Мёртвым не баліць
Шрифт:
— Каторая гадзіна — не скажаце?
Я да агіды палахліва здрыгаюся і не адразу разумею, што гэта вартаўніца. Захінутая ў грубы брызентавы плашч цётка падазрона пазірае на мяне. Чагосьці чакае. Ах, часу! Я зазіраю на гадзіннік — палова чацвёртай.
Цётка не адыходзіць, а прысланяецца да жалезнага прэнта ля шкла і пазяхае. Я памалу іду далей. У грудзях марудна сціхаючы, усё яшчэ тахкае сэрца.
Трэба супакоіцца. Пара супакоіцца. Нічога, па сутнасці, не здарылася. Гнаўся за адным нягоднікам, трапіў на другога. Ну і што ж! Хіба іх усяго двое на свеце? Колькі іх сустракалася раней і, відаць, яшчэ сустрэнецца ў будучым. Пратакол? Глупства, што мне пратакол! Папалохаюць — не болей. Што яны з мяне возьмуць? Мабыць, не пасадзяць…
Як бы там ні было, я ні аб чым не шкадую і ні ў чым не каюся. Праўда, я не перамог. Ён пайшоў не зламаны і нават не абяззброены. Упартай упэўненасці яго ў сваёй невіноўнасці, відаць, хопіць на ўсё жыццё. Гэты не з тых, хто хварэе ад апёкаў сумлення. Калі, можа, і было ў яго некалі гэта сумленне, дык з гадамі ад яго мала што і засталося. Усе жыццёвыя здольнасці гэтага чалавека развіваліся толькі ў напрамку прыстасавальніцтва. Валявы пачатак задушыў усе астатнія. Жыццёвым прынцыпам для яго стала сіла. У каго сіла, таму не патрэбна праўда. Гэты канёк няблага вывозіў яго ў жыцці. I пакаўзнуўся ён хіба што ў пяцідзесятыя гады. Але і цяпер такія не трацяць подленькай надзеі на зварот да ранейшага. Бач ты яго, разышоўся ў гневе! Ужо з дзвярэй крычаў міліцыянерам: «Распусцілі народ! Дэмакратыю развялі! Вопытных работнікаў шальмуеце. Чакайце! Прыпячэ — паклічаце!»
Наогул гэта падобна на жарт. Ён яшчэ на штосьці спадзяецца. Але разам з тым гэта прымушае задумацца. Бо пакуль адных будзе цешыць подлая надзея выплысці наверх, у другіх будзе жыць страх. Будзе таіцца, хавацца, каб калі-небудзь узяць верх. Занадта глыбока жыве ў свядомасці многіх ганебная нявольніцкая мараль: як бы чаго не выйшла. I калі здарыцца, што дзе-небудзь слязьмі абальецца праўда, хіба хто-колечы не памяркуе: а ці не лепш пераседзець, перамаўчаць, перастаяць за вуглом, адвярнуцца. А яны будуць пільнаваць спрыяльны для сябе момант.
Я забрыдаю ў самы цёмны куток на плошчы. У густым ценю пад дрэвамі на лаўцы прытаілася нейкая пара. Сцішылася, змоўкла, насцярожылася і чакае. Не, я туды не пайду. Ім трэба адзінота, мне таксама. Тут царства спакою і цішыні. Тут ноч. А насупраць, па той бок плошчы, усімі вокнамі свеціцца вялізны будынак вакзала. Мусіць, там ніколі не бывае ночы. Там вечна, дакуль жыве горад, будзе біцца яго бяссонны чыгуначны пульс. Мільёны людзей. Стагоддзі. Эпохі. Вулканы людскіх эмоцый — пад яго сценамі.
Дужа пахне маладая ліства таполяў. У завулку на недалёкай будоўлі пыхаюць водблескі электразваркі. Сіне-сцюдзёныя ўсплёскі святла дрыготка трапечуцца ў небе. Аднекуль на плошчу выскоквае машына «хуткай дапамогі» і, імпэтна перасекшы яе асфальтавы прасцяг, знікае на бульвары. Ціхія, стрыманыя адзнакі людскога жыцця поўняць ноч, трэба толькі ўмець заўважаць іх і бачыць.
Аднак пачынае імжыць дождж. Ён з часам гусцее, асфальт патыхае макрэддзю і пылам, мерна сакоча дах на ларку. Мусіць, трэба ісці на вакзал. I я паціху брыду краем плошчы ўздоўж сквера. За жалезнай загараддзю суцэльнае царства ночы, і ў ім прыцішаны лёскат кропель. Зблізку чуцен яшчэ шорхат газетных аркушаў — закаханыя хаваюцца ад дажджу. Упартае ў сваёй празе да адзіноцтва каханне. Зімой, увесну, улетку. У спёку, ноччу, у дождж — там пары. I гэта — таксама вечна…
На вакзале абвяшчаюць пасадку. У вестыбюлі і па сходнях пачынаюцца сонная таўкатня і гамана. Спяшаюцца цёткі з клункамі. Брыдуць заспаныя дзеці. Звесіўшы з плячэй звязаныя чамаданы, штурхаюцца да выхаду дзядзькі. Год пяці абы-як апранутая дзяўчынка валачэ пузатую напханую шмат чым авоську. Знерваваная маці з клункамі ўсё злосна пакрыквае на яе. Ззаду жанчына на высокіх абцасах і заспаны ў кароткіх штоніках хлопчык. Хлопчык незадаволена трэ вочы, і маці ўлагоджвае яго. У абедзвюх яе руках кардонкі, драўляны аўтамабіль, трохколавы веласіпед і нават два чырвоныя шары. Хлопчык надакучліва ные. А мабыць, равеснік дзяўчынцы. Бравы малады лейтэнант ашчадна вядзе пад руку старэнькую згорбленую бабулю ў плюшавай надзёўцы. Падпалкоўнік у шэрым плашчы валачэ на плячы вялізны ружовы абруч — модны занятак для пастарэлай дзе-небудзь у далёкім лясным гарнізоне жонкі. Мінаючы сустрэчных, я лезу на другі паверх — там цяпер вольныя лаўкі. Някепска было б падрамаць. Да майго цягніка яшчэ шмат часу.
Вольных мясцін, аднак, тут небагата. Ля акна ў самым куце палова незанятай лаўкі, і я з асалодай выцягваю на падлозе ногі. Зрэшты, ногі — не зусім адпаведнае для мяне слова. Спіну падпірае падлакотнік. Не вельмі зручна, але стомленае цела здаволена. Побач клюе носам нейкі хлопец у чорным пінжачку і клятчастай сарочцы. Кепка яго ўжо на паркеце. Хлопцава галава ўсё ніжэй, ніжэй гнецца да калень, і калі, здаецца, дакранецца да іх, хлопец прахопліваецца. Спалоханымі вачыма няўцямна кідае са два позіркі і зноў пачынае драмаць.
Невядома, ці выжыў у гэтай вайне Сахно? Хоць такія людзі, не вельмі пераборлівыя ў сродках, жывучыя. I калі здарылася, што ён застаўся жывы, я ўпэўнены: ён зноў той жа. Усё жыццё ён удасканальваўся ў адным рамястве — прымусе… I на іншае проста няздольны. Я ведаю, сустрэча з ім мне таксама не прынесла б радасці. Ён з пароды Гарбацюкоў, і дзесяць гадоў для іх перавыхавання завельмі малы тэрмін.
Трэба было мець незвычайную па тым часе здольнасць пранікаць у людскія характары, каб западозрыць у Сахно патэнцыяльнага здрадніка. Я, у кожным разе, такім нават не мог яго і сасніць. Здавалася, гэта жалезны ў сваіх пераконаннях фанатык, бязлітасны не толькі да іншых, а і да сябе ў імя той справы, якой ён служыў. Праўда, я і раней лічыў гэтага чалавека нягоднікам, але з прычыны іменна гэтай яго бязлітаснай няўхільнасці, якая мяжуе з жорсткасцю, гіпертрафіраванай службісцкай уедлівасцю. Зрэшты, у той час гэтыя якасці не прынята было лічыць заганнымі.
А на справе, ён заўсёды меў падвойнае дно. Ён не набыў яго ў той адвячорак у трубе або пасля пад уплывам якіх-небудзь асаблівых абставін. Цяпер я разумею: ён такім быў праз усё жыццё. Ён зусім не быў крэменем, якім стараўся здавацца, таму што быў беспрынцыповы і гнуткі. Што ён ні рабіў, ён перш думаў пра сябе — аб сваёй кар’еры і сваёй выгодзе. Астатняе яго не турбавала.
Аднак я ўсё ж прытаміўся. Вочы неўпрыцям заплюшчваюцца, прыцішаная гамана нібы мацнее і нібы засяроджваецца ў галаве. Сну няма, але цела ў нейкім тлумным змярцвенні. Апаноўвае абсалютная нерухомасць. Толькі думкі, вобразы, абрыўкі невыразных фраз рояцца ў галаве.
За вялікім акном насупраць шуміць імпэтны майскі дождж. Нібы зачараваная яго няўрымслівым шумам, узіраецца ў спатнелую шыбу жанчына. Няйначай — з вёскі. Блішчастыя гумавыя боты. Простая спадніца. Цёмны паношаны жакет. На галаве старанна павязана чорная хусцінка ў чырвоныя кветкі. Невясёлы, засяроджаны на чымсьці ўнутраным, яе твар з сеткай зморшчын на лбе выглядае немаладым і стомленым. Мусіць, яна мне равесніца або трохі маладзейшая і, мабыць, адзінокая. Я не ведаю чаму, але нешта няўлоўнае выдае ў ёй шматгадовую горыч жыцця. Зрэшты, адкуль быць шчасцю? Дзе тыя равеснікі і трохі старэйшыя, з кім прамільгнула кароткая яе маладосць? Цяпер бы ім таксама было год па сорак, калі б праклятая вайна не адмерала многім па дваццаць. Вечна маладыя і нежанатыя, маўкліва спяць яны ў тысячах братніх магіл на шырокім прасторы ад Волгі да Эльбы. I вечная самота тлее ў змарнелых на працы і ў клопатах, дачасна састарэлых вачах іхніх былых сябровак.
Так, можа, недзе і Юркава Ліда. Памятаю, з якой нецярплівасцю ў вучылішчы выхопліваў ён з рук днявальнага яе пісьмы, размаляваныя каляровымі алоўкамі. Колькі ў іх было пяшчоты і адданасці! Гэта было яркае і кароткае каханне, якому я зайздросціў і аб якім марыў усю маладосць. Дзе яна цяпер, яго Лідка?
Жанчына ля акна папраўляе на галаве хустку, захінае жакетку. Ля ног у яе невялічкі руды чамаданчык. Адкуль і куды яна едзе? Які лёс кіруе яе, відаць, невясёлым жыццём? Што яе адасоблівае ад людзей у гэтай зале і кліча ў самотную адзіноту бяссоннае ночы?