Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
Шрифт:
Міклас сціснуў кулакі і апусціў галаву ў баявой пазіцыі вулічнага падшыванца, гатовага кінуцца на праціўніка. Светлыя вочы пад люта насупленым лобам, здавалася, аслеплі ад шаленства.
— Асцеражыцеся, — прашыпеў ён, задыхаючыся, і ўсе спалохаліся ягонай дзёрзкасці. — Я не пацярплю, каб публічна зневажалі даму толькі за тое, што яна член нацыянал-сацыялісцкай нямецкай рабочай партыі і сяброўка нямецкага героя! Я не пацярплю!
— Ён не пацерпіць! — паўтарыў Гендрык і ўсміхнуўся д'ябальскай усмешкай. — Ай - ай, — дадаў ён з'едліва.
Тут Міклас і сапраўды накінуўся б на Гёфгена, але Ота Ульрыхс з усіх сіл стрымаў яго за плечы.
— Ды ты п'яны! — закрычаў Ульрыхс, трасучы Мікласа.
Той выціснуў:
— Я не п'яны! Проста я адзін y гэтым памяшканні, у каго яшчэ засталося пачуццё гонару. У гэтым зжыдзелым асяроддзі ніхто нічога кепскага не бачыць у тым, што зневажаюць даму!
— Годзе! — гэты металічны крык належаў Гёфгену. Ён стаяў выпрастаўшыся на ўвесь рост. Усе глядзелі на яго. Ён гаварыў з пагрозлівай няспешнасцю: — Веру, мой мілы, што вы не п'яны. І вы не можаце спаслацца на абставіны, вам больш не давядзецца пакутаваць у гэтым "зжыдзелым асяроддзі" — ужо дайце мне веры.
І Гёфген выйшаў цвёрдым крокам.
— Вой, проста мароз па скуры, — прашаптала Моц у міладайнай цішыні.
Але што гэта? З якога кута пачуўся ціхі плач? Сyфлёрка Эфой упала ўсім сваім цяжкім целам на стол, і слёзы закапалі проста на абрус.
Кроге, якога не было пры скандальнай сцэне ў "Г. М.", з сумненнем сустрэў патрабаванне Гёфгена неадкладна звольніць маладога актора. Фраў фон Гэрцфэльд і Гендрык аб'ядналі свае намаганні ў красамоўстве, каб разбіць яго спасылкі на юрыдычны, палітычны і чалавечы бакі справы. Дырэктар заклапочана хітаў кашэчым тварам, збіраў лоб у складкі, нервова хадзіў узад-уперад па пакоі і мармытаў:
— Вядома, вы маеце рацыю, я прызнаю... Паводзіны гэтага хлопца нецярпімыя... Але ўсё-такі як жа гэта так... Хворага чалавека, без сродкаў, вось так узяць і выкінуць на вуліцу...
Гендрык і Геда гарачыліся і даказвалі, што такая нерашучасць, гэтая схільнасць да кампрамісаў падобная на маладушнасць і баязлівасць урадавых партый Веймарскай рэспублікі ў адносінах да бессаромнага фашысцкага тэрору.
— Мы павінны паказаць бандзе гэтых забойцаў, што ім не ўсё дазволена.
Гендрык грукнуў кулаком па стале.
Здавалася, Кроге ўжо паддаўся довадам сваіх супрацоўнікаў, але Міклас, усім на здзіўленне, здабыў нечаканага хадайніка, гэта быў Ота Ульрыхс, які раптам далажыў пра сябе і прасіў дазволу ўзяць удзел у размове.
— Заклінаю вас, не рабіце гэтага! — крычаў ён. — Хлопцу даволі і той кары, калі мы яго не ангажуем на наступны сезон. Учора ўвечары ён проста ляпнуў лішняе па дурасці. Ну, нервы здалі, з кожным бывае.
— Дзіву даюся, — сказаў Гендрык і кінуў праз манокль пакаральны позірк на свайго сябра Ота. — Дзіву даюся, што ты, менавіта ты чаўпеш такое.
Ульрыхс сярдзіта адмахнуўся.
— Ну добра, — сказаў ён, — адкінем убок меркаванні гуманнасці. Ясна, мне шкада небаракі — такі кашаль, такія запалыя шчокі. Але толькі з асабістых меркаванняў я б за яго не заступаўся — ты мяне добра ведаеш, Гендрык. Не, у першую чаргу ў мяне меркаванні палітычныя. Не трэба ствараць пакутнікаў. Менавіта сёння, пры цяперашняй палітычнай сітуацыі, абсалютна няправільна...
Тут Гендрык падняўся.
— Даруй, што перапыняю, — сказаў ён са знішчальнай ветлівасцю. — Але мне ўяўляецца бессэнсоўнай гэтая цікавая тэарэтычная дыскусія. Выпадак вельмі просты: вам трэба выбраць паміж мною і герам Гансам Мікласам. Калі ён застанецца ў тэатры, сыду я.
Гэтыя словы ён вымавіў з той ганарыстай, падкрэсленай прастатой, якая не давала магчымасці сумнявацца ў яго рашучасці. Ён стаяў каля стала, нахіліўшыся наперад і абапіраючыся на рукі. Вочы ён апусціў, быццам сціпла не хацеў выпрабоўваць на прысутных сілы свайго позірку.
Ад страшных слоў Гендрыка ўсе ўздрыгнулі. Кроге закусіў губy. Фраў фон Гэрцфэльд не магла ўтрымацца і прыклала руку да сэрца. Дырэктар Шміц збялеў: ён адчуў млосць ад адной толькі думкі, што Мастацкі тэатр можа застацца без незаменнага Гёфгена, ды яшчэ адразу пасля таго, як страціў цудоўную Нікалету фон Нібур.
— Не гаварыце глупства, — прашаптаў таўстун Кроге і ацёр пот з лоба. І дадаў нечакана мяккім, прыемным голасам: — Можаце супакоіцца — хлопец вылеціць...
І Міклас вылецеў — Кроге толькі з вялікай цяжкасцю і дзякуючы руплівасці Ульрыхса дабіўся, каб звольнены малады актор атрымаў ганарар за два месяцы наперад. Ніхто не ведаў, куды з'ехаў Міклас, нават бедная Эфой яго больш не бачыла. Пасля таго непрыемнага інцыдэнту ён сышоў, ляпнуўшы дзвярыма, і больш не паяўляўся ў Мастацкім тэатры. І вось ён знік зусім.
Міклас, ахвяра сваёй дзіцячай запальчывасці, палкіх і пачварных перакананняў, знік. Гендрык Гёфген знішчыў неакілзанага супраціўца, прыбраў з дарогі ўпартага: гэта быў трыумф, ім захапляліся ўсе сябры Мастацкага тэатра, ад Моц да Бёка. Камуністы — рабочыя сцэны — у сваёй сталовай хвалілі ягоную энергію і прынцыповасць. Швейцар Кнур хадзіў са змрочным тварам, але не адважваўся сказаць ні слова і старанней звычайнага хаваў фашысцкі знак пад штрыфелем пінжака. Праўда, калі Гёфген прыходзіў у тэатр, на яго са змроку швейцарскай глядзелі страшныя вочы, у якіх можна было прачытаць: "Пачакай, пракляты бальшавік, прыйдзе і на цябе ўправа! Наш фюрэр і збаўца ўжо ў дарозе! І вялікі дзень месіі блізка!" Гендрык жахаўся, рабіў каменны, непранікальны твар і праходзіў міма, не вітаючыся.
Ніхто не мог засумнявацца, што ён робіць надвор'е: ён валадарыў у "Г. М.", у канцылярыі, на сцэне. Яго ганарар павысіўся да тысячы пяцісот марак. Гендрыку ўжо не давялося рабіць сабе клопату і бураю ўрывацца ў кабінет дырэктара Шміца, строіць з сябе гарэзлівае дзіця і падражнівацца; ён выбіў падвышку стрымана, без лішніх слоў. З Кроге і Гэрцфэльд ён абыходзіўся амаль як з падначаленымі, маленькай Зіберт, здавалася, зусім не заўважаў, а да таварыскага тону, пакінутага для Ота Ульрыхса, дадалася нотка панібрацкай, крыху паблажлівай неахайнасці.
І толькі аднаго чалавека яму не ўдалося пераканаць, задобрыць і зачараваць. Недавер, з якім глядзела на Гендрыка Барбара, пасля гісторыі з Мікласам, толькі паглыбіўся і абвастрыўся. Але ён не трываў, каб побач з ім доўга быў чалавек, які не захапляўся б ім, не верыў бы ў яго. Яны з Барбарай за зіму зусім аддаліліся адно ад аднаго. І Гендрык з новым імпэтам узяў разбег, каб цалкам адолець гэтую адчужанасць. Ці не самалюбства прымушала яго так рупліва адваёўваць Барбару? Ці не дамяшалася якое новае пачуццё? Чаму ён зноў заклікаў на дапамогу ўвесь свой дар спакушэння, каб скарыць яе? Ён называў яе сваім "добрым анёлам". Але гэты добры анёл зрабіўся дакорам нячыстага сумлення. Ціхая незадаволенасць Барбары азмрочвала ўсе яго перамогі. Каб спакойна цешыцца з перамогаў, трэба было ацерці гэты цень, і Гендрык заваёўваў Барбару амаль з такім самым запалам, як і ў першыя тыдні іх адносінаў. Ён ужо не дазваляў сабе распускацца пры ёй. Не, цяпер у яго заўсёды гатовыя і жарты, і досціпы, і сур'ёзныя словы.