Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мур (на белорусском языке)

Сартр Жан-Поль

Шрифт:

– Тваё жыццё цi яго, - сказаў ён.
– Выбiрай. Калi прызнаешся, дзе ён, табе падораць жыццё.

Два гэтыя афiцэрыкi, з iх рыпучымi i блiскучымi ботамi, элегантнымi, тонкiмi нагайкамi, - гэта былi ўсяго толькi звычайныя людзi, якiм таксама было наканавана памерцi. Няхай трошкi пазней за мяне, але ненамнога. I яны займалiся тым, што шукалi нейкiя iмёны ў паперах, ганялiся за людзьмi, каб засадзiць iх у турму цi знiшчыць; у iх былi свае думкi пра будучыню Гiшпанii i пра рознае iншае глупства. Уся гэтая валтузня здавалася мне бязглуздай i нават блазенскай: я быў ужо няздольны паставiць сябе на iх месца, мне здавалася, што яны звар'яцелi.

Маленькi таўстун па-ранейшаму глядзеў на мяне, пастукваючы нагайкай па ботах. Усе яго рухi былi разлiчаныя на тое, каб надаць яму выгляд увiшнага i лютага звера.

– Ну што? Ты ўразумеў?

– Мне невядома, дзе Грыс, - адказаў я.
– Я думаў, што ён у Мадрыдзе.

Другi афiцэр стомлена падняў бледную руку. Гэтая стомленасць таксама мела разлiк. Я заўважаў усе iх маленькiя хiтрыкi, i мяне вельмi здзiўляла, што ёсць, аказваецца, людзi, якiм здаюцца цiкавымi такiя забавы.

– Каб падумаць, у вас чвэртка гадзiны, - паволi прамовiў ён.
– Завядзiце яго ў кашталянцкi пакой. Праз пятнаццаць хвiлiн ён павiнен быць тут. Калi зноў будзе ўпарцiцца, расстраляем на месцы.

Яны добра ведалi сваю справу i разумелi, што робяць: я чакаў ужо цэлую ноч; пасля гэтага яны пакiнулi мяне ў склепе яшчэ на гадзiну, каб я пачакаў, пакуль расстраляюць Тома з Хуанам, i вось цяпер - зачынялi аднаго ў кашталянцкiм пакоi; вiдаць, яны прыдумалi гэты выбрык яшчэ напярэдаднi. Яны казалi сабе, што нервы не вечныя, i спадзявалiся такiм чынам мяне раскалоць.

Але яны памылялiся. У кашталянцкiм пакоi я ад вялiкае стомы адразу асеў на зэдаль i пачаў разважаць. Але я думаў не пра iх прапанову. Я, натуральна, ведаў, дзе Грыс: ён хаваўся ў стрыечнага брата, за чатыры кiламетры ад горада. Я ведаў i тое, што нiколi не выдам гэтае схованкi, вядома, калi яны не пачнуць мяне катаваць (але, здаецца, яны пра гэта не думалi). Падобныя пытаннi былi для мяне вырашаны, вызначаны i абсалютна мяне не цiкавiлi. Адзiнае, што мне хацелася ведаць цяпер - чаму я паводжу сябе менавiта так. Я лiчыў, што лепей памерцi самому, як выдаць Грыса. Чаму? Рэймана Грыса я больш не любiў. Мае сяброўскiя пачуццi да яго памерлi яшчэ да ўсходу сонца, адначасова з каханнем да Кончы i адначасова з жаданнем жыць. Вядома, я па-ранейшаму яго паважаў: гэта быў нязломны змагар. Але мая згода памерцi замест яго тлумачылася зусiм не гэтай прычынай; яго жыццё каштавала не больш за маё; нiякае жыццё наогул нiчога не каштавала. Любога чалавека ставiлi каля мура i стралялi, пакуль ён не здохне: быў бы то я, цi Грыс, цi хто iншы - з усiмi было аднолькава. Я выдатна разумеў, што ён болей карысны справе Гiшпанii, але мне было насраць на Гiшпанiю i на анархiю: нiшто больш не мела значэння. I ўсё ж я сядзеў тут: я мог уратаваць сваю шкуру, каб выдаў Грыса, - i я адмаўляўся ад гэтага. Я лiчыў, што гэта хутчэй камiчна: гэта была звычайная ўпартасць. Я падумаў: "I трэба ж быць такiм зацятым аслом!" Мяне апанавала дзiўная весялосць.

Нарэшце па мяне прыйшлi i зноў завялi да двух афiцэраў. З-пад ног у нас шмыгнуў пацук, i гэта мяне рассмяшыла. Я павярнуўся да аднаго фалангiста i сказаў яму:

– Вы бачылi пацука?

Той не адказаў. Ён быў змрочны i лiчыў сябе, вiдаць, вельмi сур'ёзным. Мяне ж разбiраў смех, але я стрымлiваўся, бо баяўся, што калi пачну, то не здолею ўжо спынiцца. У фалангiста былi вусы, i я зноў сказаў:

– Пагалiся, разумнiк.

