ЖАНРЫ

Неспакойны гарадок (на белорусском языке)
Шрифт:

– Яшчэ, чаго добрага, бабы падпiльнуюць ноччу, i тады ўспамiнай, як звалi... Вунь Хрысцiна даўно ўжо рукавы закасвае: я, кажа, растрыбушу яго, усе вантробы павыварочваю акаяннаму... Табе смешна, а мне i за дзверы не выйсцi.

– А ты, мiж iншым, не цягайся асаблiва...
– параiў Купрыян.

– Ну i барада ў цябе, каб ты скiс, цi не з конскай грывы?

– Гэта ж дзяўчаты нашы падабралi недзе ў клубе, з драмгуртка, кажуць.

– Сапраўдны стары. Нiякай фальшы. Ну, хто б мог сказаць, што табе 35 год, што гэта той самы сакратар заводскага парткама...

– Ты, браце, цiшэй, а то яшчэ падслухае выжла, - перабiў Купрыян, азiраючыся на дзверы.

– I сапраўды!
– схамянуўся Сямён Iгнатыч.

– Значыць, ты ўжо ўлiчыў каго трэба?

– Я даручыў яшчэ Дубiнiну, можа ён яшчэ каго дасць. Праўда, iх нямнога, адзiнкi, аднак павыпаўзалi... Аднаму я ўжо ледзь па чэрапе не стукнуў вось гэтым прэсам, да таго ж ён абурыў мяне, акаянны...

– Ты, браце, асцярожна, а то ўсю музыку сапсуеш. Як са зброяй?

– Заўтра будзе, паслаў ужо.

– Значыць, у панядзелак? Добра. Ну, дык пакуль, а то мне бавiцца нельга, там з разведкi павiнны прыйсцi.

– Бывай, Купрыян!

– Усяго добрага!

На трэцi дзень сваёй дзейнасцi на пасадзе бургамiстра Сямён Iгнатыч назначыў нараду. Ён загадаў усiм палiцэйскiм i чыноўнiкам управы з'явiцца ў яго кабiнет. I яны сабралiся ў вызначаны час. Калi ж Баравiкоў праверыў, па спiску не аказалася двух палiцэйскiх.

– Дзе яны?
– запытаў ён у свайго намеснiка.

– На пасту, пан бургамiстр!

– Трэба запрасiць iх сюды, цяпер жа дзень...

Праз некалькi хвiлiн i астатнiя палiцэйскiя былi ў кабiнеце. Баравiкоў з тварам суровага начальнiка, заклаўшы рукi за пояс, хадзiў ля стала. Ён паглядваў на стрэлку гадзiннiка i доўга навучаў чыноўнiкаў, як яны павiнны працаваць ва ўправе. Ён папярэджваў аб залiшняй бяспечнасцi, мiж iншым напомнiў, што справы як з першым так i з другiм бургамiстрам лiшнi раз сведчаць, што народ беларускi не дасць спакою. Калi ж гадзiннiк адлiчыў дванаццаць удараў, Сямён Iгнатавiч сказаў:

– А цяпер, мае шаноўныя паны, заходзьце ў гэты пакой i распранайцеся. Каб мелi вы належны выгляд, я паклапацiўся дастаць вам з гарнiзона адпаведныя камплекты верхняга адзення. Бо ўсё ж такi вы з'яўляецеся сапраўднымi прадстаўнiкамi нямецкiх улад у Беларусi, i мне, як вашаму начальнiку, неяк непрыемна, калi вы не будзеце забяспечаны неабходным.

– Вельмi вам удзячны, пан бургамiстр, за вашы клопаты...

Заахвочаныя служакi адзiн за другiм падалiся ў пакой i, складаючы зброю ў куточак, пачалi паспешна распранацца. Асаблiва спяшаўся Андрэй Гушча. Ён, як вiдаць, непакоiўся, што можа не хапiць якога камплекта i тады ён зноў застанецца ў сваiм забруджаным пiнжаку.

Нечакана з другога боку адчынiлiся дзверы, i Купрыян з групай узброеных аўтаматамi партызанаў уляцеў у пакой.

– Нi з месца, апоўзлiкi!
– крыкнуў начальнiк партызанскага атрада.

– Га-а-а-ах!
– пачулася ў пакоi.

Усе застылi ў нерухомасцi. Узняўшы рукi ўгору, некаторыя палiцэйскiя сканфужана стаялi ў адной бялiзне, i толькi ногi ў каленях хадзiлi хадуном.

А на вулiцы ўжо збiралiся, гаманiлi людзi, i звонкi рогат дзяўчат калыхаў паветра.

Калi Хрысцiна заўважыла Сямёна Iгнатыча, якi, усмiхаючыся, разам з Купрыянам з аўтаматамi за плячыма крочыў па вулiцы, яна падбегла да яго, абняла за шыю i моцна пацалавала.

– Выбачайце, Сямён Iгнатавiч, - сказала яна, - не ведала.

1945 г.

12
Поделиться с друзьями: