Мой се градок!
Шрифт:
Было цяжка i не дужа сыта, i ўсё ж у гэтых руiнах было вялiкае абяцанне шчасця i для тваёй Беларусi, бо гэта была ўжо свая зямля. I твая Беларусь, пакуль што здратаваная i загнаная пад зямлю, ужо была абяцаная табе, павiнна была ўжо вось-вось таксама зрабiцца сваёй. Хай яшчэ мора крывi i роспачы трэба было перайсцi, каб назваць яе сапраўды сваёй.
Ногі мае і тады і пасля насілі мяне па ўсім горадзе і асабліва часта заносілі туды, дзе людзі, вучоныя, гісторыкі, археолагі, пачыналі расчышчаць, аднаўляць, капаць. Як нюх у мяне быў на гэта. Я ведаў, хто, дзе, калі і што робіць і прыставаў да гэтых людзей, адных з самых прывабных у свеце, бессаромна і навязліва, як смала. Часцей за ўсё з голага энтузіязму. І так вось праз раскопы і расчысткі, праз задуменныя каштаны на Сафійскім падвор'і, праз друз Успенскага сабора, праз кашлатыя арэхі ля Спаса на Берастове і глухую лагчыну Выдубецкага манастыра я паступова адчуваў галоўнае ўва мне, прыналежнасць да Вялікай Гісторыі Славян, да гісторыі народаў, у тым ліку да ўкраінскага, што складаюць маё племя.
Уваходзіў у галоўную справу майго жыцця: асэнсаванне нас, сённяшніх, асэнсаванне таго, хто мы ёсць сёння і куды мы ідзем — праз асэнсаванне нашага ўчора.
Вось стаіш на плато верхняга горада, ля муроў гістарычнага музея, тады яшчэ чырвоных, неатынкаваных. Бяжыць пад ветрам пустазелле, і ты ведаеш, што вось гэты невялічкі, гектары ў два, кавалачак плато над урвішчамі ў бок Кажамяцкага яра і Андрэеўскага спуску — гэта і ёсць старое першагарадзішча, гарадзішча Кія. І вось тут дрэмле пад зямлёй фундамент Дзесяціннай царквы, тады яшчэ нерасчышчаны. А каля адной з яе былых муроў першапачатковы роў, які мусілі ж, пэўна, засыпаць, перш чым пачаць узводзіць у 989 годзе храм.
І адтуль можна пайсці ў кожны канец Уладзімірава і Яраславава места, куды нясуць запыленыя ногі. Можна пайсці да Андрэеўскага ўзвозу, дзе мадэрнізаваная готыка "замка Рычырда — Львінае сэрца" і каратусенькі Борычаў узвоз (а ў даўніну ён быў доўгі, меў працяг недзе каля фунікулёра, і ім ехаў пасля ўцёкаў з палону князь Ігар да царквы Маці Божай Пірагошчай), якім валаклі, прывязаўшы да коней, Пяруна і кінулі ў Дняпро, а людзі беглі па берагах і, плачучы, крычалі: "Божа! Божа! Выдыбай!" І ён "выдыбаў" там, дзе цяпер Выдубецкі манастыр. А можна пайсці ў Сафійскі сабор і ў ягоным змроку глядзець на цьмянае глыбіннае золата Маці Божай Непарушнай Сцяны і ўяўляць, як пасля татар, калі ўсё вакол было разбурана і стаяла толькі яна, мог уражана і спалохана спыніцца нейкі паляўнічы, калі з дрэўных нетраў біла яму ў вочы пахмурна-вячэрняе, заходняе ззянне мазаікі і ўздымалася насустрач рука. А ад Сафіі пабрысці Залатавароцкай вуліцай да Залатой брамы. Тады, у 1944 годзе, у горадзе панавала такое бязлюддзе, што камяні вакол брамы зараслі хмызняком, пустазеллем, і там вадзілася і грэлася на камянях вялікае мноства яшчарак.
А можна было пайсці на Уладзімірскую горку, да помніка. Там, дарэчы, я атрымаў першы такой сілы ў жыцці ўрок аб непасрэдным уздзеянні мастацтва на чалавека. Стаяла перад помнікам і глядзела на бронзавую дошку са сцэнай хрышчэння бедна апранутая вясковая жанчына з хатулем на плячах (можа, упершыню ў жыцці і бачыла нешта такое) і гаварыла:
– І дытыну нэсуть… Та воно ж малэ… Та воно ж голэ.
І залівалася горкімі слязамі ад сабе самой незразумелых замілавання і гора.
Я хацеў быў засмяяцца, але пасля мне стала сорамна. І ўсё жыццё, калі я пішу, гоніцца за мной сорам перад бедна апранутымі людзьмі і іх слязьмі.