Мне здавалася дзiўным, што чалавек яшчэ пры жыццi дазваляе, каб на твары ў яго расла шчэць. Без вялiкай упэўненасцi ён ударыў мяне нагой, i я змоўк.

– Ну што, - сказаў тоўсты афiцэр, - ты падумаў?

Я паглядзеў на iх з вялiкай цiкаўнасцю, нiбы гэта былi насякомыя нейкага вельмi рэдкага вiду.

– Я ведаю, дзе ён, - сказаў я.
– Ён схаваўся на могiлках. У якiм магiльным склепе цi, можа, у хаце ў далакопаў.

Я сказаў гэта, каб трошкi з iмi пажартаваць. Я хацеў пабачыць, як яны ўсхопяцца, зашпiляць свае блiскучыя дзягi i пачнуць з заклапочаным выглядам аддаваць загады.

Усе адразу ўскочылi.

– Так, выязджаем. Молес, iдзiце да лейтэнанта Лопеза i папрасiце ў яго пятнаццаць людзей. А ты, - таўстун павярнуўся да мяне, - калi ты сказаў праўду, то я двойчы сваё слова не паўтараю. Але калi ты надумаў з нас пасмяяцца, ты дорага сплацiш за гэта.

Яны з шумам вылецелi прэч, а я застаўся спакойна чакаць пад наглядам некалькiх фалангiстаў. Час ад часу я ўсмiхаўся: я ўяўляў, якiя ў iх будуць пысы. Я зусiм ачмурэў, але адчуваў сябе хiтрым. Я ўяўляў, як яны падымаюць магiльныя камянi, адчыняюць дзверы ў кожным склепе. Я глядзеў на ўсю гэтую сiтуацыю нiбыта збоку, вачыма iншага чалавека: я бачыў упартага вязня, якi строiць з сябе героя, гэтых важных, сур'ёзных фалангiстаў з iх вусiкамi i людзей ва ўнiформе, якiя носяцца, як мурашы, мiж магiламi, - гэта была проста пацеха!

Праз паўгадзiны таўстун вярнуўся адзiн. Я думаў, што ён прыйшоў даць загад, каб мяне расстралялi. Iншыя, напэўна, яшчэ былi на могiлках.

Афiцэр зiрнуў на мяне. Па тым, як ён выглядаў, зусiм нельга было сказаць, што ён разгублены.

– Завядзiце яго на вялiкi двор, да iншых, - сказаў ён.
– Калi скончацца ваенныя аперацыi, яго лёс будзе вырашаны звычайным судом.

Мне здалося, што я не так зразумеў. Я спытаў:

– Дык што, мяне, значыць, не... мяне не расстраляюць?..

– Не цяпер, ва ўсякiм выпадку. А што будзе пасля, мяне ўжо не датычыць.

Я па-ранейшаму нiчога не разумеў. Я сказаў яму:

– Але... чаму?

Ён пацiснуў плячыма i нiчога не адказаў. Салдаты вывелi мяне на вялiкi двор. Там было каля сотнi вязняў, жанчыны, дзецi, колькi старых. У поўным атупеннi я пачаў хадзiць вакол невялiкага лапiка зялёнай травы на сярэдзiне пляца. Апоўднi нас павялi есцi ў сталоўку. Два цi тры чалавекi мяне аклiкнулi. Я, напэўна, iх ведаў, але не азваўся: я ўжо нават не ўсведамляў, дзе знаходжуся.

Адвячоркам у двор заштурхнулi яшчэ каля дзесятка арыштаваных. Сярод iх я пазнаў булачнiка Гарсiю. Ён сказаў:

– Ха, чортаў шчаслiўчык! А я ўжо не думаў убачыць цябе жывога.

– Мяне асудзiлi на смерць, - сказаў я, - а потым чамусь перадумалi. Я сам не разумею чаму.

– Мяне арыштавалi а другой гадзiне, - сказаў Гарсiя.

– За што?

Гарсiя не займаўся палiтыкай.

– Не ведаю, - адказаў ён.
– Яны хапаюць усiх, хто не думае, як яны.

Ён панiзiў голас.

– Яны натрапiлi на Грыса.

Мяне прабрала дрыготка.

– Калi?

– Гэтым ранкам. Вядома, ён сам даў маху. Яны там, у сераду, нешта пагыркалiся з стрыечным братам, дык ён i пайшоў ад яго. Яго заўсёды знайшлося б каму схаваць, але ж ён нiкому не хацеў быць вiнен. Сказаў толькi: "Схаваўся б я, мусiць, у Iб'еты, ды яго ўзялi, то пайду я на могiлкi".

– На могiлкi?

– Ну. Гэта было глупства. Натуральна, гэтым ранкам яны там былi, гэта павiнна было некалi здарыцца. Яго заспелi ў хаце ў далакопаў. Ён пачаў адстрэльвацца, i яны яго забiлi.

– На могiлкi!

Усё закруцiлася ў мяне ў галаве, i калi я ачуўся, то заўважыў, што сяджу на зямлi. Я рагатаў як вар'ят - так, што на вочы набягалi слёзы.

Поделиться с друзьями: