Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мужыцкая праўда

Калиновский Кастусь

Шрифт:

Так з гэтага пісьма і відна: што няма чаго ждаці ад нікога, бо той толька жне, хто пасее. Так сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою — не шкадуйце працы, — каб і мужык быў чалавекам вольным, як е на цалюськам свеце. Бог нам дапаможа!!!

Яська-гаспадар з-пад Вільні

Мужыцкая праўда, № 4

Дзецюкі!

Няма і куска зямлі на свеце, каб людзі былі адзін у другога ўсё добрыя, не хацелі жыці з крыўдаю свайго бліжняга. Для таго, каб была справядлівасць і праўда на свеце, а злыя людзі не збыткавалі і крыўды другім не рабілі, е ронд, што бярэ падаткі, робіць школы, наўчае кажнага, каб жыў па праўдзе, становіць суд; а калі гэта не памагае і робіцца несправядлівасць, то наймае войска і так сцеражэ кажнага ад ліха і здзерства. От на што ронд патрэбны. І як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ронд глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіці так, як народаві лепей. І не дзіва, бо не народ зроблены для ронду, а ронд для народу.

Гэтак, дзецюкі, робіцца на цалюськам свеце. А калі за граніцаю, чы то ў Пранцуза, чы ў Англічаніна, народ спагадае рондаві, то для таго, што ронд слухае народу і робіць так, каб народ быў багаты і шчаслівы.

А ў нас, дзецюкі, чы гэтак? Чы ў нас е справядлівая наука ў школах, што учыць жыці без крыўды другога? Чы е праўда і справядлівасць у судзе? Чы можа чалавек быць пэўны, што яго ніхто не скрыўдзіць? Чы ронд маскоўскі думае аб людзях, каб яны маглі жыці шчасліве? Самі скажэце.

У нас, дзецюкі, адно учаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе заўсім перарабіці на маскаля. Суды маскоўскія — гэта воўчая яма, гдзе не разбіраюць, чы за табою праўда, чы не, а скубуць адно як могуць. Бяспечнасці пад маскалём ніякай няма, хто дужшы, той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагаці кажнага ад злых людзей і ад глуму, а для таго, каб не пазволіць народаві і застанаць, калі пазнае сваю няволю, калі згледзіцца, што дзяруць з яго над сілы. Ронд маскоўскі, як той ліхі пан, што, пачаўшы ад камісара аж да цівуна, пазваляе кажнаму народ глуміці, каб адно як найбольш грошай у кішэнь яго дасталася. Ронд маскоўскі, дзецюкі, не так робіць, як рабіці трэба, не думае, каб палегчыць народаві, а вымышляе адно спосабы, як абадраці і заўсім людзей зглуміці.

Чаму гэтак робіцца пад рондам маскоўскім, я вам скажу — вы адно мяне паслухайце.

Ронд — гэта заўсім так сама, як чалавек. І як чалавек мае галаву на тое, каб думаў, а рукі і ногі, каб зрабіў так, як задумаў, так ронд мае цара, каб рондзіў, а чыноўнікаў па ўсіх местах і мястэчках, каб рабілі, як цар захоча. Для таго як галава ў чалавека калі задумае кепскае, то ногі і рукі кепскае зробяць, так у рондзе, калі цар глуму захоча, то чыноўнікі глуму наробяць. А з гэтага то і відаць, што здзерства, якое ў нас вычаўпляюць, то не для таго робіцца, што ў нашым краю няма людзей, здатных на чыноўнікаў, гатовых і жыццё сваё аддаці для народу, а для таго, што цар гэтакіх людзей у Сыбір высылае, а за нашыя грошы назначае чыноўнікамі гэтых, што адно самі людзей глумяць, другім глуміці пазваляюць і Бога не баяцца. Гэтакі чыноўнік не давядзе ўжэ да розуму — ён, калі і няма прыказу цара, то сам выдумае спосаб, як абадраці бедны народ. І гдзе ж тут шукаці праўды?

Так з гэтага пісьма і відна, што глум, здзерства і несправядлівасць выходзяць ад самаго цара — ён-то з нас выбірае войска, ён-то з нас выдзірае грошы нібы на патрэбу народа, а узяўшыся за ўсімі гыцлямі за рукі, адно нас цяменжыць, трымае ў няволі. Но прыходзіць яму ўжэ канец, бо мужык пачуў вольнасць, а мужыцкая вольнасць — гэта ўсё роўна, што шубеніца для ўсіх здзерцаў і глуміцеляў народу! Для таго-то цар спыняе вольнасць мужыцкую і спыняці будзе, для таго-то калі ў паноў сто раз пытаў, якую яны хочуць даці вольнасць мужыкам, у мужыкоў і разу не спытаў, якой яны хочуць вольнасці. Ён знае, якая-то вольнасць мужыцкая, ён ведае, што наш мужык хоча, каб ніхто не смеў драці з нікога — і для таго як мы яго ронду, так ён нашай вольнасці баіцца.

Дзяры з нас, цар, дзярэце з нас, чыноўнікі яго, хаця да астатняй шкуры, но памятайце, што і на нас прыйдзе пара, памятайце, што калі мужык разгуляецца, то, як свет шырокі, кроў ваша пальецца!!!

Яська-гаспадар з-пад Вільні

Мужыцкая праўда, № 5

Дзецюкі!

Мала таго, што з мужыка дзяруць на ўсякія падаткі астатню кашулю, мала таго, што ніколі не можаш дабіціся да куска хлеба, а ўсё, што заробіш, аддаці мусіш чорт ведае каму і чорт ведае на што, мала таго, кажу, што жыццё нашае горша сабачага, — но скажэце, мае міленькія, чы есць паміж намі хто-лень, каб не аплаківаў яшчэ альбо свайго сына, альбо свайго брата, альбо свайго мужа, што цар забраў яго ў рэкруты да і загнаў чорт ведае гдзе? Працуе бацька цяжка на дзецеткі свае, гадуе маці сына, ночанькі не спіць, а цар, сабача яго вера, як гэты воўк, закраўшыся, вяліць лавіці, у дыбы скуці і гнаці ад радні далёка. А маскоўскае жыццё — горка ўжэ доля. Забыці там трэба, што есць у нас наша бацькаўшчына, што есць у нас наша радня, а аддаці жыццё не за дабро і шчасце ўсіх, а за ліха і вечну няволю нашых братоў. Гэтакага ліха, дзецючкі, і скаціна не знае, а вы, мае міленькія, пэўне, і не падумалі, скуль яно на нас навязалася, чы гатак было за нашых дзядоў і прадзедаў і чы гэтак мусіць быці? Усё гэта я вам расталкую, а хто мае праўду ў сэрцы і дабра хоча, той мяне паслухае. Помняць яшчэ нашыя дзяды, паказываюць яны, што за іх часоў мужыкі рэкрута і не зналі. Было войска, то праўда, но войска польскае ўсё было зэ шляхты, а калі мужыкі часамі захацелі ісці на вайну, так зараз з іх знімалі мужыцтва, да і паншчыну, давалі зямлю, а ўсю вёску рабілі шляхтаю. Стуль-то ў нас і парабіліся гэтыя аколіцы шляхецкія. Так за тое, што чалавек шоў на вайну, бараніў сваю бацькаўшчыну, то ронд польскі даваў зямлю, даваў вольнасць, даваў шляхетства, — а маскаль чы гэтак робіць? За тое, што мы яму 25 лет на войнах служымо без людской стравы і адзежы, мала таго, што не дае шляхетства, но, сабача юха, не дае нават куска зямлі, каб, мог, хаця цяжка гаруючы, дабіціся да спакойнай смерці. Праслужыўшы 25 лет, да і торбу ўзяўшы, ідзі жабраваці! А што граху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалеві, таго ніколі Бог не даруе. Ідзе пранцуз даваці вольнасць мужыкам, бунтуюцца местачковыя да і маладзёж за сваю і нашу вольнасць і веру, а мы-то даемо рэкрута і нашымі грудзьмі цар маскоўскі застаўляецца, і нашымі рукамі ўсмірае бунты і запрагае нас усіх у вечную няволю. Таго, хто нам добра думае, мы выганяем, таму, хто нам ліха робіць, мы памагаем, — і чы ж не грэшна перад Богам, а не стыдна перад цэлым светам — самі скажэце? Праўда, што мы былі дурныя і, як гэтыя авечкі, нічога не зналі, но, здаецца, пара ўжэ паразумнець, угледзець праўду. Вы ведаеце, дзецюкі, добра, што пранцуз прыказаў не даваці ўжэ больш маскалеві рэкрута, для таго, калі цар захоча ўзяці, так, цэлымі грамадамі згаварыўшыся, нігдзе яму не давайце. Ён цяпер хоча ўзяці 5 з тысяча, но як мы яму дамо 5, то ён пазней захоча ўзяці 10, і зноў пойдзе па-старому. Цяпер мы яму аддамо гыцляў, но пазней трэба будзе аддаці і сваіх сыноў. Так для таго, дзецюкі, талкуйце добра і не давайцеся ашуківаць. За мужыцкую крыўду стойце смела, усе разам, і калі хто захоча крыўдзіць вас, выцягаці рэкрута, то хто бы ён ні быў, чы то старшына, чы акружны, чы хоць сам губэрнатар, то вы яго таўчэце мужыцкаю рукою, а будзе вольнасць і рэкрута не будзе, і Бог нам дапаможа! Так, дзецюкі, па дабросці да ладу не дойдзем!

Яська-гаспадар з-пад Вільні

Мужыцкая праўда, № 6

Дзецюкі!

Чы мая праўда горка, чы яна салодка, я пісаў заўсюды і пісаці буду — учыў я вас, як рабіці трэба, і ўчыці буду. Вы адно слухайце мяне, талкуйце добра і рабеце так, як сумленне вам скажа, а Бог яшчэ злітуецца над намі і дасць нам шчасце, і дабро ў нас будзе.

Калі Бог, стварыўшы чалавека, даў яму душу, то не на тое, каб ён жыў, як сабака, на гэтам, а на тамтам свеце прападаў на век вякоў у мэнках пякельных, — а для таго, дзецюкі, каб знаў закон Божы, знаў свайго Бога, знаў сваю веру і заслужыў на шчасце нябеснае. Калі сын боскі, прыйшоўшы на гэты свет, устанавіў праўдзівую веру і за гэту веру цярпеў крыжовыя мэнкі, то не для таго, каб якіясь там цары маскоўскія, байстручага роду, перамянялі закон Божы, а мы, на прыказ гэтых цароў, выракаліся веры сваіх дзядоў і прадзедаў і не хвалілі Бога, а радню царскую, но для таго, дзецюкі, Бог найвышшы цярпеў за нас, каб закон яго быў ужэ вечны, ніхто не смеў перамяняці, а мы з цэлай моцы трымаліся яго.

Но чы гэтак, дзецюкі, робіцца ў нас, як сам Бог прыказвае, чы дзержымося мы закону боскага? Самі скажыце. Не адзін ужэ, можа, забыўся, што бацька яго быў яшчэ справядлівай уніяцкай веры, і ніколі ўжэ не спомніць на тое, што перавярнулі яго на сызму, на праваслаўе, што ён сягодня, як той сабака, жыве без веры і, як сабака, здохне чартам да пекла!!! О, дзецюкі, ліха такому чалавекові! А калі мы будзем гэтак рабіці з Богам, так што ж Бог найвышшы з намі зробіць? Аддасць у пекла на вечныя мэнкі, будуць чэрты душу нашу на кускі рваці, а смала ў вантробах кіпеці будзе. Пазнаеш тагды сваё ліха — но ў пекле па няўчасе ўжэ будзе, не перапросіш тагды ўжэ справядлівага Бога, і мэнкам тваім ніколі канца не будзе.

Цяпер пытаю вас, дзецюкі,- хто ж нам гэта ліха нарабіў і што зрабіці трэба, каб мы былі шчаслівыя і на гэтам, і на тамтам свеце?

Нарабіў нам гэтага ліха, дзецюкі, гэта цар маскоўскі, ён-то, перакупіўшы многа папоў, вялеў нас у сызму запісаці, ён-то плаціў грошы, каб толька перахадзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую — уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі; а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў злітавання над намі.

Но, Божа вшэхмоцны, міласерны ты наш пане, ты аб нас не забывай, злітуйся над намі, памажы нам у нашай нядолі, выжані маскаля з нашага краю, дай нам праўдзівую вольнасць і веру нашых дзядоў і прадзедаў, а касцёлы, што маскаль, нячыстая яго сіла, параскідаў альбо перарабіў на стайні і цэркві, зноў заяснеюць тваею хвалою, і народ у ніх хваліці цябе будзе, як хвалілі нашыя прэдкі. Заспяваем тагды ў адзін голас нашу песнь святую: «Сьвенты Божа, сьвенты моцны, свенты несьмертэльны — змілуй сен над намі!» — і Бог найвышшы змілуецца над намі, дапаможа нам у нашай працы, а на тамтам свеце дасць крулества нябеснае — і не будуць ужэ дзеткі нашыя сваю матку праклінаці, што на свет радзіла!

Паказваюць людзі, што свенты Ойцец аж з Рыму прыслаў ужэ да нас сваё благаславенне (но маскаль яго спыняе) — гавораць, што прышле і ксяндзоў, што будуць прымаці на

уніяцкую веру. Тагды, дзецюкі, хто адно верыць у Бога, яго сына і духа святога, няхай зараз пакідае сызму і пераходзіць на праўдзівую веру дзядоў і прадзедаў. Бо хто не пяройдзе на унію, той сызматыкам застанецца, той, як сабака, здохне, той на тамтам свеце пякельныя мэнкі цярпеці будзе!

Так годзе ж ужэ, дзецюкі, жыці без ніякай пацехы на свеце, калі Бог міласерны мае злітаванне над намі, а ты, чалавеча, як перачытаеш альбо пачуеш гэту праўду, згавары пацеры, каб Бог вшэхмоцны дапамог людзям, што дабро нам думаюць, што хочуць, каб мы былі вольныя, як шляхта, мелі сваю зямлю, як шляхта, хвалілі Бога па праўдзе і заслужылі на Неба на тамтам свеце.

Гэтага для вас ад душы хоча ваш брат, такі самы з дзедаў-прадзедаў мужык, як і вы, но яшчэ уняцкай веры.

Яська-гаспадар з-пад Вільні

Мужыцкая праўда, № 7

Дзецюкі!

Доўга маўчаў я, не казаў вам нічога, бо хацеў разгледзецца добра да разабраць, што гэта дзеецца на свеце, штоб ужэ спавясціць вас па справядлівасці да сказаць, як наказуе Бог да сумленне, што нам цяпер трэба рабіці. Ждаць моўчкі больш ужэ нязмога! Памяркуйма толькі, што думаюць цяпер зрабіць з намі. Абяцаў нам цар зямлю. Чыноўнікі, папы да маскалі, усі ў адзін голас дурылі нас, што цар нам шчыра думае да дасць волю, Справядлівую Волю. І слухалі мы цара. Казаў ён нам яшчэ два гады служыць паншчыну, і паншчыну мы адбывалі. Наказаў цар некрута, далі мы яму і некрута, а самі моўчкі глядзелі, як нашых сынкоў да братоў на край света пагналі. Накінуў нам падушнага — плацілі мы падушнэ за жывых і ўмёрлых, за дзяцей да за старцаў нядужых, — плацілі мы земску павіннасць да ўсялякія зборы, плацілі на пасярэдніка, на праўленне, старшынам, пісарам, акружным, асэсарам — да Бог ведае каму ні плацілі, — да ўсё не пыталісь, куды йдуць нашы грошы. Усі нас крыўдзілі да ўсі абдзіралі; біў нас сільнейшы, крыўдзіў багатшы — а на тое нідзе не было справядлівасці. Мы ўсё маўчалі да слухалі, усім кланялісь, за ўсё плацілі, усё цярпелі, ждучы канца, бо спадзяялісь Справядлівай вольнасці, спадзяялісь, што дадуць вольную зямельку да ў падушнам справядлівы пабор будзе. Заміст таго, штоб аддаць нашу зямельку да якую ж зямлю?! Гэту, што з дзядоў-прадзедаў кроўнаю працай дзесяць раз ужэ на яе зарабілі да заплацілі. За гэту зямлю цар наказуе нам чыншы плаціць у казначэйства. Да якія ж чыншы? Якія ўздумаецца пастанавіць чыноўнікам да судовым кравапійцам, да яшчэ з кожным годам усё большыя да большыя. Так волі нам ужэ і не будзе: век цэлы плаці да на век нясі астаткі, штоб адплаціцца палатам да праўленням. Падмануў жа нас цар, а яго служкі — папы, чыноўнікі да маскалі — падвялі нас, як чорт добрую душу.

123
Поделиться с друзьями: