Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паўночны вецер для спелых пладоў

Станкевіч Юры

Шрифт:

Яму шкада Аню Балтас. І Юлю Маракову шкада. Нельга падводзіць пад здраду тых, хто даверыўся табе — вось у чым прычына, думаў ён. Магчыма, гэта і ёсць самы страшны грэх на свеце. Так, ён любіць іх усіх і жадае кож­най шчасця. Але ж кахае цяпер адну — Святлану Конкіну, і ёй таксама жадае шчасця. Хіба не так?

Ён вельмі хацеў пабачыць яе, але гэта было немагчыма ні цяпер, ні ў бліжэйшы час. А жаданне было настолькі моцным, што хоць выхапі з піраміды свой «калаш» і...

Уціснуўшыся ў кут акопа, ён бачыў, як узводны Дзямідчык выдаў Байкову гранату, чуў, як яшчэ раз праінструктаваў курсанта, што трэба рабіць з ёй, затым загадаў кідаць.

Міхась Байкоў з дурнаватай усмешкай на твары выхапіў чаку і павярнуўся да ўзводнага.

— Што? — спытаў ён. — Кідаць?

— Кідай! — крыкнуў яму лейтэнант Дзямідчык.

— Га? — зноў спытаў Байкоў і... кінуў гранату на дно акопа пад ногі сабе, узводнаму і Мазуру...

Студэнт Ігнат Мазур потым не раз успамінаў тыя секунды, што заставаліся да выбуху, гранату, якая імкліва падкацілася да яго: яна яшчэ варушылася ля ног, але ён хіба што на інстынкце самазахавання схапіў яе і кінуў за бру­ствер.

— Лажыся! — адразу ўдарыў па вушах дзікі крык узводнага, які ўжо абрынуў долу Байкова, і ўсе трое ўпалі на дно акопа — зверху адразу пачуўся выбух, зямля страсянулася, віскнулі над галовамі асколкі.

Праз паўхвіліны збялелы лейтэнант Дзямідчык прыціснуў Міхася Байко­ва да сцяны, паставіў побач Ігната Мазура. Заікаючыся, сказаў:

— Нічога такога не было. Нікому ні слова. Зразумелі? Цяпер ты, — звярнуўся ён да Байкова, — ідзі да астатніх, толькі вось спачатку яму, — кіўнуў на Мазура, — рукі пацалуй, бо яшчэ б секунда, і нам усім траім, а табе першаму — быў бы канец.

А як засталіся ў акопе ўдвух з Мазурам, дадаў:

— Ну, выручыў, брат. Ведай цяпер, я ўсё, што змагу — зраблю для цябе. Толькі, каб да ротнага не дайшло. Тады пачнецца...

Паўза.

Ва ўзводнага Дзямідчыка, які прыпальваў цыгарэту, трэсліся рукі. Ігнат Мазур таксама запаліў.

— Таварыш лейтэнант, — пачаў ён, — калі так, мне б хоць на суткі ў Мінск. Вельмі трэба.

— Добра, добра, — перапыніў яго ўзводны. — Ды заві Андрэй, мы тут цяпер з табой роўныя. Цябе ж Ігнатам клічуць? Дык вось, Ігнат, ротны наш — паміж намі — гнілы. Ён яшчэ той чалавек, але на двое сутак для цябе я яго раскручу. Ведаю, як. Так што рыхтуйся.

***

Назаўтра з раніцы Мазур збіраўся ў дарогу. Узводны Андрэй Дзямідчык стрымаў слова: дазвол на паездку ў Мінск быў.

Мазур пешшу праз лес дабраўся да шашы, прайшоў некалькі кіламетраў. Далей усё было проста: змяніўшы некалькі спадарожных машын, ён урэшце апынуўся на ўскраіне сталіцы, дзе ўжо хадзілі тралейбусы, і праз паўгадзіны быў у інтэрнаце.

На вахце адразу машынальна прагледзеў пошту і знайшоў канверт на сваё імя. Ліст быў ад Юлі Мараковай.

«Ігнат!

Наўрад ці мы больш пабачымся, бо нам дыпломы выдадуць раней, а вам пасля збораў. Заставацца тут, у Беларусі, я не збіраюся, цётка дапаможа мне менавіта са свабодным дыпломам, і яда сябе, на радзіму.

Расставацца з усімі ўсё ж вельмі сумна. На цябе я крыўды не трымаю, няхай табе шанцуе ва ўсім. Надзя Гусакова пазнаёміла мяне з сябрам свайго абранніка. Хлопчык маладзейшы за мяне на год, КМС па вольнай барацьбе. У нечым наіўны, у іншым рашучы, хоць і рахманы. Хоча ехаць са мной. Можа, і згаджуся.

Вось і ўсё. Бывай.

P S. Жанчынам усё-такі не давярай. Я сама іх не цярплю. А ты ўлюблівы.

Юля».

***

З дарогі варта было б прывесці сябе ў парадак, да таго ж, студэнт Ігнат Мазур адчуў раптам, што галодны, і нават чарговая цыгарэта не магла перабіць гэта пачуццё. Жаданне хутчэй пабачыць Святлану Конкіну не пакідала яго, але ён цвяроза вырашыў, што пойдзе да дзяўчыны крыху пазней, хоць знаёмая ранейшая ліхаманка зноў ахапіла яго. Ён схадзіў у кавярню непадалёк, дзе нешта з’еў, а потым вярнуўся ў інтэрнат. Як заўсёды напрыканцы лета ў доўгіх калідорах інтэрната было шмат зусім незнаёмых, панаехаўшых з розных месцаў, людзей — у асноўным маладых хлопцаў і дзяўчат, якія здавалі ўступныя іспыты. Прыйшлі пасля трэніроўкі са стадыёна насупраць футбалісты: дублёры з першай лігі, якія, як разумеў, часова тут пасяліліся, бо праводзілі назаўтра чарговы матч, хадзіла з камендантам нейкая камісія, а можа, і не, ён так вырашыў — не то правяралі, не то проста цікавіліся справамі.

Вельмі стомлены студэнт Ігнат Мазур крыху адпачыў, а потым спусціўся паверхам ніжэй, каб трапіць у душавую. Ключ ад яе ў летні час, як ён ведаў, знаходзіўся ў каменданта Міколы Грука — так яго звалі. Пакойчык каменданта быў насупраць, камісія, якая ўжо значна паменела, бо адзіная жанчына знікла, а засталіся двое немаладых, блізка да пенсійнага ўзросту мужчын, — усе гучна размаўлялі. Дзверы былі прыадчынены, Мазур пачуў:

— ...А што я магу зрабіць? — гаварыў камендант інтэрната Грук, — тут летам — прахадны двор. Асабліва, калі абітурыенты панаедуць. І што на першы погляд дзіўна, але характэрна — дзе больш дзяўчат, там і неспакойна.

— У якім сэнсе? — спытаў яго адзін з суразмоўцаў — хударлявы, з зачэсанымі па-плябейску назад сівымі валасамі.

— У прамым. Распуства пачынаецца. Не прымеш меры адразу, не выселіш адну-другую на вуліцу — чорт ведае што будзе. Некаторыя здаюць дакументы, а потым паводзяць сябе як хочуць. Ведаюць жа, што ўсё роўна не паступяць. Бывае, што студэнты і студэнткі таксама паводзяць сябе не вельмі...

У нас тут гады два таму хлопцаў з Захаду падсялілі. Дык дзяўчаты — за імі. Адна, як памятаю, з шэсцьдзясят шостага кутняга пакоя на трэцім паверсе, дык адразу, як мне далажылі, дваіх прывяла: у мяне, кажа, дзень нараджэння — дык запрашу я парачку чужых. І што ёй зробіш?

Студэнт Ігнат Мазур не стаў далей слухаць, а прыадчыніў дзверы і папрасіў у каменданта Грука ключ ад душавой.

— Вазьмі, — сказаў камендант інтэрната Грук, даючы ключ, — вернеш праз гадзіну.

Праз паўгадзіны студэнт Ігнат Мазур замкнуў душавую і панёс ключ у каменданцкую. Камендант інтэрната Грук, забіраючы ключ, спытаў:

— Ты чаму не пры справах?

— Адпусцілі са збораў. На два дні.

— Ну, служы. Я вось дваццаць пяць год, лічы, форму не здымаў. (Мазур ведаў, што да гэтага Грук служыў у міліцыі.) Вам што? Прысвояць лейтэнантаў і раз у пяць год на вучэбныя зборы. А я...

— Паслухайце, — перавёў гутарку на іншае Ігнат Мазур. — Вы тут, я краем вуха пачуў, пра студэнтку з шэсцьдзясят шостага пакоя ўспомнілі, тую, што з чужымі дзень народзінаў спраўляла. А як яе звалі? Яна і цяпер тут жыве?

Паўза.

Камендант Мікола Грук пакрывіў вусны ў незразумелай усмешцы.

— Ты, Мазур — так здаецца тваё прозвішча, — зашмат хочаш ведаць. А гэта не на дабро. Задумвацца пачнеш. Захварэеш. Дзяўчына тая нядаўна сышла на прыватную кватэру. Сама не з мясцовых. Ці то з Рыгі, ці то з Таліна. А ў цябе які ўвогуле інтарэс?

Поделиться с друзьями: