ЖАНРЫ

Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)

Сартр Жан-Поль

Шрифт:

– Ды вы сядайце.

– О, не-не, пане Люсьен, цi можна пры пане Люсьене...

Тады ён узяў яе пад пахi i пасадзiў сабе на каленi.

– А так?
– спытаў ён.

Яна паддалася i адно прашаптала: "Вам на каленi?" - з нейкай дзiўнаю iнтанацыяй, у якой адначасова чулiся i захопленасць, i папрок; Люсьен падумаў: "Нешта мяне заносiць, абсалютна не варта было заходзiць гэтак далёка". Ён прамаўчаў. Дзяўчына сядзела ў яго на каленях, цёпленькая i цiхмяная, i Люсьен адчуваў, як б'ецца ў яе сэрца. "Яна мая рэч, - падумаў ён, - я магу зрабiць з ёй усё, што захачу". Ён выпусцiў яе, узяў iмбрычак i падняўся ў свой пакой: Берта не зрабiла нiякага руху, каб яго затрымаць. Раней чым напiцца чаю, Люсьен вымыў рукi духмяным матчыным мылам, бо ад iх пахла падпахамi.

"Няўжо я з ёю перасплю?" Наступнымi днямi Люсьен быў дужа занепакоены гэтай невялiчкай праблемай; Берта ўвесь час узнiкала ў яго на праходзе i глядзела на яго вялiкiмi сумнымi спанiелевымi вачыма. Але мараль перамагла: Люсьен зразумеў, што рызыкуе зрабiць яе цяжарнаю (у яго ў падобных рэчах бракавала вопыту, а купiць прэзерватывы ў Феролi было немагчыма - яго тут усе ведалi), а гэта наклiкала б на пана Флёр'е вялiкiя непрыемнасцi. Апроч таго, ён пераканаў сябе, што пасля на заводзе ў яго будзе меней аўтарытэту, калi дачка якога-небудзь рабочага зможа хвалiцца, што некалi з iм спала. "Я не маю права да яе дакранацца". Апошнiмi днямi верасня ён пачаў пазбягаць заставацца з Бертай адзiн.

– Ну, - сказаў яму Вiнкельман, - чаго ты яшчэ чакаеш?

– Нiчога, - суха азваўся Люсьен, - проста я не хачу. Мне не падабаецца рабiць з наймiчкi наложнiцу.

Вiнкельман, якi ўпершыню пачуў пра наложнiц, цiха свiснуў i змоўк.

Люсьен быў вельмi горды сабой: ён абышоўся з Бертай, як сапраўдны шыкоўны тып, i гэта акупала шмат яго ранейшых памылак. "Яе заставалася толькi сарваць", - казаў ён сабе з пэўным жалем. Але па развазе вырашыў: "Увогуле, можна сказаць, што я яе меў: яна аддалася, але я адмовiўся". I ён палiчыў, што з гэтага часу ён больш не нявiннiк. Падобныя прыемныя думкi цешылi яго яшчэ некалькi дзён, але i яны ўрэшце расталi ў тумане. У кастрычнiку, адпраўляючыся на заняткi, ён адчуваў сябе гэтак жа змрочна, як у пачатку мiнулага навучальнага года.

Берлiяк так i не з'явiўся, i нiхто не меў ад яго навiн. Люсьен заўважыў вакол шмат незнаёмых твараў: яго сусед справа, напрыклад, на прозвiшча Лемардан, год правучыўся на матэматычных курсах у Пуацье. Ён быў яшчэ вышэйшы за Люсьена i дзякуючы сваiм чорным вусам выглядаў зусiм як дарослы мужчына. Сустрэча з таварышамi не прынесла Люсьену задавальнення, яны здавалiся яму шумлiвымi i бязвiннымi дзецьмi: семiнарысты. Ён яшчэ, праўда, далучаўся да iх калектыўных выбрыкаў, але праз паблажлiвасць, на якую, зрэшты, меў поўнае права, як другакурснiк. Лемардан яго вабiў больш - у iм адчувалася сталасць; але гэтая сталасць, вiдаць, далася яму не так, як Люсьену, за кошт шматлiкiх спроб i памылак: ён быў дарослы ад нараджэння. Люсьен часта з захапленнем глядзеў на гэтую буйную, задумлiвую галаву, без шыi, коса пасаджаную на плечы: здавалася, у яе немагчыма нiчога ўвапхнуць - нi праз вушы, нi праз гэтыя маленькiя, шклiстыя i ружовыя кiтайскiя вочкi. "Гэта тып з перакананнямi", - з павагай думаў Люсьен; ён не без зайздрасцi пытаўся ў сябе, чым можна тлумачыць гэтую ўпэўненасць, якая дазваляе Лемардану дзейнiчаць з такою самаўсвядомленасцю. "Вось якiм я павiнен быць: як скала". Яго нават крыху здзiўляла, што Лемардан яшчэ можа ўспрымаць нейкiя матэматычныя вылiчэннi; але пан Юсон яго супакоiў, раздаўшы сшыткi з першай кантрольнай: Люсьен быў на сёмым месцы, а Лемардан атрымаў "пяць" i меў семдзесят восьмы вынiк; усё стала на сваё месца. Лемардана адзнака не ўсхвалявала; здавалася, ён чакаў горшага, i наогул - яго маленечкi рот i вялiкiя, гладкiя i жоўтыя шчокi былi створаны не дзеля таго, каб выяўляць пачуццi; гэта быў Буда. Угняўлёнага яго бачылi толькi аднойчы - у той дзень, калi Левi штурхнуў яго ў раздзявальнi. Спачатку ён, пылаючы вачыма, разоў дзесяць пранiзлiва рыкнуў i пасля закрычаў: "Прэч, у Польшчу! У Польшчу, жыд пархаты! I каб да нас не прыязджаў тут смярдзець!" Ён насунуўся на Левi ўсiм торсам, i яго магутнае цела захiсталася на доўгiх нагах. Урэшце, ён такi ўляпiў яму пару поўхаў, i маленькi Левi папрасiў прабачэння: на гэтым усё i скончылася.

Кожны чацвер Люсьен хадзiў да Гiгара, i яны разам выпраўлялiся на танцулькi да сябровак яго сястры. Але ўрэшце Гiгар прызнаўся, што гэтыя скокi яму ўжо абрыдлi.

– У мяне ёсць адна сяброўка, - па сакрэце паведамiў ён, - першая майстрыха ў Плiснье, на вулiцы Руаяль. I ў яе ёсць прыяцелька, у якой якраз нiкога няма. Дык вось, калi можаш, хадзi з намi ў суботу.

Люсьен закацiў бацькам сцэну i дамогся дазволу гуляць па вечарах у суботу; ключ, як было дамоўлена, яму павiнны былi пакiдаць пад каберцам.

У дзевяць гадзiн ён сустрэўся з Гiгарам у бары на вулiцы Сэнт-Анарэ.

– Зараз убачыш, - сказаў Гiгар, - Фанi зацная баба, i сама галоўнае - умее апранацца.

– А мая?

– Я яе не ведаю; знаю толькi, што яна падручная швачка i ў Парыжы нядаўна, яна з Ангулему. Дарэчы, - дадаў ён, - ты ж глядзi, не дай маху. Мяне зваць П'ер Дара. А ты ў нас бялявы, дык я сказаў, што ў цябе ангельская кроў, так лепей. I зваць цябе Люсьен Баньер.

А навошта гэта?
– заiнтрыгавана спытаў Люсьен.

– Ты што, стары, - адказаў Гiгар, - гэта ж прынцып. Можаш рабiць з гэтымi бабамi ўсё, што хочаш, але нiколi не называй iм сапраўднага свайго iмя.

– А-а, - сказаў Люсьен.
– А чым я займаюся ўвогуле?

– Можаш сказаць, што студэнт, гэта сама лепшае. Цямiш? Па-першае, iх гэта ўсцешыць, а па-другое, ты будзеш не абавязаны рабiць багатыя пачастункi. Мiж iншым наконт выдаткаў - натуральна, усё напалам; толькi сёння давай я зафундую: я тут ужо прызвычаiўся; у панядзелак я скажу, колькi ты вiнен.

Люсьен адразу падумаў, што Гiгар хоча мець невялiкую выгаду. Але пасля ўсмiхнуўся: "Якi я ўжо зрабiўся недаверлiвы". Хвiлiнай пазней у бар увайшла Фанi; гэта была высокая, худая i чарнявая дзяўчына з доўгiмi ляжкамi i вельмi нафарбаваным тварам. Яе выгляд трошкi збянтэжыў Люсьена.

– Гэта Баньер, пра якога я табе гаварыў, - пазнаёмiў Гiгар.

– Вельмi прыемна, - сказала Фанi, блiзарука прыжмурыўшы вочы.
– А гэта мая сяброўка, Мод.

Люсьен убачыў маленькую незразумелага ўзросту кабецiну з перакуленым вазонам на галаве. Яна была зусiм ненафарбаваная i побач з блiскучаю Фанi здавалася шэрай. Люсьен быў горка расчараваны, але супакоiўся, заўважыўшы, што ў яе даволi прыгожы рот, - дый потым, з ёю яму, прынамсi, не трэба будзе курчыць з сябе немаведама што. Гiгар загадзя паклапацiўся заплацiць за выпiтае i, скарыстаўшыся сумятнёй, што ўзнiкла пасля прыходу, злаўчыўся весела падштурхнуць дзяўчат да дзвярэй, так i не даўшы iм часу чым-небудзь пачаставацца. Люсьен быў вельмi яму ўдзячны: пан Флёр'е выдаткаваў яму ўсяго сто дваццаць пяць франкаў на тыдзень, i з гэтых жа грошай даводзiлася яшчэ плацiць за праезд. Вечар быў вельмi вясёлы; яны пайшлi танцаваць у Лацiнскi квартал, дзе ў маленькай ружовай утульнай зале з цёмнымi закуткамi кактэйль каштаваў сто су*.

* 100 су - 5 франкаў.

Тут было шмат студэнтаў з дзеўкамi накшталт Фанi, але не такiмi ладнымi. Фанi была - найвышэйшы клас: яна дзёрзка зiрнула ў вочы нейкаму барадатаму таўстуну, якi палiў люльку, i вельмi гучна прамовiла: "Цярпець не магу мужыкоў, якiя кураць люльку ў дансiнгу". Таўстун пачырванеў як бурак i, нават не загасiўшы, схаваў люльку ў кiшэню. Да Гiтара з Люсьенам Фанi ставiлася паблажлiва i некалькi разоў, гэткiм ласкавым матчыным тонам, казала: "Ах вы гадкiя хлапчукi!" Люсьен млеў ад задавальнення i ледзь не раставаў у камплiментах; ён расказваў Фанi розныя забаўныя штучкi i ўвесь час усмiхаўся. Урэшце ўсмешка ўжо не сыходзiла з яго твару, i яму ўдалося знайсцi своеасаблiвы элегантны тон, у якiм было трошкi развязнасцi i далiкатнай пяшчоты з тонкiм дамешкам iронii. Але Фанi адказвала яму рэдка; яна брала Гiгара рукамi за падбародак i так нацягвала яму шчокi, што наперад высоўваўся толькi рот; калi вусны рабiлiся тоўстыя i трошкi слiнявыя, як налiтыя сокам плады цi як два слiмакi, яна iх пачынала лiзаць, каротка высоўваючы язык, i казала: "Бэбi". Люсьена гэта страшэнна бянтэжыла, i Гiгар яму здаваўся смешным: куточкi губ у яго былi звэндзаныя памадай i на шчаках ад пальцаў чырванелi сляды. Але iншыя парачкi паводзiлi сябе яшчэ развязней: усе вакол цалавалiся; час ад часу кабета з раздзявальнi праходзiла па зале з маленькiм кошыкам i, раскiдваючы серпанцiн i рознакаляровыя гулькi, крычала: "Гэй, дзеткi мае, гэй, смейцеся, весялiцеся!" - i ўсе рагаталi. Нарэшце Люсьен успомнiў пра iснаванне Мод i, усмiхаючыся, сказаў:

– Вы паглядзiце на гэтых галубкоў, - ён паказаў на Гiгара i Фанi i дадаў: - Ну а нам, шаноўным дзядам...
– ён не закончыў фразы, але так пацешна ўсмiхнуўся, што Мод таксама не стрымала ўсмешкi. Яна зняла капялюш, i Люсьен з задавальненнем зазначыў, што яна, бадай, прыгажэйшая за iншых дзевак у дансiнгу; ён запрасiў яе патанцаваць i расказаў, якiя закатваў канцэрты сваiм настаўнiкам у апошнi год перад экзаменам на бакалаўра. Мод танцавала добра, у яе былi чорныя i сур'ёзныя вочы i насцярожаны твар. Люсьен расказаў ёй пра Берту i прызнаўся, што мучаецца згрызотамi.

– Але ўсё роўна, - дадаў ён пад канец, - ёй гэта самой жа лепей.

Мод гiсторыя з Бертай здалася сумнай i паэтычнай, i яна спытала, колькi Берта зарабляла ў Люсьенавых бацькоў.

– Не вельмi весела, - дадала яна, - быць служанкаю, калi ты яшчэ маладая дзяўчына.

Гiгар з Фанi ўжо зусiм не звярталi на iх увагi i толькi лашчылiся, твар у Гiгара быў увесь мокры. Час ад часу Люсьен паўтараў: "Вы паглядзiце на гэтых галубкоў, вы толькi паглядзiце", - i на языку ў яго так i круцiлася фраза: "Зiрнеш на iх, дык i самому захочацца". Але ён не асмельваўся яе вымавiць i задавальняўся ўсмешкаю; потым ён пачаў прыкiдвацца, быццам яны з Мод даўнiя прыяцелi, якiя пагарджаюць каханнем, называў яе "стары браце" i рабiў выгляд, нiбы лопае па плячы. Раптам Фанi павярнулася i здзiўлена зiрнула на iх.

Поделиться с друзьями: