ЖАНРЫ

«Нарадзіўся я ліцьвінам…»: Тадэвуш Касцюшка

Юхо Язэп

Шрифт:
Наш Касьцюшка слаўны быў, Маскалёў ён добра біў…

Яшчэ на пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя на Лепельшчыне была запісаная, а пазней апублікаваная песня пра Касцюшку, які, паводле народнай версіі, загінуў у бітве. (Пра гэта паведаміў Аляксей Каўка, за што выказваем яму шчырую падзяку.) Невыказныя туга і смутак чуваць у гэтых словах:

Вазьмі, маці, пяску жменю, Пасей на каменю. Калі той пясок узыйдзе, Касьцюшка з вайны прыйдзе. Ляціць воран цераз мора, А лятучы, крача. А хто ж майго Касьцюшачкі Магілку аплача.

Да гераічнай постаці правадыра паўстання 1794 года звяртаўся наш другі выдатны суайчыннік Кастусь Каліноўскі. У адным з нумароў «Мужыцкае праўды» ў 1862 годзе ён пісаў пра Касцюшку як пра народнага заступніка, заклікаў да яднання і змагання па прыкладзе паўстанцаў 1794 года.

Т. Касцюшку прысвечаныя многія творы мастацкай літаратуры, жывапісу, скульптуры, пра яго жыццё і дзейнасць напісаныя навуковыя працы. У шмат якіх краінах Эўропы, Амэрыкі і нават у далёкай Аўстраліі пастаўлены яму помнікі. Шанаванне памяці Касцюшкі ў свеце — сведчанне павагі і да народа, які яго спарадзіў.

Справядліва кажуць, што нават і без аднаго чалавека народ няпоўны. Без вяртання ж імя Касцюшкі, як і шмат якіх іншых забытых дзеячоў нашай гісторыі, гэтая гісторыя будзе не толькі няпоўная, але і несправядліва абкрадзеная.

У 1994 годзе ўпершыню за дзвесце гадоў урачыста адзначаліся ўгодкі паўстання ў Беларусі. З гэтаю мэтай быў створаны грамадскі Нацыянальны арганізацыйны камітэт, у склад якога ўвайшлі вядомыя дзеячы культуры, навукоўцы, літаратары, сябры шматлікіх грамадскіх згуртаванняў — дэмакратычных партыяў, таварыстваў, суполак. Ушанаванне памяці палеглых у бітвах, стварэнне помнікаў і мемарыяльных табліцаў, наданне вуліцам і пляцам імёнаў герояў паўстання — кірункі дзейнасці гэтага камітэта.

Андрэй Тадэвуш Касцюшка — «сябар прыгнечаных, вораг прыгнятальнікаў», наш нацыянальны герой — вяртаецца з выгнання на сваю Бацькаўшчыну, у сваю Літву-Беларусь.

Поделиться с друзьями: