у Свіслачы спаймалі, на чоўне вазіў. Вялізныя самы былі, доўгія, аж хвасты па вадзе за чоўнам валачыліся.
— Дык ты і самоў умееш лавіць? — пляснуў сябе даланёю па калене Халадок. — Чаго ж ты ў бацькі на печы сядзіш? Ты ж — вой. Бяры меч і гайда ў дружыну князя Вячкі.
— Я б у дружыну пайшоў,— ахвотна згадзіўся Мірошка, — маці не пусціць.
Тут Халадок з Грыкшам не вытрымалі, засмяяліся. Засмяяўся і сам Мірошка, але адразу ж спахмурнеў, зразумеў, што пацвельваюцца над ім воі.
— Дык у якім баку Грымучы бор і Княжае сяльцо? — адсмяяўшыся, спытаўся Халадок.
— Там, — махнуў рукою Мірошка.
— Дзякуй табе, Мірошка, — сказаў вясёлы вой. — Бяжы да маці, а то нос на марозе адваліцца. Будзем вяртацца назад, забярэм цябе ў дружыну князя Вячкі. Князь у нас харобры, як леў. Пойдзеш у дружыну?
Мірошка нічога не адказаў, але сэрца затрапятала, як хуткакрылы стрыж над рачной стромаю. Воі, вясёлыя, прыгожыя, ударылі коней шпорамі, гікнулі, прыгнуліся і памчаліся ў бок Грымучага бору. Снежныя воблачкі вырываліся з-пад капытоў. Мірошка глядзеў ім услед, пакуль яны не зніклі. І пустэльнік са сваёй нары таксама глядзеў услед воям.
II
На падвор'е князя Рагвалода Свіслацкага прыпоўз, прабіўся праз снежныя сумёты вялікі абоз зімніх гасцей — кіеўскіх купцоў. Тры дзесяткі цяжка гружаных саней, запрэжаных конямі і валамі, адолелі доўгую небяспечную дарогу і спыніліся каля княжацкага церама. Бароды ў купцоў заледзянелі на марозе. Купцы злазілі з коней, аддавалі іх сваім служкам і няўпэўненымі крокамі — ногі ў страмёнах адвыкаюць ад зямлі — ішлі да высокага дубовага ганка, на якім ужо стаяў, усхваляваны і радасны, князь Рагвалод.
Абоз, асабліва ў зімовы час, заўсёды радасць для дробных удзельных князёў, іхніх баяр і чэлядзі. Яшчэ з раніцы выла завіруха, шэры калючы снег насіўся хмарамі над церамам, сярдзіта роў пустынны чорна-белы бор, сабакі і надворныя халопы хаваліся ад раз'юшанага ледзянога ветру ва ўсе шчыліны хто куды, у князя тупа ныў гнілы зуб, і раптам — гэты абоз!
Купцы пакланіліся князю. Хутчэй хацелася ў цяпло, у зацішак.
— Што прывезлі, госці? — з расцяжкаю, каб не выдаць сваёй радасці, спытаўся князь.
Купцы пакланіліся яшчэ раз. Старэйшына абоза, пошлы 30 купец Нажыр, выйшаў наперад, сказаў:
— Чалом б'ём табе, князь-хрысталюбец. Мы людзі рускія, кіеўскія, купцы нізаўскія. Вязем соль і віно рамейскае, волава і медзь для рукадзельных людзей 31 , чырвоны шыфер з Оўруча, тканіны багатыя, стужкі парчовыя, бранзалеты шкляныя для маладых прыгажунь.
— А чаго хочаце? — чмыхнуў у раскошны сівы вус князь.
— Хочам срэбра твайго княжацкага. Хлеба, мёду і воску. Шкур бабровых і сабаліных. А я, купец Нажыр, хачу рабыню маладую, прыгожую, каб мой старэчы сон берагла-ахоўвала.
30
Пошлы — ад «пошліна», г. зн. старына. Пошлыя купцы — радавітыя багатыя купцы з купецкай вярхушкі.
31
Рукадзельныя людзі — рамеснікі.
— Адчыніце вароты! — загадаў надворнай чэлядзі князь Рагвалод Свіслацкі.— Упусціце гасцей, накарміце іхніх коней, а гасцей я сам карміць буду.
Нажыр пакінуў на ноч каля абоза варту, а сам з купцамі пайшоў у княжацкую трапезную. Да самай раніцы лілося з вялізных гліняных амфар хмельнае віно, ап'янелыя купцы расказвалі князю пра далёкую небяспечную дарогу, пра санны шлях па засыпаным снегам Дняпры, пра грозныя непраходныя пушчы, у якіх віруюць лютыя воўчыя зграі, пра зледзянелыя зоркі ў чорным зімовым небе, пра вогненныя слупы і крыжы, што ў самую глухую поўнач нечакана загараюцца над зямлёй. Шмат пра што расказвалі купцы…
А ў гэты самы час князёўне Дабранезе сніўся незвычайны радасны сон. Мроілася ёй, што разам з карміцелькамі і служанкамі сядзіць яна ў сваёй белай святліцы. Карміцелькі кудзелю прадуць. Служанкі казкі баяць. І раптам у слюдзяное акно святліцы нібы вецер ударыў. Такі вецер вясною са Свіслачы налятае. Расчынілася-расхінулася акно, ды не вецер быў за ім, а сокал залатакрылы. Кожнае пёрка, як жар іскрысты, гарэла. І былі ў гэтага сокала чалавечыя вочы і чалавечы голас, і кіпцюры меў ён вострыя, чэпкія. Падляцеў сокал да князёўны. Карміцелькі і служанкі ад вялікага страху на падлогу пападалі, вушы заткнулі, вочы заплюшчылі. Схапіў сокал князёўну Дабранегу, схапіў мякка, ды не вырвешся, і вынырнуў у акно, памчаўся ў начное неба над пушчамі і балотамі. Страшна Дабранезе, жудасць мову адбірае. Хоча крыкнуць яна, ды цёплыя сакаліныя пёры крыкнуць не даюць, рот закрываюць. Хутка-хутка імчыцца сокал, марозны вецер свішча і разбіваецца аб крыллі, зоркі, як залатыя пярсцёнкі, коцяцца па гладкім небе, і няма ім спыну. І вось віднець пачынае, святлець. Ружовыя промні сонца змрок нябесны запалілі. І бачыць Дабранега, што на агромністай залатой хмары стаіць-плыве залаты палац. Не цёмны, не дубовы, як бацькаў, а залаты, бліскучы, аж вочы слепіць. Ударыўся сокал белымі грудзьмі аб залатую хмару, нават іскры з хмары пасыпаліся, і ператварыўся ў сінявокага высокага юнака незвычайнай прыгажосці. Моцна абняў правай рукою юнак Дабранегу, засмяяўся, хацеў пацалаваць, але тут князёўна прачнулася.
Была шэрая зімовая раніца. За слюдзяным акном, шчыльна зачыненым на зіму, выў вецер, выў, як галодны воўк. Дабранега, абапёршыся на локаць, хуценькім позіркам акінула сваю спачывальню, падлогу, ложак. Залатых сакаліных пер'яў нідзе не было. Выў вецер за халодным слюдзяным акном. Яна сумна ўздыхнула, паклікала карміцельку:
— Параскева!
Служанкі, маўклівыя проставалосыя дзеўкі, апранулі яе і заплялі касу. Яна надзела на шыю жоўта-карычневыя бурштынавыя каралі, на тонкія запясці рук — срэбныя бранзалеты. Загадала служанцы, і тая прынесла залаты вяночак, аздоблены каштоўнымі камянямі,— бацькаў падарунак. Служанка, стоячы на каленях, трымала ў руках люстэрка, астатнія дыхнуць не смелі — глядзелі, як іхняя ўладарка любуецца сабою ў люстэрка. Раптам цень набег на светлае аблічча Дабранегі, нешта ёй не спадабалася ў сваім твары, і яна ўдарыла служанку па шчацэ. За слюдзяным акном нясмела разгараўся світанак.