Мёртвым не баліць
Шрифт:
— Зброю браць?
— Не трэба.
Я кладу на салому свой ППС, які мне, аднаногаму, даволі-такі замінае, і абапіраюся аб нечую шынельную спіну. Сахно няпэўна мільгае ліхтарыкам па абшарпаных сценах мазанкі. Яркі круглячок святла спыняецца на завешаным пасцілкай праходзе.
— Ану, пройдзем туды!
Следам за ім, хапаючыся па чарзе за ложак, услон і сцяну, я даскокваю да перагародкі. Капітан адхінае пасцілку і, пасвяціўшы ліхтарыкам, праганяе адсюль двух сонных параненых. Мы спьшяемся каля застаўленага несамавітым сялянскім посудам століка. Сахно кідае Шашку:
— Давай святло!
Шашок з рухавасцю дбайнага падначаленага хуценька ўносіць «кацюшу», ля кнота абсыпаную соллю. Ставіць яе на перакуленую міску і звыкла прыладжваецца на лаўцы. Я сядаю ў канцы стала.
Сахно выключае ліхтарык.
— Даўно тут?
— Звечара.
— А нагу дзе параніла?
— У стэпе. Дзе на танкі напароліся… Ён жа ведае, — ківаю я на Шашка. Той, аднак, не варухне і брывом, нібы і не знаёмы, нібы і не быў з намі ў той кукурузе. Безуважны да мяне, ён хвіліну поркаецца ў палявой сумцы, выкладвае з яе паперы.
— А дзе Кротаў? — раптам хуценька пытаецца Сахно і на ўсе вочы, не міргнуўшы, глядзіць на мяне.
— Кротаў забіты.
— А двое палонных?
— Тыя ўцяклі, напэўна. Хоць адзін таксама забіты. Застаўся ў кукурузе.
— Забіты? — са з’едлівай іроніяй перапытвае Сахно.
Я недаўменна зазіраю ў яго ярка асветлены «кацюшаю» твар. На ім маска стрыманай да часу падазронасці і недаверу.
— Забіты, факт.
— Кім забіты?
— Ну, немцамі. Кім жа яшчэ…
Сахно ківае Шашку:
— Так, запісвай.
Той разгортвае на стале нейкі блакнот у дробную слабенькую лінеечку і з чорным нямецкім арлом на вокладцы. Блакнот трафейны, гэта пэўна, але я чамусьці затрымліваю позірк на тым агідным арле з нібы падрэзанымі, стылізаванымі крыламі. Усё гэта выклікае ва мне неўсвядомлены яшчэ пратэст.
— Значыць, палонны немец забіты немцамі? Так? I Кротаў таксама забіты немцамі?
— Ну, вядома.
— Ану, раскажы падрабязней.
— Што расказваць! Вунь старшына ж з намі ехаў. А пасля ён павярнуў, а мы і наскочылі…
Я коратка, без ніякай ахвоты, перадаю сутнасць нашай злашчаснай сутычкі з немцамі.
— Так, так, — ажыўляецца Сахно і грудзьмі аблягаецца на стол. Стол скрыпуча падаецца ў мой бок. Ад капітана моцна патыхае аўчыннаю кісласцю новага паўшубка. — Так, так, цікава. Ты запісвай.
— Запісваю.
Шашок, адтапырыўшы ніжнюю губу, не дужа спрытна, але затое старанна скрабе ў блакноце чорнаю аўтаручкай.
«Што тут запісваць? — думаю я. — Што тут незразумелага? Чаго яны сумняваюцца? Хіба падазраюць у чымсьці благім Кротава?» Вочы мае, аднак, не могуць адарвацца ад фірменнага арла на блакноце, і зацятая злосць ва мне ўсё нарастае.
Сахно тым часам прыдзірліва дапытваецца:
— А чаму вы не пабеглі за ім?
— А я і пабег. Як толькі чарга — я і пабег. Не за ім — за немцам.
— А што было раней: чарга ці ён пабег?
— Чарга.
— Чарга, так? А вы ж толькі што сказалі, што Кротаў кінуўся бегчы яшчэ да чаргі.
«Блытае. Ловіць. Пайшоў ты да д’ябла! Папаў бы туды, хай бы тады і прыкмячаў, што раней», — злосна думаю я і кажу:
— Гэта ўсё амаль разам. Немец кінуўся ўбок, Кротаў за ім. Тут і чарга.
— Значыць, усё ж раней Кротаў пабег за немцам. Так і запішам.
Што яны мяне ловяць? Што яму трэба, гэтаму чалавеку? Што ім да мёртвага Кротава?
Але Сахно, пэўна, ведае, што яму трэба. Ён задаволена адкідваецца на ўслоне, дастае з-пад партупеі на грудзях засунутыя туды пальчаткі і гучна ляскае імі аб далонь.
— Ось гэта і трэба было даказаць.
— Што?
— А гэта самае.
Сахно ўстае, звыкла папраўляе кабуру ТТ на дзязе і пачынае старанна нацягваць на пальцы пальчаткі. Яны нешта дабіліся ад мяне, але я не разумею яшчэ іхняе мэты. Я толькі адчуваю, што яны абхітрылі, і ў мяне ўзнікае гнеўнае абурэнне супраць гэтага іх бесцырымоннага наскоку.
— А цяпер падпішы, младшой, — кажа Шашок і падсоўвае мне той самы блакнот.
Мімаволі нешта ва мне захлістваецца на тугі, упарты вузёл.
— Не буду падпісваць.
Шашок замірае побач. Сахно за маёй спіной, чуваць, перастае перабіраць пальцы ў пальчатках.
— Як гэта не будзеш?
— А не буду, і ўсё!
Абодва паўхвіліны маўчаць. Я адчуваю іх збянтэжанасць і ведаю, што для мяне гэта можа скончыцца дрэнна.
— Гэта чаму? — зацята пытаецца Сахно. Асветлены знізу тупаносы, старанна выгалены твар капітана тоіць недаўменне і пагрозу.
— А што вы чапляецеся да Кротава? Што ён вам зрабіў?
Не адказваючы на маё пытанне, Сахно падступае бліжэй.
— Не прытварайцеся. Вы выдатна ведаеце, што ён зрабіў.
— Нічога ён не зрабіў. Ён забіты.
— Ах, забіты! — раптам узрываецца капітан і хапае са стала блакнот. — Забіты! Ну, тады наракайце на сябе! Зразумела?
I тыцкае мне пад нос блакнот.
— Ану, падпісвайце!
— Сказаў — не буду!
— Пашкадуеш. Ды позна будзе…
Няхай пашкадую. Магчыма, я ў чымсь памыляюся, але я не хачу выдумляць на чалавека, які не зрабіў мне нічога кепскага. Хлопцы за перагародкай прыціхаюць! Пэўна, адсюль чутна ўсё. Але хай! Чорт з імі, гэтымі двума! Што яны, урэшце, мне зробяць!
Я чакаю новага выбуху, крыку, можа, нават лязгання пісталетамі — чакаю сваркі і гатовы да яе. Я не баюся. Я ўжо наважыўся на ўсё і гатовы трымацца цвёрда. Але Сахно раптам ідзе да дзвярэй.
— Добра! Мы яшчэ вернемся! Мы яшчэ траханём цябе. Паняў?
Шашок зграбае са стала паперы, блакнот і паспешліва следам за капітанам выходзіць з-за перагародкі. Я нетаропка бяру з міскі «кацюшу». Рукі мае дробненька, нервова дрыжаць.
У хаце гамана. Ад парога ступае Каця. Яна і не выходзіла, была тут і ўсё чула. Я ведаю, яна заступіцца. У мяне ўжо нарадзілася і жыве недзе ў душы цёплае, удзячнае пачуццё да яе, толькі цяпер я хачу сказаць ёй: не трэба.
— Што прычапіліся да младшога? — бесцырымонна кажа Каця. — Кротаў забіты.
Сахно шчоўкае ліхтарыкам і нахабна скіроўвае яго ў круглявы, па-хлапечы абсівераны твар Каці. Дзяўчына пакутліва хмурыць бровы, але не закрываецца ад святла — вытрымлівае гэта нахабства з упартасцю і выклікам у шэрых вачах.
— А ты бачыла?
— Бачыла, — міргнуўшы ўрэшце ад рэзкага святла, кажа Каця. — Калі б не бачыла, не гаварыла б.
— Праверым! — шматзначна абяцае Сахно, не зводзячы кружок святла з яе вачэй. Каця нечакана б’е яго па руцэ.