Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
Шрифт:
— Мама першая зразумела, што маё пакліканне — тэатр, — сказаў Гендрык, любоўна зірнуўшы на маці. — Тата доўга не хацеў пра гэта нічога чуць.
Потым ён расказаў гісторыю, як пачыналася яго тэатральная кар'ера. Гэта было яшчэ ў ваенныя часы, у 1917 годзе, і Гендрыку толькі што споўнілася васемнаццаць, калі ён на абрыўку газеты знайшоў аб'яву, з якое вынікала, што франтавы тэатр на акупаванай тэрыторыі ў Бельгіі шукае маладых артыстаў.
— Але ў якім месцы я знайшоў гэты лёсавызначальны абрывак газеты, — сказаў Гендрык, — я не магу вам сказаць... — Усе зарагаталі, ён зрабіў выгляд, што яму страх як няёмка, і, закрыўшы твар рукамі, cказаў: — Ну так, так, баюся, вы адгадалі...
— У клазеце! — трыумфальна ўсклікнула генераліха, і рогат яе закалыхаўся ад глыбокага басу да срабрыстых вышыняў.
Пакуль агульная весялосць усё больш закіпала, Гендрык перайшоў да прыгодаў з жыцця вандроўнага тэатра, дзе яму даводзілася іграць ролі бацькоў. Цяпер ён мог, не саромеючыся, весела, запусціць увесь свой выпрабаваны рэпертуар і зноў ззяць: бо ў гэтых колах ніхто такіх сюжэтаў не ведаў. Толькі Барбара часткова іх ведала і таму здзіўлена і нават з нейкай агідай назірала за апавядальнікам.
Увечары прыйшло некалькі сяброў, і Гендрык здолеў надзець неаплачаны фрак, які дзівосна яму пасаваў. Пасля смажаніны тайны радца пастукаў відэльцам па келіху з шампанскім і сказаў прамову. Ён звярнуўся з вітаннем да ўсіх прысутных і найперш да маці Гендрыка і яго сястры — прычым фраў Бэлу ён з жартаўлівай ветлівасцю называў "яшчэ адной маладой фраў Гёфген", — а пасля перайшоў да праблемаў шлюбу і асобы і, у прыватнсці, да заслугаў перад мастацтвам свайго новага зяця. Тайнаму радцу, які старанна і спрытна падбіраў словы, удалося акрэсліць артыста Гёфгена як нейкага казачнага прынца, які ўдзень здаецца непрыкметным, а ўвечары ўмее магічна пераўвасабляцца.
— Вось ён! — усклікнуў Брукнер і доўгім вузкім пальцам паказаў на Гендрыка, які адразу злёгку пачырванеў. — Вось ён сядзіць, падзівіцеся на яго! Ён здаецца статным маладым чалавекам — вядома, ён вельмі салідна глядзіцца ў сваім выдатна скроеным фраку, але тым не меней ён адносна непрыкметны. Непрыкметны менавіта ў параўнанні з той складанай чароўнай постаццю, якая ўвечары ў святле рампы рухаецца па сцэне. Тады ён ззяе, тады перад ім не ўстаяць!
Натхнёны тэмай, вучоны параўнаў артыста Гёфгена, хоць ні разу не бачыў яго на сцэне, а ведаў толькі як чытальніка вершаў Рыльке, са светляком, які ўдзень сціпла крыецца, каб тым больш ярка пераўтварацца начамі. Тут Нікалета зарагатала, а генераліха задзынькатала ланцужком ларнета.
У завяршэнне прамовы тайны радца падняў тост у гонар маладой пары. Гендрык пацалаваў Барбару ў руку.
— Якая ты прыгожая! — сказаў ён і душэўна ёй усміхнуўся.
На Барбары была сукенка з цяжкага жаўтлявага шоўку. Нікалета яе раскрытыкавала, даказвала, што сукенка нямодная, надуманая, што адразу відаць рука хатняй краўчыхі. Але ніхто не мог аспрэчыць, што сукенка ёй вельмі да твару. Над шырокім каўняром са старадаўніх карункаў — адзін з вясельных дарункаў генераліхі — кранальна і статна падымалася загарэлая шыя. Усмешка, якою яна адказала Гендрыку, была крыху рассеяная. І на каго скіраваны гэты яе чорна-блакітны, мяккі, выпрабавальны, крыху заклапочаны позірк? У кожным разе не на яго, Гендрыка. Збіты спанталыку ён азірнуўся. І ўбачыў Себасцьяна, сябра Барбары: нехлямяжы, з паніклымі плячмі, выцягнуўшы наперад галаву, стаяў ён за некалькі крокаў ад маладых. Твар y яго быў азмрочаны, на ім чыталася насцярожаная чуласць. Ён неяк дзіўна перабіраў пальцамі абедзвюх рук, быццам іграў на раялі. Што гэта? Можа, падае Барбары таемныя знакі, толькі ім дваім зразумелыя? І да чаго ён прыслухоўваецца, працмыга? І чаму такая туга на ягоным твары? Можа, ён кахае Барбару? Ну, вядома ж, ён кахае Барбару. Мабыць, хацеў ажаніцца з ёю. Можа, калісьці даўным-даўно яны па-дзіцячы заручыліся? "А я яму ўсё сапсаваў!, — падумаў Гендрык, не ведаючы, радавацца, а ці не. — Як ён, мабыць, ненавідзіць мяне!" Ён адвярнуўся ад Себасцьяна і паглядзеў на іншых гасцей — сяброў славутага дома. І знайшоў раптам, што ва ўсіх былі сумныя твары. Гендрык не запомніў імёнаў, калі яму прадстаўлялі гасцей, але ясна, гэта былі прафесары, пісьменнікі, славутыя ўрачы. Некалькі маладых людзей, як яму здалося, былі містычна падобныя на Себасцьяна. Дзяўчаты ў вячэрніх туалетах здаваліся выстраенымі ў маскарадныя касцюмы, як калі б яны звычайна насілі шэрыя штаны з фланэлі, белая халаты, як лабаранты, альбо зялёныя фартухі садоўнікаў. У позірках, скіраваных на яго, Гендрыку мроілася зайздрасць, замешаная на пагардзе. Няўжо яны ўсе аж так любяць Барбару? І ён ва ўсіх адабраў яе? Значыцца, з ім, хто ўварваўся ў іхняе жыццё падазроным тыпам, сядаюць за адзін стол толькі дзеля загадкавага і, відаць, мімалётнага капрызу Барбары? Абгаворвалі процьму нейтральных рэчаў: новую кнігу, новую тэатральную пастаноўку, палітычнае становішча, якое ўсіх непакоіла. А Гендрык думаў, што ўсе занятыя толкі ім адным. Гавораць толькі пра яго, смяюцца толькі з яго...
Яму хацелася схавацца, так раптам брыдка яму зрабілася. Тайны радца проста рашыў паздзекавацца з яго ў сваёй прамове. І тут раптам усё, што ён перажыў сёння, здалося яму варожым, пакеплівым і прыніжальным. І смешная іранічная зычлівасць тайнага радцы, яшчэ зусім нядаўна прыемная яму, па сутнасці больш крыўдзіць і абражае, чым любая суровасць і адкрытая пыха... Цяпер толькі Гендрыку зрабілася ясна, колькі пагарды і здзеку і ў вясёлай бесцырымоннасці генераліхі. Праўда, яна імпазантная, яна сапраўдная гранд-дама і выглядае шыкоўна, вось хоць бы і цяпер, калі велічнай паходкай, басклапотна пазвякваючы ланцужком ларнета, набліжаецца да маладых, уся ў белым, на шыі ў тры рады шнурок вялікіх, з матавым адлівам жамчужын, Калі за абедам у сваім чорным касцюме яна нагадвала маркізу ХVІІІ стагоддзя, дык цяпер у белай сукні, упрыгожанай каштоўнымі камянямі, была больш падобная на Папу Рымскага. Велічнасць манераў і паставы кантраставала са смелай нязмушанасцю яе слоў.
— Мне трэба чокнуцца са светляком і з маёй бyбачкай Барбарай! — усклікнула яна. І памахала келіхам з шампанскім.
З другога кута да іх падышла Нікалета, таксама з келіхам. Яна бліскала вачыма, а ярка нафарбаваныя губы тонка крывіліся.
— За здароўе маладых! — усклікнула генераліха.
— За ваша здароўе! — усклікнула Нікалета.
Гендрык чокнуўся спачатку з велікакняскай бабуляй. Потым з Нікалетай, дзяўчынай, якую занесла ў гэтыя колы такая самая незвычайная доля, як і ягоная. Гэтую дзівосную, каго з цікаўнасці і паблажлівасці трывалі тайны радца і фанабэрыстая генераліха, ахоўвала глыбокая Барбарына любоў. У гэты момант Гендрык ясна адчуў блізкасць — нешта накшталт братавай сімпатыі да Нікалеты. Ён зразумеў: яны роўныя. Праўда, бацька яе быў літаратар і авантурыст, які зачароўваў багему на пераломе стагоддзяў жыццяздольнасцю і цынічным розумам, тым часам як мяшчанская несаліднасць таты Кёбеса не магла зачараваць нікога і толькі выклікала нянавісць крэдытораў. Але сярод усіх гэтых адукаваных, багатых (праўда, большасць прысутных зусім не былі багатыя, але Гендрык усіх іх лічыў страшна багатымі), сярод самаўпэўненых, іранічных, дасціпных людзей, з якімі Барбара была свая, абое яны з Нікалетай гралі адну ролю, ролю белых варон. І абаім у глыбіні душы хацелася скарыстаць гэтыя колы дзеля свайго ўзвышэння, а потым, узнёсшыся, парахавацца з ўсімі разам.
— За ваша здароўе! — адказаў Гендрык. Яго келіх, ціха пазвоньваючы, сутыкнуўся з Нікалеціным.
Барбара смяялася і нешта балабоніла, абыходзячы стол, і падышла тым часам да свайго бацькі. Яна моўчкі абвіла рукамі яго за шыю і пацалавала.
Нікалета, якая суправаджала маладую пару ў невялікім вясельным падарожжы, параіла выдатны гатэль на беразе аднаго верхнебаварскага азярца. Барбара была тут вельмі шчаслівая: яна любіла гэтыя мясціны, тутэйшыя пагоркі, лясы, лугі і воды, такія просценькія і ўсё ж не без рамантычнага хараства, нешта гераічнае і смелае ўспрымалася ў іх як стыхія, як далейшая магчымасць. У ветранае надвор'е здавалася, быццам горы зусім блізенька, а пры захадзе сонца іх вострыя вяршыні і аснежаныя схілы здаваліся крывавымі. Але яшчэ прыгажэйшымі здаваліся Барбары гэтыя горы за гадзіну да змяркання, калі яны бляднелі ў ільдзяным спакоі, быццам створаныя з крохкай, каштоўнай субстанцыі — не са шкла, металу альбо каменя, а з чагосьці зусім яшчэ нябачанага.
Гендрык не ўспрымаў прыгажосці і велічы мясцовасці. Атмасфера элегантнага гатэля непакоіла і мітрэнжыла яго. Ён паводзіў сябе з кельнерамі недаверліва і раздражнёна. Казаў, што яго яны абслугоўваюць горш, чым астатніх, і папракаў Барбару, што яна прымушае яго жыць не па сродках. З другога боку, яму была прыемная выбранасць публікі, што насяляла гатэль.
— Апрача нас тут амаль толькі адны англічане! — задаволена канстатаваў ён.
Нягледзячы на нервознасць Гендрыка, перажылі яны тут і вясёлыя гадзіны. З раніцы ўсе трое ляжалі на дашчаных мастках, якія далёка заходзілі ў блакітную ваду, да якіх удзень прычальваў маленькі, белы з золатам, пацешны параходзік. Нікалета займалася гімнастыкай і трэніравалася. Яна скакала цераз вяроўку, хадзіла на руках, выгіналася, аж даставала лобам да зямлі, а Барбара ляніва выгравалася на сонейку. Затое падчас купання Барбара давала сто ачкоў форы спрытнай Нікалеце: Барбара хутчэй і даўжэй плавала. Што да Гендрыка, дык ён увогуле не прыдаваўся на ніякія спартыўныя высцігі. Ён крычаў, толькі ступіўшы ў халодную ваду, і толькі пасля доўгіх угавораў і кпінаў Барбара прымушала яго зрабіць некалькі плавальных рухаў. Не заходзячы на глыбокае, Гендрык моршчыўся і пакутаваў у небяспечнай стыхіі. Барбара весела назірала за ім. Аднаго разу крыкнула яму:
— Проста смешна, які ты падобны на маці, асабліва калі плаваеш. Божухны, у цябе ж рыхтык яе твар!
Гендрык ад смеху не мог ужо грэбці рукамі і так наглытаўся вады, што, каб крыхy — yтапіўся б. Затое як бліскуча ён паказаў сябе ўвечары на танцах! Усе госці і нават кельнеры прыйшлі ў захапленне, калі ён павёў у танга Нікалету, а пасля Барбару. Ніхто больш не ўмеў так грацыёзна і велічна рухацца.
Гэта быў сапраўдны канцэрт. Усе пляскалі, калі Гендрык закончыў. Ён раскланьваўся, усміхаўся, быццам на сцэне. Калі ён адчуваў сябе часткай публікі, чалавекам сярод людзей, прыходзіла нясмеласць, яму рабілася не па сабе. Упэўненасць вярталася, yпэўненасць пераможцы, калі меў магчымасць аддзяліцца ад публікі, уступіць у палосу яркага святла і ззяць. Па-сапраўднаму бяспечна было толькі на ўзвышэнні, сам-насам з натоўпам, які існаваў толькі дзеля таго, каб схіляцца перад ім, артыстам, захапляцца ім, апладыраваць ямy.
Аднаго разу неяк выявілася, што на беразе возера, прыгажосць якога так горача расхвальвала Нікалета, стаіць віла Тэафіла Мардэра. Барбара прыціхла, і вочы ў яе пацямнелі ад задумлівасці, калі яна даведалася пра гэта. Спачатку яна адмовілася наведаць сатырыка. Але нарэшце дазволіла Нікалеце ўгаварыць сябе і згадзілася паўдзельнічаць у экскурсіі. Возера пераехалі на белым з золатам параходзіку, які так часта бачылі каля масткоў. Надвор'е было цудоўнае; лёгкі свежы ветрык варушыў сінюю, як неба ваду. Чым больш весялела Нікалета, тым больш цішэла Барбара.