Хто хоча ведаць, як там, у Кіеве, калі яшчэ ішла і доўга яшчэ павінна была ісці вайна, нараджаўся адзін чалавек і як ён толькі дзівам не загінуў на парозе нараджэння, хай прачытае маю аповесць "Лісце каштанаў". Гэта адна з нешматлікіх маіх рэчаў, якая на дзевяноста пяць працэнтаў голая праўда, нават што датычыцца дробных рэалій, якія могуць засведчыць усе кіяўляне, што былі ў той час у горадзе.
Праўда аж да нямецкіх шыльдаў сям-там (Каффее), аж да закладзенага цяпер цэглаю нашага пад'езда, аж да аднавокага бандурыста ў лаўры, аж да двара дамоў нумар 48 — 50 па вуліцы Леніна, дзе жартавала, геройствавала, спаборнічала ў высакароднасці наша мушкецёрскае войска, аж да таго, што я мог там памерці… Ну так, некалькі разоў мог. Адзін (ці два?) разы ў вайну. І яшчэ раз студэнтам, калі мяне напярэдадні стыпендыі высадзілі з трамвая нумар 8, а той пайшоў па схіле ўніз і разбіўся. Некалькі вось такіх дзіўных выхадак лёсу, пасля кожнай з якіх я мог зрабіцца ўкраінскай зямлёй, як калі-небудзь — аднаго хачу — зрабіцца зямлёй беларускай.
І праўда ж гэта было: прыгоды, вернае мушкецёрскае сяброўства да канца і абяцанне першага кахання, таксама да канца, у што я крыху старамодна і сентыментальна веру.
Сяброўства, небяспека, намёк на абуджэнне сэрца і намёк на будучы шлях — вось колькі ўсяго шчодра адваліла мне Украіна, Кіеў. Дык як жа магу я, унук свайго дзеда, не ставіцца да іх і да Беларусі з лёгкай добрай іроніяй і як я не магу не разбіць носа кожнаму, хто ўздумае жартаваць з іх нядобра і ўсур'ёз?
Я пан жартаваць сам з сябе. Але няхай толькі паспрабуе іншы.
Бо вось усё ўспамінаецца падземны ход пад мур лаўры і святло месяца на бяленькіх хатках Цялічкі, якія адбіваюцца ў начной вадзе рова (там цяпер дамы). І тое, як на світанні глядзеў у туман над Дняпром і здавалася, што вось паплывуць з вярхоўяў варажскія чаўны, і Аскольд з Дзірам спытаюць: "Чій се градок?"
862 год. Першая дакладная храналагічная дата з жыцця старажытнага Кіева. Незадоўга да гэтага Кій, Шчэк і Харыў (або іхні род) "ізгібоша". Я не паленаваўся і перабраў каля сотні радаслоўных розных радоў на Беларусі, Украіне, Расіі. Ёсць сярод іх "доўгія" (Радзівілы — 600 год, і жывуць; Раманавы — каля 600 год; Сапегі — недзе каля 400 год, вымерлі), ёсць кароткія (род Монтвіда, Карыята, Кейстута і Любарта Гедзімінавічаў вымерлі ў мужчынскай лініі ў другім-трэцім пакаленнях). Сярэдняя працягласць дынастыі (асабліва калі ўлічыць, што князі тады арудавалі мячом самі, а не рассылалі загады праз ад'ютантаў) 150 — 200 год.
Нарманісты, хоць ты іх галавою аб сценку таўчы, лічаць, што гэта і ёсць пачатак Кіева. Аднагодак Полацку. Але мы ведаем, што такое першая згадка ў летапісу. Гэта азначае, што дадзены горад нета або спаліў, або захапіў, або нейкая чума ў ім была. Даўжэй, значна даўжэй гісторыя гарадоў. І невядома яшчэ, ці варагі былі Аскольд і Дзір, ці нашчадкі Кія (так кажа Длугаш).
Не ведаю, але калі вось у такую туманную раніцу я нібыта чую з ракі пытанне: "Чій се градок?" — мне хочацца загарлаць ва ўсё горла: "Мой! Мой гэта градок! І спрадвеку быў мой, як спрадвеку маёй была, і ёсць, і будзе мая вялікая рака!"
Няма чаго здзіўляцца, што ўспаміны аб вайне, сябрах, успаміны аб тым, як нарадзілася пачуццё прыналежнасці да мінулага, дзіўнае адчуванне, што ты жывеш унутры яго, прывялі мяне, калі прыйшоў час, зноў на Украіну, у Кіеўскі універсітэт. І я, відаць, не дужа памыліўся, прадчуваючы, што менавіта там мне ўдасца лепей зразумець мінулае ўсходнеславянскіх народаў, чым яно ў кожнага народа падобнае і чым адметнае. Там былі лепей упарадкаваныя бібліятэкі (асабліва аддзелы рэдкіх кніг і рукапісаў) і архівы. Акрамя таго, там ніхто не здзіўляўся, што я чытаю, напрыклад, Максіма Гарэцкага (быў 1949 год), усю літаратуру аб паўстанні 1863 — 64 гадоў або, скажам, справу забойцы Лермантава М.С.Мартынава (ён сядзеў тры месяцы на гаўптвахце ў Кіеўскай крэпасці і ў Кіеве ж павінен быў адбываць царкоўнае пакаянне; пятнаццаць год — пасля толькі пяць год, але ўжо праз чатыры гады ад эпіцім'і быў вызвалены). Або разнастайныя старадрукі ці перыёдыку 20-х гадоў. Гэта прыводзіла часам да дзіўных выпадкаў. Да таго, скажам, што я здзіўляўся, чаму паўстанне Каліноўскага называюць сялянскім, калі яно было — статыстыка! — разначынна-шляхецка-сялянскім. Калі пазней гэты погляд — падзякуем Г.В.Кісялёву — стаў агульным, я ўспрыняў яго з радасцю, як заўсёды з радасцю ўспрымаем такую падзею, калі розум і вернасць ісціне даюць па лапах прадузятай думцы.
І такіх адкрыццяў было шмат. І самым галоўным адкрыццём быў горад. Вялізная і аж да неймавернасці цікавая гістарычная і сучасная кніга. Самая ў маім жыцці захапляючая кніга аж да таго часу, калі я пачаў чытаць кнігу маёй роднай стараны, маёй зямлі, якую я з'ездзіў, праплыў, прайшоў уласнымі нагамі ўсю.
Першай кнігай быў Кіеў. І чаго я толькі там не наглядзеўся, дзе толькі не налазіўся. Трымаў у руках чэрап Яраслава (здарылася раз такая нагода), жоўты з белай плямай (след удару шаблі качэўніка; толькі я не ведаю, ці не быў гэта муляж ці нейкі іншы чэрап, як гэта часам робяць у музеях. А я тады быў яшчэ нявопытны).
І гэта было веданне горада знутры, да апошняга каменя (цяпер, вядома, не тое, "мой горад" цяпер толькі нязначная частка Кіева). Я лазіў у скляпенні і на званіцы цэркваў, ведаў, чым славуты кожны прахадны двор і як ім прайсці, у якім двары найлепшая ў Кіеве акустыка, калі заспяваеш (вуліца Чудноўскага, цяпер Рэпіна, якраз "за спіною ў Тараса"), дзе гібее ў хмызах закінуты фантан незвычайнай формы. Я памятаю, як выглядалі драўляныя, даўно знесеныя дачы на берагах Дняпра на шляху да "Зязюлі", і якія незвычайныя людзі там жылі, і як менавіта ў апошні раз вялі свае партыі ў "Запарожцы за Дунаем" М.І.Літвіненка-Вольгемут і І.С.Патаржынскі, і хто пры іх граў турчаня (Барадзінеўскі), і дзе сядзеў палонны Шаміль (вул. Кірава, а нумар дома, здаецца, 28, на рагу Крапаснога завулка), і колькі ў Кіеве Лысых гораў (аж тры, так што вось дзе ведзьмам раздолле і раскоша!). І памятаю (мабыць, такіх людзей не дужа многа), як помнік Уладзіміру пару дзён стаяў увесь чырвоны, нібы заліты той крывёй, якой многа праліў князь. Ільсніўся барваю на сонцы страшны, як рана (гэта ягоную бронзу і чыгун грунтавалі, і было гэта ці не ў пяцьдзесят трэцім годзе). Словам, ведаю цэлую кучу бескарысных і, аднак, чароўных рэчаў, пры веданні якіх толькі й можна сказаць, што чалавек з горадам на "ты". Бескарысных, чароўных і… дужа патрэбных, бо гэта — душа горада і частка тваёй душы ў ёй. Не велічныя абеліскі і мармур, а памяць пра тое, як раса падае з хобатаў сланоў на дзівацкім будынку Гарадзецкага (мабыць, гэта і дало падставу К.Паўстоўскаму пісаць, што слановыя галовы на гэтым будынку рыны, што, па-мойму, не так, я, ва ўсякім разе, правяраў і такіх не бачыў). І памяць пра тое, што ў караімскай кенасе не заўсёды было кіно, а пэўны час быў тэатр лялек. І памятаеш, як называўся Яраславаў вал раней, і радуешся, што людзі паразумнелі і даюць імёны сучаснікаў вуліцам, пабудаваным сёння, а не старым, гістарычным вуліцам, якім многія стагоддзі. І ты можаш нават дужа часта папраўляць даведнікі.