Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)
Шрифт:
– А ведаеш, мама, дрэвы, аказваецца, драўляныя.
У той дзень панi Флёр'е не атрымала лiста з паўдзённаю поштай i суха адказала сыну:
– Не строй з сябе дурня.
Люсьен абярнуўся ў бядовага шкоднiка. Ён ламаў усе цацкi, каб паглядзець, як яны зроблены, скрэмзаў на фатэлi падлакотнiк татавым лязом i ў гасцёўнi скiнуў на падлогу старажытную грэчаскую статуэтку, бо яму карцела даведацца, што ў яе ўсярэдзiне; на прагулцы ён ссякаў кiйком галоўкi ў раслiн i кветак i кожны раз быў вельмi расчараваны: усе рэчы здавалiся яму бязглуздымi, яны ў сапраўднасцi нiбыта не iснавалi. Мама часта пыталася ў яго, паказваючы на кветку цi дрэва:
– А гэта як называецца?
Але Люсьен адно круцiў галавой i адказваў:
– Нiяк гэта не называецца, гэта наогул - нiшто.
Рэчы былi зусiм не вартыя ўвагi. Намнога цiкавей было выдзiраць ножкi ў конiка: тады ён пачынаў дрыжаць у пальцах, нiбы ваўчок, а калi яму нацiснуць на брушка, адтуль вылазiла жоўтая вадкасць. Але ўсё роўна: конiкi не крычалi. Люсьену вельмi хацелася памучыць якога-небудзь звярка, якi б крычаў, калi яму зробiш балюча, - курыцу, напрыклад; але ён не адважваўся да iх падыходзiць.
У сакавiку вярнуўся з вайны тата: ён быў начальнiк, i таму генерал сказаў, што пан Флёр'е будзе намнога карыснейшы на чале завода, чым у акопе, як немаведама хто. Пан Флёр'е заўважыў, што Люсьен вельмi змянiўся, i аб'явiў, што не пазнае свайго паночка. Люсьен нiбыта ўпаў у дрымоту, ён адказваў млява i марудна, заўсёды трымаў палец у носе цi дыхаў сабе на далонь i потым пачынаў яе нюхаць. Кожны раз яго трэба было малiць, каб ён справiў патрэбы. Цяпер у прыбiральню ён хадзiў сам, але павiнен быў пакiдаць дзверы трошкi адчыненыя, каб мама цi Жэрмена падыходзiлi час ад часу яму памагчы. Ён цэлымi гадзiнамi сядзеў на троне i аднойчы настолькi засумаваў, што заснуў. Доктар сказаў, што хлопчык вельмi хутка расце, i выпiсаў умацавальнага. Мама хацела была навучыць Люсьена новым гульням, але Люсьен лiчыў, што i так iх ужо досыць ведае i што ўсе яны ўрэшце аднолькавыя i вартыя адна другой. Ён часта хадзiў надзьмуты, i гэта таксама была гульня, але даволi забаўная. У ёй трэба было прымушаць хвалявацца маму i адчуваць сябе заўсёды самотным i нейкiм пакрыўджаным, трэба было не надта добра чуць, што табе кажуць, хадзiць нiбыта з зашытым ротам i глядзець вакол мутным позiркам. Усярэдзiне тады рабiлася так цёпла i мякка, як увечары, калi залазiш пад коўдру, i адчуваеш пах свайго цела, i думаеш, што ты ва ўсiм свеце - адзiн. Нарэшце Люсьен ужо не мог не дзьмуцца, i калi тата кплiвым тонам казаў яму: "Ну-у, якiя ў нас бэбахi-мэмахi!" - ён качаўся па падлозе i рыдаў. Ён нярэдка яшчэ круцiўся ў гасцёўнi, калi да мамы прыходзiлi госцi, але цяпер, калi яму падстрыглi бялявыя кудзеркi, дарослыя ўжо не звярталi на яго столькi ўвагi, а калi i звярталi, то каб прачытаць мараль цi расказаць павучальную гiсторыю. Таму, калi да iх у Фероль, уцякаючы ад бамбёжак, прыехалi яго стрыечны брат Рыры са сваёй прыгожаю мамай, цёткаю Бертай, Люсьен быў вельмi рады i паспрабаваў навучыць Рыры таксама гуляць у бэбу. Але той быў вельмi заклапочаны сваёю нянавiсцю да бошаў, i апроч таго у iм яшчэ адчувалася дзiцё, хоць ён на цэлыя шэсць месяцаў быў старэйшы за Люсьена. Увесь твар у Рыры быў у рабацiннi, i яму не заўсёды ўдавалася ўсё як след зразумець. Але менавiта яму Люсьен даверыў, што ён - самнамбул. Ёсць людзi, якiя ўстаюць сярод ночы, i размаўляюць, i гуляюць, не прачынаючыся; Люсьен прачытаў гэта ў кнiжцы "Маленькi ўсёзнайка" i тады ж падумаў, што, напэўна, ёсць нейкi сапраўдны Люсьен, якi ходзiць, гаворыць i па-сапраўднаму любiць сваiх бацькоў уначы, а калi настае ранiца, усё забывае i зноў пачынае прыкiдвацца, што ён Люсьен. Спачатку ён сам верыў у гэтую выдумку толькi напалову, але аднойчы яны пайшлi да зараснiку крапiвы, i Рыры паказаў там Люсьену свой пiцэк i сказаў:
– Паглядзi, якi ён у мяне вялiкi, я ўжо дарослы хлопчык, а калi ён зусiм вырасце, я буду мужчына i пайду бiцца з бошамi, у акопах.
Рыры здаўся Люсьену вельмi пацешным, i ён аж пакацiўся ад смеху.
– Ану, пакажы свой, - сказаў Рыры.
Яны параўналi, i Люсьенаў аказаўся меншы. Але Рыры махляваў: ён трошкi адцягваў свой, каб зрабiць яго крыху даўжэйшым.
– У мяне большы, - сказаў Рыры.
– Ну i што, - спакойна адказаў Люсьен, - а я затое самнамбул.
Рыры не ведаў, што такое самнамбул, i Люсьен вымушаны быў яму растлумачыць. Скончыўшы тлумачэннi, ён падумаў: "Значыць, я такi сапраўды самнамбул", - i яму жудасна захацелася заплакаць. Яны спалi ў адным ложку i дамовiлiся, што гэтаю ноччу Рыры спаць не будзе, каб сачыць за Люсьенам, а калi той устане, Рыры запомнiць усё, што ён будзе казаць.
– А пасля ты мяне пабудзiш, i мы паглядзiм, цi буду я што-небудзь памятаць.
Увечары Люсьен доўга не мог заснуць, i калi пачуў побач сапенне, вымушаны быў сам будзiць свайго брата.
– Адчапiся, - буркнуў Рыры.
– Прачынайся! Рыры, ты ж павiнен глядзець, як я ўстану.
– Дай паспаць, - прамовiў Рыры, ледзь варочаючы языком.
Люсьен пачаў яго трэсцi i шчыкаць праз начную сарочку. Рыры дрыгнуў нагамi, прачнуўся i так застаўся ляжаць, шырока расплюшчыўшы вочы, з дзiўленай застылай усмешкай. Люсьен пачаў марыць пра ровар, якi яму абяцаў купiць тата, пачуў свiст цягнiка, i потым раптам увайшла пакаёўка i рассунула фiранкi, было восем гадзiн ранiцы. Люсьен так i не даведаўся, што ён робiць уначы. Гэта было вядома аднаму Богу, бо Бог бачыў усё. Люсьен укленчваў у царкве на малiтоўнай лавачцы i стараўся быць паслухмяны, каб мама пасля iмшы пахвалiла яго; але Бога ён ненавiдзеў; Бог ведаў пра Люсьена болей, чым сам Люсьен. Ён ведаў, што Люсьен не любiць нi мамы, нi таты i што ён толькi прыкiдваецца паслухмяным, а сам па вечарах мацае ў ложку пiцэк. На шчасце, Бог не мог усяго памятаць, бо на свеце ёсць столькi маленькiх хлопчыкаў. I калi Люсьен стукаўся лбом i казаў: "Тако-так", - Бог адразу забываў усё, што бачыў. Апроч таго, Люсьен стараўся запэўнiць Бога, што любiць маму, i часам паўтараў у думках: "Як я люблю сваю мiлую мамачку!" Але ўсё роўна нейкi куточак у iм заўжды заставаўся не вельмi ў гэтым упэўнены, i пан Бог, натуральна, бачыў гэты куточак. У такiм выпадку выйграваў Ён. Але часам у тое, што кажаш, удавалася паглыбiцца цалкам. Трэба было, добра артыкулюючы, вельмi хутка прамовiць: "О! Як я люблю сваю мамачку!" - i ўбачыць мамiна аблiчча, i адчуць сябе такiм расчуленым, i цьмяна-цьмяна думаць, што пан Бог на цябе глядзiць, а пасля пра гэта ўжо нават зусiм не думаць, i тады ў вушах пачыналi скакаць словы: мама, мама, МАМА. Вядома, усё гэта доўжылася ўсяго толькi iмгненне, - амаль гэтаксама, як тады, калi Люсьен стараўся ўтрымаць крэсла ў раўнавазе, паставiўшы яго на дзве ножкi. Але калi якраз у гэты момант сказаць: "Така-тук", - пан Бог быў абдураны: ён бачыў усё толькi добрае i гэта заставалася ў яго памяцi назаўжды. Але хутка такая гульня надакучыла Люсьену: яна патрабавала вялiкага намагання, i ўрэшце нiколi немагчыма было цалкам упэўнiцца, выйграў пан Бог цi прайграў. Пасля першай Люсьенавай прычасцi кюрэ сказаў пра яго, што гэта сама пабожны хлопчык усяго катэхiзiса. Люсьен хутка ўсё цямiў i меў добрую памяць, але ў галаве ў яго заўсёды стаяў туман.
Прасвятленне прыходзiла па нядзелях. Туманная смуга развейвалася, калi Люсьен з татам iшлi прагуляцца па Парыжскай дарозе. На Люсьене быў прыгожы марацкi гарнiтур, яны сустракалi татавых рабочых, i тыя вiталiся з татам i сынам, а тата падыходзiў да iх, i яны казалi: "Дзень добры, пане Флёр'е", - i: "Дзень добры, маленькi пане". Люсьену рабочыя падабалiся: яны былi ўсе дарослыя, але не такiя, як iншыя. Перш за ўсё, яны называлi яго панам. I апроч таго - заўсёды хадзiлi ў картузах. У iх былi вялiкiя рукi з коратка падстрыжанымi пазногцямi, i Люсьену здавалася, што яны ў iх патрэсканыя i вельмi баляць. У рабочых быў адказны i паважны выгляд. Дзядзьку Булiго, напрыклад, нельга было б пацягаць за вус: тата пасварыўся б тады на Люсьена. Але калi дзядзька Булiго гутарыў з татам, то заўсёды здымаў картуз, а тата i Люсьен стаялi ў шапках, i тата казаў густым, усмешлiвым голасам:
– Ну што, куме Булiго, чакаем сыночка? I калi яму будзе дазволена паказацца на свет?
– У канцы месяца, пане Флёр'е, дзякуй, пане Флёр'е.
Дзядзька Булiго ўвесь свяцiўся ад радасцi, ён нiколi б сабе не дазволiў даць Люсьену плескача па азадку цi назваць жабянём, як гэта рабiў пан Буфардзье. Люсьен ненавiдзеў пана Буфардзье - за тое, што той быў такi брыдкi. А калi бачыў дзядзьку Булiго, на душы ў яго рабiлася так пяшчотна i яму хацелася быць добрым. Аднойчы, калi яны вярталiся са шпацыра, тата ўзяў Люсьена сабе на каленi i растлумачыў, што такое начальнiк. Люсьену было цiкава, як тата размаўляе з рабочымi на заводзе, i тата паказаў. Голас у яго вельмi змянiўся.
– А я таксама буду начальнiк?
– спытаўся Люсьен.
– Вядома, дзеля гэтага я цябе i зрабiў.
– А кiм я буду кiраваць?
– Ну, калi я памру, ты зробiшся гаспадаром майго завода i будзеш кiраваць маiмi рабочымi.
– Але ж яны таксама памруць.
– Ну, значыць, ты будзеш кiраваць iх дзецьмi, i табе трэба будзе навучыцца рабiць гэта так, каб яны цябе слухалiся i любiлi.
– Тата, а што трэба рабiць, каб мяне любiлi?
Тата крыху задумаўся i сказаў:
– Перш за ўсё ты павiнен ведаць усiх на iмя.
Люсьен быў гэтым глыбока ўсхваляваны, i калi да iх у дом прыбег сын майстра Марэля, каб паведамiць, што яго бацьку адсекла два пальцы, Люсьен гутарыў з iм сур'ёзным спагадлiвым голасам i глядзеў проста ў вочы, называючы хлопца па прозвiшчы. Мама сказала, што ганарыцца сваiм сынулькам, бо ён такi добры i чулы.
Потым быў падпiсаны мiр, тата кожны вечар уголас чытаў газету, усе гаманiлi пра расейцаў, нямецкi ўрад i перадзелы, i тата паказваў Люсьену на карце краiны; Люсьен правёў сама нудны год у сваiм жыццi - яму больш падабалася, калi была вайна; цяпер жа ва ўсiх быў бесклапотны выгляд, i агеньчыкi, што гарэлi ў вачах у панi Кафэн, пагаслi. У кастрычнiку 1919 года панi Флёр'е аддала Люсьена ў школу св. Ёзэфа, дзе ён меў вучыцца экстэрнам.
У кабiнеце абата Жэрамэ было цёпла, Люсьен стаяў побач з абатавым крэслам, трымаў рукi за спiнай i мужна нудзiўся. "Хутка ўжо мама пойдзе?" - думаў ён. Але панi Флёр'е не збiралася пакуль што iсцi. Яна сядзела на самым краёчку зялёнага фатэля, наставiўшы на абата ёмiстыя грудзi, i гаманiла тым спешлiвым i меладычным галасочкам, якi ўзнiкаў у яе заўсёды, калi яна злавалася i не хацела гэтага паказаць. Абат гаварыў марудна, прамоўленыя iм словы здавалiся намнога даўжэйшымi, чым у другiх людзей, нiбыта раней, чым iх вымавiць, ён абсмоктваў iх, як цукровыя ледзяшы. Ён тлумачыў маме, што Люсьен добры, ветлiвы i працавiты хлопчык, але страшэнна да ўсяго абыякавы, i панi Флёр'е адказвала, што гэта вельмi яе засмучае, бо яна спадзявалася, што перамена ў асяроддзi пойдзе на карысць яе сыну. Яна спытала, цi гуляе ён, прынамсi, на перапынках.
– На жаль, панi, не, - адказаў абат, - нават гульнi, здаецца, яго не цiкавяць.
Люсьен падумаў: "Яны гутараць пра мяне". Яны - гэта былi дзве дарослыя асобы, i ён складаў прадмет iх гамонкi, як вайна, нямецкi ўрад цi Пуанкарэ; яны гаманiлi важнымi галасамi i выказвалi наконт яго розныя меркаваннi. Але нават гэтая думка не парадавала Люсьена. Яго вушы гудзелi ад пявучых мамiных слоў i лiпкiх, абсмоктаных слоў абата, i яму хацелася плакаць. На шчасце, пачуўся званок, i яго адпусцiлi. Але на ўроку геаграфii ён адчуваў сябе яшчэ ўзбуджана i папрасiўся ў абата Жакена схадзiць у прыбiральню: яму вельмi карцела парухацца.