Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нераток

Неизвестно

Шрифт:

Дазволь на лугах тваіх райскіх апынуцца, Святавідзе. Венікам палыновым змяці, вятрыскам пругкім здзьмухні чорнае, а сэрца і душу беражы, не крыўдзі. Ухваляем цябе, Сварожа, пачынальнік родаў чалавечых і ўсяго жывога і нежывога. Не ўпадзі, як спатыкнешся, падыміся, як упадзеш.”

Кірыл і не спадзяваўся, што засне так хутка.

Здалося: ці паклікала, ці ўжо ўстала з ложка Цімафееўна. Расплюшчыў вочы: спіць вяшчунка старая, толькі мармыча невыразнае нешта. А праз хвіліну ўжо каля печы стаіць, за нагу тузае:

– Прачынайся, Кірыла Ягоравіч. Пойдзем, царства нялюдскае табе пакажу.

Угледзеўся Градоўскі, а перад ім - Марфа. Ды не тая, што ў жалезным ложку душу аддавала, а маладая, як на партрэце. Нават з вяночкам васільковым.

– Ізноў ты памыліўся, галубок, - серабрыста засмяялася маладзіца.
– Не Марфа я цяпер, а Мара. Уладару над сном тваім. Пойдзем на сабор божы. Сама туды іду і цябе з сабою павесці жадаю.

Кірыл споўз з печкі, чамусьці не абуўся, нават шкарпэткі шукаць паленаваўся - і падаўся за Марай. Кошка-дамавічка за імі ўвязалася.

А снегу на вуліцы як і не было. Прайшлі агарод. Босыя ступні Мары лёгенька слядок за слядком адбіваліся ў баразне ячменнага поля, каса свавольна перакідвалася то ўлева, то ўправа. А Кірыл часам і спатыкаўся, каласкі прымінаў.

– Не віхляй, саколік. Жыцень за нагу ўхопіць.

Заварушыліся ячменныя асцюкі, высунуўся маленькі дзядок, засмяяўся ўголас, крутнуў жаўтлявай барадой і зноў схаваўся- затаіўся.

Празрысты бярозавы гай прыветна ўзмахнуў трапяткім лісцем, як птушыная чарада крыллем, і раптоўна прыціх, быццам бы зразумеў, што не шукае месца для кахання гэтая маладая пара.

За балотцам, якое яны абагнулі, іх сустрэў гонкі сасновы бор, што абрываўся лукавінай блакітнай рэчкі. За рэчкай рассцілаўся духмяны поплаў.

За глыбокім ровам перад самым тынам сядзелі дзядкі сівенькія

– хто гуслі перабіраў, а хто драмаў сабе. І лілася песня несціханая пра брусы цясовыя, слупы маляваныя, катлы адліваныя, агні ясненькія і дымы сіненькія.

Узышла Мара на бераг - і сцішыліся гусляры, той-сёй усхапіўся нават. А Кірыл ужо збіў аб дубовае карэнне мезенец на правай назе і цяпер клыпаў. Аднак пачакалі, пакуль і ён пройдзе, не прыселі.

Абступіла нечысць усякая: лешакі вохкалі-рагаталі, касматымі рукамі, бы яловымі лапамі, махалі, русалкі пышнагрудыя круціліся- выгіналіся, спакусліва ў вочы зазіралі. Ды не спалохалі страхалюдныя лешакі Кірыла, не сустрэў ён спагады ў прагавіта-сцюдзёных вачах русалчыных. Адмахнуўся-адпіхнуўся - далей ішоў.

Агеньчык засвяціўся. Ці вогнішча нават. Чарцяняты, якіх два асілкі ў белых вопратках паганялі, трэскі ды вецце ў вогнішча падкідвалі і падварушвалі.

Крыж шасціканцовы ўзнік перад Кірылам. Сякерай часаны і ад таго магутны, што вострая сякера моц дрэва не кранула, зберагла. Перажагналася Мара, пакланілася, і Кірыл - за ёй.

Паўкругам вакол вогнішча сядзелі ідалы - тварэнне рук чалавечых. Сонцатвары Хорс, жмурачыся, усміхаўся бацьку свайму, сівабародаму Дажбогу, а Каляда, сінявокая русакосая прыгажуня, прыціскалася да Ярылы, дужага сарамлівага хлопца. Заклапочаная Ява-жыццё сядзела з аднаго краю, а суровая счарнелая Нава-смерць - з другога.

– А грамабой-Пярун дзе, Мара?

– Не яго час, спіць ён. Зіма.

– А ці з’явіцца Род?

– Не ўбачыць ніколі Сварога ні людзям, ні багам. Не спасцігнуць нам яго аблічча, не зразумець намераў. Учынкі нашы і думкі, нараджэнне і смерць у іх непарыўнасці - гэта Род. Мы згінем, і багі нашы знікнуць, а ў Рода іншыя справы будуць. Новыя людзі свет заселяць - і яны Рода сваім Усявышнім прызнаюць. Хіба што імя яму зменяць - ды яно заўсёды несапраўднае, бо да яго і жывёла любая, і расліна, і пясчынка, і кропля расы, і прамень сонечны звярнуцца могуць.

– Я быў на гэтым астраўку, Мара. Тут цяпер царква стаіць.

– Царква - будынак. Яна ў пыл рассыплецца, а мы тут будзем.

– Мы. І я?

– І ты, Кірыл, раз я цябе да неўміручых прывяла.

– Чым я заслужыў, Мара?

– Не трэба заслугі твае. А калі паверыў, то тут табе і быць.

– Ідалам драўляным?

– Якія ж яны драўляныя?
– залілася смехам Мара.

І насамрэч багі быццам ажылі. Ярыла нарэшце адазваўся на заляцанні Каляды, Лада-гарэза каля іх круціцца пачала. Грозны чорнабароды Жыжаль, не баючыся, што апячэцца, выхапіў з вогнішча галавешку і ваяўніча памахваў ёю. Сімаргал падышоў да Мары і з лёгкім паклонам падаў ахапак палявых кветак. А Тур, страшыдла з галавой бычынай, аб нечым спрачаўся з доўгавалосым волатам Вялесам.

– Не для таго я прывяла цябе сюды, каб здзівіць. Вачам тваім многа чаго бачыць даводзілася. Маўчы-маўчы, лепш разумнаму слову памерці, чым недарэчнаму нарадзіцца! Падыдзі да Дажбога, кніга ў яго на каленях ляжыць, ён табе ўсё растлумачыць. А я цябе пакіну, не адзін ты ў мяне. І хай даруюць мне браты і сёстры, што ад спраў сваіх адлучылася.

Градоўскі падышоў да Дажбога і ўпаў ніцма галавой у траву.

– Устань, малойча. Сядай побач. Хорс, сыне, табе ўжо час Сонца на ўзыход везці.

Дажбог закарузлым пальцам паказаў на радок у кнізе. Невядомая сіла пераклала старажытнаславянскую вязь на зразумелую для карэспандэнта “Сенсацыі і будзённасці” мову: “У той дзень, калі сыдзе з гэтага свету апошні язычнік, пагасне зніч, агонь вечны, і ўзбунтуюцца малыя багі і Чорны бог з усім воінствам - і жахі кашмарныя затопяць грэшнае племя людскае”.

Дажбог загарнуў кнігу. Заззяў шасціканцовы залаты крыж, уціснуты у вокладку.

– Як мне адсюль выйсці, Дажбожа?
– спытаў Кірыл.

– Куды, чалавеча? Ці ведама табе, ідзеш куды? А калі ты пра тое месца, у якім быў, то пра гэта Мара паклапацілася.

Градоўскі прачнуўся ад таго, што зацёк карак. Зашмальцаваная падушка, з якой тырчала пер’е, некуды спаўзла, і ён даўно падварочваў пад галаву крысо кажуха, у якім франціў, напэўна, яшчэ Паўлюк.

Кірыл страсянуў галавой і зірнуў уніз. Бабуля, здаецца, была яшчэ жывая. Цяжкае яе дыханне, з якім ледзь спраўляліся немачныя бронхі, даносілася з паўзмрочнага кутка. Зімовая раніца, распачатая Хорсам, яшчэ не дала святла ў вокны, залепленыя снегам, але ўпэўнена выцягвала рэшткі цяпла, не звяртаючы ўвагі на павучка- абаронцу.

Мезенец на правай назе тупа ныў. “Відаць, са сценкай не разышоўся”.

Ад шоргання Кірыла прачнулася і Цімафееўна.

– Золак, унучак. Нядоўга мне засталося, сёння ўжо далёка ад вас усіх буду. Цёмна пакуль - святло запалі. Ты прабач, што спалася табе цяжка. Павінная я была.

Градоўскі, хоць і спрасонку пакуль быў, імгненна супаставіў апошнія словы старой з убачаным сном і па-карэспандэнцку паспрабаваў удакладніць:

– Дык гэта вы мяне ноччу да багоў вадзілі?

Не пажадала адказваць на пустое пытанне Мара, адмаўчалася. Берагла апошнія сілы на больш істотнае.

Поделиться с друзьями: