Олівер Твіст
Шрифт:
— Гэта, — адказваў хлапчына, выцягваючы адну з плітак, — гэта найлепшы, незамяняльны сродак для выдалення ўсялякіх плям, іржы, бруду, пырскавых плям з ядвабу, атласу, ільнянога палатна, сукна, крэпу, шэрсці, дываноў, мерыносавай шэрсці, мусліну, бамбазіну і любой іншай шарсцяной тканіны. Плямы ад віна, садавіны, ягад, ліманаду, фарбы і дзёгцю — усе выводзяцца, калі адно пацерці гэтым незаменным саставам. Калі якая-небудзь лэдзі запляміць свой гонар, то ёй дастаткова будзе праглынуць адну толькі плітку — і адразу ўсё будзе як трэба, бо гэта атрута. Калі які-небудзь джэнтльмен захоча праверыць сябе — няхай прыме адну толькі маленькую плітку — і не будзе пытанняў, бо дзейнічае ён што тая куля і на смак шмат агіднейшы, так што гонар яму і слава, калі ён прыняў гэты сродак. Пені за штуку! Пры ўсіх вартасцях усяго пені за штуку!
Адразу знайшліся два пакупнікі; шмат хто са слухачоў вагаўся. Прадавец заўважыў гэта і пачаў нахвальваць свой тавар яшчэ больш.
— Усё купленае яшчэ ў мануфактуры, з-пад рук рабочых! — працягваў ён. — Чатырнаццаць вадзяных млыноў, шэсць паравых машын і адзін акумулятар працуюць без перапынку, але не паспяваюць вырабіць даволі, хоць людзі працуюць не пакладаючы рук, людзі паміраюць, працуючы, і ўдовам адразу даюць пенсію, дваццаць фунтаў у год на дзіця, а на блізнятаў — пяцьдзясят. Усяго пені за плітку! Можна і два паўпенсы, чатыры фартынгі таксама бяру з радасцю! Адзін пені за плітку! Плямы ад віна, садавіны, ліманаду, фарбы, бруду, крыві! Вось на капелюшы гэтага джэнтльмена з вашай кампаніі — я выведу яе, не паспее ён замовіць мне пінту элю...
— Ану! — сказаў, падскочыўшы з перапуду, Сайкс. — Аддай.
— Я выведу гэтую пляму, сэр, — запярэчыў хлапец, падміргваючы кампаніі, — перш чым вы перасечаце пакой, каб забраць яго. Джэнтльмены, усе звярнулі ўвагу на цёмную пляму на капелюшы гэтага джэнтльмена, не большую за шылінг, але таўшчынёй з паўкроны! Няхай сабе гэта будзе пляма ад віна, садавіны, ягадаў, ліманаду, фарбы, дзёгцю, бруду або нават крыві...
Карабейнік не закончыў фразу, бо Сайкс з вычварным праклёнам перакінуў стол, вырваў у яго з рукі капялюш і выбег з шынка.
Кіруемы той самай невытлумачальнай сваволяй, якая валодала ім цэлы дзень, забойца, упэўніўшыся, што яго не пераследуюць, што яго, мабыць, палічылі проста п’яным панурым хлопцам, павярнуў у горад і хацеў быў абысці святло ад ліхтароў карэты, якая стаяла ля невялікай паштовай станцыі, але потым пазнаў паштовую карэту на Лондан. Ён амаль ведаў наперад, што будзе далей, аднак перайшоў вуліцу і пачаў прыслухоўвацца.
Ля дзвярэй стаяў экспедытар у чаканні меха з пісьмамі. У гэты момант падышоў чалавек у форме ляснічага, і той уручыў яму кошык, які стаяў напагатове на тратуары.
— Гэта для вашай сям’і, — сказаў экспедытар. — Ну, варушыцеся там крыху. Каб гэты мех чэрці насілі, і ўчора ён не гатовы быў. Гэта нікуды не варта, вы ж ведаеце!
— Нічога новага ў горадзе, Бэн? — спытаў ляснічы, адступаючы бліжэй да аканіцаў, каб было больш зручна любавацца коньмі.
— Не, нічога новага не чутна было, — адказаў той, нацягваючы пальчаткі. — Цэны на хлеб крыху пайшлі ўверх. Чуў пра нейкае забойства на Спітэл-Філдз, але нешта не верыцца.
— О, гэта чыстая праўда, — азваўся нейкі джэнтльмен з карэты, выглянуўшы ў акно. — Жахлівае забойства.
— Сапраўды, сэр? — спытаў экспедытар і дакрануўся да капелюша. — Каго забілі, мужчыну або жанчыну?
— Жанчыну, — адказаў джэнтльмен. — Мяркуюць...
— Ну, Бэн! — усклікнуў нецярпліва кучар.
— Каб яго трасца, гэты мех! — усклікнуў экспедытар. — Вы там што, заснулі, ці што?
— Іду! — гукнуў, вылятаючы з памяшкання, загадчык станцыі.
— Іду..., — прабурчэў экспедытар. — Ідзе, як тая маладая ды багатая, якая мае закахацца ў мяне, ды вось не ведаю калі. Ну, давай! Па-е-ха-лі!
Ражок узяў некалькі вясёлых нот, і карэта памчалася.
Сайкс застаўся на вуліцы; яго, здавалася, не кранула тое, што ён пачуў, але далягала яму яшчэ адна найвялікшая турбота: ён не ведаў, куды падзецца. Нарэшце ён зноў павярнуў назад і падаўся дарогай, якая вяла з Хэтфілда ў Сэнт-Альбанс.
Ён упарта крочыў наперад, але калі выйшаў з мястэчка і апынуўся на бязлюднай, цёмнай дарозе, то адчуў, як да яго падкрадваюцца няпэўнасць і жах, як яны пранізваюць яго да мозгу касцей. Усё перад ім — рэальныя прадметы або цені, нерухомыя або ў руху — ператваралася ў пачварныя выявы, але жахі гэтыя былі нічым у параўнанні з пачуццём, якое не пакідала яго, — быццам за ім па пятах ідзе прывідная фігура, якая яму прымроілася сёння ранкам. Ён мог прасачыць яе цень у цемры, дакладна аднавіць абрысы і бачыць, як проста і ўрачыста гэты цень ступае. Ён мог чуць шолах прывідавай адзежы ў лістоце, і кожны ўздых ветру прыносіў той апошні ціхі стогн. Калі ён спыняўся, спыняўся і прывід. Калі ён бег, здань рухалася следам — не бегла, што было б яму палёгкай, але рухалася, як труп, надзелены нейкім механічным жыццём і гнаны павольным, меланхалічным ветрам, які ніколі не сціхаў і не ўзмацняўся.
Іншым разам ён паварочваўся з адчайнай рашучасцю адагнаць здань, нават калі адзін яе позірк забіў бы яго, але валасы станавіліся дыбарам у яго на галаве, і кроў стыла ў жылах, бо яна паварочвалася разам з ім і стаяла за ягонай спінай. Ранкам ён утрымліваў яе перад сабой, а цяпер яна заўсёды была ззаду. Ён прытуліўся спінай да адхону і адчуў, што цяпер яна ўзвышаецца над ім, вылучаючыся на фоне халоднага чыстага неба. Ён заваліўся на дарогу плазам — лёг спінай. Яна стаяла ля ягонай галавы моўчкі, простая, нерухомая — жывы помнік-надмагілле з эпітафіяй, напісанай крывёй.
Няхай ніхто не кажа пра забойцаў, якія ўцяклі ад правасуддзя, і не намякае, што наканаванне можа заснуць. Адна хвіліна такой жахлівай агоніі вартая дванаццаці гвалтоўных смерцяў.
У полі, праз якое ён ішоў, яму патрапілася пунька, якая магла быць прытулкам на ноч. Перад дзвярыма раслі тры высокія таполі, таму ўнутры было вельмі цёмна, і вецер з жальбаю ўздыхаў у галінах дрэў. Ён не мог ісці далей, пакуль не надыдзе дзень, і ўлёгся тут уздоўж сцяны, лёг, каб прыняць новае катаванне. Бо здань зноў явілася яму, такая самая неадступная і яшчэ больш страшная, чым тая, ад якой ён выратаваўся. Гэтыя шырока адкрытыя вочы, такія цьмяныя і сашклелыя, што лепш было б іх бачыць, чым думаць пра іх, з’явіліся пасярод цемры; святло было ў іх, але яны не асвятлялі нічога. Толькі пара вачэй, але яны былі ўсюды. Калі ён заплюшчваў вочы, на яго наплываў пакой з усімі знаёмымі прадметамі — на некаторыя ён насамрэч мог бы забыцца, каб аднаўляў усё з памяці, — кожны на сваім звыклым месцы. Цела было на тым самым месцы, і вочы былі скіраваныя туды сама, як і ўранні, калі ён, крадучыся, сыходзіў. Ён падхапіўся і пабег у поле. Потым вярнуўся ў пуню і зноў залёг. Вочы зноў явіліся яму, перш чым ён паспеў адчуць дол.
І ён застаўся тут, ахоплены такім жахам, якога ніхто, акрамя яго, не зведаў, дрыжучы кожным членам свайго цела, абліваючыся халодным потам, як раптам начны вецер данёс да яго пошум аддаленых крыкаў, гул устрывожаных, узрушаных галасоў. Чалавечы голас у гэтым пустэльным месцы, няхай нават ён сведчыў пра нейкую бяду, прынёс яму палёгку. Пагроза ўласнай бяспецы надала яму сілы і энергіі. Ён падхапіўся і выбег за дзверы.
Здавалася, што ўвесь шырокі небасхіл быў у агні. Языкі полымя падымаліся ў неба разам са снапамі іскраў, накатваліся адзін на другі і асвятлялі ваколіцу на шмат міль навокал, выкідваючы клубы дыму ў тым кірунку, дзе ён стаяў. Шум узмацніўся, бо новыя галасы падхапілі лямант: «Пажар!» Воклічы зліліся з ударамі звона, гукам падзення нейкіх цяжкіх прадметаў і трэскатам полымя, якое пераскоквала на новыя аб’екты і падымалася ўверх, быццам атрымаўшы падсілкаванне. Пакуль ён глядзеў, шум узмацняўся. Там былі людзі — мужчыны, жанчыны, — святло, мітусня. Гэта было для яго як новае жыццё. Ён кінуўся наперад — наўпрост, на злом галавы, ломячыся праз хмызы, зараснікі верасу, пераскокваючы цераз агароджы і платы гэтаксама нястрымна, як і ягоны сабака, які імчаў за ім наўздагон з гучным і звонкім брэхам.
Ён падбег да месца. Там мітусіліся напаўадзетыя фігуры: адны спрабавалі выцягнуць са стайні спалоханых коней, другія выганялі з двароў і надворных пабудоў скаціну, іншыя цягнулі нешта з палаючага дома пад градам іскраў і тлелых чырванню бэлек. Праз проймы, дзе гадзіну таму былі вокны і дзверы, бачнае было адно лютае віраванне полымя; сцены хісталіся і абрыналіся ў палаючы калодзеж; расплаўленыя свінец і жалеза белымі кроплямі і струменямі падалі на зямлю. Жанчыны і дзеці вішчалі, а мужчыны падбадзёрвалі адзін аднаго гучнымі воклічамі. Да агромністага гулу далучаліся ляскатанне пажарных помпаў і шыпенне вадзяных струменяў, якія падалі на палаючую драўніну. Ён таксама пачаў крычаць ва ўсё горла і роў, аж пакуль не асіп; імкнучыся ўцячы ад памяці, ад самога сябе. Ён нырнуў у самую куламесу.