Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
Сцвярджаць, што я прачнуўся свежы, як ранішняя стакротка, было б няшчыра. Я ляжаў у ложку з адчуваннямі чалавека, які выходзіць з наркозу. Праўда, услед за ўколам пацыент уцёк альбо яго перадумалі везці ў аперацыйную, і спатканне цела са свядомасцю абышлося без болю, а было прыпраўленае адно галавакружэннем.
Фарбы сну не выцвілі ні пасля кавы, ні ў час вылазкі да газетнага шапіка. Я сказаў бы болей: грак, які падмятаў пясок хворым крылом з сінім водлівам, а перш чым схавацца ў вербалозе, зусім па-чалавечаму азірнуўся на нас, гэты грак успрымаўся больш жыццёва рэальным, чым знаёмая кіяскёрка.
Мяне мучыла пытанне: няўжо ўвесь учарашні дзень мая істота чакала менавіта гэтага? Гэтага надзвычай рэльефнага і аб'ёмнага, я сказаў бы нават, гіперрэальнага, але ўсяго талькі сну? І, калі адказаць станоўча, што значылі ягоныя сімвалы?..
Нітку думак абарваў тэлефонны званок. Апарат адазваўся сваім улюбёным голасам. Наташа абяцала прыехаць не пазней як праз паўгадзіны. У выхадныя мы ніколі не бачыліся. Я не меў прычынаў адмаўляцца, аднак упершыню ў гісторыі нашых адносінаў не сустрэў у душы ранейшае радасці.
Паўгадзіны хапіла, каб схадзіць па віно і адмовіцца ад змайстраванай нашармака байкі пра суседку з ключамі.
Наташа прыехала на таксоўцы. Я не збіраўся хлусіць, і адначасова не хацеў, праўдзівей, проста не мог дазволіць сабе расказаць ёй пра Шапэна, ментолавы пах і астатняе. Вір падзеяў укручваў мяне па сваёй спіралі ўсё глыбей, я ўжо належаў яму, але і ён, гэты вір, належаў мне, ён таксама быў маёй уласнасцю, маёй таямніцаю, якою я не меў намеру, а магчыма, і права ні з кім дзяліцца.
Я быў удзячны Наташы, што яна ні аб чым не пыталася, і мог бы назваць сустрэчу нашых целаў віхураю жадання і асалоды, але гэта была б палова праўды. Недзе злева, каля сэрца, я адчуваў востры крышталік, які мусіў растаць, аднак не прапаў і ані не страціў сцюдзёнай вастрыні граняў.
Наташа надзела шлафрок, і мы пайшлі на кухню; потым палуднавалі і адкаркавалі яшчэ пляшку чырвонага, а там падкралася тая непазбежная хвіліна, калі шлафрок шчыгульней прылёг да Наташынага цела, падкрэсліваючы ўсе ягоныя лініі, каб здацца непатрэбным і лішнім...
А злева ад сэрца халадзіў крышталік, і ў ім было закадзіраванае тое, што раздвойвала мяне: адна мая іпастась заставалася з Наташаю, а другая з лабараторнай цікавасцю пазірала на нас з пэўнай дыстанцыі, што вымяралася не прастораю, а часам. Я-першы любіў Наташу, а я-другі глядзеў на гэта, крыху, можа, усяго на колькі дзён, апярэджваючы час, і пачуцці мяне-другога не вешчавалі мне-першаму будучыні.
Разгадка раздваення хавалася дзесьці побач, за бліжэйшым паваротам, і яна адкрылася, калі мая правая рука зноў абдымала Наташыны плечы, а левая ляжала там, дзе яна любіла ляжаць, адчуваючы пругкую падатлівасць Наташыных паўшар'яў.
Сон! Адказ таіўся ў сённяшнім сне, у лодцы з лілеямі і выратаванай птушкай, у тым, што здзейснілася на траве пад яблыняй, лістота якой плавілася і станчалася ў промнях высокага сонца...
Наташа здзіўлена расплюшчыла вочы, і мне давялося зрабіць намаганне, каб вярнуцца з зялёнае выспы на ложак.
Тады яна першы раз сказала, што можа застацца ў мяне да раніцы. Паведамленне заспела мяне знянацку, але я адразу зразумеў, што не хачу гэтага. Стараючыся быць натуральным, я мякка папракнуў яе, што не папярэдзіла загадзя, бо сёння я ад'язджаю і паездку немагчыма адкласці. Яна адвярнулася да сцяны.
Я-першы гладзіў яе па плечуку і, як дзяўчынку, угаворваў, што ўжо ў аўторак буду вартаваць яе крокі на лесвіцы, а я-другі назіраў за гэтай сцэнаю з недаверліва кплівай усмешачкай.
На прыпынку Наташа запыталася, калі ў мяне цягнік. У 23.40, не задумваючыся, схлусіў я.
Каля паўночы зазваніў тэлефон. Пасля секунднага вагання, чамусьці глянуўшы на сябе ў люстэрка, я з цвярозай адвагаю ўзяў трубку. Тая памаўчала і Наташыным голасам пажадала шчаслівага падарожжа.
У тую ноч я адкрэсліў мінуласць ад будучыні. Тыдні і месяцы, чыім эпіграфам было Наташына імя, цяпер належалі часу, які магла злучыць з маім толькі ўспышка кароткага ўспаміну, што ненадоўга пакідае пасля сябе прыемны дымок.
Праз колькі дзён я знайшоў у паштовай скрынцы Наташын камплект ключоў і напалохаў імі дрымотных жабаў у паркавай копанцы, якую ўжо браліся шкліць лістападаўскія прымаразкі. Але гэта быў яшчэ не пастскрыптум да нашай гісторыі. У сценнай шафе вісеў зялёны з шыпшынавымі кветкамі шлафрок, і аднойчы я акуратна склаў яго ў поліэтыленавы пакет і «забыў» на прылаўку той самай камісійнае крамы, куды некалі збіраўся здаць прайгравальнік.
Мой учынак быў прадыктаваны не хвілінным настроем, а меў важкія прычыны, пра якія скажу трохі пазней.
Ад моманту, калі я паставіў кропку ў папярэднім сказе, прамінула, паводле некаторых прыкметаў, не меней за чатыры дні. Гадзіннік паводзіць сябе ўсё больш дзіўна, а ісці да шапіка, каб купіць газету і даведацца, які сёння дзень, мне зусім неахвота. Такіх доўгіх падарожжаў у нас дагэтуль не здаралася. Не выключана, што мне трэба спяшацца і, не надта зважаючы на стыль і паслядоўнасць, засяродзіцца на галоўным.
Галоўнае - падарожжы.
Падарожжы з ёю, якія зрабіліся зместам і сэнсам майго быцця.
У ноч пасля разрыву з Наташай, калі я зразумеў, што не хачу злучаць разарваны час, мы вярталіся з Вільні праз Нарач, дзе дарога паўтарае мудрагелістую канфігурацыю ўзбярэжжа. Яна сядзела за рулём і, убачыўшы чараду лебядзяў, звярнула з шашы. Мы паслалі пры ціхай вечаровай вадзе абрус, якому наканавана было ператварыцца ў прасціну. Белыя птушкі здзіўлена выцягвалі шыі і засталіся развітальным уражаннем перад магутным усплёскам асалоды, якая здзекліва смяялася з усіх чатырох вымярэнняў.
У другую з тых, першых начэй мы трапілі на Палессе. Пераменліва хуткая рака, чые берагі праплывалі паўз нашую маторку, верагодна, звалася Гарынню; над вадою, як звычайна ў тых мясцінах, сядзелі з вудамі жанчыны, а ў прыбярэжным трыснягу я злавіў маленькую, як пяцікапеечная манета, балотную жалвушку.
Час ад часу мы вячэралі ў невялікіх рэстаранчыках, што ў апошнія гады паадчыняліся ў былых гарадскіх падвалах. Памятаю міні-фантан з залатымі рыбкамі-тэлескопамі ў адным з гэтых зацішных месцаў і мініяцюрную сажалку з парачкаю ракаў у другім, дзе карціна над утульна траскучым камінам адкрывала перспектыву гатычных спічакоў старажытнага горада. Дадому мы вярталіся пешкі альбо спынялі таксоўку, і першы дотык Яе рукі на заднім сядзенні ўжо абяцаў, ужо быў весткаю...
І той зімовы вечар сярод бясконцай белай роўнядзі, над якой раз'ятраны вецер гнаў раўналежна зямлі рэдкія, навостраныя, як іголкі, сняжынкі... А пасля - нечаканай радасцю - вялікая сялянская хата, напаленая печ і пярына на гарачай чарэні.